• Газеты, часопісы і г.д.
  • Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы

    Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 367с.
    Мінск 1996
    84.66 МБ
    — Добры дзень, дзядуля!
    — Мілы чалавек, ці няма ў цябе хлебка? Зусім я згаладаўся, ледзь на нагах стаю.
    — А чаму, дзядуля, ты ягады не збіраеш? — пытаецца Усяміл.
    А стары ў адказ:
    — Ах, мілы! Гэта маладому лёгка: нагнуўся, ягадку сарваў і пайшоў далей. А старыя косці не гнуцца.
    «Старасць не радасць,— думае Усяміл.— Трэба дапамагчы старому. А з мяне і ягад хопіць!»
    Выняў ён з торбы хлеб і старому падае.
    — На, дзядуля! Еш на здароўе.
    Зарадаваўся стары. Адной рукой акраец схапіў, другой дудачку з-за пазухі выцягвае.
    — Вазьмі дудачку на памяць. Можа, спатрэбіцца.
    Як сустрэліся яны выпадкова, так і рассталіся, і кожны ў свой бок пабрыў: адзін — на ўсход, другі — на захад.
    I дзесяці крокаў не ступіў Усяміл, азірнуўся, а дзед як скрозь зямлю праваліўся.
    «Нябось, за дрэвамі не відаць яго»,— падумаў Усяміл і пайшоў далей.
    Вось скончыўся лес, і рассцілаецца перад ім пустэча, сонцам апаленая, сухая, камяністая. Расце на ёй траўка чэзлая ды чырвоны чабор, сухая аўсяніца каласкамі шорхае ды ядавіты расходнік жаўцее. Адно слова — пустэча. Hi дымкоў, ні жылля не відаць.
    Гадзіна за гадзінай мінае, сонца пячэ няшчадна, а пустэчы канца-краю няма.
    «Адпачыць бы ды малака папіць»,— думае Усяміл і па баках азіраецца — лагчынку шукае, дзе б прымасціцца.
    Раптам падняўся вецер, зашумеў, засвістаў зверху, а на ніз спусціўся — хмары пяску сыпануў, свет белы засціў.
    Ці доўга, ці коратка бушаваў вецер, а калі ўлёгся, бачыць Усяміл — насустрач яму дзядок брыдзе. Зусім старэнькі ды нямоглы. Той, якога ён у лесе сустрэў, супраць гэтага маладзец-малайцом.
    — Дай вадзіцы, добры чалавек! — прахрыпеў стары.— Ад смагі паміраю.
    Як быць? I старога шкада, і малако аддаваць не хочацца.
    — Выратуй мяне! Выратуй! — моліць дзед.
    Адмовіш, утоіш малако — душой пакрывіш.
    «Ану ж давалакуся як-небудзь да вёскі ці на ручаёк набрыду і нап’юся ўволю»,— думае Усяміл, вымае з торбы кварту з малаком і старому падае.
    — Пі, дзядуля, на здароўе!
    Зарадаваўся стары. Да кварты прыліп і ўсё малако да кроплі выпіў.
    Спаталіў смагу і кажа:
    — Ад немінучай смерці выратаваў ты мяне! Чым жа мне аддзячыць цябе? Вазьмі вось пугу, можа, спатрэбіцца.
    Сказаў і выцягнуў з-за пояса ядлоўцавае пугаўё з канаплянай вяроўкай і хлапушкай з конскага воласу на канцы.
    Тут зноў падняўся вецер, сыпануў, закружыў пясок — нічога не відаць.
    А калі вецер сціх, старога быццам і не было.
    Няма калі Усямілу галаву тлуміць, куды стары падзеўся. Спяшаецца ён, пакуль светла, пустэчу прайсці і ў бяспечным месцы заначаваць.
    Пад вечар бачыць ён: наперадзе макаўкі дрэў хістаюцца, паміж галінамі шызы дымок уецца, а ўбаку бялеецца дарога, каляямі з’езджаная.
    «Мабыць, вёска блізка»,— зарадаваўся Усяміл, і сіл ў яго прыбавілася.
    Па дарозе ісці ходка, не тое што па пустэчы. Ідзе ён і радуецца, што хутка ў хаце за стол сядзе.
    Раптам бачыць — ля дарогі пад дрэвам стары сядзіць і горка плача.
    — Ты чаго, дзядуля, плачаш? — пытаецца Усяміл.
    — Ох, мілы чалавек, бяда са мной здарылася! Прадаў сын у горадзе парася і загадаў мне грошы дамоў занесці, а я іх згубіў па дарозе. Цяпер нявестцы на вочы паказацца баюся. Выгане ліхая баба мяне з дому. А куды я на старасці гадоў падзенуся? Каму я, нямоглы ды хворы, патрэбны?
    А сам плача, дрыжма дрыжыць, быццам ліхаманка яго трасе. Пашкадаваў Усяміл старога.
    «Ёсць у мяне грошы ў торбе. He запрацаваў я іх, а на дарозе знайшоў. Даліся яны мне лёгка, лёгка з імі і расставацца. Аддам жа я іх старому».
    — На, дзядуля, вазьмі! — кажа Усяміл і працягвае старому грошы.— I глядзі зноў не згубі.
    Зарадаваўся стары, у ногі Усямілу пакланіўся.
    — Вось не чакаў, не гадаў, што шчасце такое прыбудзе. Чым жа я аддзячу цябе, добры чалавек? Вазьмі хоць кульбаку маю, можа, спатрэбіцца.
    He захацеў Усяміл старога крыўдзіць, узяў кульбаку і пайшоў сваёй дарогай. Але не адышоўся далёка і падумаў: «Трэба дапамагчы старому з зямлі падняцца». Павярнуўся, а старога і след прастыў.
    «Ого! Дарма што стары, а пабег, як малады»,— падзівіўся Усяміл.
    Вось ідзе ён па вёсцы, да хат прыглядаецца. У якую пагрукаць, не ведае. Боязна яму: а ну як прагоняць? Спыніўся каля адной хаты — двор перад ганкам чыста вымецены, пясочкам жоўтым пасыпаны. «Зайду хіба я сюды»,— вырашыў Усяміл і пастукаўся ў дзверы. Пашанцавала яму, на добрых людзей натрапіў. Накармілі яго дасыта і спаць на сенавал пусцілі.
    Раніцай Усяміл зноў у шлях выправіўся. Прыйшоў ён на тое месца, дзе раней яго вёска была, а ад роднай вёскі пасля татарскага набегу і следу не засталося. Дамы стаяць новыя, людзі жывуць у іх чужыя, прышлыя.
    «Рабіць няма чаго, давядзецца служыць ісці»,— падумаў Усяміл. А ад людзей ён чуў: у замку пастух патрэбен. Але не коней пільнаваць, не кароў пасвіць, не свіней, не авечак, не гусей, не індыкоў... А каго — людзі не кажуць, толькі скрыва пасміхаюцца.
    Накіраваўся Усяміл у замак. «Сам даведаюся,— думае,— які ім пастух патрэбны».
    Вось і замак за высокай сцяной, да варот мост пад’ёмны вядзе. Сказаў Усяміл, навошта прыйшоў, і яго адразу ў пакоі панскія вядуць. Выходзіць да яго важны пан-кастэлян і кажа:
    — Пастух мне патрэбны, тысячу зайцоў пасвіць на лузе. Праслужыш месяц, не ўцячэ ні адзін заяц, ды яшчэ поўны мяшок казак мне раскажаш,— аддам за цябе сваю дачку і дзесятак вёсак у прыдачу. А ўцячэ хоць адзін — да самай смерці на мяне будзеш дарэмна працаваць. Ідзі падумай, апоўдні адказ мне дасі.
    Пакланіўся Усяміл пану-кастэляну і на двор выйшаў. Там яго слугі абступілі, пытаюцца: хто такі, адкуль ды навошта завітаў?
    Стаіў Усяміл, хто ён ды адкуль. Кажа, у пастухі наймацца прыйшоў, зайцоў пасвіць.
    — Вось дурань,— кажуць слугі і па баках азіраюцца, ці не чуе хто з панскіх паслугачоў.— Магчымая хіба справа — зайцоў на лузе пільнаваць. Ды яны мігам разбягуцца. Багата тут да цябе ахвотнікаў знаходзілася, а цяпер да самай смерці на кастэляна спіну гнуць, быццам нявольнікі. Вось паглядзі: хто камяні носіць, хто сцяну вакол замка ставіць.
    Зірнуў Усяміл, і страшна яму стала.
    «Мяшок казак расказаць — гэта для мяне не штука,— думае ён.— Нямала я іх пачуў у татар. Вось з зайцамі справа цяжэй. Ну, дзе наша не прападала!»
    А слугі адно цвердзяць:
    — He лезь ваўку ў зяпу. Ідзі адсюль, пакуль цэлы. Свет вялікі. Знойдзеш сваю долю, ажэнішся, вольным чалавекам будзеш.
    А Усяміл: не і не. Буду зайцоў пасвіць.
    Людзям шкада хлопца: малады ён ды з сябе прыгожы.
    Паднялося сонца высока на небе. Поўдзень надышоў. У замку звон зазваніў — на абед людзей склікае. Усяміл да пана-кастэляна ддзе і кажа: згодзен, маўляў, зайцоў пасвіць. А кастэлян рады вельмі: будзе ў яго новы нявольнік, дармавы парабак.
    — Ідзі,— кажа,— у людскую кухню, папалуднуй. А пасля абеду аканом зайцоў выпусціць.
    Так і зрабілі.
    Пасля абеду загадаў аканом гумно адчыніць. Скокпадскок, на двор тысяча зайцоў выбягае.
    Глядзяць людзі, што далей будзе. Хто хлопца шкадуе, хто смяецца.
    «Які ж я пастух без дудачкі»,— разважыў Усяміл. Дудачку — падарунак першага старога — дастаў і зайграў. Толькі зайграў, зайцы, што па ўсім двары разбегліся, скакалі ды шалелі, збіліся ў чараду, пастроіліся па чацвёра ў рад, як салдаты, і чакаюць.
    Ідзе Усяміл да варот, а зайцы за ім — скок-падскок — бягуць, аглядваюцца, ці не адстаў хто, ці не забег наперад.
    Людзі ад здзіўлення раты разявілі. А аканом пасярод двара слупам стаіць, на заечае войска дзівіцца, нават народ на працу не гоніць.
    Апошняя чацвёрка за варотамі схавалася, толькі тады апомніліся людзі.
    Вось і луг, дзе Усямілу загадана зайцоў пасвіць.
    «Ай ды я! — смяецца Усяміл.— Зайцоў выгнаў, a цяпер трэба добра глядзець, як бы яны не разбегліся».
    Уваткнуў у зямлю кульбаку, каб не перашкаджала яму за зайцамі бегаць.
    Што за дзіва!
    Зайцы вакол кульбакі згуртаваліся і, быццам іх хто на вяровачцы трымае, не разбягаюцца, траўку пашчыпваюць. А калі ўсю траву з’елі, Усяміл кульбаку ў другое месца перанёс, у зямлю ўваткнуў, і зноў зайцы пасвяцца, не разбягаюцца.
    Тут, адкуль ні вазьміся, прыляцелі вароны ды як пачалі каркаць. Тры самыя маленькія зайчыкі спалохаліся — і ў кусты.
    — Гэй вы, касавокія! Куды пабеглі, вяртайцеся назад! — крыкнуў Усяміл, узяў пугу — падарунак другога старога — ды як стрэліць.
    I ў той жа момант зайчыкі з кустоў выскачылі і назад вярнуліся.
    «Што за цуд! На дудачцы зайграю — зайцы за мной бягуць. Кульбаку ў зямлю ўваткну — яны вакол пасвяцца, не разбягаюцца. Адлучыцца касавокі — стрэльну пугай — назад бяжыць. Відаць, не простыя гэта дары, а чарадзейныя»,— мяркуе Усяміл.
    Вечарам пералічыў аканом зайцоў: усе!
    Лічыць на другі дзень: зноў усе!
    На трэці дзень, на чацвёрты — тое ж самае!
    У замку — пярэпалах. Пан-кастэлян злуецца, з сябе вылузваецца:
    — Як?! Гэты жабрак сівалапы, гэты голы пастух з маёй дачкой ажэніцца і дзесяць вёсак атрымае? He быць таму!
    Вось пасе Усяміл зайцоў на лузе, глядзіць — ад замка да яго круглы піражок коціцца.
    Што такое?
    Падкаціўся піражок бліжэй. Тут Усяміл разгледзеў: не піражок гэта, а кухарка.
    Кінулася кухарка да Усяміла і загаласіла:
    — Ой, выратуй мяне, мілы пастушок! Выратуй!
    А сама фартухом вочы трэ, прытворныя слёзы лье.
    — Смажыла я зайца для пана-кастэляна. А ён згарэў у мяне, абвугліўся ўвесь. Што мне цяпер, гаротніцы, рабіць, дзе зайца ўзяць? Прагоніць мяне ў каўнер кастэлян, сабакамі зацкуе. Выратуй мяне, прадай зайчыка.
    I пастуху манету соўгае.
    «Пастка гэта,— здагадаўся Усяміл.— Хочуць, каб вечарам аднаго зайца не хапіла». Але выгляду не падае і кажа:
    — Схавайце грошы. Зайца я не прадам, не мой ён, а панскі. Але так і быць, выручу вас, а вы за гэта паскачыце мне. Сумна ж цэлы дзень аднаму сядзець ды за зайцамі глядзець.
    Кухарка рада, што ціхоню ашукала і панскі загад выканала. Правай рукой за правы канец зборчатай спадніцы ўхапілася, левай рукой — за левы і давай круціцца, тоўстымі нагамі перабіраць, прытопваць. Быццам мячык, падскоквае, кланяецца на ўсе бакі, кругамі ходзіць.
    Развесяліўся Усяміл, пасмяяўся ўдосталь, а потым і кажа:
    — Ну, хопіць, стаміліся вы. Зараз вам зайца злаўлю. Схапіў першага сустрэчнага зайца і кухарцы падае. Таўстуха зайца да сябе прыціснула, фартухом прыкрыла — выпусціць баіцца і ў замак бяжыць, ад шчасця ног пад сабою не чуе.