Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы

Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы

Выдавец: Юнацтва
Памер: 367с.
Мінск 1996
84.66 МБ
— Такі прыгожы конь, а павінен загінуць дзеля прыхамаці царскага зяця. Калі не ўмее трымацца ў сядле, не садзіўся б.
Тут конь шапнуў дзяўчыне:
— У цябе добрая душа. Калі мяне заб’юць, вазьмі мой пярэдні зуб і закапай яго ў садзе каля палаца.
Служанка згадзілася ўважыць яго просьбу. Калі каты забілі каня, у яго выпаў пярэдні зуб. Дзяўчына падняла яго, занесла ў сад і закапала перад царскім палацам. К вечару на тым месцы вырасла дзівоснае дрэва. Калі яго лістота шапацела, гучала песня. Раніцай каля незвычайнага дрэва сабраўся вялікі натоўп — усім хацелася зірнуць на яго. Прыйшоў і зяць цара. Але толькі ён наблізіўся да дрэва, як песня змоўкла і галіны абраслі калючкамі. Галіны пачалі хвастаць зяця і падрапалі яго, аж выступіла кроў.
Раззлаваўся зяць цара і загадаў ссекчы дрэва. Пачула гэта служанка і ўсклікнула:
— Такое прыгожае дрэва, а ссякуць яго дзеля прыхамаці зяця!
Тут дрэва зашалясцела:
— Хочаш мяне выратаваць? Тады падымі першую трэску, якая адляціцца ўбок, калі мяне пачнуць секчы, і кінь яе ў возера!
Дзяўчына так і зрабіла. Толькі яна кінула ў возера трэску, як трэска ператварылася ў залатую качку. Убачыў качку зяць цара, схапіў лук і стрэліў у яе, але страла праляцела міма, таму што качка паплыла да супрацьлеглага берага. Другі раз стрэліў зяць, але зноў не трапіў у качку. Адно калі ён стрэліў трэці раз, качка перакулілася ў вадзе. Тады зяць распрануўся і кінуўся ў возера, каб падабраць яе. Толькі ўвайшоў ён у ваду, як качка, што прыкінулася забітай, паднялася ў паветра і паляцела да вопраткі, якую пакінуў зяць. Там яна стукнулася аб зямлю і стала чалавекам. Чалавек апрануўся, узяў лук, стрэлы, шаблю і пайшоў у горад.
Паглядзеў царскі зяць на бераг, убачыў свайго былога раба, перапалохаўся і ад страху патануў.
А паляўнічы накіраваўся ў палац. Вароты былі на замку, а з вежаў у яго пачала страляць варта. Схапіў ён тады свой лук і перабіў усю варту. Потым зламаў жалезныя вароты і ўвайшоў у палац. Убачыла яго царская дачка, кінулася да яго і пачала маліць літасці, хлусячы, што кахае яго.
аа
2.	Хрустальны калодзеж
Паляўнічы спытаў у яе:
— А навошта ты загадала кінуць мяне ў мора?
— Я памылілася тады. Але ж ты застаўся жывы.
— Добра,— адказаў паляўнічы,— цяпер я загадаю кінуць цябе разам з тваім бацькам у мора, а там відаць будзе — можа, і вам пашанцуе застацца жывымі!
I загадаў кінуць цара і яго дачку ў мора. Цар і яго ліхая дачка патанулі, а паляўнічы стаў царом і ажаніўся са служанкай. Ён доўга кіраваў краінай і зрабіў багата дабра сумленным людзям.
БЕЛАРУСКІЯ КАЗКІ
ЯК КОТ ЗВЯРОЎ НАПАЛОХАЎ
Жыў дзед ды баба. I быў у іх кот. Дзед кашалі плёў, баба кудзелю прала, а кот паляваць на мышэй хадзіў.
Вось пайшоў раз кот у лес на паляванне ды і заблудзіўся. Шукаў, шукаў дарогу дадому — не знайшоў. Сеў пад ялінай і плача.
Бяжыць лісіца. Убачыла ката, заглядзелася: ніколі яшчэ такога звера ў сваім лесе не сустракала!
— Ты хто такі будзеш? — пытаецца.
■	— Я — Кот Мурлыковіч.
— А чаго ж ты плачаш, Кот Мурлыковіч?
Расказаў ёй кот аб сваёй прыгодзе.
— Хе,— кажа лісіца,— каб толькі тае бяды! Ідзі да мяне жыць. Будзеш у мяне за гаспадара.
— Добра,— кажа кот.
Вось прыходзіць ён да лісіцы. А ў яе курэй — і смажаных, і вараных. Наеўся кот і спаць уклаўся.
Тым часам бяжыць па лесе воўк: топ-топ, шлёп-шлёп!
Пачула лісіца, выскачыла з хаты ды як закрычыць:
— Хто гэта ў маім лесе стукоча-тупоча? Хто майму гаспадару спаць не дае?
— А хто ж у цябе гаспадар? — пытаецца воўк.
— У мяне не гаспадар, а гаспадарышча, хвост з памялішча: як махне, дык адразу заб’е.
Узяла ваўка цікавасць. Ён і кажа:
— А ці нельга было б, кумка, хоць адным вокам паглядзець на твайго гаспадара?
— Паглядзець-то можна,— адказвае лісіца,— але без падарунка лепш не прыходзь. Мой гаспадар падарункі любіць.
— Добра, будзе падарунак,— сказаў воўк і пабег далей.
Вярнулася лісіца ў хату.
А тым часам ідзе па лесе мядзведзь: трэсь-лом, трэсь-лом, трэсь-лом!
Пачула лісіца, выскачыла з хаты ды як закрычыць ізноў:
— Хто гэта ў маім лесе трашчыць? Хто майму гаспадару спаць не дае?
— А хто ў цябе гаспадар? — пытаецца мядзведзь.
— У мяне не гаспадар, а гаспадарышча, хвост з памялішча: як махне, дык адразу заб’е.
I мядзведзя ўзяла цікавасць: які такі гаспадар у лісіцы, што хвастом усіх забівае? Вось ён і кажа:
— А ці нельга было б, лісічка-сястрычка, хоць паглядзець на твайго гаспадара?
— Паглядзець можна,— кажа лісіца.— Толькі без падарунка не прыходзь. Мой гаспадар падарункі любіць.
— Добра, падарунак будзе,— сказаў мядзведзь і пайшоў далей.
Прабеглі яшчэ дзік-сякач і заяц-шарак. Лісіца і іх сваім гаспадаром напалохала.
Сабраліся звяры і моцна задумаліся: якія ж ім падарункі лісіцынаму гаспадару прынесці?
Думалі-гадалі, нарэшце мядзведзь і кажа:
— Вось што, браткі, трэба смачны абед згатаваць ды ў госці яго з гаспадыняй запрасіць. Тады ўсе разам і паглядзім.
— Добра, няхай будзе так,— згадзіліся звяры.
I тут яны зноў моцна задумаліся: які абед згатаваць? Думалі-гадалі, нарэшце мядзведзь і кажа:
— Я прынясу мёду калоду.
— А я — барана,— кажа воўк.
— А я — жалудоў,— кажа дзік.
— А я — салодкай капусты,— кажа заяц.
Згатавалі абед і пачалі раіцца, каму запрашаць ісці.
Мядзведзь кажа:
— Я тоўсты, мне хадзіць цяжка.
Воўк кажа:
— Я і так набегаўся, мне ногі баляць.
Дзік кажа:
— А я складна гаварыць не ўмею.
А заяц нічога не сказаў. Вось і парашылі паслаць яго, як лягчэйшага на ногі.
Прыбег заяц да лісіцынай хаты, пастукаў лапкай у шыбіну, зажмурыўся ад страху ды прапішчаў спалоханым голасам:
— Дзень добры вам, шаноўныя гаспадары! Прасілі мядзведзь, воўк і дзік, каб вы ласкавы былі, да іх у госці прыйшлі.
Сказаў так адным духам ды ходу назад.
Падрыхтаваліся звяры гасцей сустракаць. Сядзяць ля багатага стала, чакаюць, аб лісіцыным гаспадару разважаюць.
Вось заяц і кажа:
— He, браткі, сядзець так боязна. Хто яго ведае, які там гаспадар у лісіцы? А што, калі ён абеду нашага не ўпадабае ды ўсіх нас хвастом пазабівае... Давайце лепш схаваемся і спярша здалёк на яго паглядзім.
Згадзіліся звяры з мудрай зайцавай парадай ды пачалі хавацца.
Мядзведзь на дуб узлез, дзік у мох зашыўся, воўк пад куст забраўся, а заяц у траве схаваўся.
Тым часам узяла лісіца пад руку свайго гаспадара, і пайшлі яны ў госці.
Прыходзяць на палянку. Чуе кот — мясам запахла. Бачыць — цэлы баран ляжыць. Тут ён шэрсць наставіў, вусы натапырыў ды адразу на барана накінуўся.
Есць ды ўсё бурчыць: «Мяу-у, мяу-у!»
Звяроў аж страх узяў. Ім здалося, што ён крычыць: «Мала, мала!»
— Ну і звяруга! — кажа воўк.— Мне б і за дзень з такім рагалём не ўправіцца, а яму на раз мала...
Дзік ляжаў, ляжаў у моху ды ад страху пачаў хвастом варушыць. Кот падумаў, што мыш з норкі вылазіць. Скокнуў туды і ўчапіўся кіпцюрамі ў дзікоў хвост.
Як усхопіцца дзік, як кінецца наўцёкі! Толькі галлё трашчыць.
Кот напужаўся ды скок на дуб!
«Ну,— думае мядзведзь,— гэта ён мяне ўбачыў. Трэба ратавацца, пакуль не позна».
Грымнуўся мядзведзь з дуба проста на куст, пад якім воўк сядзеў. А таму здалося, што гэта сам лісіцын гаспадар на яго напаў. Усхапіўся воўк ды ходу далей ад бяды. А мядзведзь за ім: трэсь-лом! трэсь-лом!
Уцякалі яны так, што заяц іх ледзьве праз гадзіну дагнаў. Дагнаў і кажа:
— Каб не паслухалі мяне ды не схаваліся, ён бы нас усіх з’еў! Ну і страшэнны звер!
А кот з хітрай лісіцай нагасцяваліся ды пайшлі сабе дахаты.
ПШАНІЧНЫ КАЛАСОК
Жылі на адным двары курачка Сакатушка, гусак Шыпун ды індык Балбатун.
Курачка даглядала сваіх куранятак, грэблася на сметніку, шукала зярнятак. А гусак Шыпун і індык Балбатун толькі шпацыравалі ўзад і ўперад па двары, як важныя паны, ды заўсёды вялі між сабою спрэчкі аб тым, хто з іх важнейшы і разумнейшы.
— У мяне галава болыпая,— хваліўся гусак,— дык і розуму ў ёй больш!
Індык з гэтым не згаджаўся.
— Галава ў цябе вялікая, гэта праўда, ды дурная, як бот,— казаў ён.
— Ну, няхай сабе галава дурная,— адказваў гусак,— затое нос які ў мяне! Моцны, цвёрды, прыгожы... А ў цябе што за нос — смех адзін! Чарвяк, а не нос!
I гусак і індык былі страшэнныя гультаі. Яды шукаць сабе ленаваліся і таму часта галадалі. Каб не карміла іх гаспадыня, дык даўно б гультаёў і на свеце не было.
Аднаго разу знайшла курачка каля плота пшанічны каласок. Зарадавалася, засакатала на ўвесь двор:
— Ко-ко-ко! Глядзіце, які цудоўны каласок я знайшла!
Пачулі пра такую навіну Шыпун і Балбатун.
— Ану, пакажы!
Курачка паказала ім каласок. Індык панюхаў каласок сваім носам-чарвяком.
— Так, так,— сказаў ён,— каласок і праўда цудоўны. Трэба яго змалаціць.
— Ага, ага,— згадзіўся і гусак.— Трэба змалаціць. Тады будуць зярняткі. А яны смачныя... Ага, ага!
— Добра,— сказала курачка.— А хто яго змалоціць?
— Толькі не я! — адказаў гусак.— Я тоўсты, мне цяжка цэпам махаць.
— Дык што ж, ты хочаш, каб я малаціў? — горача забалбатаў індык.— Я табе не парабак!
— Ну добра,— сказала курачка,— я сама змалачу.
Пайшла яна на ток, узяла цэп і змалаціла пшанічны каласок. Прынесла зярняткі і цешыцца:
— Глядзіце, якія цудоўныя зярняткі! Чырванаваценькія, пузаценькія! Яны, напэўна, смачнейшыя за ячменныя.
Падышлі да зярнятак і гусак з індыком.
— Так, так,— сказаў індык.— Цудоўныя зярняткі.
— Ага, ага,— пацвердзіў гусак.— Аж шкада дзяўбці.
— I не трэба дзяўбці. Іх трэба змалоць ды напячы булак,— падаў разумную параду індык.
— Ага, ага,— згадзіўся гусак.— Пшанічныя булкі мяккія, як мой пух. А смачныя якія!
— Добра,— сказала курачка,— А хто змеле пшанічныя зярняткі?
— Толькі не я! — буркнуў гусак.— Мне цяжка ў млын хадзіць.
— I не я! — усклікнуў індык.— 3 такою простаю работаю і гусак справіцца.
— Ну што ж,— сказала курачка,— калі так, то давядзецца мне самой ісці ў млын.
Усыпала яна зярняткі ў торбачку і панесла ў млын. Там змалола і прынесла муку дахаты.
— Ай, якая бялюткая мука! — засакатала курачка на ўвесь двор.
Індык панюхаў муку.
— Так, так,— сказаў ён,— добра пахне. Значыць, смачныя будуць булкі.
— Ага, ага, я ж казаў, што смачныя! — уставіў слова і гусак.
— Ну, а хто спячэ з гэтай мукі булкі? — запыталася курачка.
Гусак пакруціў галавою:
— Я не ўмею...