• Газеты, часопісы і г.д.
  • Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы

    Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы


    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 367с.
    Мінск 1996
    84.66 МБ
    У лютага цара быў вараны конь, ды такі наравісты, якіх свет не бачыў. He тое каб аб’ездзіць, але і падысці да яго ніхто не адважваўся. Жыла ў царскім палацы адна знахарка, хітрая кабета. Аднойчы спытаў у яе цар, як аб’ездзіць каня. А яна яму ў адказ:
    — Як аб’ездзіць? А загадай, васпан, сваім баярам звіць аркан з пяску. Заарканіш свайго варанога каня пясочным арканам, стане ён рахманей за авечку.
    Склікаў цар усіх баяраў і абвясціў сваю волю:
    — Заўтра ж прынясіце мне аркан з пяску. А калі з’явіцеся ў палац без аркана, я вас усіх да аднаго пакараю смерцю.
    Разышліся баяры, апусціўшы галовы. Ніхто не разумеў, як гэта можна звіць аркан з пяску. Сярод баяраў быў і той, хто выратаваў ад смерці свайго бацьку. Вярнуўся ён дадому, а стары ў яго і пытаецца:
    — Чаго зажурыўся, сынок?
    Баярын расказаў, якога клопату задаў цар.
    — Толькі і ўсяго? — кажа стары.— Ну, табе баяцца няма чаго. Заўтра раніцай, калі вы ўсе зберацеся ў палацы, цар у вас спытае: «Дзе аркан?», а ты яму адкажы: «Цар-васпан, мы гатовы звіць аркан з пяску, ды не ведаем, які табе патрэбны — ці тоўсты, ці тонкі. Дай нам узор».
    Сын ухапіўся за бацькаву параду. На другі дзень выслухаў цар разумную адгаворку, нахіліў галаву і кажа:
    — Што праўда, то праўда, трэба б вам даць узор, ды толькі яго ўзяць няма дзе.
    I не стаў цар баяраў смерцю караць.
    У тое лета налучылася вялікая засуха, якой на зямлі яшчэ ніколі не было. Усё выгарала — і трава, і збажына. Свірны апусцелі, ні зярняці не засталося на насенне. Спалохаліся людзі — не памерці б з голаду! Цару таксама турбота немалая. Склікаў ён зноў сваіх баяраў і загадвае:
    — Слухайце царскае слова! Заўтра ж прыйдзіце ў палац і скажыце мне, дзе ўзяць збожжа для сяўбы. А не — дык я з вас усіх галовы паздымаю.
    Выйшлі ад цара баяры самі не свае. Як быць? Нідзе ні зярняці — як вымецена! I вось бачыць стары — той, што жыў у тайніку,— сын яго зноў зажурыўся. Пачаў ён сына распытваць, а той яму ў адказ:
    — Ну, бацька, на гэты раз і ты мне не дапаможаш.
    — Чаму?	.
    — Ды таму, што на ўсёй нашай зямлі няма ні зярнятка, а цар загадаў нам, баярам, заўтра ж далажыць яму, дзе знайсці насенне для сяўбы.
    — He бойся, сынок. Вось вы заўтра прыйдзеце да цара, а ты і парай яму, каб ён загадаў сялянам раскапаць усе мурашнікі, якія толькі ёсць у нашым царстве. Там знойдуць зерне, што мурашкамі сабрана.
    На другі дзень сяляне раскапалі мурашнікі і ў кожным набралі па мяшочку адборнага збожжа. Тады цар літасціва абышоўся з баярынам і спытаў:
    — Скажы, хто даў табе такую мудрую параду?
    — He магу, васпан. Скажу — загадаеш мяне павесіць.
    — Кажы! Hi воласа не ўпадзе з тваёй галавы.
    Тут ужо баярын прызнаўся, што схаваў свайго бацьку, а стары навучыў яго адгаварыцца ад пясочнага аркана і параіў, дзе знайсці схаванае збожжа.
    I тады выдалі новы закон: ніхто не смее крыўдзіць старых людзей, і, калі яны ідуць па вуліцы, кожны павінен саступіць ім дарогу.
    СЯРЭБРАНЫ АЛЕНЬ
    Жыў калісьці адзін вельмі меткі стралок. Яго стрэлы заўсёды траплялі проста ў цэль. 3 палявання ён ніколі не вяртаўся з пустымі рукамі. Але стралок быў рабом і ўсё, што здабываў на паляванні, аддаваў свайму гаспадару, а той — цару.
    Аднойчы вяшчальнік аб’явіў, што цар выдае замуж сваю дачку, і ўсім баярам і ваяводам трэба з’явіцца ў палац. Пачаў збірацца ў палац і гаспадар стралка. Ён загадаў паляўнічаму за адзін дзень настраляць дзевяць вазоў дзічыны, каб завезці яе цару.
    Цяжкую справу даручыў гаспадар стралку, але рабіць не было чаго: узяў юнак лук і стрэлы і разам з загоншчыкамі накіраваўся ў лес. Увесь дзень паляваў ён і настраляў дзевяць вазоў дзічыны. Надвячоркам ён ужо вырашыў было вяртацца дамоў, як раптам сабакі прыгналі да яго аленя. Зірнуў паляўнічы на аленя і дзіву даўся — алень не просты, а сярэбраны! Прыцэліўся ён у яго, нацягнуў цеціву, але раптам алень загаварыў:
    — He забівай мяне, юнак, за дабро дабром табе адплачу.
    Пачуў паляўнічы гэтыя словы, здзівіўся і спытаў:
    — Якое дабро можа зрабіць мне алень, хай нават сярэбраны? Ну падыдзі да мяне, я цябе не зачаплю.
    — Кінь лук, тады падыду! — адказаў алень.
    Юнак кінуў лук. Алень падышоў да яго і спытаў:
    — Хочаш, я зраблю цябе зяцем цара?
    — Ты зробіш мяне зяцем цара? — здзівіўся юнак.
    — Толькі загадай! — адказаў алень.
    — Ну добра, зрабі мяне зяцем цара!
    — Зараз пайдзі правядзі свайго гаспадара, а потым вярніся на гэтае ж самае месца, свісні тры разы ў букавы ліст, і я прыбягу.
    Юнак так і зрабіў. Правёў гаспадара, вярнуўся ў лес і свіснуў тры разы ў букавы ліст. Алень прыбег і спытаў:
    — Хочаш паехаць на спаборніцтвы, якія наладжвае цар?
    Юнак здзівіўся.
    — Як жа я паеду туды, калі я не баярын, не ваявода? Як я магу паехаць у такім адзенні? Ды і няма ў мяне ні каня, ні зброі.
    — He турбуйся аб гэтым. Я стану тваім канём. Засунь руку вунь пад той камень і выцягні адтуль дзвюх змей. Яны зашыпяць, але ты не бойся. Адна з іх заменіць табе цуглі, а другая бізун.
    Юнак зрабіў так, як загадаў яму алень. Выцягнуў змей, і толькі запхнуў адну з іх у рот аленю, як той перакінуўся ў дзівоснага белага каня.
    — А цяпер зрэж кій і саскрабі мох з каменя, пад якім ты знайшоў змей! — сказаў конь.
    Юнак зноў зрабіў так, як загадаў яму конь. Кій адразу ператварыўся ў вострую шаблю, а пад імхом ён знайшоў вышытае золатам адзенне. Паляўнічы пераапрануўся, узяў шаблю, лук і стрэлы, ускочыў на каня і паехаў у палац.
    Калі ён прыскакаў у сталіцу, вяшчальнік акурат аб’яўляў, што цар аддасць сваю дачку за таго, хто перагоніць усіх коннікаў, падстрэліць на ляту муху і рассячэ шабляй камень.
    Пачаліся спаборніцтвы. Разам з іншымі сапернікамі паскакаў і паляўнічы. Яшчэ на паўдарозе ён перагнаў усіх — яго конь ляцеў хутчэй за вецер і прыйшоў першым. Потым пачалі страляць у лятучую муху. Нікому не ўдалося трапіць у яе, толькі паляўнічы пацэліў. Потым падышла чарга рассекчы камень. Ніхто не рашыўся зрабіць гэта. Конь шапнуў паляўнічаму, каб ён паспрабаваў свае сілы. Паляўнічы размахнуўся і рассек шабляй камень напалам.
    Тады цар аддаў сваю дачку замуж за яго. Справілі вяселле, і конь сказаў паляўнічаму:
    — Я пайду назад у лес. Вось табе мой валасок. Калі я табе буду патрэбны, паднясі яго да агню, і я прыбягу!
    — Жыві сабе на волі, алень! — адказаў паляўнічы.— Цяпер я зяць цара, і мне нічога не трэба! — I не ўзяў валаска.
    Ці многа, ці мала часу прайшло, і былы гаспадар паляўнічага пачаў шукаць свайго раба. Усюды яго шукаў, але так і не знайшоў. Пайшоў тады ён у лес да вядзьмаркі і спытаў у яе, куды прапаў стралок. Вядзьмарка паваражыла на бабах і сказала баярыну, што раб стаў зяцем цара.
    Як пачуў гаспадар гэта, страшэнна раззлаваўся і ў той жа дзень данёс цару, што яго зяць не дваранін, а раб.
    Цар разгневаўся, паклікаў сваю дачку і ўсё ёй расказаў.
    — У гэтым я даўно пераканалася, бацюхна,— адказала дачка.— Ноччу ён часта трызніць, і я зразумела, што ты мяне аддаў замуж за простага селяніна.
    — Вось твой сапраўдны муж, дачушка! — усклікнуў цар і паказаў на баярына.— А таго падманшчыка трэба пакараць. Скажы, дачушка, што з ім зрабіць?
    — Давай кінем яго ў мора, няхай яго з’ядуць рыбы!
    Цар згадзіўся і загадаў стражнікам:
    — Схапіце яго, прывяжыце яму на шыю вялікі камень і кіньце ў мора!
    А баярыну сказаў:
    — Ты станеш маім зяцем. Я дару табе палавіну царства, цудоўны лук і дзівосную шаблю гэтага падманшчыка.
    Стражнікі схапілі паляўнічага і павялі яго да мора. Яны прывязалі яму на шыю камень і кінулі ў ваду. Юнак апусціўся на дно. Тут да яго падплыла велізарная рыбіна, праглынула яго, і ён апынуўся ў яе страўніку. Потым рыбіна паплыла да берага, разявіла рот, і юнак выйшаў на сушу. Паблізу берага пачынаўся лес, і юнак паплёўся туды. Наеўся ён дзікіх ягад і лёг адпачыць. А калі прачнуўся, убачыў над сабой сярэбранага аленя. Раззлаваўся паляўнічы, схапіў кій, што трапіўся пад руку, і замахнуўся на яго.
    — Пачакай, пачакай! — крыкнуў алень.— Я прыйшоў, каб выратаваць цябе.
    — Прэч з маіх вачэй! Гэта з-за цябе я трапіў у бяду.
    — Ты сам вінаваты,— адказаў алень.— Калі б узяў валасок, я б адразу даведаўся, што ты трапіў у бяду. Добра, што я своечасова з’явіўся!
    — Гэта не ты мяне выратаваў, а вялікая рыбіна!
    — Уга, але гэтай рыбінай быў я. Як даведаўся, што цябе хочуць кінуць у мора, я адразу пабег табе на помач, ды ў час не паспеў. Тады я абярнуўся ў рыбіну і выцягнуў цябе на бераг.
    — Дзякуй табе, алень,— сказаў юнак.— Даруй мне за несправядлівыя словы. I дапамажы мне выбрацца адгэтуль.
    — Я не магу табе больш дапамагчы. Няма ў мяне такой сілы. Але я дам табе кветку з трыма пялёсткамі.
    Яна табе дапаможа. Калі прыйдзе першая бяда, з’еш зялёны пялёстак. Калі прыйдзе другая бяда, з’еш сіні пялёстак. А калі прыйдзеш у сталіцу, з’еш пунсовы пялёстак. I помні, што тваё шчасце ў першым зубе, які выпадзе, у першай трэсцы, якая адляціцца ўбок, і ў прыгожай дзяўчыне.
    Сказаўшы гэта, алень тупнуў нагой і знік. А паляўнічы рушыў у дарогу. Ішоў ён, ішоў па лесе, а яму канцакраю няма. Раптам з гушчару выскачылі велізарныя страшыдлы і кінуліся на яго. Паляўнічы хутка з’еў зялёны пялёстак і ў той жа час ператварыўся ў яшчарку. Шмыгнуў ён у траву і ўцёк. Страшыдлы засталіся далёка ззаду, а перад ім адкрылася мора. Пайшоў ён уздоўж берага і хутка апынуўся на ранейшым месцы. Зразумеў паляўнічы, што ён стаіць на востраве і не пераправіцца яму цераз мора. Тады ён з’еў сіні пялёстак, і ў той жа міг над морам з’явілася вясёлка. Пайшоў паляўнічы па вясёлцы, як па мосце, мінуў мора і падаўся ў сталіцу. Перш чым увайсці ў горад, ён з’еў апошні, пунсовы, пялёстак і зараз жа перакінуўся ў дзівоснага бурага каня. Пачаў ён сваволіць на паляне, а потым забег у двор да бедных старых. Убачыла бабка каня, кінулася да варот, зачыніла іх і паклікала дзеда. Прыйшоў дзед, паглядзеў на каня, паківаў галавой і сказаў:
    — Гэты конь не для нас! Прадамо яго цару!
    — Добра,— згадзілася бабка.
    Адправіўся стары з канём у сталіцу. Там адразу ж яго акружыў натоўп разявак — кожнаму хацелася зірнуць на дзівоснага каня. Пачуў і цар пра каня, выйшаў на балкон, каб зірнуць на яго, але нічога не ўбачыў. Паслаў ён тады свайго зяця зірнуць на скакуна. Як убачыў зяць каня, тут жа даў старому поўны кашалёк золата за яго. Потым ускочыў на каня, каб праехацца на ім, але конь падняўся на дыбкі і скінуў ездака. Упаў зяць на зямлю і ледзь было не разбіўся насмерць. Страшэнна раззлаваўся ён і загадаў забіць каня. У гэты час па сталіцы праходзіла маладая прыгожая служанка. Убачыла яна каня, прылашчыла яго і заплакала: