Хронікі сям’і Храптовічаў-Буценевых

Хронікі сям’і Храптовічаў-Буценевых

Выдавец: Галіяфы
Памер: 246с.
Мінск 2018
73.63 МБ
Для майго брата Сярожы і мяне адзін з самых хвалюючых візітаў прыйшоўся на лета 1938 года, калі да нас прыехалі з Вены дзве нашы дваюродныя сястры Дар’я і Наташа Трубяцкія. Яны былі запрошаныя ў Шчорсы пасля смерці іхнага бацькі Мікалая Сяргеевіча Трубяцкога, вядомага лінгвіста і брата Мама.
Сярожа і я выправіліся сустрэць іх на чыгуначнай станцыі на нашай машыне. Было вельмі кранальна бачыць, як дзве прыгожыя маладыя дзяўчыны сыходзяць па прыступках вагона. Яны былі апрануты ва ўсё чорнае, ад чорных панчохаў на іх нагах да чорных капелюшоў на галовах з нагоды жалобы, і, натуральна, былі вельмі расстроены стратай любімага бацькі. Праз некалькі дзён я безнадзейна (хоць і не назаўсёды) закахаўся ў Дар’ю, а Сярожа (ужо ў машыне на зваротным шляху) у Наташу!
Да канца 1936, другога нашага года ў Польшчы, сям’я наша пачала змяншацца. Першай, у верасні 1936 года, з’ехала ў Францыю Лізанька, дзе яна выйшла замуж за свайго жаніха князя Сяргея Мікалаевіча Гагарына. Ёй ішоў дваццаць другі год, яму было трыццаць два. Вяселле адбылося ў нашай кламарскай царкве пры вялікай колькасці сваякоў і сяброў. Папа быў супраць гэтага шлюбу, і, як вынік, ні ён, ні хтосьці іншы з нашай сям’і не прысутнічаў, за выключэннем Косці, які выпадкова апынуўся ў Кламары ў гэты час.
Сяргей Гагарын быў моцным, добрасардэчным, дасціпным і надзвычай папулярным сярод людзей яго пакалення чалавекам (нягледзячы на яго порсткасць). Галоўнай прычынай таго, што Папа быў супраць гэтага шлюбу, быў факт, што Сярожа ва ўзросце трыццаці двух гадоў так і не набыў ніякіх практычных навыкаў для заробкаў на жыццё. Ён дастаткова няўдала спрабаваў зрабіць кар’еру спевака, даючы невялікія канцэрты, у асноўным у Германіі, дзе для яго рэпертуара і голаса, відавочна, знаходзілася болей прыхільнікаў.
Маладыя правялі лета 1938 года з намі ў Шчорсах (да гэтага часу Папа змірыўся і прызнаў тое, што ўжо адбылося). Пасля гэтага, увосень 1938, Лізанька і Сярожа эмігравалі ў ЗША, дзе пасяліліся ў Нью-Ёрку. Іхны шлюб апынуўся вельмі шчаслівым.
Наступным, хто з’ехаў, быў Косця. Ён быў заручаны з сястрой Сяргея Гагарына Марыяй Мікалаеўнай (Маняй) Гагарынай. Да гэтага яна была замужам за князем Ягорам Шахоўскім, аднак гэты шлюб скончыўся разводам. Яна мела дзвюх дачок Марышку (чатырнаццаці гадоў) і Лізку (адзінаццаці). Маня была на трынаццаць гадоў старэй за Косцю, таму Папа быў супраць і гэтага шлюбу. Вяселле адбылося ў лютым 1937 года ў Варшаве. 3 нашай сям’і прысутнічалі толькі трое: Мар’юшка, наш брат
Сярожа і я (усе астатнія былі ў Шчорсах). Адразу пасля вянчання маладыя з’ехалі праводзіць мядовы месяц у Закапане (горны курорт на поўдні Польшчы), пасля чаго накіраваліся прама ў Кламар, дзе яны здымалі дом.
У 1938 годзе, пасля таго, як у іх нарадзіўся першы сын, якога яны назвалі Канстанцінам, Папа прымірыўся і з гэтым шлюбам і спыняўся ў іх у Кламары. Іхны другі сын Мікалай нарадзіўся ў траўні 1939 года, за некалькі месяцаў да пачатку Другой сусветнай вайны. Прыгожая жонка Косці была прыемнай і абаяльнай жанчынай. Яны моцна кахалі адно аднаго, і ўся іхная сям’я, разам з дзвюма яе дочкамі ад першага шлюбу, была ўвасабленнем шчасця. У 1940 годзе, у разгар нямецкага наступлення ў Францыі, уся сям’я Косці тэрмінова пераехала з Кламара ў Бардэбюр. У Мані ў хуткім часе здарылася сур езная вушная інфекцыя, якую не здолелі хутка пачаць лячыць з-за адсутнасці належнай арганізацыі, звязанай з адступленнем французскага войска. Яна памёрла ў Бардэбюры ва ўзросце сарака аднаго года, пакінуўшы дзвюх дачок (сямнаццаці і чатырнаццаці гадоў) і двух сыноў (першаму было два гады, другому год). Мая сястра Каця ўзяла іх да сябе на выхаванне.
Мой брат Косця па прыродзе сваёй быў вялікім арыгіналам і эксцэнтрыкам. Ён паводзіў сябе і апранаўся так, як болей ніхто. Думаў ён таксама па-іншаму, і з той нагоды, што ён быў дастаткова ўпартым, яго было цяжка пераканаць падпарадкаваць тым ці іншым жыццёвым абставінам. Ён быў летуценнікам і свайго роду геніем, чые свежыя і бліскучыя ідэі з цяжкасцю магчыма было прымяніць да звычайнага жыцця.
Косця валодаў вялікімі ведамі ў галіне вывучэння прыроды, жыцця звяроў і птушак. Я заслухваўся, калі ён пачынаў гаварыць на гэтыя тэмы. Ягоным асобным захапленнем было сакалінае паляванне. Ён дасягнуў вялікага майстэрства ў справе прыручэння і дрэсіроўкі сокалаў, гадавання іх з маленства.
Косця быў прыцягальным маладым чалавекам, які меў незвычайны асабісты шарм. Ён быў вельмі высокі, з доўгімі нагамі, вялізнымі ступнямі і гаварыў вельмі нізкім голасам. У яго былі вельмі пяшчотнае і шчодрае сэрца і тонкая душа.
На пачатку верасня 1938 года Мар’юшка з яе прыроднай імпульсіўнасцю нечакана вырашыла ехаць у Амерыку. Ёй было
дваццаць пяць гадоў, і яна хацела даследаваць Новы Сет з думкай перабрацца туды жыць у будучыні. На працягу гэтай вандроўкі яна хацела прыгледзецца да жыцця ў ЗША “на ўсялякі выпадак”. Пасля таго, як гэта ідэя яе наведала, яна “прадала” яе Папа і атрымала згоду, і што найболып важней, фінансавую падтрымку. Праз тыдзень яна ўжо сядзела ў цягніку, які накіроўваўся да Парыжу, а ў хуткім часе на параходзе, які плыў у НьюЁрк. Яна была ў Амерыцы каля васьмі месяцаў, пражываючы то ў адных сваякоў, то ў іншых. На кароткі час яна нават перабралася на Кубу, каб падаць дакументы на від на жыхарства. Пасля атрымання гэтага дакумента яна вярнулася ў Польшчу позняй вясной 1939, перапоўненая энтузіязмам і займальнымі гісторыямі. Від на жыхарства, які яна атрымала, адыграў ключавую ролю ў яе жыцці меней чым праз год.
Пасля таго, як з’ехала Мар’юшка, Каця таксама не здолела ўседзець у Польшчы. Яна перапісвалася са старой сяброўкай нашай маці цёцяй Маняй Камароўскай, уладальніцай невялікага атэлье (maison de couture) у Брусэлі. У кастрычніку 1938 года ад яе прыйшло запрашэнне для Каці прыехаць на год у Брусэль з тым, каб дапамагчы ёй у справах кіравання фірмай. Гэта запрашэнне было, зразумела, падарункам нябёсаў для Каці. Бацька зразумеў яе і даў свой дазвол. Як звычайна, ён набыў квіток першай класы ў спальны вагон з прыпынкам у Варшаве. Каця спынілася ў Варшаве толькі дзеля таго, каб абмяняць квіток першай класы на квіток трэцяй класы з нагоды эканоміі фінансаў для забаваў у Брусэлі.
Гэта была яе першая вандроўка без сям’і, і яна была вельмі ўзбуджана. У Брусэлі яна сутыкнулася з іншымі сваякамі. Яе дваюродная сястра Дар’я Трубяцкая (пазней Вейсэль) у гэты час працавала там на фірму канкурэнтаў, якой валодалі Базілеўскія сям’я яе маці. (Дар’я і яе сястра Наташа толькі што правялі шэсць тыдняў летам з намі ў Шчорсах). Там таксама жылі сёстры Шчарбатавы і і ншыя сваякі і знаёмыя. Каця яшчэ і самастойна завяла шматлікія новыя знаёмствы. Безумоўна, гэта былі адны з найлепшых часоў яе жыцця. Яна наведвала канцэрты, оперу, танцавальныя вечарынкі, часта ездзіла ў Парыж і Кламар наведаць сваякоў.
Ёй быў дваццаць адзін год, і яна была вельмі прыгожай. Першая вандроўка дала ёй шмат чаго: дапамагла пераадолець яе са-
рамлівасць, надала больш упэўненасці ў сабе. Гэта канчаткова сфармавала яе характар і падрыхтавала да выпрабаванняў, якія чакалі нашу сям’ю наперадзе.
Яна перапісвалася з Мар’юшкай у Амерыцы, і па дамове яны вярнуліся ў Польшчу ў адным цягніку з Брусэля вясной 1939 года. Яны гаварылі не спыняючыся ўсе дваццаць чатыры гадзіны гэтай вандроўкі.
На пачатку 1939 года мая сястра Паша вырашыла пакінуць нас. Яна аддала няні сваіх шасцігадовых блізнятаў Кацю і Сярожу Мальцавых, а сама накіравалася ў Амерыку, каб упэўніцца, ці магчыма было б пражыць у Нью-Ёрку з сям’ёй. Муж яе, Мікалай Мальцаў (Міколка), у той час ужо быў у Амерыцы і рабіў вялікія намаганні, каб знайсці сабе сталую працу ў якасці інжынера.
Паша і Міколка ажаніліся ў 1931 годзе, калі ёй было дваццаць, а яму дваццаць чатыры гады. Ён быў высокім, прыгожым, таленавітым і прывабным, мы ўсе яго вельмі любілі, да таго ж ён быў блізкім сябрам майго брата Косці. Вянчанне адбывалася ў царкве ў Кламары, а пасля яго быў прыём у нашым доме і садзе. Пасля вясельнага падарожжа на Маджорэ (Італія) яны знялі кватэрку ў Парыжы, дзе ў 1932 годзе ў іх з’явіліся на свет блізняты. Міколка ўвесь час шукаў працу ў якасці інжынера, але ўсё, што яму ўдавалася, было толькі часовым. На што ён пагаджаўся ў якасці перадышкі. Гэтыя часы ў Францыі былі вельмі цяжкімі, і беспаспяховыя спробы Міколкі працягваліся да 1935 года, калі наша сям’я перамясцілася з Францыі ў Польшчу.
У гэты час Паша цалкам згубіла спакой і адчувала сябе абсалютна няшчаснай, і яны вырашылі, што Міколка накіруецца ў Амерыку, каб паспрабаваць уладкавацца там, а Паша з дзецьмі пазней да яго прыедзе. У той час, як Міколка адплыў на захад, у Нью-Ёрк, Паша з дзецьмі і няняй далучыліся да нас у нашым падарожжы на ўсход, у Польшчу, у Шчорсы і Варшаву.
I вось зараз, пасля чатырохгадовага расстання з мужам, Паша спрабавала аб’яднаць сваю сям’ю ў Амерыцы. Пражыўшы сем месяцаў у Амерыцы, яна вырашыла, што пэўна гэта новае жыццё падыходзіць для іх. У жніўні 1939 года яна ўзышла на параход, які адплываў у Еўропу, з мэтай прывезці дзяцей і ўсю маёмасць да Новага Свету. Карабель, на якім яна знаходзілася, прыйшоў з Нью-Ёрка ў Гаўр 2 верасня 1939 года, на другі дзень
нямецкага ўварвання ў Польшчу. Паша паспяшыла ў польскае консульства ў Гаўры, каб высветліць, ці засталася хоць якая магчымасць аб’яднацца з дзецьмі ва Усходняй Польшчы. Яна ўбачыла консульства ў поўным беспарадку, а консул скончыў жыццё самагубствам. He было ніякай магчымасці вярнуцца ў Польшчу ў самы разгар вайны. Адзіным, што заставалася, гэта сесці ў цягнік, які ішоў на Парыж, і прыехаць да сям’і Косці, Трубецкім і Ону. На жаль, адным з самых першых наступстваў акупацыі з’явілася рашэнне Германіі забараніць усе грашовыя пераводы , якія мой бацька рэгулярна высылаў у Францыю20.
Паша была неардынарнай жанчынай. За ўсё сваё жыццё яна ні разу не наведала ніякай школы. Яе адукацыяй займаліся толькі прыватныя настаўнікі. Але дзякуючы неверагоднай празе ведаў, вялікаму розуму і выдатнай памяці, яна стала, бадай што, самай адукаванай сярод сваіх братоў і сёстраў. Акрамя рускай, яна свабодна гаварыла на французскай і ангельскай, валодала нямецкай, а калі жыла з намі ў Польшчы, з лёгкасцю авалодала польскай. Яна вельмі любіла рускую літаратуру і ведала яе лепей за ўсіх нас. Яна чытала на памяць і з цудоўным выразам паэмы Пушкіна і Лермантава, а таксама Блока, Бальмонта, Фета ды іншых. Яна была непераўзыдзенай апавядальніцай з інтанацыямі і майстэрствам сапраўднай акторкі. У яе таксама было вельмі развіта пачуццё гумару і адчуванне радасці жыцця, якія зніклі, на жаль, бліжэй да канца яе цяжкага і нешчаслівага жыцця. Але самым глыбокім у ёй былі бесперапынная цікавасць да людзей, неабмежаваная дабрыня, сардэчнасць і шчодрасць.