• Газеты, часопісы і г.д.
  • Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы

    Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 367с.
    Мінск 1996
    84.66 МБ
    Няўжо вы хочаце, каб я крала! Ніколі я такога не рабіла! Калі сусед убачыць, што да яго лезуць цераз плот, заб’е!
    А Асунце толькі таго і трэба. Пачала яна цяпер сама ў доме кіраваць і кажа сястры:
    — Ідзі, ідзі, а не дык кіем пачастую!
    Пабрыла ў цемры бедная Разіна, пералезла цераз плот на чужы агарод, але замест рэдзькі ўхапіла рэпу. Цягне-пацягне яна рэпу, нарэшце выцягнула; мацаецца, а пад ёю кратовая норка, а ў норцы пяцёра прыгожанькіх маленькіх кратоў.
    — Ой, якія міленькія! — сказала Разіна і пачала збіраць іх у фартух.
    Але тут незнарок упусціла яна адно крацяня на зямлю, і яно выцяла сабе лапку.
    — Ох, даруй мне, міленькае, я ж не хацела,— сказала Разіна.
    I пачала яна кратовую сямейку лашчыць і гладзіць. Спадабалася Разіна тым чатыром кратам, што сядзелі ў яе фартуху, яны і кажуць:
    — Мілая дзяўчына, ты такая добрая і ласкавая, мы хочам зрабіць табе падарунак. Станеш ты прыгажэйшай за ўсіх на свеце і будзеш ззяць, як сонейка. Так таму і быць.
    Але крот, які стаў кульгавым, прабурчаў:
    — Якая ўжо ласкавая, я з-за яе ледзь без нагі не застаўся! Няхай жа, як толькі ўпадзе на яе прамень сонца, ператворыцца яна ў змяю, а чалавекам зноў стане, толькі калі трапіць у полымную печ.
    Вярнулася Разіна дадому, было ёй і радасна і боязна. А вакол яе, хоць і ноч была, стала светла як днём — так ярка зіхацела яе краса. Глянулі на яе мачаха і сястра, такую цудоўную і зіхатлівую, як сонца, ды толькі раты разявілі. Разіна расказала ім ўсё, што здарылася на агародзе.
    — Няма тут маёй віны,— кажа яна.— Толькі пашкадуйце мяне, не пасылайце на сонца, а то я змяёй зраблюся.
    3 таго часу Разіна выходзіла з дому толькі вечарам альбо ў пахмурнае надвор’е. Яна праводзіла ўсе дні
    ў цяньку ля акенца, працавала і спявала. А з акенца прамянілася ззянне далёка-далёка.
    Аднойчы праязджаў міма каралевіч. Ззянне асляпіла яго, ён падняў галаву і ўбачыў Разіну. «Адкуль такая прыгажуня ў сялянскай хаціне?» — падумаў каралевіч і зайшоў у дом.
    Так яны і пазнаёміліся. Разіна расказала прынцу сваю гісторыю, расказала і аб закляцці, што павісла над яе галавой.
    Каралевіч і кажа:
    — Што ўжо ні будзе! Няма чаго такой прыгажуні заставацца ў халупе. Вы станеце маёй жонкай — я так вырашыў, і маё слова цвёрдае.
    Тут умяшалася мачаха:
    — Ваша вялікасць, будзьце асцярожнымі, а то ў бяду трапіце. Самі памяркуйце: як упадзе на Разіну прамень сонца, яна адразу перакінецца ў змяю.
    — Гэта ўжо мая справа,— адказвае каралевіч.— Здаецца мне, што не любіце вы гэтую дзяўчыну. Загадваю адправіць яе ў палац. А каб сонца не асвяціла яе па дарозе, я прышлю закрытую карэту. Глядзіце, каб усё было зроблена. А цяпер — шчасліва заставацца!
    Мачаха з Асунтай пабаяліся не паслухацца каралевіча і пачалі збіраць Разіну ў дарогу. Але ў душы затаілі злосць.
    Нарэшце прыехала карэта — старадаўняя, зусім закрытая, толькі маленькае вочка наверсе, а на запятках слуга, увесь у стужках, у капелюшы з пяром і са шпагай на перавязі.
    Разіна зайшла ў карэту, і мачаха села разам з ёю — праводзіць у палац. Але перш адвяла яна слугу ўбок і кажа яму:
    — Добры чалавек, калі хочаш зарабіць на чай, адкрый у карэце вочка, калі сонца будзе над галавой.
    — Добра, сіньёра,— адказаў слуга.— Як загадаеце!
    I карэта паехала. А ў поўдзень, калі сонца стаяла акурат над галавой, слуга, не ведаючы тайны і ліхой задумы, адкрыў у карэце вочка, і сонечны прамень упаў на галаву Разіны. У той жа момант дзяўчына стала змяёй і з шыпеннем папаўзла ў лес.
    Расчыніў каралевіч дзверцы карэты ля варот свайго замка, а Разіны там няма! Як пачуў ён, што здарылася, заплакаў, закрычаў і ледзь не забіў мачаху. Але тут усе навыперадкі пачалі казаць яму, што такі ўжо, відаць, лёс Разіны: каб не налучылася гэтага няшчасця цяпер, яно адбылося б пазней. Перастаў каралевіч плакаць, але застаўся сумны і несуцешны.
    А тым часам кухары на каралеўскай кухні даўно пяклі, варылі і смажылі ў печах, на плітах і на пожагах стравы для вясельнага банкету, і госці ўжо сядзелі за сталом. Даведаліся яны, што нявеста знікла, і разважылі так: «Калі ўжо мы тут, пабалюем». I слугам было загадана разагрэць стравы.
    Тут з лесу прынеслі вязанку сухога галля, і адзін з кухароў кінуў яе ў полымную печ. Раптам бачыць, у вязанцы ж змяя! He паспеў ён яе выцягнуць — галлё так і хапілася агнём! Пачаў кухар глядзець у печ, як згарыць змяя, раптам з полымя скок на падлогу дзяўчына, чырвоная, як ружа, і ззяе ярчэй за сонца.
    Кухар проста анямеў, а потым як закрычыць:
    — Сюды! Сюды! 3 печы дзяўчына выскачыла!
    На крык прыбег каралевіч, а за ім і ўсе прыдворныя. Пазнаў прынц сваю Разіну і моцна абняў яе.
    Тут жа адсвяткавалі вяселле. Разіна зажыла шчасліва, і яе ўжо ніхто не крыўдзіў.
    ТРАДЗІЧЫНА
    Жыла адна бедная жанчына, і было ў яе трынаццаць дзяцей. Самага малодшага звалі Традзічына. Гэта таму, што ён быў трынаццаты сярод братоў, а ў Італіі такіх хлопчыкаў заўсёды называюць Традзічынам. Беднай жанчыне было вельмі цяжка пракарміць сваіх дзяцей.
    Калі дзеці падраслі, яна неяк паклікала іх да сябе і сказала:
    — Старая я стала, не магу больш вас карміць — давядзецца вам самім пра сябе клапаціцца.
    Падаліся браты ўдачы шукаць. Ішлі яны, ішлі, бачаць — на ўзлеску дом стаіць. А ў гэтым доме летам жыў
    кароль. Пастукаў Традзічына ў дзверы і папрасіў у караля кавалак хлеба для сваіх галодных братоў. Надзьмуўся кароль, як індык, і кажа:
    — He магу я даваць хлеб усім галодным абадранцам! Вось калі знойдзецца сярод вас храбрэц, які адбярэ ў ваўка маю коўдру, тады я дам яму хлеба і нават грошай.
    Разгубіліся браты, не ведаюць, што адказаць каралю. Адзін Традзічына не спалохаўся. Падышоў ён да караля і кажа:
    — Дайце мне вялікую іголку, і я прынясу вам коўдРУ-
    Далі Традзічыне іголку, і пайшоў ён проста к дому, дзе жыў воўк. Схаваўся Традзічына за дрэвам і пачаў чакаць. Толькі выйшаў воўк з дому на паляванне, Традзічына ціхенька залез на дах, спусціўся ўніз праз комін і схаваўся ў ваўка пад ложкам. Вярнуўся воўк з палявання стомлены, выцягнуў з куфра коўдру, лёг на ложак і адразу ж захроп. Тады Традзічына падкраўся да ваўка і давай яго калоць іголкай то ў бок, то ў спіну. Закруціўся воўк — коўдра і спаўзла з яго. Тут Традзічына падхапіў яе, вылез назад праз комін і пабег да караля.
    А трэба вам сказаць, што быў у ваўка вучоны папугай. Што ні папытаеш у папугая, ён на ўсё мог адказаць і час умеў пазнаваць. Прачнуўся воўк раніцай і пытаецца ў папугая, якая гадзіна.
    — Яшчэ толькі пяць гадзін раніцы, а хітры хлапчук Традзічына ўжо ўкраў у цябе коўдру! — адказвае папугай.
    — Няхай толькі гэты разбойнік трапіцца мне ў лапы, я яму пакажу! — завыў воўк, ды так моцна, што зайцы ў лесе перапалохаліся.
    А тым часам Традзічына быў ужо ў каралеўскім доме і чакаў абяцанай узнагароды. Але кароль і не думаў спраўдзіць сваё абяцанне.
    — Гэта не мая коўдра,— сказаў ён Традзічыне.— Адбяры ў ваўка маю коўдру, са званочкамі. Тады я ўжо абавязкова цябе ўзнагароджу.
    —Добра,— адказаў Традзічына.— Дайце мне вату і ніткі, і я прынясу вам вашу коўдру са званочкамі.
    Ноччу пракраўся Традзічына ў дом ваўка, а каб званочкі не звінелі, хітры хлапчук захутаў іх у вату і абвязаў ніткамі. Потым ён схапіў коўдру і бягом у дом да караля.
    Прачнуўся воўк раніцай і пытаецца ў папугая, якая гадзіна.
    — Усяго толькі чатыры гадзіны раніцы, а Традзічына паспеў ужо ўкрасці ў цябе коўдру са званочкамі!
    Яшчэ больш раззлаваўся воўк, зубамі заскрыгітаў, зароў:
    — Злаўлю Традзічыну — разарву яго на кавалкі.
    А Традзічына ў гэты час прыбег ужо ў каралеўскі дом, аддаў слугам коўдру і пачаў чакаць узнагароды.
    Вы думаеце, кароль узнагародзіў хлапчука? He!
    Захацелася цяпер каралю вучонага папугая прыдбаць — няхай час яму кажа, калі ён прачнецца.
    Зажурыўся Традзічына: «Як папугая ўкрасці? Толькі да яго падыдзеш, ён так запішчыць, што воўк адразу пачуе».
    Ды толькі недарэмна Традзічына быў самы разумны з братоў. Ён усё-такі прыдумаў, як перахітрыць папугая.
    Папрасіў Традзічына ў каралеўскіх слуг розных прысмакаў, паклаў іх у кошык і пайшоў у лес. Дачакаўся ён, калі воўк выправіўся па ваду, пракраўся да яго ў дом, паставіў адкрыты кошык на стол, а сам пад стол схаваўся. Бачыць папугай — кошык з ласункамі і нікога няма. Ну хіба мог папугай не паквапіцца на прысмакі, калі ён іх любіў болын за ўсё на свеце! Залез ён у кошык, напхаў поўны рот, жуе ды ад асалоды языком прыцмоквае.
    Тут падкраўся Традзічына, ляпнуў вечкам, схапіў кошык і пусціўся з усіх ног да караля.
    Бедны Традзічына вырашыў, што ўжо цяпер усе яго выпрабаванні скончыліся і ён з братамі вернецца дамоў. Ды не тут было! Узяў кароль у Традзічыны папугая і сказаў яму:
    — Паслухай, Традзічына, даю табе маё каралеўскае слова, што ўзнагароджу цябе, як абяцаў. Але спачатку ты павінен выканаць апошняе маё жаданне: хачу, каб ты злавіў самога ваўка. А калі ты не зловіш яго, не мінуць табе смерці. Зразумеў?
    Усю ноч думаў бедны Традзічына, як яму злавіць ваўка, і прыдумаў. Раніцай збіў ён вялікую скрыню, паставіў яе на каламажку і пашыбаваў у лес.
    Падышоў ён да воўчага дома і давай крычаць што ёсць сілы:
    — Кароль загадаў злавіць непаслухмянага Традзічыну! Хто дапаможа мне злавіць Традзічыну?
    А воўк тут як тут:
    — Гэта ты, малышок, хочаш злавіць Традзічыну? Я дапамагу табе. Цяпер той паганы хлапчук не ўцячэ ад нас!
    — Я ўжо і скрыню падрыхтаваў,— кажа ваўку Традзічына.— Вось баюся, ці не цесная будзе. Кажуць, Традзічына аднаго росту з табою. Ляж, калі ласка, у скрыню, я праверу.
    Дурны воўк пакорліва залез у скрыню. He паспеў ён добра ўлегчыся, як Традзічына схапіў малаток і хуценька пачаў забіваць вечка скрыні цвікамі.
    — Што ты робіш, добры малышок? Я ж так магу задыхнуцца! — закрычаў воўк.
    — Нічога, нічога, куме воўк, дарога тут блізкая. Можна і патрываць,— адказаў яму Традзічына.
    Так вось злавіў Традзічына ліхога ваўка.
    Давялося на гэты раз каралю даць Традзічыне і яго братам абяцаную ўзнагароду.
    Задаволеныя вярнуліся браты да маці. Пабудавалі яны сабе новы дом і пачалі жыць у ім дружна і весела.
    КАРЭЛЬСКІЯ КАЗКІ
    ТОРБА, ДАЙ РОЗУМУ!
    Жылі-былі два браты. Адзін бедны, другі багаты.
    Ішоў аднойчы бядняк лесам, раптам бачыць — на зямлі маленькі чалавечак у чырвоным каптане ляжыць, дрэвам яму нагу прыціснула.