Хронікі сям’і Храптовічаў-Буценевых
Выдавец: Галіяфы
Памер: 246с.
Мінск 2018
У хуткім часе пасля Вялікадня мае сёстры Каця і Мар’юшка вярнуліся дадому, адна з Амерыкі, другая з Бельгіі, і абедзьве мелі вялікі запас усемагчымых гісторый, якімі ім карцела падзяліцца. Жыццё ў нашым доме заўважна ажывілася, мы часцей сталі запрашаць гасцей на абеды. Час праляцеў незаўважна, і ў сярэдзіне чэрвеня мы зноў выехалі ў Шчорсы на лета.
Наўрад ці калі-небудзь мне пашчасціла настраляць столькі дзікіх качак, як у той летні сезон. Мне запомніўся адзін дзень, калі пасля палявання ў балотах, я пабіў усе папярэднія рэкорды, калі прынёс дадому цэлых чатырнаццаць качак. Мне пашанцавала, што адзін з нашых леснікоў суправаджаў мяне і дапамог несці здабычу! Я вельмі ганарыўся, што цяпер у мяне быў вялікі досвед, каб вытрымліваць і не страляць занадта хутка, без добрага прыцэлу.
3 братам Сярожам тым летам мы таксама палявалі на аленяў. Ляснік прыводзіў нас да цудоўнай паляны ў лесе, у цэнтры якой бруіўся ручай. Незадоўга да захаду сонца алені павольна выходзілі з лесу, каб напіцца з ручая, потым неспяшаючыся вярталіся назад, пашчыпваючы траву на лужку.
Самай прыкрай часткай гэтага палявання былі камары, якія пакрывалі ўвесь твар і рукі і асабліва кусаліся ў той момант, калі ты пачынаў асцярожна падкрадацца да жывёлы, каб высветліць па рагах, самец гэта ці самка (забіваць аленіх катэгарычна забаранялася). Відовішча раскошнага самца з разгалінаваннямі рагоў у промнях вячэрняга святла было па-сапраўднаму вельмі прыгожым. У той апошні год нешта стала ўтрымліваць мяне ад стрэлаў, так я быў скораны прыгажосцю гэтай жывёлы, яго высокароднымі і элегантнымі рухамі і постаццю.
Канец эпохі для нашай сям’і
Лета 1939 года было неспакойным у палітычных адносінах. Гітлер прыспешваў кампанію нянавісці ў адносінах да Польшчы. 3 нямецкага боку сцвярджалася, што нямецкія тэрыторыі былі незаконна далучаны да Польшчы пасля Першай сусветнай вайны, і немцы патрабавалі вяртання гэтых зямель іхным папярэднім уладальнікам. Пэўна адчувалася, што ў Еўропе нешта выспявае. I хоць мы знаходзіліся далёка ад гэтых спрэчных тэрыторый, мы штодзень сачылі за развіццём падзей па радыё.
1 верасня 1939 года мы пачулі па радыё пра тое, што на світанку нямецкае войска перашло польскую мяжу і што, нягледзячы на гераічны супраціў польскага войска, нямецкае наступленне працягваецца. Два дні пазней Англія і Францыя абвесцілі вайну Германіі. Гэта нас крыху абнадзеіла, аднак на Заходнім фронце нічога не адбылося, і нямецкае наступленне працягвалася. На трэці дзень нам патэлефанаваў ваенны губернатар з Навагрудка і паведаміў, што польскае войска рэквізіруе аўтамабілі і што мы павінны даставіць наш у яго распараджэнне. Мы падчыніліся і паслалі нашага кіроўцу Федзю аддаць машыну.
Мне ў хуткім часе спаўнялася дваццаць гадоў, і я вельмі жадаў уступіць у польскае войска. Я сказаў бацьку, што хачу быць
дабраахвотнікам. Ён нехаця пагадзіўся і сказаў, што хоча праводзіць мяне да Навагрудка. Аднак ваенны губернатар паведаміў, што на той час ён тэхнічна не ў стане арганізаваць прыём добраахвотнікаў: сітуацыя на нямецкім фронце змяняецца вельмі хутка.
Мар’юшка і Каця хацелі стаць ваеннымі сёстрамі міласэрнасці. Нам сказалі, найлепшым, што можна зрабіць, гэта прайсці курсы ў Навагрудскай лякарні. Наступным ранкам мае сёстры сабралі рэчы і з’ехалі ў Навагрудак, дзе яны знялі дом у мясцовага суддзі і на наступны дзень пачалі заняткі.
Між тым па радыё перадавалі даволі змрочныя звесткі: наступленне немцаў працягвалася, нягледзячы на адчайныя спробы польскага войска яго спыніць. Па-ранейшаму не было ніякіх рухаў з боку Англіі і Францыі. Нарэшце, як тры чвэрці краіны было занята і польскае войска перастала існаваць, надышоў дзень 17 верасня 1939 года. Ранкам я прачнуўся ад гуку самалёта, які ляцеў вельмі нізка. Неўзабаве пачулася два моцных выбухі. Гэтыя гукі для недасведчанага чалавека былі не толькі аглушальнымі, яны, здавалася, разрывалі вантробы.
Я апрануўся за некалькі секундаў і, зашпільваючы гузікі па ходзе, пабег да пакоя Папа. Я ўбачыў яго спакойным, хоць даволі бледным. Чвэрць гадзіны таму яму званіў князь Радзівіл з Нясвіжа бліжэй да савецкай мяжы і паведаміў, што савецкія войскі перайшлі мяжу і праз некалькі гадзін будуць у Шчорсах. Страх, што гэта можа адбыцца, непакоіў мяне апошнія два тыдні, і я стараўся адганяць падобныя думкі. Сёння, аднак, гэта адбылося з усімі непазбежнымі наступствамі, што моцна палохалі.
I гэта быў канец.
Так, гэта быў канец эпохі, канец ладу жыцця, канец стылю мыслення. Канец нашых любімых Шчорсаў, нашых планаў і надзеяў, канец палітычнай і эканамічнай сістэмы ў гэтай частцы свету. I жыццё кожнага павісла на валаску.
Нам неабходна было дзейнічаць хутка. Я спытаўся бацьку пра магчымасць уцёкаў, напрыклад, у Літву, аднак ён і Оля вырашылі застацца. Мы не з’ехалі б далёка ў калёсах, якія запрэжаны конямі. Машыну нашу мы здалі польскім ваенным, а быць затрыманымі на незнаёмай тэрыторыі было б вельмі кепска. Мы апынуліся ў пастцы. Асаблівы непакой вызывалі лёсы
Каці і Мар’юшкі. Пяць хвілін таму яны тэлефанавалі і пыталіся ў Папа, што ім рабіць. Ён паспеў толькі сказаць, каб яны заставаліся на месцы, як сувязь абарвалася. Бацька сказаў, што ён хоча, каб я тэрмінова паехаў вярхом у Навагрудак і заставаўся там з сёстрамі. Я разрываўся няўжо мне трэба ехаць аднаму? Мой брат Сярожа ляжаў з высокай тэмпературай і, на жаль, не мог мне дапамагчы.
Мы ўсе сабраліся на тэрасе, і я так ярка запомніў усіх у гэты дзень. Сярожу, сагнутага, захутанага ў коўдру і бледнага, блізнятаў Мальцавых, якія адчувалі нешта нядобрае на гэта ўказвалі страх і разгубленасць на іхных тварах, старога дзядзьку Жуля, які стараўся не трапляць пад ногі і стаяў на адлегласці. Пакаёўкі хадзілі на дыбачках, гатовыя ў любую секунду чым-небудзь дапамагчы. Наша няня, якая ў Шчорсах адказвала за бялізну, спыталася, што з ёй рабіць, таксама, як і з валізамі сям’і Гагарыных. Оля сказала ёй усё пакінуць, як ёсць і не забыцца адчыніць усе замкі, каб не справакаваць раздражнення і гвалту. Оля з непакоем на твары стаяла побач з Папа, які сядзеў у сваім фатэлі і выглядаў вельмі стомленым. Ён ужо перажываў такое падчас рэвалюцыі ў Расіі.
Я збегаў у свой пакой, схапіў усе свае каробкі з патронамі і закінуў іх у сажалку. Затым я зрабіў тое самае з маім арсеналам (шэсць стрэльбаў і вінтовак), пры гэтым сэрца маё аблівалася крывёю, аднак я павінен быў зрабіць усё, каб засцерагчы сям’ю ад магчымага гвалту з боку марадзёраў. Затым я хутка пакідаў у пляцак некалькі кашуляў, шкарпэтак, бялізны, брытву і выбег назад на тэрасу. Адну з пакаёвак паслалі на стайню с загадам асядлаць для мяне каня, і ў хуткім часе Васілій вёў яго ў бок нашага дому. Оля сказала, што наша пакаёўка Саша прапанавала схаваць блізнятаў Мальцавых у сваёй хаце на вёсцы, дзе яны могуць утрымлівацца ў адноснай бяспецы. Гэта прапанова была хутка і з удзячнасцю прынятая, і для іх запраглі калёсы.
Трэба было спяшацца, і я хутка абняў кожнага: маю няню, пакаёвак, майго вернага сябра Васілія, дзядзю Жуля, маленькіх Кацю і Сярожу і іхную польскую няню, майго брата Сярожу, Олю і, нарэшце, Папа. Мяне не пакідала вострае адчуванне, што гэта апошні раз у жыцці, калі я бачу іх усіх разам.
Ці быў гэта канец?
Папа затрымаўся са мной крыху болей. Ён перахрысціў мяне і сказаў, гледзячы ў вочы: “Хай Хрыстос бароніць цябе”. Калі я накіраваўся да каня, ён абняў мяне і ціха сказаў: ‘Тэта апошні раз у жыцці, што я прыняў рашэнне за цябе, з гэтага моманту ты прымаеш рашэнні сам, якія цяжкія і важныя яны б ні былі. Запомні, што я давяраю табе цалкам”. Я быў у шоку і не мог гаварыць. Я абняў яго ў апошні раз. I потым, калі я сядаў у сядло, ён дадаў: “Міша, не забівай нікога”, магчыма заўважыўшы, што я засунуў у кішэню пісталет.
Ці было гэта ўсё ж канцом?
Калі я праязджаў міма нашай фермы Мураванкі, падзеі апошняй гадзіны зноў і зноў праносіліся ў мяне перад вачыма, і я зноў і зноў зазіраў кожнаму ў вочы: мой брат Сярожа, Оля, мая няня, дзеці, вочы Папа ў той момант, калі ён хрысціў мяне, яго рука на маім плячы, яго хваляванне.
Я быў адзін на гэтай шырокай пяшчанай дарозе, ні душы вакол. Я расплакаўся, і слёзы ручаямі паплылі па маіх шчаках.
Ці быў гэта канец?
He, не быў! Я раптам зразумеў, што я павінен зразумець на гэты канец як на пачатак. Гэта быў пачатак новай эпохі ў жыцці нашай сям’і, як і новай эпохі ў жыцці мільёнаў людзей. Зразумела, бліжэйшая будучыня не абяцала спакою і бяспекі, аднак мы павінны змагацца, адаптавацца да новых абставінаў і, самае галоўнае, адстойваць нашы маральныя каштоўнасці. У той момант я пакляўся, што пакуль я жыву, я зраблю ўсё магчымае, каб сабраць нашу сям’ю разам.
Я прыскакаў у Навагрудак прыблізна праз пятнаццаць хвілін пасля таго, як там з’явіліся першыя савецкія часці. Яны прыйшлі па іншай дарозе, і цяпер іхныя лёгкія танкі праходзілі па галоўнай плошчы. Здавалася, што ўсё насельніцтва горада выйшла іх сустракаць. 3 усіх бакоў чуліся падбадзёрваючыя прывітальныя выкрыкі.
За некалькі гадзін да прыбыцця войска на горад былі скінуты тысячы лістовак, у якіх савецкія ўлады інфармавалі мясцовае насельніцтва, што яны прыйшлі з мэтай вызваліць сваіх беларускіх і ўкраінскіх братоў, каб вайна з Германіей не знішчыла гэтыя мірныя і па-сяброўску настроеныя тэрыторыі... Такім чынам, мясцовае насельніцтва з нецярпеннем чакала Савецкае войска і цяпер вітала яго з імпэтам!
Я саскочыў з каня і павёў яго да мясцовага гатэлю. Швейцар, як звычайна, павітаўся са мной і паабяцаў прыгледзець за канём. Для таго, каб патрапіць у дом, дзе спыніліся мае сёстры, трэба было мінуць плошчу, па якой зараз рушылі калоны танкаў. У той час, як я спрабаваў праціснуцца скрозь шчыльны натоўп, нехта пазнаў мяне і стаў гучна крычаць, відаць, намагаючыся мне дапамагчы: “Эй! Прапусціце графа! Яму трэба на другі бок!” Я быў вельмі напалоханы гэтым, аднак не здолеў спыніць гэтага чалавека. Як ні дзіўна, у выніку яго дзеянняў натоўп расступіўся. Я чуў радасныя прывітанні (наша сям’я была вядомая практычна кожнаму ў Навагрудку). Мне пашанцавала праскочыць паміж двума танкамі з гучным “Ура!” (я ніколі ў жыцці так гучна не крычаў). У хуткім часе я быў у сваіх сясцёр. На зямлі не існавала больш шчаслівай тройцы.