Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы
Выдавец: Юнацтва
Памер: 367с.
Мінск 1996
Ну, троліха і ўселася на бляху. Толькі яна добранька прымасцілася, сунуў Малёк бляху ў печку і засланку закрыў. Потым узяў яе начны каптур і паклаў у пасцель на падушку: збоку паглядзець — быццам сама троліха ляжыць. Адшукаў ён чарадзейны званок, і кінуліся яны з дзяўчынай да берага, а там іх дзяжа на вадзе чакала.
Пакуль яны з гары беглі, званок званіў бесперапынку, а троль жа падумаў, жонка яго кліча смажанае мяса есці, ён і прыпусціў дамоў з усіх ног. Зайшоў, а ў доме нікога не відаць, потым заўважыў каптур у пасцелі і думае: «Пэўна, жонка адпачыць прылегла, стамілася, пакуль мяса смажыла». Потым прыгледзеўся, а там нікога, адзін каптур.
Кінуўся троль што было духу на бераг, а Малёк з дзяўчынай толькі-толькі адплылі, зусім яшчэ недалёка былі. Узяўся тут троль бегаць ды скакаць, быццам восьвось у ваду кінецца, наўздагон паплыве. А сам крычыць Мальку:
— Ты ў мяне барана ўкраў?
— Украў! — адказвае Малёк.
— Чарадзейны свяцільнік у мяне прыхапіў?
— Прыхапіў!
— I чарадзейны званок украў?
— Украў!
— Ды ў прыдачу дзяўчыну забраў?
— Забраў!
— Ну, трымайся ў мяне, зараз даганю!
— Давай даганяй! — адказвае Малёк.
Тут троль да таго раз’ятрыўся, што ад злосці лопнуў. I рассыпаўся горны троль на тысячы чырвоных каменьчыкаў, цвёрдых і вострых, аб якія хлапчукі ногі сабе рэжуць, калі летам басанож бегаюць.
А Малёк паспяхова дадому прыплыў, кароль і прынцэса зарадаваліся, сустрэлі яго з пашанай, і ў хуткім часе вяселле згулялі, багата і весела балявалі.
ІРЛАНДСКАЯ КАЗКА
ЛЯНІВАЯ ПРЫГАЖУНЯ I ЯЕ ЦЁТУХНЫ
Жыла калісьці на белым свеце бедная ўдава, і была ў яе дачка — прыгожая, як дзень ясны, але вельмі лянівая.
I вось у адну цудоўную раніцу, калі справы ішлі горш не трэба, толькі бедная ўдава раскрычалася з прычыны вялікіх падаткаў на муку, як паўз яе дом праскакаў сам прынц.
— Ай-ай-ай, галубка! — здзівіўся прынц.— У цябе, напэўна, вельмі непаслухмянае дзіця, калі яно прымушае сваю маці так лаяцца. Бо не магла ж гэтая прыгожанькая дзяўчына так раззлаваць цябе!
— Ах, што вы, ваша вялікасць, канечне, не! — адказала маці.— Я толькі папракнула яе за тое, што яна занадта старанна працуе. Ці паверыце, ваша вялікасць, яна можа за адзін дзень спрасці тры фунты льну, на другі — наткаць з яго палатна, а за трэці дзень нашыць з яго сарочак.
О неба! — здзівіўся прынц.— Вось дзяўчына, якая прыйшлася б даспадобы маёй матулі. Будзьце так ласкавы, васпані, надзеньце на вашу дачку капар і плашч
і пасадзіце яе на каня ў мяне ззаду! Ах, мая матуля будзе ў захапленні ад яе, што, магчыма, зробіць яе сваёй нявесткай і маёй жонкай. Канечне, калі сама дзяўчына не будзе мець нічога супраць.
Жанчына не ведала, што рабіць ад радасці і збянтэжанасці ды і ад страху, што падман выявіцца. Але не паспела яна яшчэ ні на што рашыцца, як юную Энці пасадзілі на каня, і прынц паскакаў са сваёй світай прэч, а ў маці ў руках застаўся важкі кашалёк.
Каралева так і абамлела, убачыўшы на кані за сваім сынам сялянскую дзяўчыну. Але калі яна разгледзела яе прывабны тварык і да таго ж пачула ад прынца, што Энці ўмее прасці, ткаць і шыць, каралева вырашыла, што дзяўчыне проста цаны няма. А прынц выбраў хвілінку і шапнуў Энці на вушка, што, калі яна не супраць выйсці за яго замуж, яна павінна абавязкова спадабацца мацікаралеве.
Час быў вечаровы. Прынц і Энці чым далей, тым болей падабаліся адно аднаму. Але калі прыйшла пара сну, каралева-маці завяла Энці ў прыбраную спальню і, пажадаўшы ёй спакойнай ночы, паказала на вялікі ахапак ільну і сказала:
— Ты можаш пачаць заўтра ж раніцай, і я спадзяюся, што да наступнай раніцы мы ўбачым выдатную пражу!
У гэтую ноч бедная дзяўчына амаль не звяла вачэй. Яна плакала і злавалася на сябе, што не слухала парад матулі і не навучылася прасці і ткаць.
Раніцай, як толькі яе пакінулі адну, Энці з цяжкім сэрцам узялася за работу. I хаця ёй далі прасніцу з сапраўднага чырвонага дрэва і лён, аб якім можна толькі марыць, у яе кожную хвіліну рвалася нітка. To яна атрымлівалася тонкая, быццам павуціна, то грубая, нібы шнур для бізуна. Нарэшце яна адсунула сваё крэсла, апусціла рукі на калені і горка заплакала.
У гэты самы момант перад ёю адкуль ні вазьміся вылезла маленькая бабулька з дзіўна вялікімі ступнямі і спытала:
— Аб чым ты, красуня?
— Ды вось я павінна ўвесь гэты лён да заўтрашняй
4. Хрустальны калодзеж 97
раніцы перавесці ў пражу. А ў мяне і пяці ярдаў тонкіх нітак з яго не выходзіць.
— А ты не пасаромеешся запрасіць на сваё вяселле з маладым прынцам жабрачку Вяліканогую Бабулю? Абяцай паклікаць мяне, і, пакуль ты сёння ноччу спіш, усе тры фунты льну ператворацца ў танчэйшую пражу.
— Канечне, я запрашу цябе, і з задавальненнем, і буду клапаціцца пра цябе ўсё маё жыццё!
— Вось і цудоўна! Ты пакуль заставайся ў сваім пакоі да вячэрняга чаю, а каралеве можаш сказаць, каб яна прыходзіла па пражу заўтра раніцай, хоць на світанку, калі ёй заўгодна.
I ўсё адбылося, як бабулька паабяцала. Пража выйшла тонкая і роўная, ну быццам найтанчэйшая лёска.
— Вось малайчына дзяўчына! — сказала каралева — Я загадаю прынесці табе мой уласны ткацкі станок з чырвонага дрэва. Толькі сёння табе больш не трэба працаваць. Папрацаваць і адпачыць, папрацаваць і адпачыць — вось мой дэвіз! Ты заўтра паспееш наткаць палатна з гэтай пражы. А там хто ведае...
На гэты раз дзяўчыну мучыў страх яшчэ болей: яна не ўмела нават падрыхтаваць аснову тканіны і не ведала, як карыстацца чаўнаком. I яна сядзела зажураная, як раптам перад ёю вырасла маленькая і абсалютна квадратная бабуля: такія шырокія ў яе былі плечы і бёдры. Госця сказала, што яе завуць Квадратнай Бабуляй,і заключыла з Энці тую ж дамову, што і Вяліканогая Бабуля.
Ну і зарадавалася каралева, калі раніцай знайшла гатовае палатно, такое белае і тонкае, быццам самая лепшая папера, якую толькі даводзілася бачыць.
— Ах, якое міленькае! — сказала каралева.— A цяпер адпачывай з дамамі і кавалерамі. I калі заўтра ты з гэтага палатна нашыеш цудоўных сарочак, адну з іх ты зможаш падарыць майму сыну. I хоць тут жа выходзь за яго замуж!
Ну як было не паспачуваць беднай Энці: вось-вось і прынц будзе яе навекі, а можа здарыцца, яна страціць яго назаўсёды! Але Энці набралася цярпення і чакала з нажніцамі, іголкай і ніткай у руках да самага паўдня.
Прайшла яшчэ хвіліна, і тут нарэшце з’явілася трэцяя бабуля. У бабулі быў велізарны чырвоны нос, і яна тут жа паведаміла Энці, што яе так і завуць — Чырвананосая Бабуля. Яна была зусім не горшая за іншых бабулек, і, калі на другі дзень раным-рана каралева прыйшла да Энці, тузін цудоўных сарочак ужо ляжаў на стале.
Што ж, цяпер справа тычылася толькі вяселля. I паверце ўжо мне, вяселле зрабілі на славу. Бедная матуля Энці таксама была сярод гасцей. За абедам старая каралева не магла гаварыць ні аб чым, акрамя сарочак. Яна марыла пра той шчаслівы час, калі пасля мядовага месяца яны з нявесткай толькі і будуць што прасці, ткаць ды шыць сарочкі і кашулі.
Жаніху былі не даспадобы такія размовы, а нявесце тым болей. Ён хацеў ужо ўставіць сваё слова, як да стала падышоў лёкай і сказаў, звяртаючыся да нявесты:
— Цётухна вашай міласці, Вяліканогая Бабуля, просіць даведацца, ці можа яна зайсці?
Нявеста зачырванелася і гатова была скрозь зямлю праваліцца, але, на шчасце, умяшаўся прынц:
— Скажыце місіс Вяліканогай, што ўсім сваякам маёй нявесты і я і яна заўсёды сардэчна рады.
Бабуля з вялікімі нагамі зайшла і села побач з прынцам. Каралеве гэта не вельмі спадабалася, і пасля некалькіх слоў яна даволі злосна спытала:
— Ах, васпані, чаго гэта ў вас такія вялікія ногі?
— Э-э, матухна! Ці верыце, ваша вялікасць, амаль усё сваё жыццё я прастаяла каля прасніц. Вось ад гэтага!
— Клянуся гонарам, мая любімая,— сказаў тады прынц,— ніводнай гадзіны больш я не дазволю табе стаяць каля прасніцы!
Той жа самы лёкай зноў абвясціў:
— Цётухна вашай міласці, Квадратная Бабуля, хоча зайсці, калі вы і іншыя высакародныя паны не пярэчаць.
Энці была вельмі незадаволена, але прынц запрасіў госцю зайсці. Яна села і выпіла за здароўе кожнага госця.
— Скажыце, васпані,— звярнулася да яе старая каралева,— чаму гэта вы такая квадратная?
— Таму, ваша вялікасць, што ўсё сваё жыццё я прасядзела каля кроснаў.
— Клянуся ўладай,— сказаў прынц,— мая жонка не будзе сядзець каля кроснаў ніводнай гадзіны!
Зноў зайшоў лёкай.
— Цётухна вашай міласці, Чырвананосая Бабуля, просіць дазволу прысутнічаць на банкеце.
Нявеста яшчэ гусцей пачырванела, а жаніх ветліва сказаў:
— Перадайце місіс Чырвананосай Бабулі, што яна робіць нам гонар!
Бабуля зайшла, яе ўсяляк ушанавалі і пасадзілі за стол. А ўсе госці, якія былі на вяселлі, паднеслі да носа хто келіхі, хто шклянкі, каб схаваць свае ўсмешкі.
— Васпані,— звярнулася да яе матухна-каралева,— ці не будзеце вы добрыя расказаць нам, чаго гэта ваш нос такі вялікі і чырвоны?
— Бачыце, ваша вялікасць, я ўсё сваё жыццё схіляла галаву над шытвом, і таму ўся мая кроў набягала да носа.
— Мілая,— звярнуўся прынц да Энці,— калі я хоць раз убачу ў тваіх руках іголку, я ўцяку ад цябе за тысячу міль!
Па праўдзе кажучы, мае мілыя дзеці, хаця гэтая гісторыя і забаўная, мараль у ёй зусім няправільная!
I калі хто-небудзь з вас будзе браць прыклад з лянівіцы Энці, самі ўбачыце: вам ужо так не пашанцуе, як ёй. Па-першае, яна была вельмі прыгожанькая, а падругое, ёй дапамагалі ўсёмагутныя феі. Цяпер феяў няма, няма і прынцаў, якія праязджаюць міма і забіраюць вас з сабой, ці працавітыя вы, ці лянівыя. I, патрэцяе, яшчэ невядома, ці такія ўжо шчаслівыя былі прынц і сама Энці, калі яны сталі дарослымі і на іх абрынуліся жыццёвыя клопаты і цяжкасці.
ІСЛАНДСКІЯ КАЗКІ
ГІЛІТРУТ
Жыў у даўнія часы адзін малады працавіты селянін. Быў у яго свой хутар з прасторнаю пашай і багата-багата авечак. I вось ён ажаніўся. Жонка яму, на бяду, трапілася легкадумная і гультайка. Цэлымі днямі яна біла бібікі, нават абед мужу і то ленавалася прыгатаваць. I муж нічога не мог з ёю зрабіць.
Аднойчы восенню прыносіць ён жонцы вялікі мяшок воўны і загадвае за зіму спрасці ўсю воўну і выткаць з яе світку. Жонка нават не зірнула на воўну. Час ідзе, а яна і не думае брацца за работу. Гаспадар не-не ды і напомніць ёй пра воўну, толькі яна і вухам не вядзе.