Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы
Выдавец: Юнацтва
Памер: 367с.
Мінск 1996
Дабраліся матылькі да Белай Лілеі і кажуць:
— Прымі нас, дазволь ад дажджу схавацца.
Лілея ім у адказ:
— Так і быць, белага матылька ад дажджу схаваю, ён на мяне падобны, а чырвоны і жоўты няхай сабе іншага месца шукаюць.
Тут белы матылёк ёй і кажа:
— Калі ты маіх брацікаў прыняць не хочаш, то і я да цябе не пайду! Лепш нам разам пад дажджом мокнуць!
I паляцелі далей.
А дождж яшчэ гусцейшы лье. Падляцелі матылькі да Чырвонага Цюльпана і кажуць:
— Прымі нас, дазволь ад дажджу схавацца, мы наскрозь прамоклі.
Цюльпан ім у адказ:
— Добра, чырвонага схаваю, ён на мяне падобны, а белы і жоўты няхай сабе іншага месца шукаюць.
Тут чырвоны матылёк яму і кажа:
— Калі ты маіх брацікаў прыняць не хочаш, то і я да цябе не пайду! Лепш нам разам пад дажджом мокнуць!
I паляцелі далей.
Дабраліся матылькі да Жоўтай Ружы і кажуць:
— Прымі нас, дазволь ад дажджу схавацца, мы наскрозь прамоклі.
Ружа ім у адказ:
— Жоўтага схаваю, ён на мяне падобны, а белы і чырвоны няхай сабе іншага месца шукаюць.
Тут жоўты матылёк ёй і кажа:
— Калі ты маіх брацікаў прыняць не хочаш, то і я да цябе не пайду! Лепш нам разам пад дажджом мокнуць!
Пачула сонца, што за хмарамі хавалася, словы матылькоў і зарадавалася: ёсць жа на свеце сапраўдная дружба! I вырашыла матылькам дапамагчы.
Прагнала сонца дождж і зноў заззяла, сад асвяціла, матылькам крыльцы высушыла. Сталі яны туды-сюды лятаць. Гуляюць, танцуюць, з кветкі на кветку пырхаюць. Толькі да Лілеі, да Цюльпана і да Ружы больш не падляталі. Так тыя і засохлі зусім адзінокія. Весяліліся матылькі, кружыліся да самага вечара. А як вечар надышоў, спаць леглі. Што з імі далей было, пра тое не ведаю. Толькі ведаю, што дружба — у любой бядзе апора.
ЗА СЕМ ДЗЯЎЧАТ ПРЫГАЖЭЙШАЯ
Жылі-былі ў адной вёсачцы муж з жонкай. I была ў іх адна-адзіная дачка. Такая разумніца, працаўніца! Усё ж яна дома рабіла: мыла, прыбірала, абед варыла. Усюды паспявала: сад перад домам дагледжаны, у доме чыста прыбрана, падлога так і блішчыць. He нарадуюцца, бывала, на дачку старыя. А ўжо такой рукадзельніцы, майстрыхі шыць ды вышываць усю ваколіцу абыдзі — не знойдзеш. Шыццём-вышываннем яна сваім бацькам на хлеб зарабляла.
Прыгожая была тая дзяўчына — ні ў казцы сказаць,
ні пяром апісаць. Хоць сем самых прыгожых дзяўчат на свеце збяры і побач з ёю пастаў, усё роўна яна прыгажэйшая за ўсіх. Таму яе Сямікрасуняй і назвалі.
А ўжо сціплая была! Ідзе па вёсцы -— твар хустачкай прыкрывае. He хоча, каб людзі на яе глядзелі, яе хвалілі.
Убачыў аднойчы Сямікрасуню каралеўскі сын. Глядзіць, дзяўчына ідзе, як бярозка, стройная. Захацелася яму ў твар ёй зазірнуць, а хустка перашкаджае. Пытаецца ён у сваіх слуг:
— Чаму Сямікрасуня заўсёды хусткай прыкрываецца, так што і твару яе не разгледзець?
Адказваюць слугі:
— Таму, што сціплая без меры.
Паслаў тады прынц слугу з залатым пярсцёнкам да Сямікрасуні і загадаў:
— Прасі дзяўчыну вечарам да векавога дуба прыйсці. Скажы: прынц хоча з табой паразмаўляць.
Прыйшла Сямікрасуня вечарам да векавога дуба, а прынц як яе твар убачыў, дык закахаўся без памяці. I просіць Сямікрасуню:
— Будзь маёю жонкай!
Яна ж яму ў адказ:
— Ты багаты, а я бедная, мы адзін аднаму не пара. Ды і бацюхна твой разгневаецца, калі пачуе, каго ты хочаш за жонку ўзяць.
А прынц на сваім стаіць. Просіць ён яе, моліць, так што Сямікрасуня нарэшце сказала:
— Дазволь колькі дзён падумаць.
На другі дзень каралеўскі сын зноў слугу да Сямікрасуні пасылае і кажа:
— Занясі ёй чаравічкі сярэбраныя, прасі, каб прыйшла вечарам да векавога дуба. Скажы, прынц хоча з табой паразмаўляць.
Прыйшла Сямікрасуня вечарам да векавога дуба, прынц у яе і пытаецца:
— Ці надумалася жонкай маёю стаць?
— Калі ж мне думаць? — кажа Сямікрасуня.— Галубоўі курэй трэба накарміць-напаіць, капусту нашынкаваць, кашулі сшыць. А што раней думала, ужо сказала: ты багаты, я бедная, мы адзін аднаму не пара. Таму не магу табе згоды даць.
Пачаў прынц зноў прасіць яе і маліць. Давялося Сямікрасуні адказаць:
— Добра, падумаю, з таткам, з матуляй маімі параюся.
I вось каралеўскі сын зноў слугу да Сямікрасуні пасылае і кажа:
— Занясі ёй сукенку, золатам вышытую. Прасі, каб прыйшла вечарам да векавога дуба. Скажы, прынц хоча з табой паразмаўляць.
Прыйшла Сямікрасуня вечарам да векавога дуба, прынц у яе і пытаецца:
Ці надумалася жонкай маёй стаць?
— Калі ж мне думаць? — кажа Сямікрасуня.— I з бацькамі пагаварыць не паспела. Спраў у мяне і ў доме, і на двары столькі, што ўздыхнуць няма калі. He да вяселля мне! Казала я табе раней і цяпер кажу: не магу табе згоды даць.
Толькі прынц ад Сямікрасуні не адступаецца. Просіць яе, моліць каралевай стаць, клянецца:
— Што б з табой ці са мной ні здарылася, буду табе вернасць хаваць, ніколі з другой не ажанюся.
Зразумела Сямікрасуня, як моцна ён яе кахае, і кажа:
6. Хрустальны калодзеж 161
— Згодна я!
Яна ж і сама даўно ўжо яго пакахала. Баялася толькі, што няроўня яму.
Пачалі прынц з Сямікрасуняй з таго дня кожны вечар пад дубам сустракацца. I такія яны былі шчаслівыя! Бачыліся яны, праўда, тайком ад караля. Баяліся, як бы ён не даведаўся, што сын з беднай дзяўчынай сустракаецца.
А пры двары жыла ліхая бабуля-чарняўка. Высачыла іх і каралю данесла.
Разгневаўся кароль, паслаў сваіх людзей дом Сямікрасуні падпаліць: няхай яна ў агні згарыць!
Сямікрасуня якраз ля акенца сядзела, вышывала. Раптам дом загарэўся. Падступіла да яе ў той жа момант полымя, выскачыла яна сама не свая з акенца ды проста ў пусты калодзеж і трапіла. А бедныя яе бацькі разам з домам згарэлі.
Узяла бедачыну туга: гаравала яна, журылася, з калодзежа выходзіць не хацела. Сядзіць дні і ночы навылёт у калодзежы ды плача.
Выплакала Сямікрасуня мала-памалу ўсе свае слёзы і выбралася з калодзежа. Прыйшла на пажарышча роднага дома і некалькі манет з попелу выграбла. Купіла на гэтыя грошы мужчынскае адзенне, апранула яго і пайшла ў каралеўскі двор. Просіць караля:
— Вазьмі мяне ў слугі, буду верна табе служыць, а завуць мяне Гаротнік Злашчасны.
Спадабаўся юнак каралю. Узяў ён яго ў слугі. Служыў Гаротнік каралю верна і старанна. Зусім мала часу прайшло — палюбіў стары кароль Гаротніка больш за ўсіх іншых слуг. Павінен быў ён пры ім неадлучна быць, нікому, акрамя Гаротніка Злашчаснага, не дазвалялася яго каралеўскай асобе прыслугоўваць.
А прынц ад гора сябе не памятаў. Як пачуў, што дом яго суджанай згарэў, замкнуўся ў сваіх пакоях і думае: «Пэўна, і нявеста мая, якая за сем дзяўчат прыгажэйшая, у доме згарэла». Кароль жа вырашыў сына ажаніць, каб ён Сямікрасуню забыў. Хацелася старому каралю дзяржаву сыну яшчэ пры жыцці перадаць. I без каралевы тут ніяк не абыдзешся. Хоць не мог прынц Сямікра-
суню забыць, клятву парушыць, аднак давялося яму да дачкі суседняга караля пасватацца. Хочаш ці не хочаш, і заручыцца з ёю давялося.
Надышоў дзень вяселля. Прыехалі кароль з сынам па нявесту, а світа следам цягнецца. Сумны быў поезд, хоць і вясельны. Наперадзе прынц едзе, Сямікрасуню ўспамінае, слязамі горкімі абліваецца. Позаду — Гаротнік, а на сэрцы ў яго быццам цяжкі камень ляжыць. Стараўся Гаротнік у хвасце вясельнага поезда трымацца. He хацелася яму, каб людзі журбу яго заўважылі. А як стаў поезд да нявесцінага замка пад’язджаць, заспяваў Гаротнік, ды так чыста, так звонка:
— Сямікрасуняю шчасліваю была, Але Гаротнікам няшчасным стала я!
Пачуў прынц песню і пытаецца ў бацькі:
— Хто гэта так хораша спявае?
— Гаротнік, верны мой слуга,— адказвае кароль.
Завёў Гаротнік песню другі раз:
— Сямікрасуняю шчасліваю была, Але Гаротнікам няшчасным стала я!
Пачуў прынц песню Гаротніка і пытаецца ў бацькі зноў:
— Няўжо, шаноўны бацюхна, гэта і праўда Гаротнік, твой слуга, спявае?
— А хто ж яшчэ? — адказвае стары кароль.— Нікому болей так не заспяваць!
Як пад’ехаў поезд да самых варот замка, завёў Гаротнік песню трэці раз:
— Сямікрасуняю шчасліваю была, Але Гаротнікам няшчасным стала я!
Павярнуў тут прынц каня, падскакаў да Гаротніка, заглянуў юнаку ў твар і самлеў: «Сямікрасуня, ды і толькі!» Хаця і пазнаў ён сваю суджаную, але ні слоўца не вымавіў, толькі галавой ёй ласкава кіўнуў. Павярнуў каня і зноў наперад паскакаў.
Гасцей у нявесціным замку сабралася — не пералічыць. Усе падданыя з двух каралеўстваў прыехалі. Пача-
лі госці спяваць, скакаць, казкі расказваць. Вось нявесцін бацька і кажа:
— Давайце адзін аднаму загадкі загадваць, а жаніх няхай пачынае.
Загадаў прынц загадку:
— Была ў мяне шкатулка каштоўная, і неяк страціў я да яе ключык. Загадаў майстру новы вырабіць. Вярнуўся дамоў, гляджу — ранейшы ключык на стале ляжыць. Вось і адгадайце загадку, ваша каралеўская вялікасць, які ключык мне даражэй — ранейшы ці новы?
-— Ясная справа, ранейшы! — адказвае нявесцін бацька.
He ведаў ён, што сам дачцэ прыгавор вынес.
А прынц яму і кажа:
— Калі так, забірай сваю дачку назад. He магу я яе за жонку ўзяць, таму што ранейшае маё каханне знайшлося.
Падышоў прынц да Сямікрасуні, за руку яе ўзяў, да бацькі падвёў.
Стары кароль нічога зразумець не можа:
— Ды гэта ж Гаротнік, верны мой слуга!
— Шаноўны бацюхна, не Гаротнік гэта, а Сямікрасуня, нявеста мая!
Адкрыліся тут у прыдворных вочы, убачылі яны, якая цудоўная дзяўчына ў мужчынскім адзенні.
Адзін кароль нічога чуць не жадае, усё сваё сцвярджае:
— Якая там Сямікрасуня! Слугі ж яе разам з домам спалілі. Гаротнік гэта, верны мой слуга!
Разгневаўся прынц, зразумеў, што бацька яго нявесту загубіць хацеў, што гэта ён яе бацьку з маці жыўцом спаліў. Узяў ён Сямікрасуню за руку і кажа каралю:
— He магу дараваць табе тваю лютасць. He патрэбна нам тваё багацце. Рукі-ногі ў нас ёсць, а на хлеб мы заўсёды заробім.
I пайшлі яны куды вочы глядзяць. Але баюць — шчасліва яны жылі, дружна, моцна адзін аднаго любілі, ніякой працы не цураліся. Сямікрасуня ж майстрыхай была, ды і прынц рамяству навучыўся. Так што ні голаду, ні холаду яны не ведалі.
НАРВЕЖСКІЯ КАЗКІ
СЯМЁРА ЖАРАБЯТ
Жылі-былі беднякі, муж і жонка; жылі яны ў старэнькай хатцы далёка-далёка ў лесе, ледзь перабіваліся з дня на дзень, галадалі і халадалі, і трэба ім было карміць трох сыноў, а малодшага сына звалі Аскеладэн, бо ён толькі і рабіў, што сядзеў каля печы і калупаўся ў попеле.