• Газеты, часопісы і г.д.
  • Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы

    Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 367с.
    Мінск 1996
    84.66 МБ
    Падняў бядняк дрэва, вызваліў чалавечка ў чырвоным каптане.
    Сказаў той бедняку:
    — Дзякуй табе, добры селянін. Калі б не ты, давялося б мне тут загінуць. А за тое, што ты мяне выратаваў, прасі чаго хочаш.
    Бядняк яму і сказаў:
    — Чаго ж мне прасіць? У мяне нічога няма. Што дасі, усё спатрэбіцца.
    Пахваліў яго чалавечак у чырвоным каптане:
    — Добры ты, відаць, зусім не сквапны. Дам я табе за гэта капейку — не простую, залатую. Падкінь яе ў руцэ, і будзе ў цябе золата колькі захочаш! Толькі беражы яе, глядзі, нікому не аддавай!
    Узяў бядняк залатую капейку, падзякаваў чалавечку ў чырвоным каптане і пайшоў дахаты.
    Толькі ў дом зайшоў, падкінуў капейку і сказаў: — Капейка, капейка, хачу мяшок золата мёць!
    5.	Хрустальны калодзеж	129
    Азірнуцца не паспеў, стаіць пасярод хаты мяшок, поўны грошай, ніводнага медзяка, ніводнага сярэбранага грошыка няма, адны толькі залатыя!
    Разбагацеў бядняк, пачаў жыць — і ні ў чым патрэбы не мае.
    Дачуўся пра тое багаты брат, пайшоў да беднага і спытаў:
    — Дзе ты, братка любы, столькі дабра ўзяў?
    А бядняк жа, добрая душа, усё яму і расказаў: як па лесе ішоў, як чалавечка ў чырвоным каптане ўбачыў і вызваліў з-пад паваленага дрэва.
    — Цяпер,— кажа,— калі залатую капейку не згублю, век мне жыць не тужыць, ніколі не збяднею!
    Стаў багаты брат у беднага залатую капейку прасіць:
    — Хоць на час, на адзін дзень дай мне капеечку! Я толькі трошачкі ёю пакарыстаюся і табе аддам. Ты ж ведаеш, братка мой любы, што на ўсім свеце для мяне ты самы родны чалавек!
    А бядняк, добрая душа, забыў, што залатую капейку аддаваць нельга, кажа брату:
    — Вазьмі! Мне не шкада, у мяне дабра ўдосталь!
    Прынёс багацей залатую капейку дадому і давай золата грабці мяшкамі. А потым схаваў яе ў самы далёкі куфар і не думае аддаваць свайму брату.
    Прайшоў час і яшчэ столькі ж. Пражыў бядняк сваё дабро, патраціў грошы. I бачыць — багаты брат яму залатую капейку не нясе. Пайшоў да яго і сказаў:
    — Калі ты не прыйшоў, дык я па сваю капеечку сам з’явіўся!
    А багацей яму адказвае:
    — Пра якую такую капеечку ты размову вядзеш? Я табе нічога не вінаваты і браць у цябе нічога не браў!
    Надаваў яму штурхалёў, прагнаў з двара.
    Вярнуўся дамоў бядняк, жонцы скардзіцца. А яна кажа:
    — Што цяпер з ім зробіш? Ён багаты, ён дужы, на яго ўправу хіба знойдзеш? He, відаць, не лёс нам багата жыць!
    Прыйшлі ў хату да бедняка жабрацтва, галеча ды голад.
    Успомніў тады бядняк пра чалавечка ў чырвоным каптане, вырашыў да яго пайсці.
    Падаўся бядняк у лес. Знайшоў тое месца, дзе чалавечка першы раз сустрэў. Бачыць — дрэва, як і тады, ляжыць. Лісце з яго абляцела, галіны на ім пасохлі.
    Пачаў бядняк чалавечка клікаць, а ніхто не адгукаецца. Што рабіць? Здагадаўся бядняк — па дрэву паваленаму пастукаў:
    «Тук-тук! Тук-тук!»
    Адкуль ні вазьміся, з’явіўся чалавечак у чырвоным каптане, спытаў:
    — Гэта ты мяне клікаў? Ну, расказвай, як жывеш. Ці мяога дабра нажыў залатой капеечкай?
    Заплакаў бядняк і расказаў чалавечку ў чырвоным каптане аб тым, як брат брата пакрыўдзіў.
    Раззлаваўся чалавечак у чырвоным каптане, а потым сказаў:
    — Ну добра, на першы раз дарую табе. А другі — не прасі! Стары я стаў: пайду ў далёкі лясок, знайду там масток — адпачываць буду.
    I даў бедняку абрус.
    — Рассцялі яго,— сказаў чалавечак у чырвоным каптане,— і ў цябе ад пачастунку стол будзе ўгінацца! Еш і пі, колькі душа захоча. Толькі глядзі, нікому абруса не аддавай!
    Прыйшоў бядняк дамоў, разаслаў абрус і спытаў у жонкі:
    — Ну, жонка, есці хочаш? Толькі скажы. Што ні пажадаеш — усё будзе.
    Сказала жонка:
    — Вось каб зараз кашы з маслам паесці!
    Толькі прамовіла, з’явілася на стале каша з маслам, рассыпістая, гарачая, аж пара ідзе.
    Елі яны, елі кашу, наеліся, а яе не меншае. Паклікалі гасцей, і тыя наеліся. 3 іншых вёсак людзі прыйшлі. Бядняк усіх запрашае:
    — Ешце, людзі добрыя! Частуйцеся!..
    Дачуўся пра той дзівоСны абрус багаты брат, прыйшоў да беднага, просіць:
    — Дай ты мне, братка любы, хоць на адзін дзень абрус гэты!
    А бядняк яму адказвае:
    ■— Навошта табе абрус? Еш уволю. Што хочаш, тое і падам, усім, чаго пажадаеш, цябе накармлю!
    Бачыць багацей, не дае яму бедны брат абруса, і кажа:
    — Хачу я, братка, курачку смажаную з’есці і салодкага віна папіць!
    Толькі сказаў — увесь стол смажанымі курамі застаўлены, ад цяжкіх бочак з віном прагінаецца.
    Пачалі яны курачак смажаных есці, віно папіваць. А багацей жа бедняку ўсё падлівае і падлівае.
    Захмялеў бядняк, павесялеў, песні спявае, радуецца, а чаго — сам не ведае. Тут багацей і папрасіў у яго:
    — Дай ты мне, братка мой шаноўны, хоць на адзін дзень абрус свой. Я толькі сямейку, дзетак накармлю і зараз жа табе з удзячнасцю найвялікаю вярну яго. Заўтра ж у мяне імяніны!
    А бядняк ап’янеў і крычыць:
    — Бяры абрус! Што хочаш бяры, мне нічога табе не шкада.
    Схапіў багацей абрус і панёс дадому.
    Вось прыходзіць да яго назаўтра бядняк з імянінамі віншаваць, багацей як закрычыць:
    — Ты куды лезеш, торба жабрацкая! Пайшоў прэч!
    I сабак на яго нацкаваў.
    Вярнуўся бядняк дамоў, плача. Есці няма чаго, і ўзяць цяпер няма дзе. Успомніў зноў пра чалавечка ў чырвоным каптане, вырашыў да яго пайсці. А жонка кажа:
    — Ну куды ж ты пойдзеш? Ён табе дапамагаў, а ты ўсё, што атрымаў ад яго, багацею аддаў!
    Бядняк ёй сказаў:
    — Што ж цяпер рабіць? Усё адно паміраць, пайду ў лес.
    Прыйшоў да таго месца запаветнага, у далёкі лясок. А там масток. Глядзіць — унізе чалавечак у чырвоным каптане ляжыць, адпачывае. Аклікнуў яго бядняк. Падняўся чалавечак у чырвоным каптане, заспаны, сярдзіты:
    — Зноў прыйшоў мяне турбаваць!
    Заплакаў бядняк, пачаў маліць:
    — Даруй мне, толькі ўжо што рабіць, не ведаю. Без цябе загіну і я, і сямейка мая. Забраў у мяне хітрасцю багаты брат той абрус, што ты мне даў.
    Выслухаў яго чалавечак у чырвоным каптане і сказаў:
    — Чаго ўжо! Другі раз пашкадую цябе, але ведай — на трэці раз не прыходзь. Залатую капейку ты аддаў. Абрус ты аддаў. Што ж табе цяпер падарыць?
    Задумаўся чалавечак у чырвоным каптане, а потым сказаў:
    — На, вазьмі гэтую торбу. Павесь яе цераз плячо, стукні па ёй кіёчкам і скажы: «Торба, дай розуму!» А цяпер пакажы, як ты з ёю спраўляцца будзеш.
    Павесіў бядняк торбу сабе цераз плячо, стукнуў па ёй кійком і сказаў:
    — Торба, дай розуму!
    Толькі сказаў, як выскачылі з торбы сем маленькіх чалавечкаў у зялёных каптанах і давай бедняка кіямі лупцаваць. Спалохаўся бядняк, пачаў свайго дабрадзея прасіць:
    — Галубок, заступнік мой, злітуйся! Скажы, каб біць перасталі!
    А той смяецца:
    — Зараз розуму набярэшся — і перастануць.
    Пачакаў трошкі і сказаў:
    — Торба, хопіць розуму!
    Толькі сказаў, чалавечкі ў зялёных каптанах, усе сямёра, у торбу схаваліся.
    I ўздыхнуў бядняк:
    — Ну і ну! Набраўся я розуму!
    — Вось так! — сказаў чалавечак у чырвоным каптане.— Цяпер ведаеш, што з торбай рабіць, як быць?
    — Ведаю! — сказаў бядняк.
    Падзякаваў і пайшоў адразу да свайго багатага брата.
    Прыйшоў і кажа слугам:
    — Хутчэй клічце брата сюды, важны клопат да яго ёсць!
    Выйшаў багацей, смяецца:
    — Зноў па даўгі прыйшоў, жабрак!
    А бядняк кажа:
    — Што ты, брат мой шаноўны! Атрымаў я новы падарунак ад чалавечка ў чырвоным каптане. Апошні. Мабыць, ён самы лепшы і ёсць. Давай мяняцца?
    Узяў багаты брат торбу, павесіў цераз плячо, махнуў кіем і кажа:
    — Ну, жабрак, не бачыць табе і гэтага падарунка!
    Стукнуў тады бядняк кіем па торбе і крыкнуў:
    — Торба, дай розуму!
    Як выскачылі сем чалавечкаў у зялёных каптанах, як пачалі багацея лупцаваць, дык ён закрычаў:
    — Братка, братка, пашкадуй мяне! Спыні іх!
    А бядняк стаіць, паглядвае.
    — He,— кажа,— пакуль яшчэ іх спыняць рана. Вось набярэшся ты розуму, тады і спынім.
    А чалавечкі ў зялёных каптанах малоцяць багацея! Багацей крычыць:
    — Браткі! Адпусціце! He біце!
    А тыя, ведай, дубасяць яго.
    Убачыў багацей, што так не вырабіцца з бяды, скумекаў хутка.
    — Жонка! — крычыць.— Нясі залатую капеечку!
    Бядняк кажа:
    — I абрус не забудзь!
    А багацей услед паўтарае:
    — I абрус, абрус не забудзь!
    Аддаў ён бедняку залатую капейку і абрус-самабор.
    РАЗУМНЫ КАЗАЧНІК
    Жыў у даўнія часы адзін цар. I да таго ён любіў казкі, што дня не мог правесці без іх. А ці лёгка было расказваць таму цару казкі, калі іх усе яму пераказалі, а ён іх пераслухаў! Ды мала таго: ты яму не проста казку раскажы, а кожны раз новую, пра якую ён і чуць не чуў. А раскажаш старую, дык абавязкова галаву табе адсякуць. Такое было яго рашэнне, такі быў яго загад. На тое ён і цар. Ну, і ляцелі ў яго дзяржаве галовы з плячэй, таму што не было каму расказаць казку, якую б цар не ведаў.
    Вось і настаў дзень, калі ніхто не згадзіўся да цара пайсці, ніхто не рашыўся дзеля царскай прыхамаці галаву злажыць.
    Забегалі міністры, замітусіліся слугі. А цар крычыць:
    — Калі не знойдзеце казачніка — усім галовы паздымаю!
    Цяпер зразумела, чаго міністры забегалі?
    Аднак бегай ці не бегай—ахвотнікаў няма дарэмна сваю галаву аддаць. He ідзе ніхто, і ўвесь сказ.
    Раптам, уявіце, знайшоўся адзін маладзец, адчайная галава! Сам напрасіўся.
    — Давайце,— кажа,— я пайду да цара!
    Узяў ды і пайшоў.
    Цар пасадзіў яго і кажа:
    — Расказвай!
    А маладзец пачынае:
    — Было тое ў часы даўнія, калі мой дзед і твой дзед разам адзін хлеў будавалі, ды такі вялікі, што вавёрка па ім з канца ў канец за цэлы дзень ледзь даскакаць магла. Вось гэта быў хлеў дык хлеў!.. He чуў?
    — He чуў,— сказаў цар.
    — Ну, калі не чуў,— сказаў маладзец,— дык і спі, а я заўтра прыйду.
    I пайшоў.
    Ha другі дзень прыходзіць. Цар яму сам крэсла падстаўляе, кажа:
    — Расказвай казку!
    А той пачынае:
    — Помніш, які хлеў мой дзед і твой дзед пабудавалі? Дык вось, выгадавалі яны ў тым хляве быка, ды такога, што ластаўцы, каб з аднаго яго рога на другі перабрацца, цэлы дзень ляцець трэба было! Пра гэта чуў?
    — He, не чуў!
    — Ну, а калі і гэтую казку не чуў,— кажа маладзец смела,— тады кладзіся спаць, а я заўтра прыйду.
    Пайшоў і зноў галаву цэлую панёс.
    Ляжыць цар, з боку на бок варочаецца, думае: «Вось жа разумны, умее прыдумляць! Але і я не лыкам шыты: розуму не хопіць — хітрасцю адолею. Прычаплюся, і ўсё адно адсякуць табе галаву!»
    Раніцай склікаў цар сваіх міністраў і кажа ім: