Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы
Выдавец: Юнацтва
Памер: 367с.
Мінск 1996
— Паўкаралеўства ты ўжо атрымаў,— сказаў кароль,— а другую палавіну возьмеш пасля маёй смерці. Таму што прынцы, мае сыны, цяпер самі пра сябе паклапоцяцца.
Ну і ўжо, канечне, на вясельным балі добра паскакалі, усе пілі і елі колькі хацелі.
I я там быў, мёд-піва піў, толькі ніхто мяне не бачыў, і дастаўся мне адзін кавалачак піражка, і я намазаў яго маслам і на печку паклаў. Масла расцяклося, піражок згарэў, так я на вяселлі нічога і не еў.
СУМЛЕННА ЗДАБЫТАЯ МАНЕТА
Жыла-была на свеце бедная жанчына. Жыла яна ў маленькай убогай хатцы на самым ускрайку сяла. Есці ёй не было чаго, печку паліць няма чым, вось і паслала яна свайго маленькага сыночка ў лес па ламачча. На дварэ стаяла халодная асенняя пагода, і хлопчык усю дарогу да лесу бег падскокам, каб хоць трошкі сагрэцца. Кожны раз, паклаўшы ў кашэль галінку альбо корань, хлопчык пляскаў рукамі, таму што ад холаду яны сталі чырвоныя-чырвоныя, рыхтык брусніцы, якія зрэдку трапляліся ў яго пад нагамі.
Назбіраў хлопчык поўны кашэль сухога галля і толькі было хацеў вяртацца дадому, як набрыў на прасеку. I ўбачыў раптам белы патрэсканы камень.
— Бедны старэнькі камень! Які ты белы ад інею! Як жа ты, мабыць, прамёрз! — сказаў хлопчык, зняў з сябе куртку і накрыў ёю камень.
. Прыйшоў дадому, а маці пытаецца ў яго, як гэта ён такім холадам у адной кашулі ў лес хадзіў. Ён і расказаў ёй, як убачыў у лесе стары гарбаты камень, белы ад марозу, і як накрыў яго сваёй курткай.
— Дурань ты гэткі! — кажа яму маці.— Няўжо ты думаеш, камяні мёрзнуць? А калі нават і замёрз твой камень — свая кашуля бліжэй да цела. Вопратка цяпер і так дарагая, а ты яшчэ будзеш раскідваць яе па ўсялякіх камянях! — I яна прагнала хлопчыка зноў у лес па куртку.
Прыйшоў ён на тое месца, дзе першы раз знайшоў камень, і бачыць: камень адным бокам павярнуўся і трошкі прыпадняўся ад зямлі.
— Бядак! Гэта таму, што ты трошкі сагрэўся пад курткай, ці ж не праўда? — сказаў хлопчык.
Але калі ён уважлівей паглядзеў на камень, то ўбачыў пад ім шкатулку, поўную бліскучых сярэбраных манет. «Напэўна, крадзеныя,— падумаў хлопчык.— Ну хто будзе хаваць у лесе пад каменем сумленна заробленыя грошы?»
Узяў ён шкатулку, занёс яе да возера непадалёку ад прасекі і выкінуў у яго грошы. Але адна манетка выпала са шкатулкі і паплыла па вадзе.
— Вось ужо гэта здабыта сумленным шляхам. Манета, якая здабыта сумленна, ні за што не патоне,— сказаў хлопчык, злавіў манетку і, захапіўшы куртку, пашыбаваў дадому. . .
Прыйшоў дадому і давай расказваць маці, як камень прыпадняўся ад зямлі, як ён знайшоў шкатулку, поўную сярэбраных манет, і як выкінуў яе ў возера, таму што грошы напэўна былі крадзеныя.
— Але адна манетка не патанула. Я ўзяў яе, таму што яна здабыта сумленным шляхам,— скончыў хлопчык.
— Ну што за боўдзіла! — зазлавала маці.— Калі б з усіх манет толькі адна была здабыта сумленна, то, значыць, не так ужо многа на свеце сумленнасці. Але хоць бы іх укралі дзесяць разоў запар, ты ж знайшоў іх — а свая кашуля бліжэй да цела. Узяў бы ты гэтыя грошы — жыць бы нам прыпяваючы да канца дзён нашых. Але ты як быў дурнем, так дурнем і застаўся. He жадаю я больш гнуць спіну на цябе! Ідзі на ўсе чатыры стараны і сам зарабляй сабе на хлеб!
I пайшоў хлопчык па беламу свету. Ішоў ён, ішоў і,
куды б ні прыходзіў, усюды прасіўся служыць. «Вельмі ж ужо маленькі ды кволы»,— думалі, гледзячы на яго, людзі і не бралі яго.
Ці доўга, ці коратка ён ішоў, толькі прыйшоў ён на двор да купца. I ўзяў яго купец да сябе на кухню — насіць кухарцы дровы і ваду.
Стаў хлопчык жыць у купца. I вось аднойчы сабраўся купец у іншую краіну, далёка-далёка за мора. Пачаў ён пытаць у слуг, што ім прывезці з заморскай краіны. Кожны сказаў, і вось дайшла чарга да хлопчыка, што цягаў на кухню дровы і ваду. Хлопчык падаў манетку.
— Што ж табе прывезці? — спытаў купец.— Бо многа ж на яе не купіш.
— Купіце тое, што дадуць. Гэта сумленна здабытая манета,— адказаў хлопчык.
Паабяцаў яму купец споўніць просьбу і паплыў.
Разгрузіў купец за морам свае тавары, нагрузіў новыя, накупляў усяго, што абяцаў слугам, і вярнуўся на свой карабель. Хацеў ужо было адплываць ад прыстані і толькі тут успомніў, што хлопчык даў яму манетку, а ён паабяцаў купіць за яе што-небудзь. «Няўжо мне з-за нейкай манеткі зноў вяртацца ў горад? — падумаў купеЧГлупства! Ад такой дробязі толькі лішнія турботы».
Тут адкуль ні вазьміся бабуля з мяшком на спіне.
— Што ў цябе ў мяшку, маці? — пытаецца ў яе купец.
— Усяго толькі кошка. Няма чым мне яе карміць, вось і надумалася я выкінуць яе ў мора, ды і справа з канцом,— адказвае бабуля.
«Хлопчык прасіў купіць тое, што дадуць за яго манетку»,— падумаў купец і спытаў у бабулі, ці не аддасць яна за манетку сваю кошку.
Бабуля не прымусіла сябе доўга ўпрошваць, і купля адбылася.
Толькі адплыў купец ад прыстані, як разгулялася на моры страшная бура. Дзіка завыў вецер, карабель кідала з боку на бок, і купец нават не ведаў, куды нясуць іх уздыбленыя хвалі.
Нарэшце іх прыбіла да берега, і яны апынуліся ў
краіне, у якой купец ніколі раней не быў. Ён адразу ж накіраваўся ў горад. Заходзіць у шынок і бачыць: на кожным стале ляжаць розгі, ля кожнага прыбора па дубчыку. Здзівіўся купец. «Навошта ім столькі розгаў? — падумаў ён.— Пагляджу, што будуць рабіць з імі людзі»,— вырашыў ён і сеў за стол. А калі прынеслі ежу, зразумеў купец, для чаго на кожным стале ляжалі дубчыкі: з усіх шчылін павылазілі тысячы мышэй і накінуліся на ежу. Кожнаму, хто сядзеў за сталом, давялося адбівацца ад іх, размахваючы вакол сябе розгамі. У шынку нічога не было чуваць, акрамя моцнага свісту і стуку, а іншы раз людзі зачаплялі адзін аднаго, і тады ім даводзілася казаць: «Прабачце».
— Цяжка жывецца людзям у гэтай краіне! — сказаў купец.— А чаму б вам не трымаць кошку?
— Кошку? — здзівіліся людзі. Яны нават не ведалі, што такое кошка.
Тады купец прынёс з карабля кошку, якую купіў для хлопчыка, і ўсе мышы ў момант разбегліся, і людзі ўпершыню з незапомных часоў змаглі спакойна павячэраць. Ужо ж і дзякавалі яны купцу! Пачалі яны прасіць яго прадаць ім кошку. He згаджаўся купец, а потым усё ж паабяцаў саступіць ім кошку, але запатрабаваў за яе сотню талераў. Яны ахвотна заплацілі, ды яшчэ тысячу разоў дзякавалі купцу.
I зноў купец рушыў у шлях-дарогу. Але не паспеў ён выбрацца ў адкрытае мора, глядзіць — на грот-мачце сядзіць кошка! А хутка зноў разбушавалася на моры бура, яшчэ мацнейшая за першую, і карабель кідала з боку на бок і гнала па хвалях, пакуль нарэшце не прыгнала да краіны, у якой купец ніколі раней не быў.
Зноў купец пайшоў у шынок і зноў убачыў на сталах розгі. Але тут яны былі куды большыя і даўжэйшыя. Ды яно і зразумела: мышэй у шынку валтузілася цэлая процьма, і былі яны буйнейшыя за тыя, што ён бачыў першы раз.
Зноў прадаў купец кошку і зноў узяў за яе сто талераў. I зноў не давялося яму доўга цанавацца.
Паплыў купец далей. Толькі выйшаў у адкрытае мора, глядзіць, а кошка тут як тут: сядзіць сабе на грот-
мачце. I зноў разгулялася бура, і хвалі гналі карабель да таго часу, пакуль не прыбіла яго да краіны, у якой купец ніколі раней не быў.
Прайшоў ён зноў у шынок. I тут таксама на сталах ляжалі розгі, але кожная розга была ў паўтара аршына даўжынёй, а таўшчынёй з маленькую мяцёлку. Купцу расказалі, што паесці для жыхароў гэтай краіны — вялікая пакута: тысячы вялізных мярзотных пацукоў накідваюцца на ежу, і людзям ледзь удаецца вырваць у іх акрайчык і кінуць сабе ў рот.
Прынёс купец кошку з карабля, і жыхары краіны ўздыхнулі з палёгкай. Пачалі яны ўпрошваць купца прадаць ім кошку. Доўга не згаджаўся купец, але нарэшце абяцаў прадаць кошку і запатрабаваў за яе трыста талераў. Яны з радасцю згадзіліся, не перастаючы дзякаваць і бласлаўляць купца.
I зноў рушыў купец у шлях-дарогу. «Колькі ж грошай зарабіў хлопчык на манеце, што паслаў са мной? — раздумваў ён.— Ну што ж, давядзецца аддаць яму малую крыху, але, канечне, не ўсё. Бо гэта я купіў яму кошку. Свая кашуля бліжэй да цела».
Толькі ён гэта падумаў, як разгулялася на моры бура, ды такая моцная, што ўсім пачало ўжо здавацца, што карабель вось-вось пойдзе на дно. Скумекаў купец, што нічога іншага яму не застаецца, як паабяцаць вярнуць хлопчыку ўсе грошы. I праўда: варта было яму гэта зрабіць, як бура сціхла, і карабель на ўсіх ветразях памчаўся па моры.
Вярнуўся купец дадому і аддаў хлопчыку пяцьсот талераў ды сваю дачку ў прыдачу. Таму што цяпер хлопчык, які цягаў дровы і ваду на кухню, стаў юнаком і багатым, як сам купец.
I пачаў ён жыць-пажываць ды дабро нажываць. А маці сваю ўзяў да сябе і заўсёды быў добры да яе.
— He веру я,— казаў ён,— што свая кашуля бліжэй да цела.
ПОЛЬСКІЯ КАЗКІ
ПАСТУХ, ЯКІ ТЫСЯЧУ ЗАЙЦОЎ ПАСВІЎ
Даўно гэта было, яшчэ ў часы татарскіх набегаў. Хмарай наляталі татары з паўднёвых стэпаў і, быццам паводка, залівалі польскія землі. Нікому ад іх не было ратунку. Вёскі і гарады знішчалі яны агнём, старых і дзяцей забівалі, а маладых у ясыр — у палон — забіралі.
3 татарскай няволі рыцараў выкуплялі каралі, багатыя гараджане — сваіх родных, а сялян хто выкупіць? Вось і заставаліся яны ў палоне-няволі, пакуль смерць не выкупіць. Хіба што ўцячы пашанцуе.
Пашчасціла Усямілу — уцёк ён з татарскага палону.
Колькі дзён, колькі начэй ішоў ён на радзіму — не пералічыць! Дажджы палівалі яго, сонца пякло, вецер наскрозь працінаў, халадаў ён і галадаў.
Але яму ўсё нішто. Пратаптанымі дарогамі ідзе, глухімі сцежкамі, стэпам раздольным, лесам дрымучым: сум па дому гоніць яго наперад. I здаецца яму, нідзе такой залатой пшаніцы няма, пагоркаў такіх прывольных, ручаёў серабрыстых, як у родным краі, дзе Вісла цячэ.
Вось прабіраецца ён бяскрайняй прыкарпацкай пушчай. Вакол лес ды лес, ні адзінай жывой душы. На парванай світцы — пыл чужадалёкіх дарог, за спінай
торба пацёртая, а ў торбе ўсё яго багацце: акраец хлеба, кварта з малаком — добрых людзей міласціна ды жменька манет, што на дарозе знайшоў.
Ідзе, ягады збірае і есць, а хлеб ды малако не чапае, напаследак пакідае, калі голад зусім дойме.
Раптам з-за дрэва дзядок выходзіць. Згорблены, барада сівая, кіем падпіраецца.
— Добры дзень, вандроўнік!