• Часопісы
  • Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы

    Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 367с.
    Мінск 1996
    84.66 МБ
    — Слухаюся, гаспадар! — Ханс адказвае.
    На другі дзень падняўся ён на досвітку, запрог коней і на фурманцы ў лес пакіраваўся. Зваліў ён дрэва, рассек і пачаў на фурманку грузіць, а тым часам аднекуль чарцянят павылазіла вялікая процьма, так вакол і круцяцца, рабіць не даюць. Ханс, аднак жа, не збаяўся, ухапіў рослае дрэва з галінастай макаўкай і выдраў яго з каранямі з зямлі, а потым пачаў у руках яго варочаць і чарцянят, быццам мятлой, раскідваць у бакі. Расправіўся ён з імі, закінуў дрэва на фурманку і дадому сабраўся. А воз занадта цяжкі выйшаў, коні з месца яго не
    скранулі; Ханс, рабіць няма чаго, выпраг коней, паставіў іх зверху на воз, а сам у фурманку запрогся і дамоў яе пацягнуў. Ох і задрыжаў пастар, глядзіць і вачам сваім не верыць: парабак жывы з лесу ідзе ды яшчэ фурманку з дрывамі і коньмі вязе. I надумаў пастар новую штуку, каб ад парабка збавіцца. Паклікаў ён Ханса і кажа: у яго вось з нячысцікамі дамова ёсць, дык трэба ў апраметную пайсці, паперу ў чорта вызваліць. Калі выканае Ханс яго даручэнне, атрымае, як узнагароду, поўны воз грошай. А сам сабе ён так памеркаваў: «Хто ў апраметную трапіць, таму назад шляху няма».
    Ханс усё зрабіў, як гаспадар загадаў: прыйшоў у апраметную і пытаецца ў чорта пастараву паперу. А чорт прывалок дужа цяжкі жалезны вобад і кажа:
    — Давай спярша сілай памераемся, падкінеш гэты вобад вышэй за мяне — аддам табе паперу, а не — пакіну яе ў сябе, і тады табе з апраметнай не выйсці.
    Вось чорт першым узяў вобад і падкінуў яго так высока, што ён з вачэй схаваўся і не хутка назад упаў. Надышла чарга Ханса вобад падкідваць, а ён ужо здагадаўся, што слабы ў гэтай забаве з чортам спрачацца, аднак выгляду не паказаў. Ухапіў ён як мацней вобад, ногі шырэй раскірачыў, быццам падрыхтаваўся ўгару яго падкінуць, а сам не кідае: стаіць, вобад у руках круціць, быццам аб чымсьці раздумвае.
    — Чаму не кідаеш? — чорт у яго пытаецца.— Пра што думаеш?
    А Ханс у адказ:
    — Ды вось, мяркую, на самы верх яго закінуць, каб ён да старца даляцеў, ведаеш, што на троне там сядзіць? Ды толькі тады не бачыць табе больш твайго вобада.
    — He, не, пачакай! He кідай! — крычыць чорт.— Лепш ужо я табе так паперу аддам.
    Узяў Ханс паперу і пайшоў з ёю да скнары пастара, а той як парабка ўбачыў, дык і абамлеў. Шкада яму было грошай, ды нікуды не дзенешся, давялося поўны воз нагрузіць, на тым Ханс з ім і развітаўся.
    Едзе ён па дарозе, бачыць, кузня стаіць, зайшоў ён да каваля і пытаецца, ці не выкуе ён яму пасашок, а той адказвае:
    — He, не выкую. Я каваль, не з рукі мне з гэткай драбязой валтузіцца.
    — Ды чаму ж драбяза? — кажа Ханс.— Мне такі пасашок патрэбны, каб у ім было ніяк не менш за дзесяць пудоў жалеза ды яшчэ ў булдавешцы пуды два.
    — Ого,— падзівіўся каваль,— столькі жалеза ў мяне зроду не было.
    — He бяды,— кажа Ханс. Узяў ён з воза прыгаршчу манет і дае кавалю.— На вось табе грошы на жалеза, а я праз тыдзень пасашок прыйду забіраць.
    Вярнуўся Ханс дадому, бацька, як сына ўбачыў, зарадаваўся, а грошай воз убачыў — таксама не вельмі зажурыўся. Ханс усе грошы бацьку аддаў, сам ён да іх не вялікі быў аматар. Бацька ж думаў, сын цяпер у родным доме пажыве, ніякіх клопатаў мець не будзе. Ды Ханс па-іншаму вырашыў. Як прайшоў тыдзень, развітаўся ён з бацькам, узяў у каваля свой посах і пусціўся зноў вандраваць па свеце.
    Ішоў ён, ішоў і дайшоў да моста, а каля моста чалавек стаіць, камяні абчэсвае: раз стукне — глыбу з жорнавы камень надвое расколе. «Ай ды здаравяка!» — думае Ханс. Падыходзіць ён да яго і пытаецца:
    — Хочацца табе стаяць тут, камяні часаць?
    — Дык жа хоць якой працай хлеб здабываць трэба,— адказвае той.
    — Незайздросная ў цябе работка,— кажа Ханс,— ішоў бы ты лепш са мною, не пашкадуеш.
    Што ж, каменячос ахвотна згадзіўся, жонкі ды дзяцей у яго не было, ён і пайшоў з Хансам.
    Ішлі яны, ішлі і дайшлі да лесу, глядзяць, стаіць чалавек, дровы коле: раз стукне — таўшчэзнае бервяно надвое расколе. «Вось дык здаравяка!» — думае Ханс. Падыходзіць ён да яго і пытаецца, што яго няволіць стаяць тут, з дрывамі мучыцца.
    — Ды хоць якую-ніякую справу трэба рабіць,— адказвае дрывасек.
    — Нічога не вартая ў цябе работка,— кажа Ханс,— ішоў бы ты лепш са мною, не пашкадуеш.— I патэпалі яны далей утрох.
    Доўга яны ішлі, пакуль не прыйшлі ў густы, цёмны лес, а ў самым гушчары замак стаіць цудоўны.
    — Ну і любата! — кажа Ханс.— Давайце паглядзім, хто тут жыве.
    Зайшлі яны ў замак, а там залы — адна за другую багацейшая, і ўсе пусценькія, ані жывой душы. А ў адной зале сцены знізу да столі зброяй абвешаны. Ханс і кажа:
    — Давайце возьмем сабе па стрэльбе ды пойдзем у лес, дзічыны настраляем, каб было чым падмацавацца, a то, здаецца, няма ад каго нам пачастунку чакаць.
    Узялі яны кожны па стрэльбе і пайшлі на паляванне, а як настралялі багата дзічыны, дамовіліся, што дрывасек дома застанецца абед гатаваць, а двое іншых зноў на промысел пойдуць. Вось застаўся дрывасек дома, поліўкі наварыў, мяса насмажыў, пастараўся, каб усё ў яго было гатова да прыходу Ханса і каменячоса. Раптам адкуль ні вазьміся заходзіць у пакой бабуля; убачыла яна прыгатаваную ежу і кажа дрывасеку:
    — Дай ужо і мне трошачкі паесці.
    — Еш на здароўе,— кажа дрывасек.
    Наліў ён ёй поліўкі, смажанага мяса палажыў, яна ўсё і ўходала. А як скончыла есці, падхапіла сваю кульбаку і ну лупцаваць дрывасека. Спачатку ён адбіваўся, ды бабуля дужэйшая была і да таго часу яго дубасіла, пакуль ён на зямлю не ўпаў, ні рукой, ні нагой варухнуць не можа. Падняла бабуля люк у падлозе і спіхнула дрывасека ў сутарэнне.
    Вярнуліся два іншыя дамоў, глядзяць, абед ім прыгатаваны, а дрывасека нідзе не відаць. Яны падумалі: мусіць, журба яго ўзяла, ён і ўцёк. Паелі яны, папілі і спаць леглі. На другі дзень каменячосу выпала дома заставацца ды абед гатаваць, а Ханс зноў у лес пайшоў. Ну і з каменячосам цот у цот тое ж здарылася, што і з дрывасекам. Ханс дахаты вярнуўся, глядзіць, абед прыгатаваны, а каменячоса няма як няма. «Добрыя сябры, што тут сказаць»,— падумаў Ханс. Назаўтра давялося яму самому і дзічыну здабываць, і абед гатаваць. Толькі ён скончыў ежу варыць, заходзіць у пакой бабуля і просіць паесці. Што ж, Хансу не шкада, селі яны разам за стол і пачалі частавацца, а як паелі, накінулася бабуля
    на Ханса і давай яго дубасіць кульбакай. Ханс, аднак жа, не зазяваўся: схапіў жалезны пасашок і таксама пачаў што оыло моцы яе лупцаваць. Хутка ён стаў заўважаць: як бабуля яго стукне, у яго на целе рана застаецца, а ён, зразумела, таксама бабулю раніць, ды вось у чым штука: у яе пад фартухом бутэлечка прыхавана з лячэбнай маззю, яна ранку сабе памажа — у яе тут жа ўсё і загойваецца. «Калі справа далей так пойдзе, думае Ханс, заб’е яго бабуля». Кінуўся ён на яе, прымеркаваўся і выхапіў бутэлечку з маззю, потым як агрэў бабулю разок-другі жалезным посахам,— яна і ўпала, літасці папрасіла. А Ханс ёй: маўляў, пакуль не скажаш, куды таварышы мае падзеліся, нізавошта біць не перастану. Давялося бабулі прызнацца і пастку яму паказаць. Адкрыў ён сутарэнне і выцягнуў адтуль дрывасека з каменячосам — абодва пабітыя і да крыві падрапаныя, ледзь-ледзь жывыя. Узяў ён бабуліну мазь, памазаў ім раны, у іх адразу ўсё загаілася. А вядзьмаркі між тым і след прастыў.
    Селі яны ўсе трое за стол, падмацаваліся. Ханс і кажа:
    — Пайшлі агледзім лепей увесь замак. Тут, трэба думаць, такое ёсць, аб чым мы з вамі не чулі і ведаць не ведаем.
    Пачалі яны абыходзіць усе залы адну за адной і на-
    рэшце набрылі на дзірку ў падлозе, а пад ёю глыбозная яма, быццам прорва.
    	 Трэба паглядзець, што там унізе,— кажа Ханс.
    Знайшлі яны даўжэзную вяроўку, прывязалі да яе моцны кош і згодна вырашылі, што першага дрывасека апусцяць, за ім каменячоса, а потым Ханс іх назад падыме, і яны раскажуць, што бачылі. Апусціліся дрывасек з каменячосам у падзямелле, пахадзілі туды-сюды і наткнуліся на дзверы. Адчынілі яны дзверы, глядзяць, сядзяць дзве прынцэсы, адна за другую прыгажэй. Убачылі яны чужых людзей і крычаць: ідзіце, маўляў, адгэтуль па сваёй волі, пакуль вядзьмаркі няма, трапіце ён у лапы — прапалі вы тады. Напалохаліся яны ды бягом да каша і Хансу знак падаюць, каб рухавей наверх іх выцягнуў. Падняў ён іх, яны і расказалі, што ў падзямеллі бачылі.	.
    	 Ану, спусціце цяпер мяне,— кажа ім Ханс.
    Апусціўся ён, знайшоў дзверы і зайшоў у пакой да прынцэс. А вядзьмарка тым часам вярнуцца паспела, аднак Ханс і брывом не павёў, схапіў ён жалезны посах і ну яе лупцаваць — да таго часу біў, пакуль не адпусціла яна з ім абедзвюх прынцэс. Завёў Ханс прынцэс да каша, і падняліся яны наверх, спярша адна, а за ёю і другая. А як абедзве прынцэсы наверх падняліся, змовіліся тут каменячос з дрывасекам Ханса ўнізе, у сутарэнні, пакінуць: калі ён наверх выберацца, адна ж прынцэса яго будзе, а з іх двух хто-небудзь без нічога застанецца. Вось апусцілі яны кош, потым пачалі наверх яго цягнуць, а кош цяжкі, яны і падумалі, што Ханс у ім сядзіць, да палавіны паднялі і вяроўку перарэзалі — кош уніз і бухнуўся. Ды толькі выйшаў у іх недагляд. Ханс у кош толькі посах палажыў, і цяпер ён яму пад ногі ўпаў. Скумекаў ён тут, што ды як. «Эге,— думае,— гэтым шляхам наверх мне не выбрацца». I пачаў ён па падзямеллі хадзіць, вакол сябе глядзець, ці не ўбачыць чаго новага. Хадзіў-хадзіў і набрыў на тоўстую жалезную клетку — за прутамі трэцяя прынцэса сядзіць, у троля ў галаве шукае, а троль не просты, з сямю галовамі, разлёгся і спіць. Ханс падышоў ды як стукне посахам па жалезных варотах — вароты насцеж, а троль адразу
    ад сну прачнуўся. Ханс, аднак жа, не празяваў: падскочыў да яго і адным махам усе сем галоваў адсек. Потым узяў ён прынцэсу за руку і павёў яе за сабою, а яна 3 РаДасйю за ім пайшла. Адшукалі яны вядзьмарку, і ўзяўся Ханс яе дубасіць жалезным посахам, да таго часу не адстаў, пакуль яна не паабяцала яго з прынцэсай наверх выбавіць. Прынцэса адразу дамоў папрасілася, да оацькі з маткай, давялося вядзьмарцы і яе жаданне выканаць. Ханс з ёю ехаць не захацеў, і падарыла яму прынцэса на развітанне дзве залатыя рэчы: адна — як палавінка сонца, другая — як палавінка месяца.
    Рушыў Ханс зноў па свеце вандраваць. Вось прайшло некалькі часу, пачуў ён, што ў адным горадзе кароль багатую ўзнагароду абяцаў, калі знойдзецца ўмелец, залатых спраў майстар, каб вырабіць яму з золата палавінку сонца і палавінку месяца. Прыйшоў Ханс да залатых спраў майстра і папрасіўся ў чаляднікі: я, кажа, без цяжкасці выраблю з золата палавінку сонца і палавінку месяца, майстар можа хоць зараз да караля пайсці і сказаць, што згаджаецца на гэтую работу — праз тры дні ўсё будзе гатова. Стары майстар паверыў яму і пачаў чакаць абяцанага. Хансу час за работу брацца, а ён і ў вус не дзьме, цэлы дзень па горадзе гуляе, а вечарам дамоў ідзе, песні спявае. Залатых спраў майстар маркоціцца, жонцы сваёй жаліцца: няйнакш, ашуканец яму трапіўся замест чалядніка, пасмяяцца хоча над старым. Аднак раніцай апошняга дня пачуў ён стук і грукат у майстэрні, ды такі, што хоць вушы затыкай.