Давыд-Гарадок. Час і людзі.
Міхаіл Шэлехаў
Выдавец: Брэсцкае ўпраўленне па друку
Памер: 304с.
Брэст 2000
У гэту работу я імкнуўся ўкласці свае пачуцці... і ўсё сваё ўмельства, адказаў мастак з хваляваннем.
I сэрца, падказала яна.
I сэрца, як рэха, адгукнуўся ён.
Табе гэта ўдалося... Ну, а як ты жывеш, як сям’я? спыталася каралева.
Ваша тагачасная міласць многа дапамагла мне. Я і зараз жыву ў дараванай Вамі сядзібе. Жонка памерла, а дзеці ўжо дарослыя, адказаў мастак. Працую трохі для людзей, але сілы ўжо не тыя...
Так-так. Мы ўжо не тыя, што былі раней, Навоша, уздыхнула каралева. Пастарэлі. А некалі, памятаеш, мы сустракаліся тут з табою даволі часта, голас яе пацяплеў.
Мастак уважліва паглядзеў на яе, зноў схіліўся і стаў цалаваць яе рукі. Яна пагладзіла яго па белай галаве.
- Мая Катажына нечым нагадвае цябе, азірнуўшыся, сказала каралева. Яна скора будзе каралевай Швецыі.
Мастак устрапянуўся, таксама азірнуўся, гледзячы ў змрок даволі спалохана, і шэптам сказаў:
- Ці можна аб гэтым гаварыць уголас? He дай Бог хто пачуе!..
Каралева сумна ўздыхнула, памаўчала, зноў пагладзіла мастака па галаве, як дзіця.
Мастак імкліва шаптаў ёй ласкавыя словы, вочы яго гарэлі. Яна паглядзела на каляровыя вітражы ў вышыні. За імі быў вялікі свет: Еўропа, Італія, мора...
Гукі аргана сціхлі, зараз яны змоўкнуць. Яна глядзела на мастака. Зараз яна скажа яму, што гэта іх апошняя ў жыцці сустрэча. Каралева пакідала каралеўства і развітвалася са сваёй маладосцю...
Бона Сфорца д’Аргона (1494-1557) была італьянкай, яе радзімай быў горад Мілан, бацькам герцаг міланскі Галеаца Сфорца, маці прынцэса неапалітанская Ізабэла Арагонская. Бацька памёр рана, аднак дзяўчынка выхавалася ў атмасферы гуманістычнага італьянскага Адраджэння.
Яшчэ ў юным узросце ў Мілане яе браў з сабою вялікі Леанарда да Вінчы, калі пісаў сваю “Тайную вячэру”. У Парме, Неапалі, Рыме яна атрымала выдатную адукацыю: вывучала мову навукі таго часу лацінскую, філасофію, права, тэалогію, гісторыю, прыродазнаўства, матэматыку; наведвала тэатр, захаплялася музіцыраваннем і танцамі, сама ўдзельнічала ў прадстаўленнях і маскарадах.
У Рыме прыгажуня-прынцэса была заўважана папам Львом I і германскім імператарам Максімільянам I. Яны хацелі яе здольнасці, энергію і прыгажосць выкарыстаць у палітычных мэтах. Вось чаму шлюб Боны адбыўся, калі ёй споўнілася 24 гады.
У польскага караля Жыгімонта 1 (1467-1548) памерла жонка. A ГІольшча ўжо тады знаходзілася пад пільным наглядам Ватыкана як асноўны фарпост барацьбы супраць Праваслаўя. Тут і ўзнікла на арэне геапалітычных намаганняў папы рымскага прынцэса Сфорца. Яе прыгажосць павінна была замацаваць саюз Рыма і Кракава.
Сватам быў германскі імператар, а пасаджаным бацькам папа Леў X. Адразу адзначым, што атрыманыя ад папы інструкцыі аб барацьбе супраць Рэфармацыі ёю не выконваліся, ды і свайго мужа, які цярпіма адносіўся да гэтага, яна не стрымлівала. Выхаванне Боны было свецкім, і рэлігійны фанатызм ёй быў не ўласцівы.
У 1518 годзе герцагіня Бона Сфорца стала каралевай польскай і вялікай княгіняй літоўскай. Перад ад’ездам у Польшчу яна сустракалася ў Рыме з Міколам Гусоўскім, які ўваходзіў у склад польска-літоўскай дып-
ламатычнай місіі. Гутарка з шырокаадукаванай сваёй будучай каралевай глыбока ўразіла паэта. I калі па прапанове папы Льва X у Рыме ім была напісана на лацінскай мове славутая “Песня пра зубра”, то прысвяціў яе аўтар каралеве Боне:
“Да найяснейшай уладаркі і пані Боны з ласкі Божай каралевы Польшчы, вялікай княгіні Літвы, Русі, Прусіі і іншай пані”.
У гэтым прысвячэнні было і такое пажаданне:
“Мне добра вядома, найсвятлейшая пані, якога вялікага шчасця ты зычыш гэтаму каралеўству і як шмат разважаеш і дбаеш аб палажэнні ягонага становішча. Калі ж ты праявіш сябе добразычлівай, схільнай да апякунства навукі і мастацтва, тады ад іх будзе і дзяржаве вялікая карысць, а высокая слава імя твайго распаўсюдзіцца такім чынам яшчэ вышэй з ухвалой тваіх выхаваўцаў”.
“Песня пра зубра” напісана на лацінскай мове па жаданню Льва X. На гэтай жа мове яна і выдадзена ў Кракаве ў 1523 годзе з дапамогай каралевы.
Бона была маладзей караля на 27 гадоў. I ён быў вельмі задаволены ёю: маладая жонка падарыла яму пяцёра дзяцей, сярод якіх і будучага спадчынніка, уладара трона.
Але ў гісторыю Бона ўвайшла перш за ўсё сваім розумам і адукацыяй, сваімі дзеяннямі неардынарнай асобы ў эканоміцы і кіраванні дзяржавай. Мала хто ў каралеўстве мог параўнацца ў адукаванасці з каралевай. На ўсход Еўропы яна прывязла з радзімы святло Адраджэння і яго гуманізм.
Маладая каралева мела характар і волю свабоднай і таленавітай італьянкі: і, нарадзіўшы пяцёра дзяцей, яна не стала хатнім ценем караля. Яна хацела ўчынкаў сапраўднай каралевы. Тытаны Адраджэння і асабіста Леанарда да Вінчы былі яе сумленнем, як людзі справы і вялікія практыкі.
Многа ўладароў зведала наша зямля: вялікіх і дробных, мудрых і не вельмі кемлівых, жорсткіх і бязвольных. У шэрагу іх каралева Бона не згубілася. Сярод каранаваных і тытулаваных асобаў яна на адным з першых месцаў як практык і чалавек справы. I ў гісторыю Беларусі яна трапіла як буйны рэфарматар і эканаміст.
Дзейнасць каралевы Боны праходзіла галоўным чынам на тэрыторыі Вялікага княства Літоўска-Рускага. I пачалася яна ў 1521 годзе, калі пасля смерці пінскага князя Фёдара Іванавіча Яраславіча, які не меў нашчадкаў, яго велізарныя ўладанні перайшлі ва ўласнасць вялікага князя.
Княствы Пінскае, Гарадзецкае, Кобрынскае, Клецкае, воласць Рагачоўская і шэраг іншых зямель у Полыпчы па жаданню Боны былі перададзены ў карыстанне ёй.
1 ў Кароне, і ў Княстве яна рознымі спосабамі вярнула каралю тыя землі, якія былі закладзены ім магнатам дзеля грошай ці па палітычных
матывах. Удакладняіочы іх юрыдычныя правы на зямельныя абшары, Бона наступала на магнатаў цвёрда і рашуча: у нямаючых тытулаў уласнасць забіралася без выкупу.
3 мэтай аслаблення магнатаў, некаторыя спрэчныя землі замацоўваліся за імі пажыццёва. Адначасова каралева распачала абарону дробнай шляхты ад уціску магутных уладальнікаў. I ўсе гэтыя пытанні вырашаліся галоўным чынам у судзе. I хаця не ўсе працэсы мелі пад сабою юрыдычны грунт, аднак выйгравала іх амаль заўсёды каралева.
Прыгонныя сяляне належалі феадалам-магнатам і сярэдняй шляхце, а зямля, якую яны апрацоўвалі, абшчыне-грамадзе. Грамада мела самакіраванне, выконвала павіннасці на феадала і дзяржаву, сачыла за станам сялянскіх гаспадарак, дапамагала бедным і пагарэльцам. Аднак у землекарыстанні сялянскай грамады не было сістэмнасці і яно не давала плённых вынікаў.
Каралева Бона пачала на сваіх землях аграрную рэформу, якая атрымала назву валочная памера. Перш-наперш у гаспадарчым плане ў былых княствах былі створаны староствы адміністрацыйна-гаспадарчыя адзінкі, якія займаліся галоўным чынам зямельнымі справамі.
У аснове рэформы ляжаў абмер і перадзел зямлі на стандартныя ўчасткі валокі, якія станавіліся і адзінкай абкладання сялян павіннасцямі. Валока як адзінка вымярэння плошчы складала 21,36 гектара. Яна складалася з трох роўных палёў, што адпавядала трохпольнай сістэме земляробства.
У залежнасці ад якасці зямлі валокі падзяляліся на добрыя, сярэднія, дрэнныя і вельмі дрэнныя. Пры дрэннай зямлі памер валокі павялічваўся да 30 гектараў. Валока давалася не больш чым на дзве сям’і. Ліквідавалася церазпалосіца.
У выніку валочнай рэформы становішча сялян у валоданні зямлёй стала болып стабільным, аднак паншчына і чынш (плацяжы за зямлю) павялічыліся. Умацаваліся панскія фальваркі за кошт лепшых зямель, якія адышлі ад сялян.
У час правядзення валочнай рэформы каралева Бона мноства разоў бывала на землях сваіх старостваў, у гарадах, у тым ліку і ў Гарадку.
Яе мерапрыемствы былі падтрыманы вышэйшымі дзяржаўнымі органамі, ухвалены сеймам, панамі-радай, і ў 1557 годзе кароль Жыгімонт II Аўгуст выдаў “Уставу на валокі”. На яе аснове была праведзена валочная памера ў большасці гаспадарскіх, царкоўных і прыватных уладанняў Вялікага княства.
Энергічная каралева займалася ўсім. Яна цікавілася Палессем і рабіла спробы меліярацыі з мэтай канчатковай камасацыі (ліквідацыі церазпалосіцы), прадпрымала дзеянні ў абарону прыроды, пабудавала канал у ваколіцах Пінска і мост цераз Буг, апрацоўвала пустэчы і закладала сады. Па яе ініцыятыве будаваліся замкі і касцёлы, лячэбніцы і школы, млыны і грэблі.
У непраходных пушчах узнікалі новыя паселішчы. Перспектыўныя мястэчкі атрымлівалі Магдэбургскае права. Нагадаем, што гэта быў такі гарадскі статут, пры якім саслоўе гараджан жыло па сваіх эканамічных і маёмасных законах. Магдэбургскае права высока ўздымала гонар і ролю гарадоў. Гараджане мелі свой магістрат і вызваляліся ад павіннасцяў, ад суда і ўлады дзяржаўных служачых. I ў нейкім сэнсе гэта была амаль што вольная грамата гораду.
Як бачым, крокі і захады каралевы Боны ва ўсім адпавядалі ідэалам Адраджэння, якімі яна захаплялася ў маладосці. Атрымаўшы ў свае рукі дзікаваты і далёкі ад асветы край, яна пачала дзейнічаць, як і ўсе заходнія місіянеры, рашуча, без ценю сумненняў. 3 Вялікага Княства Бона хацела зрабіць сапраўдную Заходнюю Еўропу ў яе каталіцкім, рацыянальным варыянце.
Дарэчы, Магдэбургскае права, якое каралева Бона давала беларускім мястэчкам і гарадам, было супынена рукамі другой асветніцы, расійскай царыцы Екацярыны II.
Адной з лепшых якасцей каралевы Боны пры яе вытанчаным арыстакратызме быў на дзіва шырокі і дзяржаўны дэмакратызм. Гаспадарчымі кіраўнікамі-аканомамі Бона ставіла пераважна прадстаўнікоў дробнай шляхты. Яны служылі болын добрасумленна. Такім чынам, рэфармуючы дзяржаву, ствараючы моцную эканоміку, культуру землекарыстання і землеўладання, дзейнасць каралевы спрыяла дробным і сярэднім зямянам. Гэта польскае слова азначала саслоўе тых жа самых баяр, аб якім мы гаварылі вышэй, і шырокае ўжыванне яго замест слова першароднага і тутэйшага сведчыла аб новых уплывовых працэсах у Вялікім княстве Літоўска-Рускім, якое ўжо страціла сваю “рускасць” і дзе афіцыйна ўкаранялася польская тэрміналогія.
А цяпер вернемся да легенды.
Італьянка па паходжанню, гуманістка па выхаванню, каралева Бона з павагай ставілася да мастацтва і цікавілася ім. Замкі, якія яна будавала, і касцёлы, якія ўзводзіліся на яе вачах, былі ўсе ў стылі Рэнесансу. Афармленне звонку і ўпрыгожванне ўнутры было святочным, не аскетычным і занадта строгім, як гэта адзначалася ў Сярэдневеччы. Аздабленне і роспісы ствараліся ў новым стылі, калі рэлігійныя лікі і сюжэты перадаюцца як жывыя вобразы рэальных людзей у рэальным асяроддзі і натуральных абставінах, у адзінстве іх фізічных і духоўных якасцей.