• Газеты, часопісы і г.д.
  • Цыганы  Ангус Фрэйзэр

    Цыганы

    Ангус Фрэйзэр

    Выдавец: Тэхналогія
    Памер: 272с.
    Мінск 2003
    83.38 МБ
    Калі ў 1504 г. Нідэрлянды сталі часткаю Гішпанска-аўстрыйскай імперыі Габсбургаў, і асабліва калі ўступіў ва ўладу імператар Карл V і была ўведзена пасада генерал-губернатара, адміністрацыя вельмі хутка пачала цэнтралізавацца. У Нідэрляндах Карл праявіў не больш, як ў Гішпаніі, талеранцыі да цыганоў, але ён зусім не кантраляваў тэмп рэпрэсіяў, калі намерваўся абвясціць ва ўсіх правінцыях уступленне закона ў моц, мусіў прадпісваць закон для кожнай правінцыі паасобна. У сваю чаргу праціўнікі ўніфікацыйных памкненняў імператара выкарыстоўвалі гэты факт для своеасаблівай тактыкі затрымкі. Поспех або беспаспяховасць намаганняў Карла V лепей за ўсё даследваць на прыкладзе Паўночных Нідэрляндаў, дзе перамяшчэнні цыганоў былі добра задакументаваныя16. Разгляд здарэнняў у адной або дзвюх правінцыях гэтага рэгіёна стварае рэпрэзентацыйную карціну больш агульных падзеяў. Для гэтай мэты будзе дастаткова дзвюх суседніх адна з адной усходніх правінцыяў — Гельдэрс і Овэрыйсэль.
    Адным з першых гарадоў у Нідэрляндах, якія пабачылі цыганоў, стаў Дэвэнтэр (правінцыя Овэрыйсэль). Туды яны наведаліся ў 1420 і 1429 гг. Гэта паслужыла пачаткам шэрагу рэгулярных візітаў ажно да канца стагоддзя. Двойчы (у 1438 і 1441 гг.) тытул лідэра быў павышаны да “караля” Малога Эгіпта або паганцаў (heideri). У іншых выпадках цыганам плацілі, каб яны сышлі (местачкоўцы пакрылі кошт пераправы цыганоў праз раку Ійсэль), а вартасць ахвяраванняў няўхільна памяншалася. За Карлам V для розных правінцыяў Паўночных Нідэрляндаў быў выдадзены цэлы шэраг эдыктаў, якія забаранялі цыганам доступ або права знаходжання, а таксама распаўсюджвалі пакаранне на ўсіх шукальнікаў прыгод, якія далучыліся да іх катэгорыі. Напрыклад, у лютым 1537 г. імператар выдаў у Брусэлі дэкрэт, адрасаваны Овэрыйсэлю, які даваў “эгіпецкай пацыі” і іншым, хто ішоў за імі і пераймаў іхны стыль адзення, чатыры дні, каб пакінуць усе ягоныя землі пад пагрозай смяротнага або маёмаснага пакарання. Падобныя захады рабіліся ад 1524 г. і ў іншых правінцыях; такія спробы паўтараліся з рэгулярнасцю, якая паказвала, наколькі малой была практычная эфектыўнасць гэтых мераў.
    У правінцыі Гельдэрс існаваў значны інтэрвал паміжраннімі цыганскімі слядамі ў Нэймэгэне і Арнэме ў 1429 г. і Зутфэне ў 1430 г. і наступнымі вядомымі візітамі цыганоў, якія ад 1445 г. да канца стагоддзя знаходзіліся пераважна ў Зутфэне. Тут таксама, прынамсі, ў чатырох выпадках, цыганскі лідэр быў названы “каралём”. Пры канцы стагоддзя
    16 Падставовае даследванне публічных узаемадачыненняў з цыганамі ў Паўночных Нідэрляндах да сярэдзіны XVIII ст. падаецца ў О. van Kappen, Geschiedenis der Zigeuners in Nederland (Assen, 1965), Для Паўднёвых Нідэрляндаў глядзі таго ж аўтара ‘Contribution to the history of the Gypsies in Belgium’, JGI.S (3), 48 (1969), pp. 107—120.
    цыганы стараліся папоўніць свае запасы абарончых лістоў. Яны дабіліся поспеху ў перамовах з каварным Чарлзам з Эгмонта, з князем Гельдэрса, якому ўдалося захаваць незалежнасць сваёй правінцыі ад дамінавання Габсбургаў. Князь быў сумна вядомы сваімі забабонамі і часта звяртаўся да варажбітоў і чарадзеяў, тым не менш ён вагаўся наконт таго, каб цалкам падтрымаць цыганоў сваім абарончым лістом, які выдаў у 1496 г., бо ў дакуменце ўзгадваецца забарона заставацца на адным месцы больш як тры дні. 3 іншага боку, ён поўнасцю падпісаўся пад расказанай яму цыганамі гісторыяй: “Граф Марцін Гноўжы, народжаны ў Малым Эгіпце, паказаў нам, як наш міласцівы Айцец — Папа ўсклаў на яго, ягоную сям’ю і кампанію заданне пэўных пілігрымак у якасці расплаты за грахі, да Рыма, да Сант’яга ў Галісіі і да іншых святых месцаў”, і таму яго трэба прапускаць без перашкодаў. У 1506 г. князь праявіў падобную прыхільнасць да графа Вільгэма з Малога Эгіпта і ягонай кампаніі з 15 чалавек, але асцярожна дадаў: “яны будуць паводзіць сябе прыстойна і адпаведным чынам, каб мы не чулі пра скаргі на іх і пераслед іх”. Трэці абарончы ліст, выдадзены ім у 1518 г., хутчэй за ўсё быў апошнім, які далі паганцам у Нідэрляндах. Дакумент зноў змяшчае пэўныя агаворкі ў дачыненні да “Антонія, знатнага, як ён сцвярджае, з Малога Эгіпта”, і выкладзены больш як рэкамендацыя ўладам суседніх дзяржаваў, чым як загад уласным падначаленым. Гэта не былі адзіныя абарончыя лісты, складзеныя ў Гельдэрсе. Некалькі гадоўраней, на самым пачатку стагоддзя, гарадскі магістрат Нэймэгэна таксама выдаў адзін ліст графу Антону; але калі цыганоў зноў заўважылі каля брамы Нэймэгэна ў 1536 і 1543 гг., іх адразу жпрагналі. Падобную тактыку пераняў Зутфэн ў 1538 і 1542 гг.
    Першы агульны захад у Гельдэрсе, скіраваны супраць цыганоў, быў зроблены ў 1544 г., нсўзабавс пасля таго як Карл V апошні раз паспяхова пакарыў правінцыю. Умовы гэтага дэкрэта прыгадвалі падобны дакумент 1537 г., выдадзены ў Овэрыйсэлі, з выняткам радкоў пра дазвол цыганам знаходзіцца на адным месцы не больш за два дні. Наступныя распараджэнні былі дадзеныя ў 1548, 1553 і 1560 гг. Тым часам цыганы працягвалі вандраваць як і раней, хоць з асцярожнасці і ў меншых групах, каб не прыцягваць увагі. Паводле цяперашніх архіўных звестак, яны больш не маюць статусу пілігрымаў, а іхныя лідэры пазбаўленыя сваіх высакародных тытулаў.
    Італія
    Дадзеныя, якія мы маем у дачыненні да Італіі, спачатку абмежаваныя паўночным рэгіёнам краіны; і толькі ў сярэдзіне XVI ст. яны закранаюць поўдзень, даходзячы да Рыма17. У XV ст. Італія была не больш як геаграфічным паняццем; у палітычным сэнсе яна складалася з пяці магутных сілаў, чые сувязь і стабільнасць былі пад сумневам, і пэўнай колькасці меншых дзяржаваў, якія з пераменным поспехам стараліся захаваць сваю незалежнасць некранутай. Менавіта ў адным з тых большых утварэнняў, Мілянскім княстве, з’яўляюцца цыганы — амаль праз 27 гадоў пасля таго, як іх бачылі ў Фэрма па дарозе да Анконы (с. 63). Новае з’яўленне цыганоў у архівах выкліканае крывавым насіллем: у чэрвені 1457 г. граф Міхель з Эгіпта, ягоныя жонка і дачка былі забітыя цыганом Філіпа, але дакумент не падае прычыны злачынства. Аднак падзеі, задакументаваныя ўХУст., пераважна спакойныя. У Мадэнскім княстве, меншым па сваёй значнасці, у запісах князя Фэрара адзначана плата цыгану (Cingano) за ігру на цытоле (шчыпковы струнны інструмент), што з’яўляецца найбольш ранняй у Эўропе згадкай пра музыку цыганоў. Пазней мы знаходзім два больш звыклыя абарончыя лісты, складзеныя сеньёрамі Карпі: адзін ліст выдадзены ў 1470 г. графу Міхаэлю з Ніжняга Эгіпта і ягонай кампаніі, другі — у 1485 г. графу Ёханэсу. У Міляне малады князь Джан Галеаца выдае ў 1480 г. падобны дакумент графу Марціну з Малога Эгіпта.
    Аднак пры канцы стагоддзя ўзаемадачыненні сталі нацягнутымі. У П’емонце, якім кіраваў князь савойскі, цягам 1494—1499 гг. адзначана чатыры платы сарацынам або цыганам (Saraceni sive Cingari), каб яны не прыходзілі да Баржэ і Куорнье, што на поўдзень і на поўнач ад Турына. Іншыя мясцовасці былі больш беспасярэднімі ў сваёй адмове. Здаецца, Вэнэцыя першая выдала дэкрэт супраць цыганскай прысутнасці на сваёй тэрыторыі18, хоць не супраць іхнай прысутнасці ў грэцкіх калоніях рэспублікі, дзе цыганы ўтваралі значную частку феадальнай структуры (параўн. с. 46). Аднак распараджэнняў Вэнэцыянскага сената наконт цыганоў не было да 1540 г. Мілян таксама акгыўна прымаў агульныя меры, накіраваныя супраць цыганоў. У 1493 г., пад час панавання Людавіко іль Моро, два дэкрэты пазначылі пераход у італійскіх
    17 Раннім законам на тэму цыганоў у італійскіх дзяржавах прысвечана праца М. Zuccon, ‘La legislazione sugli Zingari negli stati italiani prima della rivoluzione’, Lacio Drom (1979), nos 1—2, pp. 1—68; A. Campigotto, ‘I bandi bolognesi contro gli Zingaru (sec. XVI—XVIII)’, Lacio Drom (1987), no 4, pp. 2—27; i A. Arlati, ‘Gli Zingari nello stato di Milano’, Lacio Drom (1989), no 2, pp. 4—11.
    18Параўн. J. F. Foresti, Suppiementum chronicorum Fratris Jacobi Philippi Bergomensis(Venice,
    1483).
    дзяржавах да беспасярэдніх рэпрэсіяў, другі дэкрэт загадваў усім цыганам у княстве сысці адначасова, бо яны сталі занадта шматлікімі і зладзеяватымі. Французская заваёва Міляна прынесла больш суровыя пакаранні. У 1506 г. два дэкрэты абвесцілі, што цыганы ўяўляюць пагрозу для грамадства, і зноў асудзілі іх да выгнання з княства, ставячы ў адзін шэраг з іншымі бадзягамі як магчымых носьбітаў чумы. У якасці пакарання тройчы ўжывалася гэтак званае tratto di corda (пад’ём ахвяры з завязанымі за спінаю рукамі, каб уся вага цела трымалася на запясцях). Tratto di corda сустракаецца таксама ў дэкрэце Франсўа I ад 1517 г., які загадваў усім Cinguli et Cadegipti цягам трох дзён пакінуць княства; і зноў удэкрэце 1523 г., выдадзеным ягоным марыянеткавым князем, апошнім пераемнікам дынастыі Сфорца, які дадаў да фізічнага пакарання цыганоў штраф памерам у 25 залатых дукатаў. Урэшце, у 1534 г., у прамежку паміж выгнаннем французаў з Міляна і вяртаннем горада пад гішпанскае панаванне, Франчэско Сфорца выслаўусіх “эгіпцянаў, называных паўсюль цынгале (Cingali)”, пад пагрозай шыбеніцы.
    3 Міляна заканадаўчая манія распаўсюдзілася на поўдзень і ўсход. У мантуанскім Маркізатэ адно вядомае слова “выгнанне” не павінна было ўжывацца ні ў якіх законах, бо яно патрапіла ў бурлескава-макаранічную эпічную паэму Baldus (1517) пад аўтарствам бенедыкцінскага манаха Тэафілё Фаленга. На шчасце, суровая фразеалогія твора, якая нагадвала тое, што гэтым часам рабілася ў Міляне, была толькі літаратурнай фікцыяй: “ён, што ідзе пад імем «цыган», махляр, забойца, вулічны разбойнік, злодзей, нягоднік, які чаканіць фалыпывыя манеты і тонка апрацоўвае сапраўдныя, павінен быць выгнаны з усіх мантуанскіх тэрыторыяў; але калі нехта надумаецца забіпь яго, заробіць 150 дукатаў”19. Мілянскую мадэль разам з шэрагам мераў, накіраваных на выгнанне цыганоў, упершыню перанялі на практыцы ў Мадэне — у паўднёвай суседкі Мантуі. Некаторыя папскія дзяржавы ішлі следам: два мястэчкі ў Маркес Анконы — Джэзі і Сенігалія — звярнуліся да шэрагу дэкрэтаў 1535—1553 гг., як рабіла Балёння пачынаючы ад 1550 г. Прысуд выгнання стаў агульным для ўсіх папскіх дзяржаваў у 1552 г. у выніку эдыкта губернатара Джэралямо ды Россі, які казаў пра скандалы, беспарадкі і крадзяжы цыганоў: яны мелі звычай прыходзіць да Рыма і заставацца ў гротах, вінаградніках і навакольнай сельскай мясцовасці. Тасканскае княства (Флярэнцыя) у 1547 г. зрабіла спецыяльную загароду ад цыганоў.