• Газеты, часопісы і г.д.
  • Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы

    Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 367с.
    Мінск 1996
    84.66 МБ
    Неяк прыйшла да гаспадыні велічэзная непрыгожая бабуля і папрасіла дапамагчы ёй.
    — Я табе дапамагу, але і ты павінна зрабіць мне адну паслугу,— адказвае гаспадыня.
    — Гэта справядліва,— кажа бабуля.— А што я павінна для цябе зрабіць?
    — Спрасці воўну і выткаць з яе світку,— адказвае гаспадыня.
    — Давай сюды сваю воўну! — кажа бабуля.
    Гаспадыня прыцягнула ўвесь мяшок. Бабуля закінула яго на плячо, як пушынку, і мовіць:
    — У першы дзень лета1 я прынясу табе світку!
    — А як я з табой разлічуся? — пытаецца гаспадыня.
    — Ну, гэта дробязь! — адказвае бабуля.— Ты павінна будзеш з трох разоў угадаць маё імя. Угадаеш, і добра, больш мне нічога не трэба.
    Гаспадыня згадзілася на гэтую ўмову, і бабуля пайшла.
    У канцы зімы гаспадар зноў спытаў у жонкі пра воўну.
    — He трывожся,— адказвае жонка.— У першы дзень лета світка будзе гатова.
    Гаспадар прамаўчаў, але западозрыў нядобрае.
    Між тым зіма ішла на згон, і вось заўважае гаспадар, што яго жонка з кожным днём робіцца ўсё змрачнейшай і змрачнейшай. Відаць, што яна чагосьці баіцца. Пачаў ён у яе выпытваць, чаго яна баіцца, і ў рэшце рэшт яна расказала яму ўсю праўду — і пра велічэзную бабулю, і пра воўну. Гаспадар так і абамлеў.
    — Вось дурніца, што нарабіла! — сказаў ён.— Бо то ж была не простая бабуля, а скеса2, што жыве тут у гарах. Цяпер ты пад яе ўладай, дабром яна цябе не адпусціць.
    Неяк пайшоў гаспадар у горы і набрыў там на кучу камянёў. Спярша ён яе нават не заўважыў. Раптам чуе: стукае штосьці ў каменнай кучы. Падкраўся ён бліжэй, знайшоў шчыліну паміж камянямі і зазірнуў усярэдзіну. Глядзіць: сядзіць за ткацкім станком велічэзная непрыгожая бабуля, ганяе чаўнок і спявае сабе пад нос:
    — Ха-ха-ха! А як мяне завуць, не знаюць людзі тут!
    Хо-хо-хо! Ну, хто б хацеў пачуць маё імя — Гілітрут!
    I тчэ сабе ды тчэ.
    Скумекаў гаспадар, што гэта тая самая скеса, якая
    1 Першы дзень лета святкуецца ў Ісландыі ў першы чацвер пасля 18 красавіка.
    2 С к е с ы — казачныя персанажы ісландскага фальклору, веліканшы, як правіла, непрыгожыя, дурнаватыя і злосныя, баяцца царкоўнага звону і дзённага святла.
    прыходзіла да яго жонкі. Пабег ён дадому і запісаў яе імя, толькі жонцы аб гэтым нічога не сказаў.
    А тым часам жонка яго ад суму ды ад страху ўжо і з пасцелі падымацца перастала. Пашкадаваў яе гаспадар і аддаў ёй паперку, на якой было запісана імя веліканшы. Зарадавалася жонка, а ўсё адно трывога яе не адпускае — боязна, што імя можа быць не тое.
    I вось надышоў першы дзень лета. Гаспадыня папрасіла мужа не ісці з дому, але ён ёй сказаў:
    — Ну, не. Ты без мяне са скесай дамовілася, без мяне і разлічвайся.— I пайшоў.
    Засталася гаспадыня дома адна. Раптам зямля затрэслася ад нечых цяжкіх крокаў. Гэта з’явілася скеса. Гаспадыні яна падалася яшчэ большай і брыдчэйшай, чым раней. Кінула скеса на падлогу світку і закрычала грамавым голасам:
    — Ну, гаспадыня, кажы, як мяне завуць?
    — Сігні,— адказвае гаспадыня, а ў самой голас так і дрыжыць.
    — Можа, Сігні, а можа, і не, паспрабуй жа ўгадаць яшчэ разок!
    — Оса,— кажа гаспадыня.
    — Можа, Oca, а можа, і не, паспрабуй жа ўгадаць трэці раз!
    — Тады няйнакш, як Гілітрут! — сказала гаспадыня.
    Пачула скеса сваё імя і ад здзіўлення асунулася на падлогу, так што ўвесь дом задрыжаў. Праўда, яна тут жа падхапілася і пайшла без нічога. I з таго часу ў тых краях ніхто яе не бачыў.
    А ўжо жонка селяніна была вельмі рада, што збавілася ад скесы. I з таго дня яе быццам падмянілі, такая яна стала добрая і працавітая. I заўсёды сама ткала світку з воўны, якую восенню прыносіў муж.
    ЖАНІХ I ЗДАНЬ
    Аднойчы чатыры чалавекі капалі на могілках дол; некаторыя кажуць, што гэта было ў Рэйкхоўлары. Усе чацвёра былі людзі вясёлыя і любілі пасмяяцца, але больш за ўсіх пацяшаўся адзін малады бадзёры хлопец. Калі дол быў амаль гатовы, яны знайшлі ў ім багата чалавечых костак, у тым ліку і бярцовую костку небывалыў памераў. Вясёлы далакоп схапіў гэтую костку, агледзеў з усіх бакоў і прыставіў да сябе. Кажуць, быццам яна дастала яму да пояса, а ён быў сярэдняга росту. Тады ён вазьмі ды і скажы жартам:
    — Вось пэўна быў славуты воін! Хацеў бы я, каб такі госць завітаў да мяне на вяселле!
    Астатнія яму падтаквалі, аднак самі не жартавалі, і ў рэшце рэшт весялун паклаў бярцовую костку назад у магілу.
    Калі прайшлі яшчэ пяць год, нічога не гаворыцца, але вось той самы весялун наважыўся ажаніцца. Ён узяў шлюб, і ў царкве ўжо былі зроблены два абвяшчэнні. Пасля другога абвяшчэння яго нявесце тры ночы запар сніўся адзін і той жа сон. Ёй сніўся асілак нябачанага росту, які пытаўся ў яе, ці помніць яе жаніх, як ён жартаваў некалькі гадоў назад. У апошні раз асілак папярэдзіў нявесту, што хоча яе жаніх ці не хоча, а на вяселле да іх ён усё адно з’явіцца. Нявеста нічога не адказала, аднак ёй стала вусцішна, ды і не дзіўна: ужо ж вельмі ён быў высокі ростам. Раніцай яна спытала жаніха:
    — Каго ты збіраешся запрасіць да нас на вяселле?
    — Я яшчэ не думаў аб гэтым,— адказаў жаніх.— Давай пачакаем трэцяга абвяшчэння.
    — Значыць, ты яшчэ нікога не запрашаў?
    — He, нікога,— адказаў жаніх, аднак задумаўся.— Запрашаць усё ж я нікога не запрашаў, гэта дакладна,— прамовіў ён далей.— Зрэшты, некалькі гадоў назад я сказаў жартам велізарнай бярцовай костцы, якую мы знайшлі, капаючы дол, што хацеў бы бачыць у сябе на вяселлі такога асілка. Толькі, па-мойму, гэта нельга лічыць запрашэннем.
    Нявеста нахмурылася і заўважыла, што жарт быў недарэчны.
    — А ці ведаеш ты,— дабавіла яна,— што той, над якім ты пажартаваў, мае намер прыйсці да нас на вяселле?
    I яна расказала жаніху пра свае сны. Затрывожыўся жаніх і пагадзіўся, што лепш бы яму ў той раз прытрымаць язык.
    На другую ноч асілак прысніўся яму самому. Ростам ён быў не меншы за велікана і на выгляд грозны і нелюдзімы.
    — Ужо ці не задумаў ты адмовіцца ад свайго запрашэння? — спытаў ён у жаніха.— Помніш, пяць гадоў назад ты запрасіў мяне да сябе на вяселле?
    Жаніх спужаўся не на жарты, але сказаў, што назад сваіх слоў не бярэ.
    — Ну, ты як хочаш, а я ўсё роўна з’яўлюся,— сказаў асілак.— Пасмяяўся дарма над маёй косткай, вось цяпер і расплачвайся.
    3 гэтымі словамі здань знікла, і жаніх спакойна праспаў да раніцы. А раніцай ён расказаў свой сон нявесце і прасіў у яе парады, як яму быць.
    — Вось што зрабі,— сказала нявеста.— Наймі цесляроў і пабудуй дом для чалавека, які наведаў нас у сне. Такі, каб ён мог стаяць у ім на ўвесь рост. Шырыня дома павінна быць не меншая, чым вышыня. Сцены трэба ўпрыгожыць, як у вясельнай зале, стол накрыць белай сурвэтай і паставіць пачастунак — талерку пасвенчанай зямлі і бутэльку вады. Іншай ежы здані не ядуць. Перад сталом трэба паставіць крэсла, а побач паслаць пасцель, бо раптам госцю захочацца адпачыць. На стале павінны гарэць тры свечкі. I табе давядзецца самому правесці туды госця. Але толькі помні, нельга заходзіць у дом паперадзе госця, а таксама заставацца з ім пад адным дахам. Жывы павінен адмаўляцца ад усяго, што б яму ні прапанаваў мярцвяк, і наогул менш з ім размаўляць. Запрасі яго пакаштаваць таго, што стаіць на стале, а потым зачыні дзверы на засаўку і ідзі.
    Жаніх зрабіў усё, як загадала нявеста.
    Падышоў дзень вяселля, жаніха і нявесту павянчалі,
    і госці селі за стол баляваць. Вось ужо сцямнела, а між тым нічога асаблівага не адбылося. Госці сядзелі і размаўлялі, тут жа былі і жаніх з нявестай, як таго патрабаваў звычай. Раптам пачуўся моцны стук у дзверы. Нікому не хацелася ісці адчыняць. Нявеста штурханула жаніха ў бок, ён збялеў. Стук паўтарыўся ўжо мацней. Тады нявеста ўзяла жаніха за руку, падвяла яго да парога, хоць ён і супраціўляўся, і адамкнула дзверы. За дзвярыма стаяў чалавек вялізнага росту. Ён сказаў, што прыйшоў да іх на вяселле. Нявеста загадала жаніху прыняць госця і выпхнула яго з вясельнай залы, потым яна памалілася за яго і зноўку замкнула дзверы.
    Кажуць, што жаніх правёў госця да дома, які быў пабудаваны знарок для яго, і запрасіў зайсці ўсярэдзіну. Прышэлец папрасіў жаніха зайсці першым, але той наадрэз адмовіўся. У рэшце рэшт госць зайшоў у дом.
    — Я адаб’ю ў вас ахвоту смяяцца над мёртвымі касцямі! — буркнуў ён.
    Жаніх прыкінуўся, быццам нічога не чуў, папрасіў госця падмацавацца і не крыўдаваць, што гаспадару няма як пабыць з ім.
    — Ды зайдзі ты хоць на хвілінку! — папрасіў госць. Жаніх зноў рашуча адмовіўся.
    — Ну, не хочаш зараз пасядзець са мной, зайдзі пазней мяне праведаць,— сказала здань.
    Але жаніх і ад гэтага адмовіўся, прычыніў дзверы і замкнуў іх на засаўку.
    Пасля ён вярнуўся да гасцей. Усе сядзелі моўчкі — прыход незвычайнага госця паўплываў на вяселле. Толькі нявеста засталася вясёлай. Хутка госці разышліся, і маладыя леглі спаць. Раніцай жаніх хацеў пайсці зірнуць на ўчарашняга госця, але нявеста сказала, што яму не варта ісці туды аднаму, і яны пайшлі разам. Нявеста першая адчыніла дзверы. Госця ў доме не было. Ён выліў усю ваду, а зямлю з талеркі рассыпаў па падлозе.
    — Так я і думала,— сказала яна.— А калі б ты зайшоў першы ды крануўся гэтай зямлі хоць бы мыском чаравіка, ты апынуўся б ва ўладзе здані і ўжо ніколі не вярнуўся б да людзей. Мне ж ад гэтай зямлі шкоды не будзе. Зараз я тут падмяту і прыбяру.
    А іншыя кажуць, што здань перад развітаннем падышла да дзвярэй вясельнай залы,— а можа, да спальні жаніха і нявесты,— і праспявала:
    — Дзякаваць не буду нікога, бо не паспытала нічога, апроч чыстай вадзіцы і чорнай зямліцы.
    Пасля вяселля здань болей ні разу не наведвала гэтую пару. Яны жылі доўга і шчасліва і вельмі кахалі адзін аднаго.
    ІСПАНСКІЯ КАЗКІ
    НЯВЕСТА ТРОХ ЖАНІХОЎ
    Жыў чалавек. А ў яго была дачка. Дзяўчына была прывабная, як сонца, але свавольнага нораву, як горны вецер.
    Аднойчы бацька працаваў у садзе. Адчыніліся весніцы, і тры юнакі, адзін за аднаго прыгажэйшы, зайшлі ў сад і сказалі:
    — Твая дачка цудоўная, як сонца. Мы просім яе рукі.
    Бацька адказаў:
    Яна свавольная, як вецер. Трэба спытаць у яе згоды. — I схаваўся ў доме, а юнакі засталіся чакаць каля весніц.
    Бацька прыйшоў да дачкі і сказаў:
    — Тры юнакі, адзін за аднаго прыгажэйшы, просяць тваёй рукі. Каго ж з трох назавеш ты сваім мужам?
    Дачка паглядзела ў акенца і ўбачыла, што бацька сказаў праўду: такіх прыгажуноў яна яшчэ не сустракала!