Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы
Выдавец: Юнацтва
Памер: 367с.
Мінск 1996
Брыдуць па дарозе жабракі. Павадыр і кажа:
— Што ж зараз робяць нашы маладыя?
— Сядзяць яны пад грушавым дрэвам, а малады Стэфан плача горкімі слязамі. Ды так моцна, што ўвесь жончын фартух наскрозь прамок,— адказаў стары.
— Чаго ж так горка плача Стэфан? — здзівіўся павадыр. .
— Браты атрэслі яго грушы, прадалі, а грошы паміж сабой пачалі дзяліць. Ды ў прыдачу яшчэ ў спешцы і галінку яго на грушы адламалі! А зараз паміж сабой б’юцца — ніяк грошы падзяліць не могуць. I не падзяліць іх ім да канца сваіх дзён!
— Дрэнна будзе нашым маладым! — пахітаў галавой павадыр.
— He будзе ім больш дрэнна! — усміхнуўся стары жабрак.— Дам я ім і хату, і зямлю, і жывёлу. Будзе ў іх не дом — поўная чаша. Будзе ў іх усё, што душы зажадаецца.
I ён стукнуў тройчы посахам аб зямлю і сказаў:
— Няхай збудзецца ўсё, што сніцца зараз Стане і Стэфану!
— Шаноўны! Ты вялікі чараўнік, а я толькі твой вучань. Навошта даваць так многа? Кажуць, багацце псуе людзей.
— Ты яшчэ толькі вучань і яшчэ не навучыўся чытаць у чалавечых сэрцах. Пражывеш з маё — навучышся!
...Прачнуўся Стэфан і бачыць: ляжыць ён на мяккай пасцелі, а ў галавах дрэмле яго Стана ў шлюбным уборы.
— Прачніся, Стана, прачніся!
Усхапілася Стана, агледзелася па баках і вачам сваім не верыць. Стаяць яны ў новым доме, куфры поўныя дабра; выйшлі з хаты — у хляве рыкае жывёла, на полі жыта калосіцца.
— Ой, Стэфан! Глядзі, колькі дабра! I ўсё гэта наша! А толькі што мы былі жабракамі.
— Вось таму паўз наш двор не можа прайсці цяпер ні адзін бедны чалавек. Кожнага мы павінны накарміць, прытуліць і даць чыстую вопратку.
— Быць па-твойму! — згадзілася Стана.
Прайшоў год. Неяк чараўнік са сваім вучнем ішлі паўз дом Стэфана.
— Давай, шаноўны, зойдзем да Стэфана. Паглядзім, ці не сапсавала яго багацце.
— Зойдзем! — згадзіўся чараўнік, тройчы стукнуў сваім посахам аб зямлю і перакінуўся ў запыленага беднага вандроўніка.
А вучань стаў павадыром. Зайшлі яны ў дом Стэфана. А Стэфан быў на паляванні.
— Добры вечар, гаспадыня!
— Дзякуй на добрым слове!
— Прытулі нас, гаспадыня, на ноч! Стаміліся мы, ногі больш не ідуць.
— Заходзьце, заходзьце! — замітусілася Стана.— Сядайце за стол, я зараз вас накармлю.
Разаслала Стана белы абрус, паставіла на стол хлеб і розны пачастунак.
— Ешце на здароўе! — сказала яна і кінулася ў свае клопаты.
Выняла Стана з куфра чысты мяшок, напхала яго свежай саломай і падрыхтавала пасцель. А калі падарожнікі наеліся, сказала:
— Цяпер, добрыя людзі, кладзіцеся спаць. Вы, напэўна, стаміліся. Вось вам пасцель.
— Што ты, гаспадыня, не трэба! Мы ляжам на падлозе, галаву на парог пакладзем. Дзе нам у пасцелі спаць! У нас вопратка брудная.
— А ў мяне вады ўдосталь! Здымайце бруднае, я памыю. А пакуль наце вам чыстае адзенне.
Выняла Стана з куфра чыстае адзенне. Вандроўнікі пераапрануліся, але так і не леглі ў пасцель, а прыткнуліся на падлозе каля парога, паклалі пад галовы жабрацкую торбу і заснулі.
Вярнуўся з палявання Стэфан, калі сцямнела. Зайшоў у хату, спатыкнуўся.
— Хто тут на падлозе ляжыць?
— Гэта вандроўнікі,— адказала Стана.
— Чаму ты іх на ложак не паклала? — раззлаваўся Стэфан.
— Ды яны не захацелі.
Пачаў Стэфан будзіць вандроўнікаў:
— Добрыя людзі! Кладзіцеся на ложак! Нядобра гасцям спаць на падлозе, а гаспадарам у пасцелях.
Будзіў Стэфан вандроўнікаў, будзіў, ды так і не дабудзіўся.
Раніцай вандроўнікі развіталіся з гаспадарамі, падзякавалі за начлег і пайшлі. Пачала Стана месці падлогу і наткнулася на жабрацкую торбу.
— Ой, Стэфан, бяда! Забылі вандроўнікі торбу!
Схапіла Стана торбу і падняць не можа — такая цяжкая. Зазірнула ў торбу — а ў ёй поўна грошай!
— Ой, муж! Глядзі, колькі грошай у торбе! Бяры яе ды бяжы за вандроўнікамі. Яны, мабыць, усё жыццё збіралі гэтыя грошы. Колькі ім давялося зямлі абысці, колькіх людзей прасіць! Бяжы, даганяй іх хутчэй!
Пабег Стэфан, а вандроўнікаў і след прастыў. Сеў Стэфан на камень і заплакаў.
— Што цяпер будзе з беднымі людзьмі? Ах, гора, гора найвялікае!
— He плач, Стэфан, не патрэбны нам гэтыя грошы. Вазьмі іх сабе — яны вам спатрэбяцца,— пачуўся аднекуль голас чараўніка.— Я быў тваім сватам, я падарыў табе дом і ўсё дабро. Гэта я начаваў у цябе ўчора. Прымі ж мой апошні падарунак і заўсёды заставайся такім, якім ты быў да гэтага часу.
Стэфан азфнуўся і... нікога не ўбачыў. Толькі лёгкае воблачка пылу доўга кружылася ў паветры.
Стэфан і Стана пражылі да глыбокай старасці. Пра многіх людзей забылі, а добрых Стэфана са Станай і зараз успамінаюць.
ЛЕКАР ТОДЭРАШ
Жыў-быў, расказваюць, бядняк, і было ў яго тры сыны. Як старэйшых называлі, не помню, а меншага звалі Тоадэр, або проста Тодэраш. Выраслі сыны, узмужнелі, пачалі на паляванне хадзіць, ды так прыахвоціліся, што дома іх не ўтрымаеш, цэлымі днямі па лясах гойсаюць.
Вось аднойчы налучылася ім у лесе заначаваць. Сышлі яны з дарогі, развялі цяпельца пад вялікім дрэвам, пачалі вячэраць ды раду трымаць.
I вырашылі, што двое спаць лягуць, а адзін стане пры дарозе на варце.
A то ўсё можа быць: пройдзе міма нядобры чалавек, на іх, сонных, нападзе ды стрэльбы забярэ.
Сказана — зроблена.
Два малодшыя спаць леглі, а старэйшы зарадзіў стрэльбу і накіраваўся на варту. Стаіць ён, стаіць і роўна апоўначы чуе — колы стукаюць. Месяц свеціць ярка, і відаць — едзе чацвёрка вараных, брычку вязе.
— Стой, хто там? — крычыць старэйшы брат.
Толькі з брычкі ніхто яму не адказвае.
Другі раз крычыць — зноў няма адказу. Трэці раз крычыць старэйшы брат:
— Стой, а не дык курок спушчу!
I ў адказ чуе:
— Пачакай, не страляй. Пад’едзем — спынімся.
He стаў ён страляць.
Параўнялася з ім брычка і спынілася.
У ёй двое сядзяць. Адзін падаў хлопцу паляўнічы рог з такімі словамі:
— Вазьмі гэты рог. Калі будзе табе блага — пратрубі ў яго, і збярэцца вакол цябе раць незлічоная, зямля ходырам заходзіць. А ў другі канец падзьмеш — і няма нікога.
Сказаў, коней сцебануў, паехала брычка.
А старэйшы брат вырашыў рог выпрабаваць: у адзін канец падзьмуў — адкуль ні вазьміся, з’явілася раць незлічоная. У другі падзьмуў — быццам нікога і не было.
Як пачало світаць, разбудзіў ён братоў і пытаецца:
— Ці моцна, браткі, спалі-адпачывалі?
— Моцна спалі, браток. А ты ці не бачыў, ці не чуў чаго? Або цябе таксама сон змарыў?
— Дзе гэта бачана, каб дазорца заснуў? Я вачэй не змружыў, нічога не бачыў, нічога не чуў.
Распалілі цяпельца, падсмажылі зайчаціны, перакусілі і ў дарогу выправіліся.
Цэлы дзень праблыталіся, думалі з лесу выйсці. А пад вечар — што за дзівосы? — апынуліся на тым жа месцы, адкуль раніцай выйшлі.
Рабіць няма чаго, давялося зноў на начлег уладкоўвацца.
Цяпельца развялі, павячэралі і вырашылі зноў дазор выставіць. Настала чарга сярэдняга брата.
А роўна ў поўнач загрукалі колы і паказалася брычка, запрэжаная чацвёркай вараных.
— Стой, хто там? — крычыць сярэдні брат. А адказу не чуваць.
Другі раз крыкнуў — маўчаць. Крычыць ён трэці раз:
— Стой, курок спушчу!
— Пачакай, не страляй! — адказваюць з брычкі.— Пад’едзем — спынімся.
Ён не стаў страляць. Пад’ехалі двое ў брычцы, і адзін працягнуў хлопцу тугі кашалёк.
— Вазьмі,— кажа.— Кашалёк гэты не просты. 3 яго колькі ні бяры, усё не вычарпаеш.
Далі кашалёк, і іх як быццам бы не было.
А сярэдні брат думае: ці няма тут падману? Высыпаў жменю залатых — глядзіць, а кашалёк зноў набіты ўкоптур. Вось было хлопцу радасці!
Як пачало світаць, разбудзіў ён братоў, загадаў снеданне гатаваць: ён, бачыце, ноч не спаў, ад голаду жывот падвяло.
— Ты, можа, што бачыў? — пытаюцца браты.
— Ды не, не давялося. Хаця я ўсю ноч вочы выпяльваў, заснуць баяўся. Самы час паесці і ў дарогу рушыць. Можа, выберамся цяпер з гушчару.
Сказана — зроблена.
Цяпельца развялі, мяса на вугалях спяклі, наеліся дасыта і пайшлі нацянькі па лесе — прасветліну шукаць.
Ідуць яны, ідуць, а вакол усё гусцей, усё цямней. I пад вечар зноў яны на тым жа зачараваным месцы апынуліся.
Зноў развялі цяпельца, за вячэру ўзяліся. Пасля старэйшыя браты спаць леглі, а малодшы, Тодэраш, заступіў на варту, яго чарга прыйшла.
Да самай апоўначы прастаяў ля дарогі, люлькай дыміў.
Роўна ў поўнач грук пачуўся. Тодэраш стрэльбу ўзяў напагатоў, вочы навастрыў, бачыць: едзе брычка, запрэжаная чацвёркай вараных.
— Стой, хто там? — аклікае Тодэраш.
I, не дачакаўшыся адказу, яшчэ раз голас падае.
А брычка ўсё бліжэй.
Узвёў Тодэраш курок і крычыць апошні раз:
— Стой, a то курок спушчу!
А яму ў адказ:
— Пачакай, не страляй. Пад’едзем — спынімся.
He стаў Тодэраш страляць. А брычка і сапраўды пад’ехала да яго і спынілася.
У брычцы — двое сядзяць. Адзін падае Тодэрашу капялюш і кажа:
— За тое, што ты нас паслухаўся, страляць не стаў, вазьмі сабе гэты капялюш. Ён не просты: надзень яго, скажы: «Гоп! Гоп!», і ён невідзімкам цябе зробіць і куды хочаш перанясе, хоць за царскі стол. Можаш з царом і з вяльможамі побач сесці, піць, есці і ніхто цябе не
заўважыць.
Сказаў — і шлёгнуў коней.
А Тодэраш стаіць — вачам не верыць. Вось насунуў ён капялюш на галаву і кажа:
— Гоп! Гоп! Хачу да цара на пачастунак!
Вокам міргнуць не паспеў — а ён ужо ў царскіх палатах. Банкет на ўвесь свет: прыехалі да цара сваты, яго дачку сватаць. Тодэраш таксама за стол сеў, пачаў піць, есці ды па баках глядзець, балазе яго ж ніводная душа не бачыла.
Царэўна хлопцу спадабалася, маляваная красуня.
Адно вельмі непаслухмяная. Вазьмі ды аб’яві сватам: за таго толькі замуж пойдзе, хто з ёю ў карты гуляць сядзе і не прайграецца.
Тодэраш слухаў ды на вус матаў.
Наеўся, напіўся і мовіць:
— Гоп! Гоп! Хачу назад да братоў!
I зараз жа ў лесе апынуўся. Як развіднела, збудзіў Тодэраш братоў.
— Ці не бачыў чаго ноччу? — пытаюцца яны ў яго.
— He, усё ціха, спакойна было,— адказвае Тодэраш.
Пайшлі браты па лесе, блыталіся-блыталіся, нарэшце ў нейкую вёску выйшлі.
Там старэйшыя браты знайшлі сабе нявест, пажаніліся, пачалі сваім домам жыць. Адзін Тодэраш у халасцяках застаўся.
I вырашылі браты адзін аднаму прызнацца: паказаць, што кожны з іх ад невядомых падарожнікаў у дарунак атрымаў. Пахваліліся, а Тодэраш і кажа сярэдняму брату:
— У цябе, браток, жонка ёсць, а ў мяне няма. А царская дачка, я чуў, за таго замуж пойдзе, хто з ёю ў карты на грошы гуляць будзе і не прайграецца. Давай мяняцца: ты мне кашалёк, я табе — капялюш. 3 тваім кашальком ніколі не збяднееш. Ажанюся з царэўнай, вас абодвух генераламі зраблю.