Давыд-Гарадок. Час і людзі.
Міхаіл Шэлехаў
Выдавец: Брэсцкае ўпраўленне па друку
Памер: 304с.
Брэст 2000
А вось Навошы, як сведчыць вышэй прыведзены дакумент, яна аддавала тры сядзібы: “ему самому, н его жене, н детем нх н потомком нх”... Гучыць, згадзіцеся, як песня. Так што падабаўся каралеве Боне ўсё ж такі мастак, калі выказвала яна такі шчодры каралеўскі клопат.
Па тагачаснай шчыльнасці гарадской забудовы выкраіць участак у горадзе было не проста, але для Навошы гэта было зроблена. Яго сядзіба мясцілася непадалёк ад Ануфрыеўскай царквы, на правым беразе Піны, ля замка, побач з дваром гарадскога старосты Івана Падэбскага. Такое месца многа значыла тады.
У 1552 годзе пераглядаліся дакументы на землекарыстанне. Навошы ўжо не было ў жывых. Вышэйпрыведзеную каралеўскую грамату Боны прад’явіў ягоны сын Міхно Навошыч, які бацькоўскага рамяства
“не вмел”. Боны ўжо не было ў каралеўстве і Княстве, але аўтарытэт яе, трэба думаць, дапамог нашчадку Навошы захаваць маёмасць.
Так закончыўся гэты палескі раман. Бона перажыла майстра на некалькі гадоў. Магчыма, у далёкай Італіі яна расказвала маладым прыгажуням гісторыю пра Мастака і Каралеву, зрэшты, не называючы імён...
Каралева Бона вельмі любіла свайго сына Жыгімонта Аўгуста і дамагалася яго каранавання яшчэ пры жыцці бацькі. Жыгімонт-бацька заўсёды слухаўся сваёй жонкі, а ў гэтым пытанні тым больш, імкнучыся яшчэ пры сваім жыцці замацаваць трон за сваёй дынастыяй Ягелонаў. У 1529 годзе дзевяцігадовы хлапчук быў абраны соймам Княства вялікім князем, а сеймам Польшчы каралём. 3 гэтага часу яго бацьку-караля Жыгімонта і сталі ў дадатак зваць Старым.
Па палітычных меркаваннях Жыгімонт II Аўгуст ажаніўся з дачкою наследніка імператарскага трона Германіі Лізаветай, але праз два гады маладая каралева памерла ва ўзросце дзевятнаццаці гадоў у 1545 годзе.
I вось у гэты час у Вялікім Літоўска-Рускім гаспадарстве, а больш дакладней на Беларусі, пачынаецца зорны час Радзівілаў, які цягнуўся тры стагоддзі.
Русіны і праваслаўныя па паходжанню, Радзівілы ў гэты час ужо былі каталікамі і займалі прыкметныя дзяржаўныя пасады, хаця да іх з пагардаю адносілася каралева Бона і падбухторвала супраць Радзівілаў караля.
Але здарылася адна падзея, якая зрабіла Радзівілаў славутымі не толькі ў Кароне (Польшчы) і Княстве, але і ў Еўропе. Гэта было так званае каханне стагоддзя, як назвалі яго сучаснікі: каханне Жыгімонта II Аўгуста і Барбары Радзівіл.
Іх сустрэча адбылася ў Вільні, дзе яны жылі. Яму 23, ёй 20. У яго хворая жонка, яна маладая ўдава.
Сучаснікі лічылі Барбару самай прыгожай жанчынай Літвы і Польшчы. У сваёй рабоце “Чорная дама Нясвіжскага замка” К. Шышыгіна-Патоцкая дае ёй такую характарыстыку:
“Яна была паўночнай чараўніцай смуглявай бландынкай. Яе тонкую прыгажосць, злучаную з вялізнай абаяльнасцю, дапаўняла незвычайная элегантнасць. Тых, хто сутыкаўся з Барбарай, захаплялі пяшчотнасць яе погляду, ласкавая гутарка, павольнасць і веліч рухаў... Барбара мела вельмі бурны тэмперамент, якім яна прычаравала Аўгуста так моцна, што той гатоў быў лепш страціць карону, чым яе каханне”.
Апошняе ён даказаў сваімі паводзінамі. Пасля смерці жонкі Аўгуста яго маці каралева Бона мела намер ажаніць яго з адзінаю дачкою ўладара Прусіі, мяркуючы, што ў будучым ён будзе правіць і гэтай краінай. Аднак з гэтага нічога не атрымалася.
Бона даведалася, што прычына яго адказу Барбара, і пачала разам са старым каралём жорсткую барацьбу супраць літоўскай прыгажуні, асабліва калі Жыгімонт II абвясціў у 1547 годзе, што ён ажаніўся з Барбарай. Гэты шлюб арганізавалі брат Барбары Мікалай Руды (1512-1584) і іх дваюрадны брат Мікалай Чорны (1515-1565).
Бона падняла на ногі ўсю Польшчу і Літву супраць выскачкі-ліцвінкі. Яна літаральна залівалася слязьмі адчаю, лічачы шлюб сына жыццёвай катастрофай, якая закрэслівала дынастычныя і сямейныя планы. Стары Жыгімонт быў на яе баку ў гэтай драме.
Вясной 1548 года Жыгімонт I Стары памёр. Першым крокам маладога караля было жаданне дабіцца прызнання Барбары каралевай. Аднак сейм і большасць біскупаў патрабавалі скасавання шлюбу. Гэты цяжкі для яго час цягнуўся доўга.
Адбыўся разрыў з маці, і старая каралева разам з дачкамі, сёстрамі караля, пакінула сталічны Кракаў. А малады кароль заявіў, што ён хутчэй адрачэцца ад польскай кароны, чым пакіне каханую. I ён перамог. Дзяржаўная апазіцыя адступіла перад гарачым сэрцам і націскам караля.
Барбара прыехала ў Кракаў, была каранавана прымасам і стала законнай каралевай і вялікай княгіняй. Але прабыла яна на троне ўсяго толькі паўтара года. Няпрадбачаная цяжкая хвароба ў маі 1551 года закончылася яе смерцю. Яна пражыла толькі 30 гадоў. Перад яе канчынай нелюбімую нявестку прызнала і Бона.
Пасля смерці Барбары адносіны караля з маці яшчэ больш пагоршыліся. Справа ў тым, што ўзніклі цьмяныя чуткі, як быццам Бона мела дачыненне да смерці абодвух жонак сына, аб чым апошні гаварыў уголас.
Усё гэта рабіла знаходжанне Боны ў чужой для яе, па-сутнасці, дзяржаве небяспечным. Гарачы характар караля таксама не абяцаў нічога добрага ў будучым. I Бона вырашыла пакінуць Польшчу і вярнуцца на радзіму, у Італію. Перад ад’ездам яна і наведала Пінск і Палессе, дзе прайшлі яе маладыя гады і дзе здзяйсняліся яе ініцыятывы.
3 цягам часу высветлілася, што акрамя гуманізму і ідэй Рэнесансу каралева Бона мэтанакіравана ўзбагачалася. Гэта адукаваная італьянка з рацыяналістычным светапоглядам вырашыла ўзбагаціцца на Літве і Польшчы, каб забяспечыць сваю старасць. А жыць Бона хацела доўга.
I вось яе таемная праграма была выканана. Яна мела велізарныя багацці, частка з іх ужо знаходзілася ў Італіі. 3 вялікімі цяжкасцямі Бона пераадолела супраціўленне караля і дзяржаўных устаноў, якія не хацелі губляць такія агромністыя сродкі, якія нагадвалі казну цэлай краіны.
3 Польшчы Бона вывезла 24 вазы з золатам, срэбрам і іншымі каштоўнасцямі. Гэта быў натуральны залаты караван.
У Італію яна трапіла ў красавіку 1556 года і пасялілася ў Неапалі, у палацы, падараваным ёй каралём Іспаніі і Неапаля Філіпам II. He бескарысліва. Бона пазычыла яму 430 тысяч залатых дукатаў, за што павінна была браць з караля 10 працэнтаў гадавых.
Цяпер яна магла жыць да ста гадоў шыкоўна і без клопатаў. Бона была яшчэ ніштаватая, яна цяпер магла купляць лепшых кавалераў. Але яна раптоўна памерла.
Роўна праз паўтара года пасля прыезду ў Італію, як і яе прыгажунянявестка, так ненавідзімая ёй Барбара Радзівіл пасля прыезду ў каралеўскі замак. Пагадзіцеся, у гэтым ёсць нейкі надзвычайны сэнс, нібыта нейкая кара.
Каралева Бона была фізічна моцнай і здаровай жанчынай, тэмпераментнай і валявой асобай. Аб прычынах яе смерці існуюць розныя меркаванні. Найбольш распаўсюджанае ў гісторыі падрабязна выказана польскім гісторыкам Эдвардам Рудзскім у яго даследаванні “Польскія каралевы Пястаў і Ягелонаў”. Ён піша, што Бона Сфорца была атручана яе асабістым лекарам Янам Антоніо Макерата па даручэнню караля Філіпа II. Гэта праўдападобна, таму што інквізітар-кароль сваёй жорсткасцю пераўзыходзіў свайго сучасніка ў паўночнай дзяржаве цара Івана Грознага. I знайшла ж каму Бона рабіць такую пазыку! Італія гэта была ёй не Вялікае княства Літоўска-Рускае, дзе інквізіцыі амаль што не было. За доўгае жыццё на Палессі і наогул у Беларусі з яе мяккасцю і добразычлівасцю, каралева Бона страціла пачуццё бяспекі. I лёс пакараў яе.
Доўг кароль-інквізітар так і не вярнуў. I ўсе польскія каралі, узыходзячы на трон, на працягу двух стагоддзяў прад’яўлялі італьянскім каралям патрабаванні аб вяртанні пазыкі. Безвынікова.
Так і згубіліся 24 вазы з золатам. Што яшчэ тут дадаць? Магіла каралевы Боны захавалася, а вось дзе спіць палескі мастак Навоша невядома.
Няшчасны кароль Жыгімонт II Аўгуст перажыў сваю маці на 15 гадоў. У каханні ён ведаў толькі гора, а вось у дзяржаўнай дзейнасці Жыгімонт II аказаўся шчаслівы. Дзейнасць караля і вялікага князя была адметнай з’явай у гісторыі Польшчы і Літоўска-Рускай дзяржавы. Час яго кіравання адзначаны буйнымі гаспадарчымі мерапрыемствамі. У рэфарматарскіх справах ён быў падобны на сваю маці. Сярод яго дзеянняў правядзенне “волочной померы” на базе прынятай у 1557 годзе “Уставы на валокі”, якая была ажыццёўлена каралевай Бонай на значнай тэрыторыі Беларусі.
У 1556 годзе ўведзены ў другой рэдакцыі новы Статут Вялікага княства больш сістэматызаваны і лепей кадэфікаваны звод законаў, які дапамог захавацца ў цяжкія часы самастойнасці княства Літоўска-Рускага з яго традыцыямі і асаблівасцямі. Гэта адбылося пры Жыгімонце II Аўгусце.
Але самай найвялікшай падзеяй у дзейнасці караля было стварэнне федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай у 1569 годзе на падставе Люблінскай уніі.
Гады праўлення гэтага караля вызначаліся верацярпімасцю, раз-
віццём пратэстантызму, свабоднай культурна-рэлігійнай і грамадскай дзейнасцю прадстаўнікоў гуманістычнага Рэнесансу. Двума прывілейнымі граматамі надаваліся аднолькавыя сацыяльна-эканамічныя правы шляхце Княства незалежна ад яе рэлігійнай арыентацыі.
Нягледзячы на канфрантацыю каралевы Боны і Жыгімонта II Аўгуста, ён застаўся сынам сваёй маці выхаванкі Рэнесансу, і збярог традыцыі, якія насаджала ў княстве Літоўска-Рускім гэта надзвычайная жанчына. Судзіцца ў афіцыйных судах, як рабіла яна, гэта, пагадзіцеся, не адно і тое ж, як прыцягваць да судовай справы інквізіцыю і сакрэтныя службы. А менавіта так практыкавалася на Захадзе Еўропы, якая, як чумой, была ахоплена здзекамі і вар’яцтвам інквізітараў. Ды і на ўсходзе, у Масковіі, у цара Івана Грознага адбывалася тое ж там лютавала апрычніна.
Уплыў каралевы Боны быў сапраўды дзіўным у той час: дзяржава жыла без хваляванняў і ўзрушэнняў, без уціску і апантанасці рэлігійнага фанатызму: не сакрэт, што вялікія багацці на Захадзе збіраліся пры дапамозе палаючых кастроў інквізіцыі. У параўнанні з апрычнай Масковіяй гэтага часу і асветленага вогнішчамі інквізіцыі Захаду, дзяржаву Жыгімонта II Аўгуста называлі “абетаванай зямлёй”.
Непрымірымы праціўнік папства Марцін Лютэр прысвяціў перакладзеную ім на нямецкую мову “Біблію” менавіта каралю і вялікаму князю Жыгімонту II.
Кароль быў жанаты тройчы, але нашчадкаў не пакінуў. Разам з яго смерцю закончылася дынастыя Ягелонаў, якая ўладарыла ў Польшчы і Беларусі амаль дзвесце гадоў. Невыпадкова Жыгімонт II быў Аўгустам так сябе называлі некалі славутыя рымскія імператары. Ён і сапраўды быў Цэзарам разумным, высакародным уладаром. Пры яго жыцці Палессе і Давыд-Гарадок з яго Магдэбургскім правам, якое мелі тады вельмі многія мястэчкі Беларусі, жылі без войнаў і жорсткай рукі ўладаў. У параўнанні з другім слаўным валадаром Вітаўтам, Жыгімонт быў каралём міру і ладу.