Хронікі сям’і Храптовічаў-Буценевых

Хронікі сям’і Храптовічаў-Буценевых

Выдавец: Галіяфы
Памер: 246с.
Мінск 2018
73.63 МБ
Я добра памятаю яго ў апошнія гады яго жыцця. Мне было трынаццаць гадоў, калі ён памёр у 1932 г., ва ўзросце васьмідзесяці чатырох гадоў, у сваім доме ў Кламары, у Францыі. Мы жылі зусім недалёка ад яго і, натуральна, часта з ім бачыліся. Аднак нас прасілі абмяжоўваць час наведванняў, каб не стамляць дзядулю. Бо побач жылі ўсе яго трое дзяцей з адзінаццаццю ўнукамі і вялізная колькасць сваякоў і сяброў!
Яны з бабуляй былі неверагодна аддадзенай адно аднаму сталай парай. Я запомніў, як яны сядзелі ў сваёй маленькай гасцёўні, старамоднай, аднак заўсёды чыста прыбранай і ўтульнай, у атачэнні шматлікіх сямейных партрэтаў, развешаных па сценах, мноства фотаздымкаў і памятных прадметаў на паліцах і на чатырох маленькіх століках. У куце вісеў Андрэеўскі марскі сцяг, пад якім дзядуля праслужыў верай і праўдай столькі год свайго жыцця.
I хаця абое яны былі шчаслівыя, калі мы прыходзілі іх адведваць, нам, дзецям, дазвалялася заходзіць да іх толькі па адным, у скрайнім выпадку па два. I менавыіта дзядуля адразу пачынаў з намі займацца пад добрым і ўсмешлівым, але часам устрывожаным поглядам бабулі, якая заўжды баялася, што ён перастоміцца. Спачатку, калі я быў яшчэ маленькі, ён усаджваў мяне на калені, гуляў са мной і расказваў казкі. Пазней ён паказваў мне здзіўляльныя картачныя фокусы або расказваў пра сваё дзяцінства і пра свае падарожжы на моры.
Для чалавека ягоных гадоў твар яго быў незвычайна чароўны. Яго знаёмая мяккая белая барада не магла схаваць па-дзіцячаму круглага твару, ружовых шчок і ўсмешлівых блакітных вачэй.
Як я любіў дарагога старога дзядулю і як шкада, што я не ўспадчыніўтую выдатную памяць, якой вылучаліся прадстаўнікі трох папярэдніх пакаленняў у нашай сям’і: прадзед Апалінарый, дзядуля і мой бацька. Дзядуля шмат пабачыў на сваім веку і ўмеў расказаць пра гэта з любоўю і натхненнем.
Аднак, успамінаючы пра апошнія гады дзядулі, я трохі адхіліўся ад гісторыі дзядулевага жыцця, якую я збіраўся распавесці. Крыніцамі майго аповеду служаць яго ўласныя мемуары, а атксама шматлікія нататкі, у якіх час ад часу ён запісваў свае ідэі або думкі, што прыйшлі да галавы. Вельмі шмат карыснай інфармацыі я знайшоў таксама ва ўспамінах яго дачкі, Каці Ону. Акрамя таго, выдатнымі крыніцамі сталі старыя лісты, артыкулы ў газетах і мае ўласныя ўспаміны.
* * *
У папярэдняй главе я закончыў расказ пра дзядулю ў тым моманце, калі ўся сям’я жыла ў Адэсе, у доме Барацінскіх. Увосень 1861 г. шаснаццацігадовы Міхаіл Апалінар’евіч (дзядзя Міша) для падрыхтоўкі ва ўніверсітэт паступіў у Рышэльеўскі ліцэй, а яго брат (дзядуля), трынаццаці гадоў, працягваў сваю адукацыю дома, займаючыся з прыватнымі выкладчыкамі.
3 самага ранняга ўзросту дзядуля багоміў свайго старэйшага брата. Ён заўсёды думаў, што Міша значна разумнейшы, кемлівейшы і таленавіцейшы за яго самога. Дзядзя Міша, у сваю чаргу, заўсёды імкнуўся дапамагчы, абараніць і падтрымаць малодшага брата. Гэтыя рэдкія ўзаемаадносіны паміж двума братамі
працягваліся цягам усяго іх дзяцінства, хлапецтва і далей праз іх настолькі адрозныя лёсы.
У 1863 г., пятнаццаці гадоў, дзядуля таксама паступіўу Рышэльеўскі ліцэй. Ён вельмі перажываў за гэтую падзею: першая школа, форма, вялікая колькасць маладзёнаў, яго аднагодкаў, ды інш. Аднак вельмі хутка ён пачаў разумець, што ён атырмаў нашмат болей ад сваіх хатніх настаўнікаў, і што, будучы адным з трыццаці вучняў у класе, ён меў мала шанцаў звярнуць на сябе ўвагу настаўніка.
Напрыканцы школьнага 1864-га г. было вырашана, што на наступны год ён вернецца ў ліцэй. У гэты ж час яго бацькі вырашылі пакінуць свае спробы адгаварыць яго ад паступлення ў флот, ад мары, даўно ім узрошчанай. Было вырашана, што ўзімку ён паедзе ў Пецярбург і паступіць у Ваенна-Марскую акадэмію. А пакуль дзядулю было дазволена суправаджаць свайго настаўніка, швейцарца Буньо, які вырашыў вярнуцца на радзіму. Па прыбыццю ў Швейцарыю дзядулю было дазволена вандраваць аднаму. Бацькі забяспечылі яго дастатковай колькасцю грошай, і ён першы раз у жыцці атрымаў свой уласны рускі пашпарт.
Дзядзя Міша ў гэты час закончыў курс у ліцэі і быў прыняты ў Эдынбургскі ўніверсітэт у Шатландыі, дзе хацеў атрымаць дыпламатычную адукацыю. Надышоў час кожнаму з братоў ісці сваёй дарогай.
Расстанне было нялёгкім браты прывыклі жыць пад адным дахам. Таксама яно было азмрочана дрэнным станам здароўя бацькі. Тым не менш абодва былі маладыя і поўныя жадання пачаць свае ўласныя жыцці і кар’еры: Міша дыпламатычную, дзядуля марскую. Бацькі падтрымлівалі і ўсяляк умацоўвалі іх у гэтых рашэннях.
Візіт у Швейцарыю стаў для майго дзядулі адным з самых цудоўных падарожжаў у яго жыцці. Замест таго, каб накіравацца прама дадому, яго настаўнік і добры сябар Буньо, які суправаджаў дзядулю ў пачатку падарожжа, вырашыў паказаць яму некалькі самых старых і цікавых гарадоў Швейцарыі. Дзядуля правёў там цэлых тры месяцы, назіраючы за ўсім, што толькі можна было ўбачыць. Паколькі ён глыбока цікавіўся мастацтвам, архітэктурай і гісторыяй, для яго гэта насамрэч аказаўся найцудоўнейшы час. Да таго ж яму ўдалося сустрэцца з некаль-
кімі выдатнымі людзьмі. Так, у Лазане ён нечакана сутыкнуўся са сваім дзядзькам Міхаілам Ірынеевічам Храптовічам і яго жонкай Аленай, якія былі да яго вельмі добрыя: яны запрасілі яго жыць у іх у нядаўна пабудаваным элеганцкім гатэлі Beau Rivage, а таксама засыпалі яго ўсялякімі падарункамі, у тым ліку наяўнымі грашыма.
Дзядзя і цёця Храптовічы толькі што прадалі адзін са сваіх нязначных маёнткаў у Беларусі і на гэтыя грошы купілі выдатны ўчастак зямлі ў Ліхтэнтале непадалёк ад Бадэн-Бадэна, дзе пасля пабудавалі вялікую вілу Zeelach. Цёця Алена пастаянна брала дзядулю ў паездкі па розных антыкварных крамах, дзе яна купляла мэблю і ўсемагчымыя ўпрыгажэнні для гэтай вілы. Дзядулю ўсё гэта было вельмі цікава і прыемна. Дзядзя Міхаіл, даведаўшыся пра яго планы службы ў флоце, абяцаў у выпадку неабходнасці выправіцца ў Пецярбург, каб прадставіць яго патрэбным людзям.
Хутка пасля ад’езду яго цёці і дзядзі ён сустрэўся ў Лазане з княгіняй Ізабэлай Адамаўнай Гагарынай надзвычай прыемнай бабулькай, якую суправаджалі яе дзве незамужнія дачкі, Аляксандра Сяргееўна (Аліна) і Таццяна Сяргееўна (Тана). Пасля ветлівага і прыемнага першага знаёмства дзядцля быў запрошаны на экскурсію ў старую вёску Марціньі, у лагчыне Роны. Гэтая сустрэча паклала пачатак блізкаму сяброўству паміж дзядулем і Танай. (Адна з сёстраў Таны, Марыя, была замужам за графам Пятром Грыгор’евічам Шувалавым, які быў жаніхом дзядулевай сястры Александрыны). Бацька Таны князь Сяргей Сяргеевіч Гагарын быў братам Мікалая Сяргеевіча Гагарына, чый сын Віктар быў блізкім сябрам дзядулі. Гагарыны валодалі вялікім маёнткам Сяргеева, на поўдзень ад Тулы. На дзядулю аказалі вялікае ўражанне сяброўскае стаўленне і нефармальнасць Гагарыных. Яны з’язджалі на два дні раней за дзядулю, і перад іх ад’ездам дзядуля паабяцаў адведаць іх хутка ў Бадэн-Бадэне.
Затым ён накіраваўся ў Жэневу, дзе замовіў сабе новы гардэроб і пачаў аглядаць шматлікія славутасці. I тут яму зноў пашанцавала ў сэнсе цікавых сустрэч. На гэты раз гэта была чароўная графіня Марыя Іванаўна Ламсдорф, якая жыла са сваімі дзецьмі на віле Grand Sacconex у ваколіцах Жэневы.
Будучы блізкай сяброўкай Каконы і Мімі Цітовай, яна, відаць, даведалася ад адной з іх пра рыбыццё дзядулі і запрасіла яго на абед. Гэтая падзея супала з яго шаснаццацігоддзем. Дзядуля быў абсалютна зачараваны той дабрынёй, з якой яго прымалі, а таксама і гаспадыняй дома, якую паэт Вяземскі параўноўваў з месяцовым святлом. Яго візіт зацягнуўся да позняга вечара. На жаль, гэта была іх апошняя сустрэча праз два гады, у той час, калі дзядуля быў у марскім паходзе, яна памерла. (Праз шмат гадоў яе дачка Марыя выйшла замуж за дзядулевага старэйшага брата Мішу).
Увосень 1864 г. дзядуля накіраваўся ў Штутгарт разам са сваімі бацькамі, дзе яны спыніліся ў Цітовых. Яго бацьку там зрабілі дзве аперацыі на вачах. Пасля таго, як зрок яго бацькі часткова ўзнавіўся, дзядуля з’ехаў у Бадэн-Бадэн, дзе правёў некаторы час у Гагарыных.
Гагарыны жылі ў цудоўнай віле ля падножжа гор. Гэты дом быў вытанчана абстаўлены і ўпрыгожаны. Кожны прадмет абстаноўкі быў абраны з адметным мастацкім густам. Ізабэла і яе дочкі прымалі дзядулю надзвычай гасцінна, асабліва Тана, якая, здавалася, ажыла і свяцілася жыццёвай энергіяй. Дзядулю падабалася Тана. Ён асабліва цаніў яе пачуццё гумару, востры розум, жыццёвую энергію і добрае сэрца. Ім было надзвычайна прыемна знаходзіцца ў кампаніі адно аднаго, і ў наступныя гады дзядуля заўсёды знаходзіў час адведаць яе. Гэтае сяброўства, якое працягвалася амаль пяцьдзясят шэсць гадоў, адыграла асаблівую ролю ў жыцці дзядулі. Той факт, што дзядуля быў на чатырнаццаць гадоў маладзейшы за яе, выключаў усякую магчымасць шлюбу. Аднак іх узаемаадносіны перараслі ў вернае сяброўства з элементам сентыментальнага рыцарства і працягваліся да смерці Таны ў 1920 г. Яна памерла, так і не выйшаўшы замуж. Штогод на свой дзень нараджэння яна атрымлівала букет кветак ад дзядулі (па аповедах, ён не прапусціў ніводнага года з гэтых пяцідзесяці шасці).
Нарэшце надышоў час дзядулю перабірацца ў Пецярбург для таго, каб паступіць у флот. Увесну 1865 г. дзядзя Міхаіл Ірыневіч прывёз яго туды. Там ён пасяліў яго ў кватэры ў доме Шувалава па Махавой вуліцы № 8 і прадставіў яго неабходным людзям з Марскога Корпуса, пасля чаго з’ехаў у свой маёнтак у Беларусь.
Да паступлення ў Марскі Корпус дзядулю стаў рыхтаваць адзін з выкладчыкаў корпуса капітан-лейтэнант Ізыльмецьеў. Дзядуля набыў неабходныя падручнікі і пачаў заняткі. У ліпені, паспяхова здаўшы ўсе іспыты, ён быў прызначаны кадэтам на фрэгат “Перасвет”. Пасля гэтага дзядуля неадкладна замовіў сабе два камплекты марской формы ды іншыя аксесуары, і праз некалькі дзён, развітаўшыся з сябрамі, ён накіраваўся ў Кранштадт, дзе ўзняўся на борт “Перасвета”.
Фрэгат апынуўся 51-гарматным трохмачтавым караблём; адна батарэя лёгкіх гармат была размешчана на верхняй палубе, астатнія ўнізе. Экіпаж складаўся з пяцісот пяцідзесяці чалавек, улучна з маладым карабельным святаром. Камандаваў фрэгатам капітан-лейтэнант Капытаў, які закончыў сваю кар’еру камандуючым Чарнаморскім флотам.