Хронікі сям’і Храптовічаў-Буценевых

Хронікі сям’і Храптовічаў-Буценевых

Выдавец: Галіяфы
Памер: 246с.
Мінск 2018
73.63 МБ
Я пераехаў у Кенінгсберг ў канцы жніўня 1940 года. Дзядзя Нікола хутка ўладкаваў мяне на эканамічны факультэт універсітэта.
22 чэрвеня 1941 года мы даведаліся пра тое, што Германія раптоўна напала на СССР. Пасля бамбардыроўкі нямецкія войскі сталі з баямі рушыць углыб краіны, захопліваючы вялікую колькасць палонных.
Праз некалькі дзён стала вядома, што немцы ўзялі Баранавічы. Я вельмі хваляваўся за бацьку, таму што было вядома, што перад тым, як адыходзіць, Саветы звычайна расстрэльваюць усіх вязняў...
Затым, прыблізна праз шэсць тыдняў, праз нямецкую палявую пошту, прыйшоў ліст ад майго бацькі. Ён прыйшоў на імя дзядзі Ніколы з просьбай пераправіць яго прыёмнай маці Папа ў Францыю. Я перадрукаваў яго, арыгінал адправіўшы па прызначэнні. Вось што пісаў Папа пра свай “цудоўнае” вызваленне з савецкай турмы:
“Дарагая мая Мама! Любімая мая! Нарэшце я даведаўся штосьці пра Вас з ліста Лізы Карлюк.
Увесь гэты час, дваццаць адзін з паловай месяц, што я праседзеў у турме, янічога не ведаў ні пра Вас, ні пра жонку, ні пра дзяцей. Гэтая поўная ізаляцыя ад сваіх саме цяжкае, што было ў турэмным зняволенні. Кожны дзень я маліўся за ўсіх вас і бесперапынна пра вас думаў. Адзіны занятак у турме, акрамя малітвы думаць пра сваіх. I цяпер я таксама малюся і думаю пра вас!
Калі пачалася вайна з Гітлерам, то вельмі страшна было, што маглі зрабіць з намі пры перамене ўлады. Але Ласкай Гасподняй усе мы ў Баранавічах былі выратаваныя. Недалёка ад турмы (чатыры кіламетры) знаходзілася авіацыйнае пале Чырвонай арміі, і яго так страшэнна бамбілі, што нашы НКУСаўцы ў паніцы паўцякалі і пакінулі нас.
Нас вызвалілі жанчыны, якія працавалі на кухні і былі пакінуты на волі ў турэмным двары. Яны дасталі ключы ў канцылярыі і выпусцілі тых з нас, хто яшчэ не выламаў дзверы. Усе разышліся па розных баках. Я пайшоў у Баранавічы, таму што
быў вельмі слабы і ледзь хадзіў. Усё ж такі нёс мяшок з бялізнай і мяшок з хлебам.
НКВД збегла, але Чырвоная армія яшчэ дзесяць дзён была ў Баранавічах. Я хаваўся ў кватэры маці аднаго маладога паляка, які сядзеў са мной у турме. Уся сям’я сядзела ў яме ў полі (іхны дом на самым ускрайку горада), а я начаваў у доме і заадно пільнаваў яго.
Я вельмі стары і слабы, але дух мой бадзёры. Цяжка было з ежай, і я звярнуўся за дапамогай да немцаў, калі яны прыйшлі. Яны кармілі мяне з палявой кухні і добра абыходзіліся са мной. Я прасіў дапамагчы дабрацца да Навагрудка, гэта было вельмі цяжка зрабіць і не ўдавалася, пакуль я не звярнуўся да самаго кіраўніка штаба фельдмаршала і ён мяне даставіў да Навагрудка на матацыкле.
Я ехаў з вялікім хваляваннем пабачыць Олю і дзяцей. Было жудасна ўязджаць у горад, цалкам разбураны бомбамі і пажарамі. 3 вялікай цяжкасцю мне ўдалося разшукаць Малішэўскіх ледзь не паехаў прама ў Шчорсы. Туды мне вельмі не раілі ехаць, таму што там небяспечна і ёсць яшчэ чырвонаармейцы.
Малішэўскія мне паведамілі, што дзеці мае ўсе з’ехалі яшчэ на пачатку 1940-га і што ўсе яны знаходзяцца ў Амерыцы, што Мар’юшка выйшла замуж за Мірскага, і што Оля, на жаль, не хацела ехаць з імі і засталася, каб дапамагаць мне, і яна сапраўды дапамагала, пакуль у сярэдзіне красавіка 1940-га яе не вывезлі ў Казахстан. Там ёй, беднай, было вельмі кепска, таму што ніхто не мог дапамагчы, так як іншым, каму высылалі ежу. Але апошнім часам ёй лягчэй, яна пісала сюды. (Лістоў гэтых я не бачыў, яны згарэлі ў навагрудскіх пажарах пры бамбардзіроўках. М. Б.) Дом Малішэўскіх цалкам згарэў, і яны туляюцца па розных кватэрах. Цяпер, калі б не Оля, усё было б добра, я за яе вельмі непакоюся. Кажуць, цяпер ёй лепей і яна працуе не як чарнарабочая, а ў канцылярыі. I ўяві сабе, яна даведалася ад свайго духоўніка ў Навагрудку, што я ў Баранавічах, і я нечакана атрымаў напрыканцы красавіка і ў траўні яшчэ два грашовыя пераводы, якія вельмі мне дапамаглі.
Я ўсё ж такі вельмі знясілены і хворы і ўсё яшчэ не магу паправіцца. Доктар мне тут раіць ехаць у Варшаву і класціся ў санаторый, не ведаю, ці атрымаецца гэта. Але і тут мне добра, я
жыву ў вельмі прыстойным польскім сямействе, дзе жыве таксама маці Малішэўскага пасля пажару. Яны вельмі за мной прыглядаюць, і тут ёсць нават каналізацыя і ванна, так што ўсе выгоды. У цэлым ўсё добра. Толькі б мая Оля хутчэй вырвалася з бальшавіцкага раю. Тады будзе поўнае шчасце. I потым мы, як толькі будзе магчыма, аб’яднаемся з Вамі і прыедзем да Вас.
Як я хачу вас усіх бачыць! I цябе, і дзяцей сваіх, і сясцёр, і Косцю Ону, і пляменнікаў. Мне здаецца, за час знаходжання ў турме я ўсіх яшчэ болей стаў любіць і ўвесь дзень праводзіў, думаючы пра Олю, пра дзяцей, пра Вас. Ты ведаеш усе гэтыя пакуты ў турме, я з самага пачатку глядзеў на іх не як пакаранне, якое Гасподзь паслаў, а як узнагароду і на Ласку Божую не за мае заслугі, а па малітвах, магчыма, Папа і маіх продкаў. Турму і пакуты Гасподзь мне даслаў, каб наблізіць мяне да Сябе. I я ўвесь час славіў і дзякаваў Богу. Турма гэта як духоўны санаторый, і для душы карысна пасядзець за кратамі. Аб Олі, аб дзецях і ўнуках і аб Вас таксама ўвесь час маліўся, і вось цяпер ведаю, што ўсе жывыя і здаровыя, і Оля таксама ў парадку, і ўпэўнены, вернецца яшчэ да мяне. Толькі ніколі не маліўся пра тое, каб мне выйсці жывым з турмы, а толькі каб у гэтым была выканана воля Гасподня. I вось Гасподзь у сваёй міласці вывеў і мяне з цямніцы. Шчодры і справядлівы Гасподзь! Цярплівы і міласэрны! Няхай будзе Імя Яго блаславёна ў векі вякоў! Амінь!
Моцна абдымаю і цалую. Твой сын Поля”
3	вялікім хваляваннем я чытаў гэты ліст. Тое, што Папа выжыў, было цудам. На жаль, я не мог яму адказаць.
Для мяне стала цалкам зразумела, што я павінен зноў перабрацца праз мяжу ў Шчорсы для таго, каб дапамагчы яму набрацца сіл і вывезці яго ў Францыю, дзе ён змог бы пасяліцца ў Бардэбюры. 3 дапамогай дзядзі Ніколы я стаў пісаць ва ўсе нямецкія інстанцыі і дабівацца дазволу паехаць у Шчорсы для дагляду за хворым бацькам. Я грукаўся ва ўсе кабінеты і нават ездзіў у Берлін, аднак усе намаганні былі дарэмнымі. Стандартным адказам было тое, што Шчорсы зараз ваенная зона, якая закрыта для грамадзянскіх асобаў.
У Берліне, у верасні 1942 года, я сутыкнуўся з сёстрамі Васільчыкавымі Місі і Таццянай, неверагодна прыгожымі жанчынамі, далёкімі сваячкамі, якіх я памятаў па жыцці ў Па-
рыжы. Яны былі равесніцамі маіх старэйшых сёстраў Мар’юшкі і Пашы. Місі, малодшая, узяла мяне пад сваё апякунства і паабяцала дапамагчы. Яна мела сувязі ў вышэйшых колах. Яна вельмі старалася, але ўсё было дарэмна.
Mae спробы патрапіць да бацькі каштавалі мне цяжкіх выпрабаванняў, аднак безвыніковых. Дзесяць месяцаў пазней я зноў апынуўся ў Берліне з пустымі рукамі. Аднак цяпер я быў настроены болей рашуча, і нічога не магло мяне спыніць па шляху ў Шчорсы, па шляху да майго бацькі.
Я прыехаў у Варшаву і накіраваўся прама на чыгуначную станцыю, ад якой адыходзілі цягнікі на Савецкую Расію. Я знайшоў паляка-машыніста, які выслухаў маю гісторыю і абяцаў дапамагчы. Праз два дні ён павінен быў весці ў Расію састаў, які быў нагружаны нямецкай тэхнікай. За дзве гадзіны да адыхода я сустрэў яго, ён прынёс спецыяльна для мяне брудныя штаны рабочага-чыгуначніка. Кожны вагон ахоўвалі два нямецкія салдаты, таму ўсё павінна было выглядаць рэалістычна. Я быў заняты тым, што падкідваў вугаль у топку паравоза і трымаў яго пад парамі. Нарэшце быў адданы сігнал да адпраўлення, і хутка мы былі ў дарозе. Пасля прыпынку ў Беластоку мы прыехалі ў Баранавічы ноччу. Я скінуў мае чыгуначныя штаны і ціха саслізнуў у цемру...
Наступным ранкам я знайшоў калёсы, якія ехалі ў маім кірунку. На трох перакладных увечары тога ж дня я быў ужо ў Шчорсах. Апошнія вёрсты я не прайшоў, а прабег.
Эпілог
Затым быў вельмі павольны рух на захад. Папа быў яшчэ даволі слабы. Пасля двух месяцаў у Шчорсах мы пераехалі ў Наваградак. Пасля некалькіх месяцаў там, у верасні 1943 г., мы накіраваліся ў Кенігсберг, дзе правялі амаль год. Пасля гэтага нам удалося атрымаць дазвол пераехаць у Францыю, у Бардэбюр.
У пачатку 1944 г. мы нарэшце з’яівліся там, і Папа сустрэўся са сваёй прыёмнай маці (бабуляй), сёстрамі, сваімі дзецьмі (Косцем, Кацяй і Пашай) і сваімі ўнукамі (Пашынымі блізнятамі Кацяй і Сярожам і Косцінымі сынамі Канстанцінам і Мікалаем). Усе мы адчувалі, што здарыўся цуд. У Бардэбюры мы з Кацяй нарэшце змаглі заняцца здароўем Папа. Наш стары сябар доктар Чэхаў, які жыў непадалёк, у Брыяры, узяў Папа пад сваю поўную апеку.
Хутка праз Міжнародны Чырвоны Крыж прыйшла вестка ад Олі. Яна апынулася ў Егіпце, дзе служыла сястрой у польскай арміі генерала Андэрса (у складзе англійскай арміі). У рэшце рэшт, у апошнія дні чэрвеня 1945 г„ ад яе прыйшла тэлеграма, дзе паведамлялася, што яна прыязджае ў Парыж цягніком з Марсэля. Каця засталася ў Бардэбюры з Папа, а я накіраваўся ў Парыж. Там, разам з Пашай, Косцем і Олінай сястрой Жэняй Жарноўскай, мы паехалі на Ліёнскі вакзал сустрэць Олю. Яшчэ адзін цуд!
Пасля сустрэчы мы ўсе пайшлі на кватэру Жэні, дзе Оля мусіла застацца начаваць. Канечне, яна пасталела за гэтыя пяць га-
доў суворага для яе жыцця, аднак захавала сваё моцнае здароўе. Яна распавяла нам пра свае прыгоды і перажыванні на сумесі рускай і польскай моваў (яна размаўляла практычна толькі папольску апошнія пяць гадоў).
Яна распавядала нам пра сваё жыццё ў Наваградку пры савецкай уладзе, пра свой арышт, пра адпраўку ў Казахстан у таварным вагоне, перапоўненым палякамі, пра працу ў калгасе, пра тое, як яна знайшла працу сакратара-перакладчыка ў польскай рэгістрацыйнай канторы (адкрытай у выніку пагаднення паміж Масквой і Лонданам аб арганізацыі Польскага корпуса), пра сыход з тысячамі палякаў з Савецкай Расіі праз Іран, пра сваю службу ў корпусе генерала Андэрса ў палявым шпіталі, дзе яна даглядала польскіх салдат, параненых у бітве пры Монтэ Касіна.
Урэшце, калі бедная Оля была цалкам выматаная аповедамі, мы адпусцілі яе спаць. Калі на наступную раніцу я павёз яе ў Бардэбюр, я сказаў шафёру таксі спыніцца ў канцы ліпавай алеі, якая вяла да дома. Сонца на заходзе асвятляла наш мілы дом залатым святлом. Калі мы сталі перасякаць вялікі газон перад домам, я ўзяў Олю за руку і ўказаў ёй на скрайняе правае вакно на другім паверсе. Яно было расхінутае насцеж, і там стаяў Папа.