Давыд-Гарадок. Час і людзі.
Міхаіл Шэлехаў
Выдавец: Брэсцкае ўпраўленне па друку
Памер: 304с.
Брэст 2000
Праўленне Вітаўта было надзвычайным, як і яго ўчынкі. У час ваенных паходаў Вітаўт вывеў з Таўрыі значную колькасць татараў і рассяліў іх у Княстве. Ён прыняў уцякаючых ад інквізіцыі ў Германіі яўрэяў, зразумеў будучую выгаду ад іх як гандляроў і творцаў багацця, даў ім для гэтага ўсе правы і стварыў патрэбныя для эканамічнай дзейнасці ўмовы.
Улічваючы тое, што большасць насельніцтва дзяржавы складалі праваслаўныя русіны, Вітаўт у 1415 годзе ў Навагарадку ўтварыў самастойную мітраполію на чале з Рыгорам Цымблаком. На ўсёй тэрыторыі Княства побач з цэрквамі і касцёламі будаваліся мячэці і сінагогі. Такая палітыка, вядома, вяла да рэлігійнай разнароднасці і адцясняла тутэйшае праваслаўнае насельніцтва. Гэта быў толькі пачатак драматычнага лёсу нраваслаўных на Беларусі, толькі далёкі грукат навальніцы будучага ўніяцтва, акаталічвання, знішчэння беларускай пісьменнасці пісьменнасці вялікага Скарыны... Так што не такім ужо лагодным і гарманічным было праўленне Вітаўта, літоўца па паходжанню.
I наогул, у Вялікім княстве Літоўскім і Рускім вялікімі князямі асабіста рускія князі ніколі не былі, хаця Беларусь ўся была ў складзе Княства. Гэта, дарэчы, красамоўна гаворыць аб фактычным характары адносін да русінаў: да ўлады іх не дапускалі. Як гаворыцца, дружба дружбай, а тытунец паасобку: літоўскія князі ўнутрана асцерагаліся рускіх князёў.
Але падкрэслім, эпоха Вітаўта гэта вяршыня княства Літоўскага, калі праваслаўныя былі роўнымі між роўных, а не заложнікамі ўціску Рэчы Паспалітай. Разнароднасць грамадства пры Вітаўце была карыснай: так у будучай беларускай нацыі выпрацоўвалася яе лепшая якасць памяркоўнасць.
У Еўропе Вітаўт карыстаўся вялікім аўтарытэтам. Імкнучыся яго замацаваць і дабіцца поўнай самастойнасці ад Польшчы, ён устанавіў добрыя адносіны з Ватыканам. Рымскі папа Марцін V прысвоіў яму каралеўскі тытул і даручыў спецыяльнай дэлегацыі правесці каранацыю.
Двойчы збіраліся спачатку ў Луцк, а потым у Вільню запрошаныя на гэтае вялікае для гаспадара Вітаўта свята каранаваныя суседзі. Сярод іх былі яго ўнук Васіль II Маскоўскі з мітрапалітам Фоціем, вялікі князь Цвярскі Барыс Аляксандравіч, пасды з Ноўгарада Вялікага, Пскова, Разані, кароль Польшчы Ягайла, імператар Рымска-Германскі Сігізмунд і кароль Венгрыі, гаспадар Валошскі (Малдаўскі), хан Перакопскі Хаджы Гірэй, паслы Візантыйскага імператара.
Аднак з-за інтрыг Ягайлы і каталіцкай царквы Полыпчы карону для Вітаўта затрымалі ў Германіі. Вітаўт яе не дачакаўся. Здрадніцтва палякаў так уразіла яго, падарвала сілы, што ён злёг і, не адужаўшы хваробы, праз два месяцы памёр. Карона будучага караля Вялікага княства Літоўскага і Рускага вярнулася ў Рым.
Сыноў у Вітаўта не было. Адзіная яго дачка Соф’я была маскоўскай княгіняй. Але пераемнасць захавалася.
Адразу ж пасля пахавання Вітаўта ў Вільні на з’ездзе князёў і магнатаў, насуперак волі Ягайлы, перамагла праваслаўная партыя: вялікім князем быў абраны актыўны прыхільнік праваслаўя дваюрадны брат Вітаўта, родны брат Ягайлы Свідрыгайла Альгердавіч.
Ацэньваючы гэты перыяд у гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы, сучаснік Вітаўта Мікола Гусоўскі ў сваёй пзэме на лацінскай мове “Песня пра зубра” пісаў:
“Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы росквітам княства Літоўскага, нашага краю, і называюць той век залатым”.
Пасля доўгага перапынку ў другой палове XIV стагоддзя з’яўляюцца першыя дакументы і гістарычныя крыніцы, у якіх згадваецца наш Гарадок, князі Гарадзецкія і падзеі, звязаныя з імі.
У гэты час быў складзены адзін з першых рускіх геаграфічных твораў, які быў змешчаны ў адным з Наўгарадскіх летапісаў.
Гэта “Спнсок городов русскнх, дальннх н блнжннх”. Усяго іх у спісе 358. Усе гарады размешчаны па групах: балгарскія і валошскія, падольскія, кіеўскія, валынскія, літоўскія, смаленскія, разанскія, залескія, наўгародскія і пскоўскія, цвярскія.
Усе гэтыя гарады знаходзіліся ў розных дзяржаўных утварэннях, самымі буйнымі з якіх былі вялікія княствы Літоўска-Рускае і Маскоўскае. Падыход невядомага аўтара быў культуралагічны: гэтыя гарады аб’ядноўвала еднасць мовы (за выключэннем балгар і валахаў малдаванаў) і еднасць праваслаўнай веры.
У спісе гарадоў Тураў адносіцца разам з Мазыром да гарадоў кіеўскіх, Пінск і Брэст да валынскіх, Мінск да літоўскіх. Сярод апошніх значыцца і Гародна, аб якім буйнешы знаўца рускага летапісання акадэмік М. Н. Ціхаміраў у сваёй рабоце “Русское летопнсанне” адзначаў:
“Остается невыясненным положенне города Городно, так как названнй “городок”, “городец” встречается очень много. Ясно только, что это Городно не нмеет ннкакого отношенмя к Гродно, названому выше, как Городец на Немане”.
У главе “Князь Буйны і яго горад” гаварылася аб Гародні і яе князях, сыне і ўнуках Давыда. Самыя вядомыя расійскія гісторыкі, а таксама такія аўтарытэтныя беларускія, як Доўнар-Запольскі і Ермаловіч, не атаясамляюць Гародню з Гродна, а лічаць, што першая знаходзілася на поўдні Беларусі. Верагодна, што ў “Спнску городов русскнх” Гародна гэта і ёсць наш Гарадок.
У 1895 годзе ў Варшаве выйшла адзінае ў сваім родзе генеалагічнае даследаванне польскага гісторыка акадэміка Юзафа Вольфа(1854-1900) “Князі літоўска-рускія з канца XIV ст.”.
У гэтай рабоце ў алфавітным парадку пералічаны ўсе вядомыя ў гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы княжацкія рады. Пры іх апісанні даецца ўся радаслоўная роду, роднасныя і маёмасныя адносіны з другімі радамі, іх удзел у дзяржаўна-палітычных падзеях.
Княжацкі тытул існаваў на Русі з IX стагоддзя і быў самым высокім і ганаровым у пануючым класе феадалаў. Яго мелі толькі нашчадкі першага легендарнага князя Рурыка, якія і зваліся таму Рурыкавічамі, Яны былі вялікімі князямі Кіеўскімі, а потым князямі ўсіх удзельных княстваў раздробленай Русі. Дынастыя Рурыкавічаў правіла МаскоўскаРускай дзяржавай да канца XVI стагоддзя.
У XIV стагоддзі ў Літоўска-Рускай дзяржаве з’явілася другая галіна князёў Гедзімінавічы, нашчадкі вялікага князя-літоўца, заснавальніка Гедзіміна.
Тытулы князя надаваліся імператарамі Свяшчэннай Рымскай (Германскай) імперыі асобным феадалам-магнатам за вялікія асабістыя заслугі. 3 пачатку XVIII стагоддзя такі ж метад заахвочвання узнагароды прымянялі і расійскія імператары. Тытул князя быў спадчынным, захоўваецца ён і зараз.
У вышэйназваным творы даведка аб князях Гарадзецкіх даецца пасля галіны славутых у гісторыі гаспадарства князёў Гедзімінавых. У пачатку даведкі гаворыцца:
“Гняздом князёў Гарадзецкіх, існуючых на Літве з канца XIV і да пачатку XV ст. ды належачых да групы князёў Пінска-Тураўскіх, з’яўляецца мясцовасць Гарадок на Піншчыне, званая потым Гарадок Давыдаў, цяпер Давыд-Гарадок”.
Старэйшая па часу дата, якая прыводзіцца Ю. Вольфам, гэта 1382 год. У кнізе генеалагічных дрэваў гаворыцца:
“Дакладна, што князь Давыд жаніўся з Марыяй, дачкою вялікага князя Альгерда, удавою Войдылы з 1382 г. Менавіта гэты князь Давыд Дзмітрыевіч Гарадзецкі з сваёй княгіняю Марыяй запісаны ў Любецкім сінодзіку”.
У знойдзеных найстарэйшых дакументах згадваецца імя князя Дзмітрыя Гарадзецкага. Яго сын Давыд Дзмітрыевіч, як відаць з вытрымкі, быў зяцем Альгерда, а яго жонка Марыя сястрой правіўшага ў гэты час вялікага князя Ягайлы.
У 1388 годзе Давыд Гарадзецкі разам з князем Карыбутам Наўгарад-Северскім прысягнулі на вернасць каралю Ягайлу, каралеве Ядвізе і кароне Польскай.
Каля 1390 года ў Любецкім сінодзіку сустракаюцца знаёмыя нам імёны “князь Давыд Днмнтрневнч Городецькнй co своя княгыня Марня”, што сведчыла аб адсутнасці іх сярод жывых.
Іх адзіны сын Мітка (Дзмітрый) спачатку, як і бацька, у складзе знатных юнакоў знаходзіўся ў 1412-1416 гадах пры двары караля Ягайлы ў
Кракаве. Можна з упэўненасцю сказаць, што ён быў удзельнікам славутай Грунвальдскай бітвы.
Вярнуўшыся ў Гарадок, ён становіцца падданым Вітаўта, якому прысягае, а пазней і Свідрыгайлу Альгердавічу, свайму дзядзьку. Кароткае княжанне Свідрыгайлы (1430-1432) характарызавалася яго апорай на праваслаўнае насельніцтва, што не падабалася феадалам-каталікам, якіх актыўна падтрымлівала Польшча.
Супраць Свідрыгайлы была арганізавана змова, якую ўзначаліў брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч, які быў абвешчаны вялікім князем магнатамі-каталікамі. Дух Вітаўта яшчэ лунаў над дзяржавай, а ў Княстве ўжо расла напружанасць. Галоўным для ўлады станавілася веравызнанне, і не якое-небудзь, а каталіцкае. Каталіцкія колы Польшчы ўзяліся перакоўваць Княства Літоўскае і Рускае на свой лад.
Чым скончылася гэта апрацоўка вядома. 3 часам самастойнае Вялікае княства Літоўскае і Рускае, найвялікшае ў Еўропе і славутае сваёй духоўнай сілай і народам, пераўтвараецца ў другасную правінцыю Полыпчы, губляюць старажытныя прэарытэты Кіеўскай Русі і высакародныя прывілеі Рурыкавічаў нашчадкі праваслаўных князёў, павінныя падпарадкоўвацца польскай шляхце. А назва Вялікае княства Літоўскае і Рускае сцвярджала, што дзяржава спалучае два народы літоўскі і рускі, у нашым выпадку беларускі.
Для каталіцтватакое двуадзінства, нармальнае ў “залаты век” Вітаўта, пры якім народы не пагарджаліся, а развіваліся, як роўныя між роўных, было прыкра. Княства павінна было стаць аднародным за кошт праваслаўных, за кошт народа беларускіх зямель, правы якога і само існаванне, як роўнага, падкрэслівалася ў афіцыйнай назве Княства.
Але гэта быў толькі пачатак уціску. Праз некаторы час пры дапамозе ўніяцтва гэтага траянскага каня Ватыкана ідзе новы наступ на свядомасць рускай часткі княства: разбураецца і знішчаецца айчыннае Праваслаўе, атрыманае ад Візантыі і Кіева, спадчынная вера продкаў.
Прайшлі стагоддзі, але і сёння ва ўжытку беларускай гістарыяграфіі былое словаўтварэнне, да якога ўсе прывыклі, але якое памылковае і прапольскае: Вялікае княства Літоўскае. Назва, як кажуць, кульгае: яна скарочана за кошт Рускага княства (беларускага). I мала таго, што гэта назва не дакладная па сутнасці, яна яшчэ і зневажае памяць вялікага князя Вітаўта, генія дзяржавы, які інтрыгамі Польшчы быў пазбаўлены кароны і тытула караля. Хто ведае, як склаўся б лёс Вялікага княства пад эгідай караля Вітаўта? Думаецца, што не горш, а куды лепш, чым гэта адбылося ў рэальнасці.