• Газеты, часопісы і г.д.
  • Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы

    Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 367с.
    Мінск 1996
    84.66 МБ
    — Ну, гэтаму ropy лёгка дапамагчы! — засмяяўся вандроўнік і ўторкнуў кій у зямлю.
    I ў момант перад ім з’явіліся тры гайдукі.
    — Знайдзіце рыжага салдата, налупцуйце яго і адбярыце ў яго дзівосны цурбан! — загадаў вандроўнік гайдукам.— А за тое, што крадзе, вазьміце ў яго кашалёк з чарадзейнымі гарошынамі.
    — Слухаемся! — дружна адказалі гайдукі і схаваліся ў начной цемры.
    Вогнішча не паспела дагарэць, як гайдукі вярнуліся і прынеслі дзівосны цурбан і кашалёк з трыма чарадзейнымі гарошынамі.
    Я казала, што крадзенае дабро на карысць не ідзе! — сказал дзівосная птушка і рассыпала вакол звонкі пошчак.
    Вандроўнік ад здзіўлення нават кій выпусціў з рук.
    А птушка ўсё спявала і спявала.
    — Аддай мне дзівосную птушку! — пачаў маліць вандроўнік.
    Ясек задумаўся: і з птушкай расставацца шкада, і аддзячыць падарожніка хочацца.
    . — Аддай мне птушку! — угаворваў Ясека вандроўнік.— А ўзамен я табе дам дзівосны кій.
    He ведае Ясек, што і рабіць.
    А птушка, угадаўшы яго думкі, кажа:
    — Я буду прылятаць да цябе ў госці, Ясек! Я ж бачу, што мой новы гаспадар — добры чалавек. Ён ведае, што мяне не ўтрымаць ні ў якіх клетках.
    — Ведаю,— ласкава ўсміхнуўся падарожнік.— Недарэмна цябе клічуць птушкай Шчасце. А шчасце	 вольная птушка, на ланцугу не жыве!
    Падумаў Ясек, падумаў і згадзіўся. Развітаўся ён з падарожнікам, аддаў яму дзівосную птушку і пайшоў дадому.
    Прыйшоў Ясек дадому, а жонка з парога крычыць:
    — Ну, кажы хутчэй, што табе далі за дзівосную птушку?
    Ды вось гэты цурбан! — I Ясек кінуў цурбан на падлогу.
    — Ах ты, дурань! Варта было цягнуць цурбан праз такую далеч! Паглядзі, колькі ў нас на двары такіх цурбаноў валяецца!
    He крычы, Марыся! Лепш дай мне чаго-небудзь паесці.
    — Няма ў мяне для цябе нічога, стары цурбан! Хапіла розуму аддаць птушку за простае палена! Нясі яго назад і без птушкі не вяртайся! — ятрылася Марыся.
    — Ну, не корміш — не трэба! — хітра ўсміхнуўся Ясек і пастукаў па цурбане.
    У той жа момант на цурбане з’явіўся багаты пачастунак.
    — Ну што, жонка? Калі няма ў цябе нічога, садзіся пачастую! — смяецца Ясек.
    Падбегла Марыся да мужа, абдымае яго, цалуе і прымаўляе:
    — Ой, Ясек! Ой, разумнік! Ды як жа ты здабыў такі цуд?
    Ці тое ў мяне яшчэ ёсць, жонка!
    Толькі пачаў Ясек расказваць Марысі аб сваіх прыгодах, у двор зайшоў панскі слуга:
    — Яснавяльможны пан гневаецца на цябе за тое, што ты не прадаў яму дзівосную птушку. Ён вырашыў выгнаць цябе з дому і загадаў тут жа з’явіцца да яго ў замак.
    — Перадай свайму пану, што ад яго замка да маёй хаты столькі ж вёрст, колькі ад хаты да замка. I калі твой яснавяльможны пан хоча мяне бачыць, дык можа сам прыйсці,— адказаў Ясек.
    Слуга перадаў пану ўсё, што сказаў Ясек.
    — Сядлайце мне каня! Я так правучу нахабнага халопа, што ён праглыне свой мярзотны язык! I выкіну яго з дому!
    Прыскакаў пан і з бізуном накінуўся на Ясека.
    Уваткнуў Ясек кій у зямлю, і ў той жа момант перад ім з’явіліся тры гайдукі.
    — Што загадаеш, гаспадар? — спыталі яны.
    — Схапіце гэтага пана, адлупцуйце яго добра, прывяжыце да сядла мацней і ганіце яго разам з канём да самага замка!
    Так гайдукі і зрабілі.
    Пабіты пан напісаў скаргу каралю і прасіў яго пакараць нахабнага халопа. Прачытаў кароль ліст і закрычаў:
    — Што гэта робіцца? Халопы паноў б’юць? Паслаць пану полк салдат на падмогу!
    Стаў пан на чале каралеўскага палка і пайшоў на Ясека. Пад’ехаў пан да Ясекавай хаты, акружыў яе і крычыць:
    — Здавайся, дзёрзкі халоп! А не, дык горш будзе.
    А Ясек выняў з кашалька гарошыны, кінуў іх на зямлю і загадаў:
    — Сып, гарох, салдатамі!
    Упалі гарошыны на зямлю і пачалі дзяліцца — з кожнай палавінкі выскачыла па салдату. А палавінка зноў раздзялілася напалам, і з кожнай палавінкі зноў выскачыла па салдату. I так мноства разоў. Сабралася ля Ясекавай хаты вялізнае войска, і пачалася бітва.
    Каралеўскія салдаты падаюць адзін за адным, а ў Ясека аднаго салдата заб’юць — на яго месца два становяцца. Пад канец бітвы застаўся жывы адзін каралеўскі салдат, ды і той кінуўся наўцёкі. А пан яшчэ ў пачатку бітвы так перапалохаўся, што не паспеў выняць шпагу — памёр ад страху. Убачыў Ясек, што перамога на яго баку, і скамандаваў:
    — Сыпце, салдаты, гарохам!
    I ў момант салдаты перакінуліся ў гарошыны.
    Паклаў Ясек гарошыны ў кашалёк і пасміхаецца:
    — Ну, жонка, цяпер ніхто да нас і носа не паткне.
    А каралеўскі салдат ледзь дабраўся да палаца.
    — Ваша каралеўская вялікасць! — расказаў ён.— Ад усяго палка адзін я ацалеў! У таго Ясека салдат — безліч. Дзе нам з ім дужацца!
    — Лепш, бадай, не чапаць таго халопа,— збаяўся кароль.— А то ён і да мяне дабярэцца.
    Пачалі Ясек з жонкай пад старасць жыць — не тужыць, сабе на асалоду і ўсім людзям на радасць. А дзе пасля іх смерці падзеліся дзівосны цурбан, чарадзейны кашалёк і зачараваны кій, гэтага я не ведаю.
    ПАРТУГАЛЬСКІЯ КАЗКІ
    ЗГУБЛЕНЫ КАШАЛЁК
    Жыў у Алемтэжу багаты купец. Чым больш грошай ён адкладваў у куфар, тым скупейшы рабіўся. Цэлымі днямі толькі аб тым і думаў, як бы нажыцца і кінуць у куфар яшчэ адну жменю залатых манетак.
    Аднойчы ён купіў гурт авечак і прадаў яго з вялікім выйгрышам. Вясёлы, з тугім кашальком у кішэні, купец вяртаўся дахаты з базару. I як было яму не весяліцца! У кашальку пазвоньвалі чатырыста залатых эскуда.
    «На гэтыя чатырыста я зноў куплю авечак і прадам іх за васемсот. Куплю новых і зноў прадам удвая даражэй...» — думаў прагны купец і так разлетуценіўся, што згубіў кашалёк з кішэні.
    Толькі дома ён заўважыў згубу і разам з тугім кашальком ледзь не страціў розум. Усю ноч ён не спаў, уздыхаў і вохкаў, а раніцай пайшоў да ўладара горада, вялікага герцага, і, нізка кланяючыся, пачаў прасіць у яго:
    — О вялікі герцаг, заступнік няшчасных і абаронца ўсіх сумленных людзей! Выручы мяне з бяды, загадай аб’явіць указ: калі хто-небудзь знойдзе кашалёк з чатырмастамі эскуда, няхай прынясе да цябе і з чатырохсот атрымае сорак як узнагароду.
    Герцаг пашкадаваў купца і ў той жа дзень загадаў аб’явіць на плошчы аб згубе і абяцанай шчодрай узнага-
    родзе. А праз тры дні да герцага прыйшла бедная жанчына і аддала яму кашалёк з чатырмастамі эскуда.
    — Твая сумленнасць варта ўзнагароды,— сказаў вялікі герцаг і загадаў паклікаць купца.
    Убачыўшы свой кашалёк, купец высыпаў грошы на стол і з прагнасцю ўзяўся пералічваць залатыя. Іх было роўна чатырыста. Але цяпер купцу не захацелася расставацца з дзесятай доляй грошай.
    — О жанчына! — усклікнуў махляр.— Тут не ўсе грошы! Акрамя гэтых вось чатырохсот эскуда, я паклаў у кашалёк яшчэ чатыры венецыянскія залатыя!
    Жанчына спакойна адказала:
    — Сеньёр купец, калі б я хацела прысвоіць сабе вашы грошы, я ўзяла б увесь кашалёк і не прынесла б яго сеньёру герцагу.
    Усе зразумелі, што яна кажа праўду, але купец працягваў крычаць і лаяць жанчыну.
    Канечне, герцаг здагадаўся, што сквапны купец проста не хоча плаціць абяцанай узнагароды, і загадаў яму:
    — Падыдзі да мяне і дай сюды кашалёк.
    Купец выканаў загад.
    Герцаг спытаў:
    — Ты сцвярджаеш, што ў тваім кашальку былі яшчэ чатыры венецыянскія манеты?
    — Ага, сеньёр герцаг.
    — Чаму ж ты не сказаў мне аб гэтым раней? Ці ты хочаш прысвоіць чужое?
    I, павысіўшы голас, сказаў:
    — Гэты кашалёк не належыць купцу. Я таксама на днях згубіў кашалёк, і ў ім было якраз столькі ж залатых эскуда, але не было ніводнай венецыянскай манеты. Значыць, гэты кашалёк мой.
    Затым, звярнуўшыся да жанчыны, герцаг дадаў:
    — Шаноўная сеньёра, дорыць не той, хто багаты, а той, хто добры,— так кажуць у нас у народзе. Таму вось ты і прынесла сюды гэты кашалёк. Вазьмі ж яго сабе як узнагароду за дабрыню.
    I аддаў жанчыне кашалёк з усімі эскуда.
    А сквапны купец пайшоў ні з чым і надоўга стаў пасмешышчам для ўсяго Алемтэжу.
    СЕЛЯНІН I ТРЫ САВЕТНІКІ КАРАЛЯ
    Жыў калісьці кароль, і былі ў яго тры саветнікі. Яны лічылі сябе самымі мудрымі людзьмі на свеце. Але кароль не вельмі ж верыў мудрасці сваіх саветнікаў і вырашыў іх выпрабаваць.
    Аднойчы кароль паехаў на паляванне і ўзяў саветнікаў з сабой. Па дарозе сустрэўся ім стары селянін, які араў поле. Кароль спыніўся і, зірнуўшы на старога, сказаў:
    — Ох, колькі снегу выпала на вяршыні гары!
    — Самы для гэтага час,— адказаў стары.
    — А колькі разоў згараў твой дом?
    — Два разы, ваша каралеўская светласць.
    — А колькі яшчэ гарэць твайму дому?
    — Тры разы!
    — А што, калі я пашлю табе трох дурнаватых гусей? Ці здолееш ты ашчыпаць іх дагала?
    — Прысылайце колькі хочаце. Ужо я іх ашчыпаю на славу! — засмяяўся селянін.
    Кароль развітаўся са старым і паехаў далей. Неўзабаве ён спытаў у сваіх саветнікаў:
    — Ну, саветнікі, прыйшоў час даказаць вам сваю мудрасць. Адгадайце, аб чым я пытаў у старога і што значаць яго адказы? А калі не здолееце адгадаць, я загадаю вас пакараць смерцю.
    Саветнікі закрычалі навыперадкі:
    — Зараз? Адразу? Гэта немагчыма! Мы павінны спачатку падумаць!
    — Добра! — згадзіўся кароль.— Але калі праз тры дні не адгадаеце, я загадаю вас пакараць.
    Саветнікі перакапалі сотні кніг, але ні ў адной з іх не знайшлі адказу. Тады яны наведаліся да старога селяніна, з якім размаўляў кароль:
    — Скажы нам, стары, што азначалі пытанні караля і твае адказы яму? Мы не пашкадуем узнагароды.
    — Добра, я скажу вам. Але за гэта здыміце ваша каштоўнае адзенне і аддайце яго мне.
    — Навошта табе наша адзенне? — здзівіліся саветнікі.— Мы можам заплаціць грашыма.
    — He,— заўпарціўся стары,— грошы мне не патрэбны.
    Бачаць саветнікі — старога не пераканаеш. Што рабіць, распрануліся яны дагала і пытаюцца:
    — Аб якім снезе на вяршыні гары сказаў кароль, калі вакол усе горы пакрыты квітучымі садамі?
    — Кароль убачыў сівыя валасы на маёй галаве, а я яму адказаў, што яны пабялелі ад старасці.
    — А чаму ты сказаў, што ў цябе двойчы гарэў дом і што яшчэ тройчы будзе гарэць?
    — Кароль спытаў, колькі дачок я выдаў замуж, а я адказаў яму, што дзвюх. Бо выдаць дачку замуж ды даць за ёю добры пасаг каштуе столькі ж, што і адбудаваць дом пасля пажару. А ў мяне засталіся яшчэ тры дачкі. Значыць, гарэць майму дому яшчэ тры разы.
    — А якіх неразумных гусей ён абяцаў табе прыслаць, каб ты ашчыпаў іх дагала?
    — Гэтыя дурнаватыя гусі — вы! — не вытрымаў кароль. Ён тайком рушыў за сваімі саветнікамі і чуў усю размову.