Хрустальны калодзеж: Казкі народаў Еўропы
Выдавец: Юнацтва
Памер: 367с.
Мінск 1996
Індык адказаў:
— Я хоць і ўмею, ды не хачу. Няхай гусак пячэ.
— Ну добра,— сказала курачка,— тады я сама спяку.
Знайшла яна пад паветкаю дзежачку і рашчыніла цеста. Потым накалола дроў і запаліла ў печы.
Калі цеста падышло, курачка нарабіла круглых прыгожых булак і пасадзіла іх на лапаце ў печ.
Булкі пачалі пячыся. I такі прыемны пах пайшоў ад
іх па ўсім двары, што ў гусака і індыка аж слінкі пацяклі. А трэба сказаць, што яны даўно нічога не елі і так выгаладаліся, што нават спрачацца перасталі, хто з іх важнейшы ды разумнейшы.
— Хадзем у хату,— сказаў індык,— відаць, булкі ўжо гатовы.
— Ага, ага,— сказаў індык.— Хадзем, брат, у хату.
Прыйшлі індык з гусаком у хату, а там курачка булкі з печы дастае. Мяккія, румяныя, пахучыя.
— Так, так,— весела загаварыў індык,— якраз у пару прыйшлі.
— Ага, ага,— заківаў галавою гусак і першы падаўся за стол. Індык — за ім.
Але курачка спыніла іх:
— Чакайце! He спяшайцеся, панове! Перш чым садзіцца за стол, адкажыце мне на мае пытанні.
— Давай свае пытанні! — сярдзіта прашыпеў гусак.— Толькі хутчэй.
— Але, толькі хутчэй,— шпарка забалбатаў і індык.— A то дужа есці хочацца...
— Дык слухайце! Хто пшанічны каласок знайшоў?
— Ты, курачка, вядома, ты знайшла,— адказалі індык і гусак у адзін голас.
— Хто змалаціў каласок?
— Ты, курачка, змалаціла. *
— Хто зярняткі ў млын насіў?
— Ты насіла...
— А хто дровы сек, у печы паліў, пшанічныя булкі пёк?
Пераглянуліся паміж сабою індык з гусаком і адказалі:
— Ты, вядома... За гэта табе і слава.
— Дык вось,— сказала курачка Сакатушка,— каму слава, таму і булкі. А вы, гультаі, ідзіце прэч адгэтуль! Ко-ко-ко! Дзеткі, бяжыце сюды хутчэй.
Пазбягаліся з двара кураняткі і пачалі з курачкай частавацца свежымі пшанічнымі булкамі.
А галодныя гультаі індык і гусак зноў заспрачаліся, хто з іх важнейшы ды разумнейшы.
АД КРАДЗЕНАГА HE ПАСЫЦЕЕШ
Былі ў аднаго чалавека два сыны. Як выраслі яны, бацька сказаў:
— Пара, сыны, за сталую работу брацца. Хто з вас чым хоча заняцца?
Маўчаць сыны — не ведаюць, якую сабе работу выбраць.
— Ну, дык пойдзем,— кажа бацька,— у свет, паходзім, паглядзім, што людзі робяць.
Сабраліся і пайшлі.
Ідуць так памаленьку, сыны да ўсяго прыглядаюцца, думаюць, якую работу ім выбраць.
Падышлі да адной вёскі. Бачаць — стаіць пры канцы вёскі кузня. Зайшлі яны ў кузню. Прывіталіся з кавалём, пагаварылі. Старэйшы сын нават молат у рукі ўзяў — памог кавалю нарог выкаваць.
I зноў далей рушылі.
Падышлі да другой вёскі. Старэйшы сын паглядзеў туды-сюды: не відаць кузні ў гэтай вёсцы. Вось ён і кажа да бацькі:
— А чаму б і тут кузню не паставіць? Я мог бы за каваля застацца. Мне гэта работа падабаецца.
Бацька зарадаваўся: знайшоў, думае, большы сын сабе спосаб да жыццй!
— Добра,— кажа,— будзь кавалём у гэтай вёсцы.
Паставіў ён сыну кузню, той і пачаў кавальскаю справаю займацца. Людзі яго хваляць, і сам ён сваёю работаю задаволены.
А меншы сын, колькі ні ходзіць,— ніяк не можа работу па густу выбраць.
Ідзе ён аднаго разу з бацькам каля лугу. Бачыць — пасецца на лузе вол. А вёска далекавата, і пастуха не відаць.
Ці не пачаць мне, бацька, валоў красці? — кажа сын.— Работа гэта лёгкая, і кожны дзень з мясам буду. Растаўсцею і сам, як вол.
— Крадзь,— кажа бацька.— На тое ж я цябе і ваджу, каб ты сабе які сталы занятак выбраў.
Заняў сын вала і пагнаў дахаты. А бацька кажа:
— Пачакай мяне пры лесе — мне трэба яшчэ ў гэтую вёску заглянуць: там адзін мой знаёмы жыве...
Гоніць сын вала ды ўсё азіраецца, як воўк, ці не бяжыць хто за ім. Пакуль да лесу дагнаў, дык добра такі перадрыжаў. Аж млосна ад страху зрабілася.
Пачакаў ён на ўзлеску, пакуль бацька вярнуўся, і пагналі разам вала дахаты.
Зарэзалі дома вала, знялі шкуру ды пачалі варыць свежаніну.
Наварылі, бацька кажа сыну:
— Вось што, сынку, давай знімем меркі і паглядзім, хто з нас ад гэтага вала пасыцее.
Узяў ён шнурок, змераў шыю сабе і сыну і завязаў вузельчыкі.
Селі за стол. Бацька есць спакойна, а сын усё на дзверы паглядае: ці не ідзе хто вала шукаць? Забрэша сабака, пройдзе ці праедзе хто — сын за мяса ды ў каморку хаваецца... А ў самога рукі і ногі дрыжаць.
I пайшло так дзень за днём.
З’елі нарэшце таго вала. Бацька кажа сыну:
— А цяпер давай шыі мераць: хто з нас пасыцеў?
Памералі, дык у бацькі шыя ўдвая патаўсцела, а ў сына ўдвая патанчэла.
Дзівіцца сын:
— Чаму гэта так?
— Бо ты еў крадзенага вала,— кажа бацька.
— Дык жа і ты крадзенага еў!
— He, я заплаціў за вала гаспадару і еў, як свайго. Таму я і пасыцеў. А ты як сядзеш за стсл, дык страх адразу на шыю скок і душыць! Праз гэта яна і худзее. Ад крадзенага, брат, не пасыцееш!
ГАРОШАК
Жыў калісьці на свеце адзін гаспадар з жонкаю.
Былі ў іх два сыны і адна дачка.
Рэдка ў каго былі такія працавітыя хлопцы, як гэтыя сыны. Ніколі яны не сядзелі без работы, а калі дома работы не было, то хадзілі ў чужыя землі.
Яшчэ больш цікавай была іх сястра. Цяжка было знайсці такую прыгожую, такую мілую дзяўчыну. I звалася яна Ясаня.
Адзін раз улетку, парабіўшы дома работу, задумалі браты пайсці ў заработкі.
— Калі мы не вернемся праз тры дні,— сказалі браты,— то няхай нам Ясаня прынясе есці.
— А як жа я вас, браткі, знайду? Куды мне есці прыносіць? — спытала Ясаня братоў ужо на дварэ.
— Мы будзем салому па дарозе церушыць. Па гэтай саломцы і знойдзеш ты нас.
Развіталіся яны з бацькамі, з сястрою.
Ідуць браты, саломку па дарозе раскідваюць, прыгаворваючы:
— Будзе наша Ясаня ісці і не саб’ецца з дарогі.
А ў тых месцах жыў страшны змей. У яго быў жалезны язык, вочы — як жарнавыя камяні і гарэлі агнём. Жыў ён у палацах. Тыя палацы былі зложаны з людскіх касцей.
Падслухаў змей, што казалі браты, даведаўся, на-
вошта салому цярушаць. Пазбіраў ён гэту салому і пакідаў яе па дарозе, што ў яго касцяныя палацы вяла.
«Будзе яна па саломцы ісці і ў мае палацы прыйдзе»,— думае змей.
Так яно і сталася.
Праходзіць дзень, праходзіць другі,— няма братоў. I трэці дзень мінуўся, а іх няма.
На чацвёрты дзень сабралася Ясаня ў дарогу братам есці несці. Узяла яна хлеба, стравы і пайшла.
Ідзе яна ды ідзе, на саломку прызіраецца. А дарога ўсё глыбей у лес забірае. Лес цёмны, глухі, нават і неба не відаць. Ідзе Ясаня, і страшна робіцца ёй. «Куды ж так далёка зайшлі яны?» — думае дзяўчына. Вось пад вечар падыходзіць яна да касцяных палацаў ліхога змея. Паглядзела Ясаня, і сэрца яе замерла ад страху: вакол чалавечыя косці ляжаць. Што ж тут рабіць? Кінулася яна бегчы назад. Бяжыць яна, бяжыць, ажно чуе — гудзе штосьці. Азірнулася — змей даганяе!
Схапіў яе змей і ў свае палацы нясе.
— Я цябе даўно чакаю,— кажа змей.— Цяпер ты будзеш жыць са мною — ты будзеш маёю жонкаю.
Плакала, прасілася Ясаня, каб пусціў яе змей, але просьба не памагла.
Браты чакаюць яе на чацвёрты дзень. Чакалі, чакалі, ды так і не дачакаліся. Пайшлі яны дадому.
— Чаму ж вы,— кажуць бацькам,— не прыслалі яды?
Напалохаліся бацькі.
— Як не прыслалі? Хіба ж не было Ясані?
Спалохаліся і браты: напэўна, з Ясаняю ліха налучылася.
— Пайду шукаць яе,— кажа старэйшы брат.
Сабраўся і пайшоў. Ідзе ён ды ідзе па той дарозе, што саломаю пацярушана, ды не прымеціў, што гэта не тая дарога, кудою ён з братам ішоў, і дайшоў да касцяных палацаў. Сустракае сястру.
— Куды ж ты, братка, зайшоў? — пытае яго Ясаня.— Тут страшны змей жыве. З’есць ён цябе. Уцякай ты адгэтуль хутчэй.
— Калі ўцякаць — уцякайма разам,— кажа ёй брат.
— He, братка: ён чуе мой дух — ён дагоніць і зловіць нас. А адзін ты, можа, уцячэш.
Толькі што яна так сказала, чуюць — як загудзе нешта, ды так моцна, што аж аглушыла іх. Глядзяць — аж то змей ляціць.
— Гэта мой брат прыйшоў да нас,— кажа Ясаня змею.
— Добра,— кажа змей,— вядзі ж ты яго да мяне ў госці.
Увайшлі ў палацы.
— Ну, жонка,— гаворыць змей,— дай нам пасмакаваць бобу жалезнага.
Прынесла Ясаня жалезнага бобу. Змей як пачаў есці гэты боб, дык аж іскры пасыпаліся, а той, небарака, узяў адну бобіну ды чуць быў зубы сабе не паламаў. Пажаваў дый выплюнуў з рота бобіну.
Як закрычыць тут змей:
— Ты што ж гэта дабром маім пагарджаеш? Я ем, а ты не можаш? Чым ты лепшы за мяне?
Сядзіць бедны госць, баіцца зварухнуцца.
— Хадзем — пакажу маё багацце!
Вывеў змей свайго госця на двор і павесіў яго на варотах, а потым прыйшоў да Ясані і кажа:
— Жонка! Я павесіў твайго брата, бо ён не хацеў есці майго бобу.
Залілася Ясаня горкімі слязамі, але бядзе памагчы нічым не магла.
Праз дзень ці праз два выйшла Ясаня на дарогу, бачыць — другі брат ідзе, шукаючы яе.
Такая ж самая доля напаткала і другога брата.
Чакаюць бацькі сыноў дзень, чакаюць другі... Так чакалі з тыдзень, а іх усё няма.
Аднаго разу досвіткам пайшла жонка гаспадара па ваду. Бачыць яна — коціцца па дарозе гарошак. Падняла яго, паглядзела ды і з’ела. I вось якая сталася з ёй праява. Пачула яна, што той гарошак стаў у ёй расці. А тыдняў праз два нарадзіўся ў яе сын. I такі прыгожы ды такі вялікі, што проста дзівота! I як толькі нарадзіўся ён, дык зараз жа і закрычаў:
— Мама! Дай мне есці!
А голас такі грубы-грубы, што ўсе папалохаліся. Расце той хлопец не па днях, а па часінах, і за месяц вырас такі вялікі, ды яшчэ і з барадою, ажно бацька яго баяўся. Думалі, думалі, як назваць яго, якое імя даць. I назвалі яго Гарошкам.
Праз нейкі час кажа Гарошак бацьку:
— На табе, тата, шпільку, завязі яе да каваля, няхай выкуе з яе булаву ў сем пудоў.
Бацька думае сабе: «Ось дурны які хлопец: хоча, каб са шпількі яму зрабілі булаву ў сем пудоў». Але сказаць аб гэтым сыну пабаяўся. Паехаў у горад, купіў сем пудоў жалеза, завёз да каваля.
— Зрабі ты,— кажа,— булаву, каб яна важыла сем пудоў.
Каваў, каваў каваль булаву, насілу выкаваў. Ускацілі на воз булаву. Прывозіць яе бацька дадому.
— На,— кажа,— сынок, табе булаву.
I скаціў яе на зямлю.
Узяў Гарошак тую булаву адною рукою ды як шыбануў яе ўгору, аж яна ў небе схавалася.
Шпурнуўшы гэту доўбню, ён пайшоў у хату, паснедаў, з бацькам пагутарыў. А потым кажа:
— Ну, бацька, хадзем на двор, зараз булава вернецца.
Выйшлі за хату на поле.
Паглядзеў Гарошак у неба.
— Бач, тата: вунь булава ляціць!
He паспеў бацька зірнуць, а булава калі загудзе!