Чытанка для дзіцячага садка
Выдавец: Медзісонт
Памер: 372с.
Мінск 2008
— Гэй, брацеСнежань, — загу каў Лістапад. — Прышлі мне марозу пякучага, завеяў сыпучых, 248
няхай замарозяць, засыплюць снегам непакорнага!
Прымчалі маразы, прыляцелі завеі, марозілі, снегам секлі, але не скарыўся Дуб.
Спахмурнеў Лістапад і адступіўся ад цара лесу... Усю зіму стаіць Дуб у сваім мядзяным адзенні. Толькі вясною ненадоўга скідае яго, каб пераапрануцца ў новае, зялёнае. За гэта называюць яго Зімовым Дубам.
Пра быка і яго сяброў
Беларуская народная казка
<э>—у-асвіўся на лузе бык. убачыў ён каля рэчкі I I туман і напужаўся: падумаў, што зямля і У >вада гараць.
«Пабягу я лепш адгэтуль на край свету!» — парашыў бык. Задраў хвост і пабег. Сустрэўся яму на дарозе казёл:
— Бык, куды бяжыш?
— На край свету.
— Чаго?
— У нас зямля і вада гараць. Баюся, каб і мне не згарэць.
— Пабягу і я з табою.
— Бяжы.
Бягуць яны, а насустрач ім парсюк:
— Куды бежыце?
— На край свету: у нас зямля і вада гараць! Баімся, каб і нам не згарэць.
— I я з вамі пабягу.
— Бяжы.
Бягуць яны ўтрох. Сустракае іх гусак.
— Куды бежыце?
— На край свету: у нас зямля і вада гараць! Баімся, каб і нам не згарэць.
— I я з вамі пабягу.
— Бяжы.
Бягуць яны ўчатырох. Сустракае іх певень.
— Куды бежыце?
— На край свету: у нас зямля і вада гараць...
— I я з вамі пабягу.
— Бяжы.
Беглі, беглі, прыбеглі ў лес. А тут і зіма надыходзіць. Бык кажа:
— Ну, досыць бегчы: зімою зямля не загарыцца. Давайце будзем хату рабіць ды запасы на зіму рыхтаваць.
Парсюк кажа:
— Мне хата не трэба: я выкапаю сабе яму, нанашу туды моху на падсцілку, жалудоў на харч ды буду зімаваць. Мне і так цёпла будзе!
Казёл кажа:
— А я карою пракармлюся, у дупле пагрэюся.
— А ты, гусак? — пытаецца бык.
— У мяне пер'е цёплае, я дзюбу ў яго схаваю ды так і перазімую.
— А ты, певень?
— А мне што, я і пад ялінкаю перазімую.
Што рабіць? Узяўся бык адзін хату будаваць. Нанасіў бярвення, моху, збудаваў цёплую хату і жыве сабе ў ёй без бяды.
Насталі лютыя маразы. Парсюк круціўся, круціўся ў яме, не вытрымаў ды пайшоў да быка:
— Пусці, бык, у хату: сцюдзёна вельмі.
— He, — кажа бык, — не пушчу: ты ў мох закапаешся, табе і так цёпла будзе!
— Калі не пусціш, — кажа парсюк, — дык я падкапаю лычом падрубу — твая хата абернецца, ды яшчэ і цябе самога задушыць.
Напужаўся бык: хочаш не хочаш, трэба пускаць парсюка ў хату...
— Ну, добра, — кажа, — ідзі: удвух весялей будзе.
На другі дзень прыходзіць казёл:
— Пусці, бык, у хату.
— Навошта табе хата? Ты ў дупле перазімуеш!
— Ну, калі не пусціш, дык я разганюся, стукну рагамі ў сцяну і праб'ю дзірку: мароз залезе ў хату, табе холадна будзе.
Што рабіць — пусціў казла.
— Добра, — кажа, — хата ў мяне не малая: хопіць і траім месца.
На трэці дзень прыходзіць гусак:
— Бык, бык, пусці ў хату пагрэцца!
— He пушчу!
— Чаму?
— У цябе пер'е цёплае, ты ў яго дзюбу схаваеш ды так і перазімуеш.
— Ну, калі не пусціш, дык я дзюбаю ўсю страху расцягаю, табе холадна будзе.
Спужаўся бык — пусціў і гусака.
На чацвёрты дзень прыходзіць певень:
— Пусці, бык, у хату!
— А хіба табе пад ялінкаю не цёпла? — засмяяўся бык. — He пушчу! У мяне ўжо і так цесна.
— А калі не пусціш, дык я ўзлячу на гару і ўвесь пясок са столі зграбу: дух з хаты праз столь выйдзе, ты замерзнеш.
Спужаўся бык — пусціў і пеўня. Жывуць яны ў хаце ўпяцёх. Ідзе мядзведзь. убачыў хату.
— Хто тут жыве? — пытаецца.
— Бык, казёл, парсюк, гусак і певень, — адказваюць з хаты.
— Пусціце і мяне пагрэцца.
— He, не пусцім. Ты нам не кампанія.
Мядзведзь стукнуў лапаю ў дзверы, праламаў іх і ўвайшоў у хату. Тут бык выставіў рогі ды прыпёр мядзведзя да сцяны. А казёл давай яму рагамі ў бок лупіць, а парсюк зубамі за жывот ірваць, а гусак у нос дзяўбці... А певень узляцеў на лаву ды давай крычаць: «Кудах-кудах! Кудыкуды!» Ледзьве жывым выскачыў з хаты няпрошаны госць — мядзведзь. Ідзе ён кульгаючы па лесе, сустракае ваўка.
— Дзе быў, сусед? — пытаецца ў яго воўк. — Чаму ты такі хмуры?
— Ой, — кажа мядзведзь не сваім голасам, — трапіў я да страшэнных разбойнікаў. Адзін мяне віламі да сцяны прыціснуў — не павярнуцца. Другі ражнамі ў бок таўчэ. Трэці абцугамі кішкі выцягвае. Чацвёрты прутком у нос коле. А пяты, у чырвонай шапачцы, ззаду шабля крывая, на нагах шпоры, бегае па лаве ды ўсё крычыць: «Падай, падай яго сюды!» Добра, што я ўцёк, бо не ведаю, што б гэты разбойнік зрабіў са мною...
3 таго часу больш ні мядзведзь, ні воўк у тую хату зазіралі.
Жаронцы
Беларуская народная казка
Жылі дзед ды баба. Нічога ў іх з гаспадаркі не было — толькі пеўнік і жаронцы.
Дзіўныя гэта былі жаронцы: паложыць у іх дзед зярнятка, пакруціць раз-другі, і цэлая кадушка мукі намелецца.
Добра жылі дзед з бабай самі і пеўніка не крыўдзілі. Дачуўся пра дзіўныя жаронцы пан. Парашыў ён украсці іх. ІІрыехаў адвячоркам да дзеда і просіцца пераначаваць. «На паляванні, — кажа, — быў: далёка дадому ехаць, а тут ноч надыходзіць».
— Начуй сабе, — кажа дзед, — месца хопіць.
Уночы, як дзед і баба заснулі, пан украў жаронцы ды паехаў. Моцна затужылі дзед з бабай па жаронцах. Сядзяць яны галодныя ды плачуць.
Пеўнік слухаў, слухаў іх, а потым і кажа:
— He плачце, я вярну вам жаронцы!
— Дзе табе вярнуць іх! — кажуць дзед і баба. — Пан цябе і на парог не пусціць.
— Нічога, — падхрабрыўся пеўнік, — вярну. Хоць сам загіну, а жаронцы вярну.
Развітаўся ён з дзедам і бабай ды паляцеў у панскі двор. Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму каршун.
— Куды, певень, ляціш? — пытаецца.
— У двор да пана.
— Чаго?
— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў Я лячу іх сыскаць.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Лезь у валляк!
Каршун улез пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей. Ляціць ён дарогаю, ляціць шырокаю, а насустрач яму лісіца:
— Куды, певень, ляціш?
— У двор да пана.
— Чаго?
— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу іх сыскаць.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Лезь у валляк.
Лісіца ўлезла пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей. Ляціць ён дарогаю, ляціць шырокаю, а насустрач яму барсук:
— Куды, певень, ляціш?
— У двор да пана.
— Чаго?
— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу іх сыскаць.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Лезь у валляк.
Барсук улез пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей. Ляціць ён дарогаю, ляціць шырокаю, а насустрач яму воўк:
— Куды, певень, ляціш?
— У двор да пана.
— Чаго?
— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу іх сыскаць.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Лезь у валляк!
Ляцеў, ляцеў пеўнік і прыляцеў у двор да пана. А ў пана ў гэты час былі госці — пілі, гулялі. Вокны і дзверы насцеж парасчынялі.
Узляцеў пеўнік на падваконне, залопаў крыламі ды заспяваў на ўвесь голас:
— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку! Ён у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Я прыляцеў жаронцы сыскаць. Аддавай, пан, жаронцы.
Пану стала брыдка перад гасцямі, што пеўнік яго злодзеем абзывае. Вось ён і кажа:
— Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, укіньце ў куратнік: няхай яго куры задзяўбуць!
Схапілі слугі пеўніка, укінулі ў куратнік, a самі пайшлі. Тут пеўнік і кажа:
— Каршун, каршун, вылазь з валляка, падушы курэй.
Выскачыў каршун з валляка, перадушыў усіх курэй ды паляцеў у лес. Пеўнік зноў прыляцеў на падваконне:
— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку! Ён у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў...
— Ах, — кажа пан, — дык яго куры не задзяўблі? Добра ж! Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, занясіце ў гусятнік, няхай яго гусі зашчыплюць!
Схапілі слугі пеўніка і ўкінулі ў гусятнік. Пеўнік ачухаўся ды кажа:
— Лісічка, лісічка, вылазь з валляка, падушы гусей.
Лісіца так і зрабіла, а сама ў лес пабегла. Паляцеў пеўнік на падваконне ды зноў сваё спявае:
— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку!..
— Ах, — кажа пан, — дык яго і гусі не зашчыпалі? Добра ж! Слугі, слугі, нясіце яго ў свінарнік: няхай яго свінні загрызуць.
Занеслі слугі пеўніка ў свінарнік. А там пеўнік кажа:
— Барсук, барсук, вылазь з валляка, пагрызі свіней.
Барсук так і зрабіў, а сам пабег у лес. Прыляцеў пеўнік на падваконне. «Ку-ка-рэ-ку!..»
— Ах, — кажа пан, пачуўшы пеўнікаў голас, — дык яго і свінні не загрызлі?.. Слугі, слугі, укіньце яго ў стайню: няхай яго коні затопчуць.
У стайні пеўнік кажа:
— Воўк, воўк, вылазь з валляка, парэж коней.
Воўк выскачыў, парэзаў усіх коней і ходу ў лес.
Прыляцеў пеўнік на падваконне:
— Ку-ка-рэ-ку!..
Пан аж за галаву хапіўся: што ж рабіць? Потым кажа:
— Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, занясіце кухару, няхай ён яго засмажыць.
Слугі так і зрабілі. Кухар засмажьгў пеўніка і прынёс на талерцы пану. Пан схапіў яго ды і праглынуў са злосці ўсяго адразу. А пеўнік ажыў у панскім жываце, вытыркнуў дзюбу праз правае вуха ды заспяваў:
— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку!..
Пан закрычаў:
— Слугі, слугі, хапайце сякеры, сячыце гэтага нягодніка!
Схапілі слугі сякеры, як секанулі, дык і адсеклі пану правае вуха... А пеўнік пералез у левае вуха ды зноў заспяваў.
— Слугі, слугі, — крычыць пан, — сячыце яго!
Секанулі слугі, ды не па пеўніку, і адсеклі пану левае вуха. Застаўся пан без вушэй. Тады пеўнік высунуўся праз рот.
— Слугі, слугі, — крычыць пан, разявіўшы рот, — сячыце, сячыце яго!
Секанулі слугі, ды не па пеўніку, а па языку, — адсеклі пану язык.
А пеўнік выскачыў, паляцеў на падваконне, сеў і спявае. Бачыць пан — няма рады: усю яго жывёлу пеўнік перадушыў, ды і самога скалечыў. Вынес ён жаронцы з пакояў і аддаў іх пеўніку.
Пеўнік схапіў адзін камень пад адно крыло, другі — пад другое і паляцеў дахаты.
Зарадаваліся дзед з бабай жаронцам, пачалі ў іх муку малоць. 3 мукі хлеб пякуць, самі ядуць і пеўніку даюць.
Лёгкі хлеб
Беларуская народная казка
Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, развязаў і пачаў есці.
Выходзіць з лесу галодны воўк. Бачыць — касец пад кустом сядзіць і нешта есць.
Падышоў да яго воўк:
— Ты што ясі, чалавеча?
— Хлеб, — адказвае касец.
— А смачны ён?
— Дзіва што смачны!
— Дай мне пакаштаваць.
— Калі ласка!
Адламаў касец кавалак хлеба і даў ваўку.
Спадабаўся ваўку хлеб. Ён і кажа:
— Хацеў бы я кожны дзень хлеб есці, але дзе мне яго даставаць? Парай, чалавеча!