• Газеты, часопісы і г.д.
  • Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы

    Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 367с.
    Мінск 1996
    84.66 МБ
    — Прыходзьце вечарам казкі слухаць. I запомніце: што гэты малойчык ні скажа, вы на тое дружна кажыце, што, маўляў, ужо чулі.
    Прыйшоў маладзец трэці раз. Цар яму крэсла насустрач выносіць. Маладзец і кажа:
    — Калі твой бацька і мой бацька па суседству царавалі, твой бацька ў майго бацькі пазычыў золата: сорак бочак тым золатам напоўнілі, і кожная бочка — укоптур! Вось колькі золата ў іх было... Чулі?
    А міністры царскі загад помнілі і закрычалі:
    — Чулі!
    — Ну, калі чулі,— сказаў маладзец,— то тады прыйшоў час — аддавай, цар, даўгі!
    Што рабіць? Тут ужо не да пакарання смерцю, не да галавы, сорам вунь які — золата ўзяў і не аддае! Давялося цару раскашэліцца!
    Пачалі золата збіраць, усё сабралі, усю казну чысценька падмялі, і назбіралася ўсяго адна бочка.
    Ну, ды наш маладзец не сквапны. Яму і адной бочкі хапіла. Забраў ён золата і паехаў. А цар з таго часу асцерагаўся галовы секчы! I казкі слухаў, ды яшчэ дзякуй казаў.
    Вось так яно!
    ЛАТВІЙСКІЯ КАЗКІ
    БЯДНЯК I БАГАЦЕЙ
    Бядняк у лесе на беразе ракі сек дрэвы. Толькі раптам сякера свісь! — і зляцела з тапарышча. У раку ўпала і патанула.
    Горка заплакаў бядняк:
    — Ай, ай, я няшчасны! Чым цяпер буду дрэвы секчы, на хлеб зарабляць?
    У гэты час — таптык-патаптык! — выходзіць з лесу кульгавы стары, ядлоўцавая барада, нос — яловая шышка, і пытаецца:
    — Чаго ты плачаш, добры чалавек? Што з табою здарылася?
    — Як мне не плакаць, калі мая сякера ўпала ў раку, а другую купіць не змагу! Чым цяпер буду дрэвы секчы, дзецям як на хлеб зараблю?
    — Добра, не плач, я табе яе вылаўлю!
    Стары скінуў кажух, зняў лапці і скочыў у ваду! Хвіліны не прайшло — вынырнуў з залатой сякерай і кажа:
    — На, бяры! Бо гэта ж твая сякера?
    — Ах, не! Ах, не! Гэта не мая! — адказвае бядняк.
    Нырнуў стары зноў і вынырнуў з сярэбранай сякерай.
    — Ой, не, не! Гэта не мая сякера! — крыкнуў бядняк.
    Трэці раз нырнуў стары і выцягнуў жалезную сякеру.
    — Вось гэта мая! — заскакаў бядняк ад радасці.— Дзякуй табе, дзядок, за добрую падмогу, за паслугу.
    Узяў бядняк сякеру з рук старога і ўжо хацеў было бегчы дадому.
    — Гэй! — аклікнуў яго стары.— Калі ты такі праўдзівы і не сквапны — на, вазьмі і гэтыя сякеры, залатую і сярэбраную.
    Прыйшоў бядняк дадому з трыма сякерамі і аб усім расказаў сям’і.
    Пачуў пра гэтае шчасце адзін багаты сусед. Узяў ён сваю сякеру і пайшоў у лес. Прыйшоў на тое ж самае месца ля ракі, стук-стук аб дрэва... Сякера лёгенька была прымацавана да тапарышча — плясь! — і ўпала ў ваду.
    Заенчыў багацей:
    — Ай, ай, я няшчасны! Ай, ай, я прапашчы!
    У гэты час з лесу — таптык-патаптык! — і прычыкільгаў кульгавы стары, ядлоўцавая барада, нос — яловая шышка, і пытаецца:
    — Чаго, чалавек, бядуеш?
    — Як мне не бедаваць: сек дрэва, сякера з тапарышча зляцела і ўпала ў ваду! Хто мне яе цяпер вылавіць?
    — Ну, супакойся, я яе выцягну,— сказаў стары і, скінуўшы кажух, скочыў у ваду.
    Хвіліны не прайшло, выплыў з жалезнай сякерай
    У руках.	.
    — Гэта твая?
    — He, не мая! — адказвае багацей.
    Стары зноў апусціўся ў ваду і вынырнуў з сярэбранай сякерай.
    — Ці твая гэта?
    — He, не мая! Мая была лепшая!
    Трэці раз нырнуў стары і выцягнуў залатую сякеру.
    — Вось, вось гэта мая! — зарадаваўся багацей.— Я здалёк яе пазнаў.
    Толькі ён гэта сказаў, стары плюхнуўся ў ваду з залатой сякерай — і прапаў. А багацей, мабыць, яшчэ і сёння на беразе сядзіць і чакае, калі стары вынырне і прынясе яму брыльянтавую сякеру.
    СІЛА I КЕМЛІВАСЦЬ
    Ішоў аднойчы па лесе селянін. Раптам насустрач яму — воўк. Убачыў селяніна і кажа:
    — Ну, рыхтуйся да смерці: зараз я цябе з’ем!
    — Што ж я табе зрабіў? — пытаецца селянін.— За што ты мяне загубіць хочаш?
    — А ты быццам не ведаеш?
    — He, не ведаю. Зрабі ласку, скажы!
    — Сёння раніцай ты не даў мне выспацца ў ядлоўцы. Мне да гэтага часу баліць галава ад гуку тваіх труб!
    — Мілы мой, падумай, што ты кажаш! Якія там трубныя гукі? Бо я толькі высмаркаўся.
    — Што б там ні было, усё роўна я цябе зараз з’ем.
    — Ну, хто дужэйшы, за ім заўсёды праўда,— сказаў селянін.— Нічога з табой не паробіш: калі хочаш з’есці мяне — еш. Толькі дазволь мне спачатку памыцца ля ручая, а то я запыліўся і забрудзіўся.
    — Ну, так і быць, ідзі да ручая, памыйся,— дазволіў воўк.
    Сеў ён збоку і пачаў чакаць. А селянін пайшоў да ручая, нагнуўся, быццам і напраўду мыецца, а сам непрыкметна адламаў тоўсты рабінавы сук.
    — Ці гатовы ты? — пытаецца воўк.
    — Гатовы,— адказвае селянін.
    Падышоў ён да ваўка, схапіў левай рукой яго за хвост, а правай узяўся лупцаваць кіем ды прымаўляць:
    — У цябе сіла — у мяне розум! У цябе зубы — у мяне кемлівасць!
    I так моцна аддубасіў ваўка, што ў таго на баках поўсці не засталося.
    Ірваўся, ірваўся воўк, нарэшце рвануўся так, што хвост у яго адарваўся. Воўк уцёк, а хвост застаўся ў руках селяніна.
    Паклаў ён воўчы хвост у сваю торбу і пайшоў, пасмейваючыся, далей.
    А воўк хутка ачухаўся і пачаў выць — склікаць іншых ваўкоў:
    — Гэй, ваўкі, бяжыце хутчэй да мяне!
    На яго выццё сабралася так багата ваўкоў, што і не палічыш.
    Расказаў ім куртаты воўк, што з ім чалавек зрабіў.
    Завылі ваўкі і кінуліся даганяць селяніна.
    Пачуў селянін воўчае выццё і зразумеў, што ваўкі яго даганяюць.
    He доўга раздумваючы, залез ён на высокую сасну і сеў на тоўсты сук. Сядзіць, паглядвае ўніз.
    Падбеглі ваўкі, сталі вакол сасны, глядзяць на чалавека, ляскаюць зубамі. Стаяць і змаўляюцца:
    — Трэба яго з дрэва сцягнуць!
    — Трэба дык трэба, але як сцягнем?
    Доўга думалі ваўкі, што рабіць. Нарэшце самы стары сказаў:
    — Няхай адзін воўк стане пад сасною, яму на спіну стане другі, а на другога — трэці, на трэцяга — чацвёрты, на чацвёртага — пяты,— словам, колькі спатрэбіцца, каб дабрацца да сука, на якім чалавек сядзіць... Тут мы яго і сцягнем уніз!
    Гэта вельмі спадабалася ваўкам, а асабліва куртатаму.
    Ён зараз жа стаў пад сасной і загадаў іншым ваўкам лезці яму на спіну:
    — Дастанем нягодніка і разарвём на кавалкі!
    Вось ваўкі і палезлі адзін за адным — усё вышэй ды вышэй, усё вышэй ды вышэй...
    Вось ужо ўскарабкаўся і апошні воўк, наважыўся схапіць селяніна...
    Бачыць селянін, што справы дрэнныя, ды не разгубіўся — выняў з торбы воўчы хвост, кінуў яго ўніз і крыкнуў:
    — Гэй, куртаты! Вось твой хвост! Бяры яго! Можа, зноў сабе прыставіш!
    Зарадаваўся куртаты, кінуўся да свайго хваста. Тут усе ваўкі і пасыпаліся на зямлю, ледзь сабе шыі не скруцілі! Завылі ад злосці і пабеглі даганяць куртатага: бо па яго віне ўсё гэта здарылася.
    А селянін спусціўся з сасны і шчасліва вярнуўся дахаты.
    ЛІТОЎСКІЯ КАЗКІ
    НАЙШЛА КАСА НА КАМЕНЬ
    Адзін скупы кулак да смерці не любіў парабкаў сваіх карміць. Як прыйдзе час палуднаваць — усім з дому хатулі ды збаны нясуць, а ў яго ўсё не так, як у людзей: то карова дайніцу перавярнула, то хлеб у печы,згарэў.
    А як сядуць суседзі ў халадок, кулак і кажа парабку:
    —Адпачнём жа і мы, Йонас, пакуль усе палуднуюць. Няхай людзі думаюць, што мы з табой таксама ямо.
    I гэтак кожны дзень.
    Стаў галодны парабак думаць, як бы яму скупога гаспадара ад такой звычкі адвучыць. I вось аднойчы папалуднавалі суседзі, адпачываюць, а парабак схапіў касу і падняўся з месца.
    — Чаго дарма сядзець,— кажа,— давай лепш папрацуем!
    Хочаш ці не хочаш — давялося і гаспадару ў гэткае пекла падымацца. А за ім і іншыя касцы падняліся. Кулак першы пайшоў, а парабак за ім, ды так хутка ідзе, ледзь на пяткі гаспадару не наступае.
    Пачаў прасіцца кулак: ~
    — He спяшайся ты так, Нонас, a то мне яшчэ пяткі абрэжаш!
    А парабак усё не сунімаецца. Азірнуўся гаспадар, а Йонас і траву нават не кранае, толькі касавільнам размахвае.
    Што гэта ты, Йонас? — пытаецца гаспадар.
    — Памахаем косамі, гаспадар, пакуль усе працуюць, — кажа парабак.— Няхай людзі думаюць, што і мы косім.
    ПРЫГОННЫ ЛЕКАР
    Павёз неяк селянін на базар воз сухіх бярозавых дроў. Падышоў да яго пан і пытаецца:
    — Колькі просіш за сваю салому?
    Ды што вы, пане, не салома гэта, а бярозавыя дровы!
    Пан выхапіў бізун, сперазаў селяніна па спіне і зноў пытаецца:
    — Дык жа колькі ты за сваю салому просіш?
    — Воля ваша,— кажа сялянін,— колькі дасце.
    Пан заплаціў за воз дроў, як за воз саломы, і паехаў.
    Давялося другі раз гэтаму селяніну павесці быка на базар прадаваць. I зноў яму той самы пан трапіўся.
    — Колькі хочаш за свайго казла?
    — Што вы, пане, гэта не казёл, а бык!
    Пан выхапіў бізун, адлупцаваў бедака і зноў пытаецца:
    — Колькі хочаш за гэтага казла?
    — Воля ваша, пане, колькі дасце.
    Пан заплаціў яму столькі, колькі каштаваў казёл.
    Селянін і кажа:
    — Дазвольце мне хоць бы хвост у быка адрэзаць	 на памяць, што і ў мяне калісьці жывёла была.
    Пан дазволіў.
    — Дзякуй і на гэтым! — сказаў селянін. А калі адышоўся крыху, крыкнуў: — Пачакай, пане, ты мяне два разы біў, а сам за гэта тры разы біты будзеш!
    Схапіўся было пан за бізун, а селяніна і след прастыў.
    Ці многа, ці мала часу прайшло — уздумалася пану ветраны млын ставіць. Пачуў пра гэта селянін, апрануўся
    чысцей, пагаліў бараду і вусы, узяў сякеру, пілу і іншы цяслярскі інструмент — чым жа не майстравы! — і пайшоў у маёнтак на будоўлю наймацца.
    Паехаў з ім пан у лес — дрэвы на высечку выбіраць. Аднаго слугу яны з коньмі пакінулі, другі з імі ў лес пайшоў.
    Разглядвае селянін дрэвы і раптам у кішэні капацца пачаў.
    — А, каб цябе! Аршын забыў! — кажа.
    — He бяды, я слугу па аршын пашлю,— супакойвае яго пан.
    Пабег слуга па аршын, а пан з цесляром удвух у лесе засталіся, чакаюць яго.
    — Доўга штосьці не ідзе ваш слуга,— кажа цясляр.— Ну нічога, другі ёсць спосаб дрэвы мераць.— Вы, пане, абдыміце дрэва, заўважце сабе яго аб’ём, расстаўце рукі, а я пядзяю рукі вашы і памераю. У нас інакш дрэвы і не мераюць.
    Абхапіў пан дрэва рукамі, тут жа селянін і звязаў пану рукі, выцягнуў з-за пазухі бычыны хвост і пытаецца:
    — Чый гэта хвост?
    — Бычыны,— адказвае пан.
    — Ну і дурань жа ты! He можаш бычыны хвост ад казлінага адрозніць!
    I давай пана сцябаць бычыным хвастом!
    Потым на дрэва паказаў і пытаецца:
    — А гэта што такое?
    — Бяроза.
    — Ну і дурань жа ты! He можаш салому ад бярозы адрозніць!
    I зноў аддубасіў пана. Біў, колькі сіл хапіла, а адыходзячы, сказаў:
    — Адзін раз ты ўжо атрымаў, яшчэ два разы за мной засталося.