Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы
Выдавец: Юнацтва
Памер: 367с.
Мінск 1996
Ужо поўная хаціна звярамі напхана, але тут заяц на агеньчык прыбег. Як яго, беднага, не пусціш? I лісіца, якая зусім ужо сябе адчувала гаспадыняй, пярэчыць не стала. Тым болей што заяц мяса зусім не есць. Яму качкі не трэба.
Так яны ўсе разам у цяпле і перазімавалі. А як пацяплела, наважыліся звяры ў лес вяртацца. Думала, думала лісіца, як ёй аддзякаваць удовінага сына, і прыдумала. Вырашыла яна яго ажаніць з царскай дачкой. Пасмяяўся з яе ўдовін сын:
— Як жа гэта я, бядняк, сабе за жонку вазьму царскую дачку?
— А гэта ўжо наш клопат,— сказала лісіца.
Паклікала яна мядзведзя, ваўка, арла, зайца і сказала ім:
— Гаспадар нас усю зіму абаграваў і карміў. А за дабро дабром трэба плаціць. Пойдзем на царскі двор. Украдзем царскую дачку і ажэнім з ёй нашага гаспадара.
Лёгка сказаць, а як зрабіць? Але хітрая лісіца і аб гэтым падумала. Яна здабыла плуг, запрэгла ў яго ваўка і мядзведзя, быццам валоў. Сама прыкінулася аратым, а зайца прыставіла валоў паганяць. I так рушылі яны да царскага двара. Арол кружыўся над імі і выглядваў зверху царскую дачку.
Пад’ехалі яны да царскага двара, а вароты на замку. Тады заяц праціснуўся ў шчыліну, адчыніў вароты і ўпусціў звяроў. Пачалі яны царскі двор араць, быццам поле. Цар выглянуў у акно і здзівіўся.
— Глядзі! — крыкнуў ён царыцы.— Вось дык цуд! Звяры аруць.
Усе выбеглі на двор. Глядзяць, галовамі хітаюць, пальцамі паказваюць, смяюцца. I царэўна тут жа. Каменем упаў на яе арол, схапіў кіпцюрамі і панёс. Войкнула царыца, закрычала. Пачаўся тут перапалох. А лісіца, воўк, мядзведзь і заяц тым часам уцяклі.
Пачала жыць царэўна ў хаціне ўдовінага сына. Спачатку ўсё звяроў баялася, а як убачыла, што ўдовін сын іх любіць, таксама да іх прывыкла. Занялася царэўна гаспадаркай — прыбірала ў хаціне, абед варыла. I так атрымалася, што замест лісіцы гаспадыняй стала.
Між тым цар загадаў аблазіць усю даліну, абшукаць увесь лес, агледзець кожнае дрэва, перавярнуць усялякі камень. Таму, хто знойдзе царэўну, ён абяцаў вялікую ўзнагароду. А царскае слова далёка чуваць, хутка бяжыць. Дайшло яно і да тых людзей, што жылі недалёка ад хаціны.
Так цар даведаўся, дзе схавана царэўна. Паслаў ён вялікае войска. Але арол, які лятаў высока ў небе, яшчэ здалёк убачыў царскіх воінаў. А лісіца адправіла хутканогага зайца збіраць па навакольных лясах усіх мядзведзяў, ваўкоў, лісіц. Накінуліся звяры на царскае войска. Арлы зверху дзяўбуць. Ваўкі рвуць на шматкі. Мядзведзі ў ахапак і кідаюць на зямлю. А зайцы пішчаць і пад нагамі блытаюцца. Так і разагналі ўсё незлічонае войска.
Зразумеў цар, што сілай яму не справіцца. Пайшоў ён да старой чарадзейкі. Паабяцаў ён ёй вялікае багацце і папрасіў рады. Абяцала чарадзейка дапамагчы цару.
Яна ўзяла вялікі гліняны збан і пайшла да хаціны. Выбрала бабуля час, калі царэўна засталася дома адна, і пастукалася ў дзверы.
— Дай мне што-небудзь паесці, дачушка,— пракрахтала яна.
Царэўна накарміла яе і паклікала ў хаціну адпачыць. Зайшла бабуля, агледзелася і загаласіла:
— Шчаслівая ты, дачушка, у доме жывеш, прасторна ў цябе і цёпла. А як мне і ў дождж, і ў холад у простым збане жыць!
Здзівілася царэўна, як гэта можна ў збане жыць. Пайшла паглядзець. Заглянула яна ў збан, а старая чарадзейка піхнула яе туды. Уздрыгнуў збан, закруціўся, быццам ганчарны круг, падняўся ў паветра і панёс царэўну на царскі двор. Дамогся цар свайго.
Але лісіцу не так проста перахітрыць. Даведалася яна пра старую чарадзейку і адразу здагадалася аб усім. Зноў запрэгла яна ваўка і мядзведзя ў плуг і паехала на царскі двор. На гэты раз цар не дазволіў дачцэ выйсці з дому. Але як толькі яна высунулася з акна, арол падхапіў яе і панёс.
Зразумеў тады цар, што не справіцца яму з хітрай лісіцай. Згадзіўся ён аддаць царэўну за беднага ўдовінага сына, адно каб жыла яна з ім у палацы.
У адзін цудоўны дзень спынілася перад хацінай царская карэта. Селі ў яе ўдовін сын з царэўнай і паехалі ў палац вяселле гуляць. Арол ляцеў над імі. А воўк, мядзведзь, лісіца і заяц услед беглі. Так і пачалі яны жыць усе на царскім двары. Жывуць там і да гэтага часу, калі жывыя.
МАЛДАЎСКІЯ КАЗКІ
ДЗІВОСНЫ СКАРБ
Жыў калісьці на свеце адзін чалавек. У яго былі тры сыны. Быў той чалавек старанны і працавіты, ніколі без справы не сядзеў. Працаваў ён з раніцы да позняга вечара, не ведаючы стомы. Усюды паспяваў.
Сыны ў яго былі рослыя, прыгожыя, дужыя, а працаваць не любілі.
Бацька і на полі, і ў садзе, і дома шчыраваў, а сыны сядзелі пад дрэвамі ў цяньку і малолі языкамі або хадзілі на Днестр рыбу лавіць.
— Што ж вы не працуеце ніколі? Чаму бацьку не дапамагаеце? — пыталіся ў іх суседзі.
— А навошта нам працаваць? — адказвалі сыны.— Пра нас бацька клапоціцца!
Так яны і жылі год за годам.
Сыны выраслі, а бацька пастарэў, саслабеў і ўжо не мог працаваць як раней. Запусцеў у іх сад каля дома, зарасло поле' пустазеллем.
Бачаць гэта сыны, а працаваць не хочуць.
— Што ж вы, сынкі, без справы сядзіце? — пытаецца бацька ў іх.— Пакуль я быў малады, я працаваў, а цяпер ваш час прыйшоў.
— Паспеем яшчэ папрацаваць,— кажуць у адказ сыны.
Крыўдна стала старому, што сыны ў яго такія гультаі. Захварэў ён з гора і злёг.
Тут ужо сям’я зусім у беднасць прыйшла. Сад увесь зарос, адзічэў, выраслі ў ім крапіва ды лебяда, так што з-за іх нават дома не было відаць.
Аднойчы паклікаў стары сваіх сыноў і сказаў ім:
— Ну, сынкі, прыйшоў мой смяротны час. Як вы цяпер без мяне жыць будзеце? Працаваць вы не любіце і не ўмееце.
Сціснуліся ў сыноў сэрцы, заплакалі яны.
— Скажы нам, бацька, што-небудзь напаследак, парай што-небудзь! — папрасіў старэйшы брат.
— Добра! — сказаў бацька.— Адкрыю я вам адну тайну. Усе вы ведаеце, што я і нябожчыца ваша маці працавалі не складаючы рук. За доўгія гады сабралі мы для вас багацце — гаршчок з золатам. Закапаў я гэты гаршчок каля дома, толькі не помню, у якім месцы. Шукайце мой скарб, і тады будзеце вы жыць, не ведаючы галечы.
Развітаўся бацька з сынамі і памёр.
Пахавалі сыны старога, пагаравалі. Потым старэйшы брат сказаў:
— Што ж, браты, прыйшлі мы ў вялікую беднасць, нам няма за што нават хлеба купіць. Помніце, што бацька перад смерцю казаў? Давайце шукаць гаршчок з золатам!
Узялі браты рыдлёўкі і пачалі капаць каля самага дома невялікія ямкі.
Пакапалі яны, пакапалі, але знайсці гаршчок з золатам не змаглі.
Тады сярэдні брат кажа:
— Браты! Калі мы так будзем капаць, то ніколі не знойдзем бацькоўскага скарбу. Давайце раскапаем усю зямлю вакол нашага дома!
Браты згадзіліся. Зноў узяліся за свае рыдлёўкі, ускапалі ўсю зямлю, але гаршка з золатам так і не знайшлі.
— Эх! — кажа малодшы брат.— Давайце ўскапаем зямлю яшчэ раз, ды як глыбей! Можа, бацька закапаў гаршчок з золатам глыбока.
Згадзіліся браты. Вельмі ўжо ім хацелася адшукаць бацькоўскі скарб!
Зноў узяліся ўсе за работу.
Капаў-капаў старэйшы брат, раптам наткнулася яго рыддёўка на штосьці вялікае і цвёрдае. Затрымцела ў яго сэрца, зарадаваўся ён, клікнуў сваіх братоў:
— Хутчэй да мяне: я бацькоўскі скарб знайшоў!
Прыбеглі сярэдні і малодшы браты, пачалі дапамагаць старэйшаму.
Працавалі, працавалі і выкапалі з зямлі не гаршчок з золатам, а цяжкі камень.
Крыўдна ім стала, яны і кажуць:
— Што ж нам з гэтым каменем рабіць? He пакідаць жа тут. Занясём яго далей ды кінем у яр!
Так яны і зрабілі. Прынялі камень — і зноў зямлю раскопваць. Цэлы дзень працавалі, пра яду, пра адпачынак забылі! Перакапалі яшчэ раз усю зямлю. Зямля стала пульхнай і мяккай. А гаршка з золатам так і не знайшлі.
— Што ж,— кажа старэйшы брат,— раскапалі мы зямлю — не пуставаць жа ёй! Давайце пасадзім на гэтай зямлі вінаград.
— Правільна,— кажуць браты.— Хоць марна не прападзе наша праца.
Пасадзілі яны вінаградную лазу і пачалі даглядаць яе.
He багата часу прайшло, разросся ў іх вялікі ды цудоўны вінаграднік. Выспелі сакавітыя, салодкія гронкі.
Сабралі браты вялікі ўраджай. Пакінулі сабе колькі трэба, а астатняе прадалі — багата грошай атрымалі.
Тады сказаў старэйшы брат:
— Недарэмна мы раскапалі ўсю нашу зямлю: знайшлі мы ў ёй каштоўны скарб, пра які нам перад смерцю бацька казаў!
КУХАР I ПАН
Аднойчы пан, едучы ў карэце гуляць, загадаў кухару засмажыць да яго вяртання гусь.
— Але калі паблытае цябе нячысцік з’есці хоць
кавалачак, загадаю я звязаць цябе па руках, па нагах і столькі кіёў адлічыць, каб надалей не панадна было і думаць пра мяса.
— Зразумела, паночку.
— Глядзі ж: калі зразумела, дык зразумела; і да майго прыезду каб гусь была гатова, не гарачая, не халодная, а ў самы раз на страўнік галодны.
Узяўся кухар за справу, засмажыў гусь на славу, румяная, духмяная — у самога слінкі цякуць.
Трываў ён, трываў, ды не стрываў, адрэзаў ножку гусіную ды і з’еў.
Прыехаў пан і, убачыўшы, што гусь без адной нагі, ледзь не лопнуў ад злосці і гневу.
— Вось, значыць, які ты скнара! А ці не загадваў я табе не датыкацца да гусі?
— Але ж гусь цэлая, паночку.
— А ножку хто з’еў?
— Паночку, у гусі была толькі адна ножка.
— Ды што ты плявузгаеш, дзе гэта бачана, каб гусі аднаногімі былі! — усклікнуў пан, аплятаючы смажанае мяса.
— He верыш, паночку, пойдзем на сажалку, паглядзім.
— Добра, але калі не так, то я ўжо ведаю, што з табой рабіць.
Пайшлі на сажалку. Ці доўга ішлі яны, ці хутка, вось і на бераг выйшлі. Сонца прыпякала, дзень быў цудоўны, і гусі стаялі ўсе на адной ножцы, дзюбамі крылы тузалі, прыхарошваліся.
— Ну вось, паночку, бачыш, гусі ўсе аднаногія.
А пан як плясне ў далоні, ды як закрычыць: хышш... халя... халя... халя...
Страпянуліся гусі, спалохаліся і разбегліся па беразе хто куды.
— Бачыш, у іх у кожнай па дзве нагі?
— Дык што ж, паночку... чаму ж ты не крыкнуў і той гусі: хыш... халя... халя... халя?!
Глядзіць на яго пан, а сказаць няма чаго. Прамаўчаў і з таго часу больш не загадваў кухару не каштаваць тое, што гатаваў.
НЯМЕЦКІЯ КАЗКІ
ТРЫ МАТЫЛЬКІ
Жылі-былі тры матылькі — белы, чырвоны і жоўты. Усе дні навылёт толькі і клопату ў іх было, што гуляць ды танцаваць. Асабліва калі сонца прыгравала. Пырхаюць матылькі з кветкі на кветку, з адной на другую. Вось дзе весела! Але аднойчы пайшоў праліўны дождж. Вымаклі матылькі і пачалі шукаць, дзе б схавацца. А дождж усё лье.