• Газеты, часопісы і г.д.
  • Да гісторыі Саюзу Беларускай Моладзі  Лявон Юрэвіч

    Да гісторыі Саюзу Беларускай Моладзі

    Лявон Юрэвіч

    Выдавец: Энцыклапедыкс
    Памер: 214с.
    Мінск 2001
    40.08 МБ
    Л. Ю.: Ці ёсьць у Вас нейкія вэрсіі наконт далейшага лёсу брата?
    М. Г.: Толькі тое, што ўжо гаварыў: альбо застаўся ў жывых, дзякуючы АК, і дажыў да старасьці, альбо загінуў, як няведамы жаўнер. Вядома, што яго нідзе не судзілі, што ніхто не злавіў, тым больш, што ў цяперашні час, калі я паехаў у Беларусь, то мне прышылі, што гэта я — Міхась Ганько: скрыўся, амаладзіўся...
    Л. Ю.: Калі б Ваш брат застаўся жывым, ці не спрабаваў бы ён Вас адшукаць?
    М. Г.: У тэй час магчымасьцяў не было, а сягоньня, калі гэтыя магчымасьці ёсьць, то ён ці не жыве, ці ўжо проста застары. Можа, пагадзіўся з тым лёсам, што нікога няма, а калі нават даведаўся, што я жывы, то вырашыў: «Жыві спакойна, ня буду ўскладняць». Я думаю, што апошняе найбольш верагоднае: не захацеў вылазіць на паверхню, пакінуў усё, як было, для гісторыі — разьбірацца.
    Л. Ю.: Але Вас у сям'і было тры браты?
    М. Г.: Сярэдні брат, Васіль, быў на гаспадарцы. Скончыў пачатковую польскую школу. Больш ён вучыцца не хацеў. Ён любіў гаспадарку, вельмі любіў сталярку, любіў будаваць: быў надта здольны да гэтага. У 14 гадоў паставіў прыбудову да хаты, з падвалам. Бацька толькі купляў матар'ялы, памагаў людзей наймаць. А ён ужо кіраваў. У 14 гадоў! Рабіў формы з бэтону, зрабіў хату па-мадэрнаму. Ён вельмі любіў майстраваць, рабіў усякія чачоткі зь бярозы, рабіў ложкі, шафы, сам па сабе навучыўся.
    У нас там сусед быў, Завадзкі, які потым стаў па жонцы трохі раднёй, дык ён там падглядаў, як робіцца. Ён ажаніўся ў часе нямецкай акупацыі, было ў іх дзіця, але памерла, відаць, мела нейкую алергію... Застаўся ён з жонкаю дома, і бацькі пры ім. І ў 1944 г., як прыйшлі бальшавікі, яго мабілізавалі ў войска...
    Л. Ю.: Яго не палічылі за здрадніка ці за ворага?
    М. Г.: А каго ён здрадзіў?.. Яго мабілізавалі й нават не паслалі ў штрафны батальён, а ў нейкую будаўнічую брыгаду. Столярам працаваў даволі доўга, да позьняй восені 1944 г., каля Менску. А пасьля забралі на фронт, і ён дзесьці ў красавіку па дарозе на Бэрлін загінуў: быў ранены ў жывот і ня выжыў.
    Л. Ю.: Ён ня быў сябрам СБМ?
    М. Г.: He, ня быў.
    Л. Ю.: Пераконаньні? Ці проста не хацеў?
    М. Г.: Проста... Быў 20-га году, жанаты, — як казалі, сталы.
    Л. Ю.: А Міхась ня быў жанаты?
    М. Г.: He. У нас жанаты быў толькі Васіль. Яго жонка Надзя зь вёскі Гараніны, недалёка ад нас. А дачка радзілася, калі Васіля ўжо не было.
    Л. Ю.: Яны й зараз жывуць?
    М. Г.: Жыве братавая, жыве дачка, Васіліна называецца, у яе двое дзяцей — сын і дачка. І ў кожнага ёсьць па дзіцяці: у дачкі сын, а ў сына — дачка. Яна там была выйшла замуж, але нядобра, і так адна пражыла ўвесь век.
    Цяпер бачыўся зь ёю, перапісваюся, памагаю, яна надзвычайная жанчына — даглядала маіх бацькоў, не пакінула, трымала. Калі матка ўжо была хворая, братавая яе прыняла. Ад майго дваюраднага брата яна яшчэ мела дачку. Гэтак яны, дзьве дачкі, маю матку даглядалі да сьмерці, як і трэба — як сваю бабку. Я за гэта ім вельмі ўдзячны, проста няма слоў.
    Калі я гэта гавару, мне й сумна й радасна, што жанчына, якая была сама ўдава, не пакінула бацькоў свайго мужа. Даглядала да сьмерці, пахавала. Калі я быў на Беларусі, дык адная дачка завезла на магілку маёй маці, другая паказала, дзе бацькава магілка. Бацькоў пахавалі ня разам, бо тыя могілкі, дзе бацька пахаваны, пазьней закрылі. Маці пахаваная ўжо каля Маладэчна. Цяпер і гэтыя могілкі закрылі... А ўся гэтая сямейная гісторыя дае веру ў дабрату людзей.
    Л. Ю.: А чым канкрэтна займалася СБМ яшчэ да выезду ў Нямеччыну?
    М. Г.: Выхаваньне моладзі ў нацыянальным духу. Праўда, паколькі гэта было ў часе вайны, то гэтая арганізацыя мела характар...
    Л. Ю.: ...ваенізаваны?
    М. Г.: Больш арганізаваны — уніформа, маршы...
    Л. Ю.: ...сьпявалі свае беларускія песьні?
    М. Г.: Абсалютна. Як я казаў, «І шырока, і далёка», «У гушчарах», «Ідуць жаўнеры» й маса іншых.
    Л. Ю.: Былі лекцыі?
    М. Г.: Так, чыталіся лекцыі. Штомесяц выходзіў «Вучэбны лісток», нават каляровы, калі я не памыляюся. У ім даваліся парады кіраўніцтву й акруговым, але больш-то раённым, у якім кірунку працаваць у даным мамэнце, якія тэмы распрацоўваць. Выкладалася літаратура, геаграфія. Для дзяўчат ладзіліся заняткі ручной працы. Для хлопцаў свае заняткі. Пашырэньне агульных ведаў, маральнае заахвочваньне супраць п'янства, курэньня. Вельмі моцна разьвівалася сяброўства, іпто адчуваецца да сягоньня: сябры СБМ, якія апынуліся на Захадзе, — гэта ж падмурак усёй эміграцыі!
    Л. Ю.: Аб гэтым у мяне таксама будзе пытаньне. Але якімі падручнікамі вы карысталіся, якія кнігі чыталі? Савецкія?
    М. Г.: He, савецкіх не выкарыстоўвалі. Стараліся перадрукоўваць з кніг, якія выходзілі ў Заходняй Беларусі: «Сымон-музыка», «Новая зямля», Купалавы вершы дарэвалюцыйнага пэрыяду, іншых паэтаў, якія ў тэй час пісалі. Падручнікі: «Геаграфія» А. Смоліча, «Беларусь учора і сяньня» Язэпа Найдзюка. У гэтых кніжках гісторыя й усё іншае асьвятляецца зь беларускага погляду, а не з чужога. Гэта была самая галоўная мэта. І што асабліва цікава: моладзь 14—15—16 гадоў брала гэта як спрагнчтая.
    Яны адчувалі: тое, што давалі ім за саветамі, было ня тое, ня праўда. Моладзь вельмі хутка разьбіраецца ў гэтым — раптоўна адкрываліся вочы ў масы.
    Л. Ю.: Ці запрашалі вы каго-небудзь на лекцыі? Адамовіча, прыкладам? Віцьбіча?
    М. Г.: Лекцыі чыталі ўсе дзеячы, каго толькі мог Міхась злавіць або нават змусіць, бо аўтарытэт ён там меў...
    Л. Ю.: Лічыліся, так?
    М. Г.: Лічыліся. Дык ён мог і прымусіць іх. Помню, лекцыю пра беларускую музыку чытаў нам Шчаглоў. Лекцыі чытаў і выкладаў Родзька.
    Л. Ю.: А Родзька што чытаў?
    М. Г.: Ён патрыятызм убіваў у галаву.
    Л. Ю.: Палітінфармацыі, скажам...
    М. Г„: Штось такое. Ён надзвычайна ўмеў гаварыць. Як ён прамаўляў, заўсёды цішыня — чуваць было, як муха ляціць.
    Л. Ю.: Вітушка прыходзіў?
    М. Г.: He. У Менску адбываліся курсы для дзяўчат. Там яны на санітарак вучыліся, а пры тым ім таксама й выхаваньне давалі. Там была доктар Абрамава, з Латвіі прыяжджаў рэдактар Глыбінны (Сядура), Адамовіча я чуў пару разоў. У яго літаратура зьвязаная наўпрост з патрыятычнасьцю. Калі ён чытаў верш «Паўстань, народ» Купалы, моладзь плакала.
    Л. Ю.: Інакш кажучы, усе гэтыя заслужоныя дзеячы лічыліся з СБМ? Яны не глядзелі на гэта, як на нешта дзіцячае?
    М. Г.: He, яны глядзелі на СБМ як на кузьню будучыні беларускага народу. Некаторыя так і называлі. А немцы да гэтага нічога ня мелі, лекцыяў не чыталі. Яны толькі глядзелі, каб там партызанкай
    не займаліся. Абсалютна ўсё было ў беларускіх руках.
    Л. Ю.: СБМ існаваў крыху больш за год. І Вы кажаце, што ў арганізацыі было 12—15 тысяч?
    М. Е: Гавораць, што 50 тысяч.
    Л. Ю.: Частка загінула ў Сібіры, нехта схаваўся. A тыя, што зьехалі на эміграцыю, — дзе яны? Чаму сябры СБМ тут не зарганізаваліся? Што зь імі сталася?
    М. Г.: Сябры СБМ, якія трапілі сюды, былі ўжо ня дзеці, яшчэ на Беларусі ім было не па 14 гадоў, а па 18. Пакуль быў тут Чопчыц, то існавала вельмі добрая арганізацыя, хор. Мечыслаў Рачыцкі быў сакратаром у выдавецкім фоіідзе Згуртаваньня Беларусаў Канады, пакуль не памёр. Мікола Ганько й Арсень Монід яшчэ трапечуцца да сягоньня. У Вініпэгу ёсьць Бурдзы, якія да сягоньня беларусы. Язэп Чорны быў актыўны, а цяпер зрабіўся Абломаў.
    Л. Ю.: А ў Злучаных Штатах?
    М. Г.: Запруднік, Кіпелі абое.
    Л. Ю.: Але Вы пералічваеце адзінкі. Дык што, гэта кузьня ня выкавала?
    М. Г.: Выкавала. He забывайцеся, як супроць кузьні працавалі.
    Л. Ю.: Гэтыя людзі фізычна загінулі?
    М. Г.: Фізычна загінулі альбо схаваліся. Страх перад выдачай бальшавікам. Яны ўсе зашыліся й прапалі. Напрыклад, у Ангельшчыне. Наўмовіч, Жучка, «Дванаццатка», што была ў Лювэне — гэта ж усе сябры СБМ. Дасягненьнем Саюзу Моладзі было тое, што ўсё-такі ён пакінуў па сабе знак як на эміграцыі, так і на Бацькаўшчыне. У Польшчы, у Бэльгіі, у Францыі, v Ангельшчыне, ужо не гаворачы пра
    Штаты. А ў Аўстраліі! Вось хоць бы сябра мой, аднаклясьнік — Міхась Урынскі...
    Л. Ю.: Але я ня памятаю, каб ва ўспамінах пісалі пра СБМ. Ці скажам так, калі чалавек хоча дасьледаваць гісторыю СБМ, то якімі крыніцамі, якімі матар'яламі ён можа карыстацца, да каго яму зьвярнуцца?
    М. Г.: Толькі да тых сьведак, якія яшчэ засталіся. Я думаю, што ў Бібліятэцы Кангрэсу ЗША перахоўваюцца дакумэнты й нехта бачыў іх.
    Л. Ю.: Перахаваныя кім?
    М. Г.: United States.
    Л. Ю.: А хто аддаў, чые яны?
    М. Г.: Ня знаю. Там маюць, здаецца, «Жыве Беларусь» зь першага нумара.
    Л. Ю.: А колькі было нумароў? Здаецца, 12?
    М. Г.: У Нямеччыне выходзіў другі часапіс7. Там шмат рабіў Барановіч. Ён цяпер зусім бязьдзейны, напалову спараліжаваны. А ў Нямеччыне ён быў кіраўніком Моладзі.
    Л. Ю.: Пасьля Вашага брата?
    М. Г.: He, ён быў заступнік, але ў Нямеччыне, — штандаровы. Былі толькі два штандаровыя, Барановіч і Стэльмах.
    Л. Ю.: А ў газэтах «Бацькаўшчына», «Беларус» Вы нічога ніколі не пісалі?
    М. Г.: Я нічога не пісаў, толькі расказаў адной жанчыне, якая хацела напісаць.
    Л. Ю.: Зь Беларусі?
    М. Г.: Так. Але, шчыра сказаць... He знайшла яна ў мяне даверу, што зробіць аб'ектыўна. Мне ліста перадалі. Калі б я сустракаў асабіста, дык болып давяраў бы.
    7 «Малады змагар», рэдактар Е Барановіч (заўв. рэд.).
    Я ніколі ня бачыў, каб у Саюзе Моладзі штонебудзь рабілася для немцаў. Я чуў на свае вушы аднаго старэйшага беларускага дзеяча, які сабраў сярэдніх кіраўнікоў і казаў:
    — Хлопцы, калі што ня так і нас захочуць немцы падабраць пад свае рукі — за вінтоўкі ды ў лес.
    Л. Ю.: А хто гэта быў?
    М. Г.: Адамовіч. Ён ужо памёр. Во якое было настаўленьне. Гэта публікаваць, можа, і ня трэба, з часам можна апублікаваць. Я сам быў там. Нас было прыблізна 70 хлопцаў, усім па 20 гадоў.
    Л. Ю.: У лягеры ДП?
    М. Г.: Здаецца, калі канчалася вайна, мой шэф пакінуў нас недалёка ад Зальцбургу працаваць на тартаку, выдаў нам пасьведкі, што мы рабочыя, а сам зьнік. Гэта было ў канцы красавіка 1945 г. Яшчэ ішла вайна, яшчэ не было развалу. А мы там пры эвакуацыі розных фашыстоўскіх устаноў і складаў трошкі прызапасіліся. Са мной былі два хлопцы з Ваўкоў (гэта вёска паміж Красным і Радашкавічамі), ім было па 18 год, такія баязьлівыя. Зайшлі мы ў адзін магазын, стаяць бітоны — чысты сьпірт. Што ў мяшкох? Сала копчанае, з рэбрамі. Кашуль цывільных! Штаны! Штаноў-то, праўда, мала. Але кашуль, бялізны! Я скруціў, пад ніз падсунуў усё. Нам гэта шофэр і выгрузіў каля барака. Гэта мне есьці месяцы на тры, бо адзежу я ў аўстрыякаў на хлеб мяняў. Пагаварыў з адным гаспадаром, таксама быў паранены дзесь на фронце, дык таксама не вайсковы. Ён кажа: