Хронікі сям’і Храптовічаў-Буценевых
Выдавец: Галіяфы
Памер: 246с.
Мінск 2018
У раніцу, калі я з’язджаў са Шчорсаў, там быў сфармаваны камітэт партыі, які захапіў мясцовую уладу. Яшчэ да прыбыцця Чырвонай арміі камітэт арыштаваў і зачыніў у будынку адміністрацыі некаторых людзей, якіх яны палічылі “ворагамі народа”, уключаючы майго бацьку, Сярожу, Олю і старога дзядзьку Жуля. Дзядьку Жуля, прынамсі, у хуткім часе вызвалілі, пасля таго, як ён заявіў, што ён француз, і паказаў ім свой французскі пашпарт.
Шмат каго з арыштаваных расстралялі ў першыя шэсць тыдняў новай улады. Напрыканцы 1939 года шчорсаўскіх вязняў перавялі ў Навагрудак. Сёстры і я пабеглі да будынку суда, дзе перад уваходам, у атачэнні міліцыянтаў, стаяў гурт з дваццаці шэрых знямоглых людзей (сярод іх Папа, Оля і Сярожа). Мар’юшка і Каця прынеслі вялікі імбрык з салодкай гарачай гарбатай, якім спачатку “задобрылі” міліцыю, а затым напаілі вязняў, што дало нам магчымасць пагаварыць з імі. Хутка іх усіх канваіравалі ўнутр будынка, дзе па аднаму сталі заводзіць у кабінет пракурора. Праз нейкі час некаторых вызвалілі (Сярожу і Олю ў тым ліку), аднак іншых, а з імі і Папа, працягвалі ўтрымліваць пад замком.
Цяпер мы ўпяцёх жылі ў Навагрудку, чакаючы Папа, якога, як мы даведаліся, перавялі ў Навагрудскую турму. Кожны дзень Оля насіла туды маленькую харчовую перадачу, якую звычайна прымалі. Аднак усе яе спробы дабіцца сустрэчы ці перадаць ліст былі марнымі.
Саветы паступова захоплівалі мясцовую адміністрацыю ў свае рукі. Жыццё станавілася ўсё болып цяжкім. З’явіліся даўгія чэргі ў крамах. Сярод людзей пайшлі размовы пра нелегальны пераход савецка-германскай мяжы і ўцёках у нямецкую акупацыйную зону. Я вырашыў паспрабаваць зрабіць гэта, патрапіць у наш дом у Варшаве і даставіць туды нашу сям’ю. Я пакінуў Навагрудак у вагоне вузкакалейнай чыгункі з пляцаком і некалькімі банкнотамі, зашытымі ў каўнер маёй курткі. Я дабраўся да Баранавічаў, а адтуль пешшу і на папутках да мяжы. Перайшоў мяжу ўначы, з дапамогай аднаго польскага селяніна. Наступным вечарам я ўжо быў у нашым доме ў Варшаве. Верхнія паверхі былі моцна сапсаваны: ува ўсіх вокнах было выбітае шкло і пашкоджаны рамы. Усе шафы і буфеты былі разрабаваны. Аднак напаўпадвальнае памяшканне для прыслугі засталося цэлым: дзве спальні, вялікая кухня і памяшканне для захавання вугля. Праз два дні я адшукаў нашага сябра, князя Міхаіла СвятаполкМірскага. Міша Мірскі распавёў, што двое слуг яго старэйшага брата з Міра зараз у Варшаве і плануюць перабрацца на ўсход, у Мір, які знаходзіцца ў савецкай акупацыйнай зоне. Ён прывёў іх да мяне ў падвал на наступны дзень.
Гэта былі надзейныя маладыя людзі, якія служылі мірскім з ранніх гадоў і добра ведалі гэтую сям’ю. Абодвух звалі Сашамі: Саша Чорны (брунет) і Саша Белы (бландзін). Яны пагадзіліся па шляху спыніцца ў Навагрудку і аддаць ліст маім сёстрам, Оле і Сярожу. Я таксама прасіў двух Саш паспрабаваць пераканаць тых, хто засталіся, перабрацца ў Варшаву, папярэдзіўшы, што тыя могуць працівіцца і не прымаць іхнае “не” за канчатковы адказ. Абодва Сашы катэгарычна адмовіліся ўзяць грошы, сказаўшы, што аказаны давер для іх вышэйшая ўзнагарода. Яны ўзялі ліст і з паклонам зніклі ў цемры начы.
Праз два тыдні. Неяк увечары. У дзверы пагрукалі і пачуліся знаёмыя галасы. Я адчыніў дзверы і з радасцю пабачыў маю сястру Кацю, Сярожу, дзяцей Мальцавых і іхнюю няню. Якая радасць быць зноў разам! Яны распавялі, што ў момант перахода мяжы іх спынілі два савецкіх пагранічніка. Каця стала маліць іх адпусціць, але гэта не дапамагло і яны павялі ўсіх затрыманых на заставу. Аднак, праз нейкі час, пагранічнікі параіліся паміж сабой і адпусцілі іх, паказаўшы кірунак, у якім трэба ісці. Ня-
гледзячы на гэту жахлівую прыгоду, Каця, якая была адказнай за ўсю групу, выглядала на здзіўленне спакойнай і стрыманай. Яны ўсе свяціліся шчасцем з той нагоды, што апынуліся на гэтым баку мяжы, у сваім доме.
Аднак што здарылася з астатнімі? Двое слуг Мірскіх у Шчорсах размаўлялі з нашай няняй і з дзядзькам Жулем. Няня сказала, што пра яе паклапоціцца пакаёўка Ядзя і што яна будзе рада сустрэць нас у Шчорсах, калі мы вернемся...
Дзядзю Жуля незадоўга да размовы наведаў прадстаўнік савецкага Міністэрства культуры. Ён паведаміў, што дзядзя вядомы ў Савецкай Расіі як выбітны музыка і што Міністэрства прапануе яму кватэру ў Маскве і выкладчыцкую пасаду ў Маскоўскай кансерваторыі. Ці зацікаўлены ён ў гэтай прапанове? “Добра, але пры ўмове, што вы дазволіце мне ўзяць адзін з раяляў з нашай сядзібы”. “Зразумела, мы будзем рады. Толькі скажыце, які. I, магчыма, што-небудзь яшчэ?” Дзядзька Жуль сказаў двум Сашам, што ў яго ўзросце несур’ёзна пераходзіць мяжу па начах і што ён ужо дамовіўся пра пераезд у Маскву. Такім чынам, напрыканцы лістапада ён ехаў у кабіне грузавіка у Навагрудак для сустрэчы з Оляй (якая была яго пляменніцай), а ў кузаве стаяў велічны канцэртны “Стэйнвэй”. Для Олі яму ўдалося прыхваціць з шчорсаўскага дома некалькі сямейных рэчаў, у тым ліку вялікі срэбны паднос, які каштаваў тады вялікія грошы.
Як мы і чакалі, наш дом у Шчорсах быў разрабаваны сялянамі ў першы ж дзень, калі савецкае войска ўвайшло ў Польшчу. На наступны дзень дом з раялямі і ўсім тым, да чаго не дабраліся марадзёры ў першы дзень, быў зачынены і закалочаны шчорсаўскім партыйны камітэтам (цяпер у доме размяшчаецца школа).
Мар’юшка вырашыла затрымацца ў Навагрудку на некалькі дзён, спадзяючыся пераканаць Олю рушыць у Варшаву разам з ёй. Аднак гэта ўсё было дарэмна. Оля хацела заставацца побач з Папа. Праз тыдзень і Мар’юшка была гатовая да ўцёкаў. Яна паставілася да перахода мяжы з размахам, перабраўшыся ноччу ў раскошным футры з лісіным каўнерам, у элегантных ездавых ботах і з скураным чамадачыкам у руках. Зноў радасць акрыляла нас ад сустрэчы!
Некалькі дзён пазней, у сярэдзіне снежня 1939 года. Да нас зайшоў кур’ер з італьянскага консульства з лістом. Гэта быў надзвычай ветлівы ліст ад консула, які чуў пра нас ад свайго сябра княгіні Лілі Баратынскай-Галіцынай (дачкі цёці Каконы) ў Рыме. Ён прапанаваў нам сваю дапамогу і нават грошы. На наступны дзень Каця і Мар’юшка пайшлі падзячыць яго і парасіць яго падтрымкі ў атрыманні італьянскіх візаў. Італія, тады яшчэ нейтральная краіна, была зручным пунктам, адкуль можна было перабрацца ў Францыю ці ў Амерыку. Консул паабяцаў, што візы будуць зроблены на ўсіх.
Нам патрэбны былі грошы, і мы вырашылі прадаць усю мэблю, якая знаходзілася на верхніх паверхах дома, у тым ліку выдатнейшы раяль “Блютнэр” (праўда, акрамя бібліятэкі Папа і фамільных партрэтаў). Шчаслівы выпадак паслаў нам пакупніка, які прыйшоў паглядзець на тое, што яму прапанавалі, і прапанаваў наяўныя, якімі, здавалася, былі набітыя яго кішэні, забраўшы рэчы наступным днём. Нягледзячы на настальгію па мінулым, звязаную з гэтымі дарагімі для нас рэчамі, мы атрымалі вялікую дапамогу.
У першых чыслах студзеня 1940 года Мар’юшка паведаміла нам, што яна заручоная з Мішам Мірскім і што вяселле адбудзецца ў лютым. Прыблізна праз два тыдні Каця і дзеці Мальцавы з’ехалі ў Рым. Напачатку лютага Мар’юшка і Міша Мірскі павянчаліся ў маленькай праваслаўнай царкве на вуліцы Падвале. Праз некалькі дзён наважэнцы і з імі Сярожа паехалі ў Італію. Аднак у Рыме яны заставаліся вельмі нядоўга. У Мар’юшкі быў від на жыхарства ў ЗША, дазваляўшы ёй узяць з сабой мужа. Што тычыцца Сярожы, то яго запрашаў у Амерыку Леў Эдуардавіч Коню, брат дзядзі Жуля, для паступлення ў кансерваторыю горада Цынцынаці. Такім чынам, Мірскія і Сярожа адплылі з Рыма ў Амерыку на першым жа параходзе.
Яшчэ да сканчэння вайны Сярожа скончыў кансерваторыю ў Цынцынаці с залатым медалём. У хуткім часе пасля заканчэння ён быў прызваны ў амерыканскую армію. Яго ваеннай спецыяльнасцю была ігра на фартэп’яна (для вайскоўцаў). Трэба сказаць, што рабіў ён гэта неахвотна з-за якасці музыкі, якую яму даводзілася выконваць. Пасля заканчэння вайны яму давялося служыць у саюзніцкай Кантрольнай Камісіі ў Будапешце (Венгрыя).
Апынуўшыся ў Рыме, Каця аддала дзяцей Мальцавых у каталіцкую школу, знайшла сабе працу і стала чакаць прыбыцця Пашы з Парыжа. Паша хацела забраць блізнятаў з Італіі (на той момант усё яшчэ нейтральнай краіны) прама ў ЗША. У той час, калі яна атрымала італьянскую візу, Каціны сябры з Італьянскага Міністэрства замежных справаў паведамілі, што ў хуткім часе Італія ўступіць ў вайну на баку Германіі. Гэта азначала аб’яўленне вайны Францыі. Ім сказалі, што калі яны не хочуць апынуцца адрэзанымі ад сям’і, яны павінны пакінуць Італію безадкладна. Паша ледзь паспела абняць сваіх дзетак ў Рыме, як усе яны разам з Кацяй пагрузіліся на зваротны цягнік на Парыж. Гэта адбылося 8 чэрвеня 1940 года. 10 чэрвеня Італія аб’явіла вайну Францыі і Вялікабрытаніі, стварыўшы так званую вось Берлін-Рым.
Што тычыцца мяне, то я заставаўся ў Варшаве, каб быць паблізу ў выпадку, калі бацьку выпусцяць з турмы. Я падтрымліваў сувязь з польскай няняй блізнятаў Мальцавых, паннай Марыяй, адважнай і адданай нашай сям’і жанчынай, якая ўступіла ў шэрагі польскага супраціву. Аднойчы яна перайшла германа-савецкую мяжу і рушыла ў Навагрудак толькі для таго, каб падтрымаць нашу Олю. Ад яе я даведаўся, што 13 красавіка 1940 года Оля патрапіла ў лік вялікай групы польскіх сямей, у якіх хтосьці ўжо быў арыштаваны; гэтая група была вывезена ў Казахстан у таварных вагонах. Пазней панна Марыя паведаміла мне, што бацьку перавялі ў Баранавіцкую турму.
Жыццё ў Варшаве станавілася цяжэй з кожным днём. Я часта галадаў і замярзаў. Аднойчы ў жніўні я атрымаў цікавы ліст ад дзядзі Ніколы Арсеньева з Кенігсберга ва Усходняй Прусіі (сённяшні Калінінград). Прафесар Мікалай Сяргеевіч Арсеньеў, вядомы багаслоў, быў блізкім сябрам нашай сям’і, часта гасціў у Шчорсах і быў вядомы як чалавек бязмежнай дабрыні, мы ўсе яго вельмі любілі. Ён быў прафесарам ва ўніверсітэце Альберта ў Кенінгсбергу, а таксама ў маленькай праваслаўнай семінарыі ў Варшаве. Дзядзя Мікола запрашаў мяне жыць у яго доме ў Кенінгсбергу, адкуль, як ён казаў, было вельмі зручна сачыць за сітуацыяй ў Баранавічах. А тым часам я мог наведваць заняткі ва ўніверсітэце, і ён збіраўся мне дапамагчы ў гэтым.
Я пагадзіўся, сабраў свае няхітрыя рэчы, а сямейныя партрэты і драўляную скрыню з кнігамі бацькі паслаў у Францыю. Яны выдатна даехалі і цяпер знаходзяцца ў маім доме ў Амерыцы.