Давыд-Гарадок. Час і людзі.
Міхаіл Шэлехаў
Выдавец: Брэсцкае ўпраўленне па друку
Памер: 304с.
Брэст 2000
Гаспадар Жыгімонт быў занадта падазроным, усюды шукаў уяўных змоўшчыкаў, нягледзячы на свае абяцанні аб літасці, жорстка караў, канфіскоўваў маёнткі, выносіў смяротныя прыгаворы.
Для больш актыўнай барацьбы за ўмацаванне пазіцый каталіцызму фанатычны Жыгімонт у 1436 годзе ўвёў інквізіцыю, якая ўжо была добра вядома ў Еўропе як орган тэрору Ватыкана супраць іншадумства і свабоды сумлення, але яна была нечаканай і непрыемнай навіной на нашай зямлі.
Такая ўнутраная палітыка Жыгімонта выклікала рэзкае незадавальнснне сярод часткі магнатаў: супраць яго была арганізавана змова і ў 1440 годзе ён быў забіты. Жыгімонт Кейстутавіч быў апошнім вялікім князем, які правіў толькі ў Літоўска-Рускім гаспадарстве.
Ужо Казімір I праз некалькі гадоў стаў і каралём Польскім, а гэта значыць назаўсёды правіцель Літвы і Рускага княства сучаснай Беларусі мог быць толькі католікам з усімі выцякаючымі адсюль паводзінамі. Казімір I перад ад’ездам у Кракаў выдаў прывілей аб недатыкаль-
насці асоб магнатаў, пашырыў правы праваслаўнай царквы, аднак ад яе патрабавалася, каб яна парвала свае адносіны з Масквой і падпарадкавалася канстанцінопальскаму патрыярху.
Станоўчым момантам была забарона ў 1479 годзе дзейнасці інквізіцыі: яна не паспела пусціць свае карані на беларускай зямлі. Біскупы разумелі, што пашырэнне ўплыву каталіцтва пры яе існаванні будзе катастрафічным: інквізіцыя была ваяўнічым легіёнам людзей у сутанах, якія распалілі б на Беларусі сотні кастроў з ахвярамі. Забарона інквізіцыі ратавала Беларусь і праваслаўе.
Аднак наступства разам з тым ішло. Казімір імкнуўся ўмацаваць Польшчу тэрытарыяльна за кошт паўднёва-усходніх зямель Гаспадарства. Гэта было прычынай змовы часткі праваслаўных магнатаў на чале з князем Слуцкім Міхаілам Алелькавічам у 1481 годзе. Змоўшчыкі хацелі замест Казіміра I паставіць праваслаўнага гаспадара і заключыць унію з Масквой. Аднак змова была раскрыта, князі Міхаіл Алелькавіч і Іван Гальшанскі пакараны смерцю.
У 1508 годзе адбылося буйнае паўстанне рускай (беларускай) шляхты на чале з тураўскім магнатам князем Міхаілам Глінскім. Па сутнасці мэта была тая ж самая, як і ў папярэдніх змоўшчыкаў: гэта былі адчайныя спробы выратаваць краіну і народ ад будучай трагедыі.
Паўстанцы заклікалі падтрымаць іх у барацьбе супраць улады Жыгімонта I, якая паставіла перад сабой мэту акаталічвання народа і падпарадкавання яго палякам. Вось толькі калі схамянуліся беларускія князі, даволі позна адчулі яны смяротную пагрозу для сябе і народа ў альянсе з Польшчай, у гэтых гульнях феадалаў з польскімі рыцарскімі гербамі і польскай шляхетнасцю! Польская карона бачыла ў беларускіх землях такую ж спрытна і зручна здабытую тэрыторыю, якой для іспанцаў была амерыканская зямля. Літоўска-Рускае гаспадарства для Кракава было тым самьім Новым Светам, здабываць які не трэба было ехаць за мора: зямля, ды якая з добрасумленным і працавітым насельніцтвам! знайшлася пад бокам.
Ад такога падарунка Польшча не жадала адмаўляцца і ніякай незалежнасці дапусціць не магла. Ніякіх дэвізаў з двайным стандартам тыпу “за нашу і вашу свабоду” тут не ўзнікала. Стандарт быў адзіны: вялікая Польшча “ад можа і да можа”. Для Беларусі настаў час выпрабаванняў. Вялікі і трагічны час барацьбы за свабоду: Беларусь яшчэ магла вырвацца з Рэчы Паспалітай, магла пазбегнуць страшэнных здзекаў над верай продкаў і апалячвання, магла стаць незалежнай.
Паўстанне ахапіла паўднёва-усходнюю частку Княства. Асобныя атрады Глінскага зрабілі спробу авалодаць Менскам і Слуцкам, хадзілі да сталіцы Вільні. У гэты час Княства знаходзілася ў стане вайны з Масковіяй і, вядома, князь Міхаіл Глінскі выкарыстаў гэту акалічнасць, злучыўшыся з маскоўскім войскам.
Але маскоўскі ўрад у той час да ідэі аб стварэнні на тэрыторыі Літвы-
Рускага княства адносіўся без энтузіазму. Магчыма, гэта было прычынай фактычнай няўдачы паўстання: сваіх сіл у паўстанцаў не хапіла, a маскоўскія войскі не атрымалі рашучага загаду. Сёння аб гэтай гістарычнай непрадбачлівасці пісаць сумна.
Але гісторыю не перапішаш. I калі Міхаіл Глінскі пад Оршай (якая цікавая гістарычная паралель!) патрабаваў даць рашучы бой наступаючаму польска-літоўскаму войску, на жаль, гэта не знайшло падтрымкі ў маскоўскіх военачальнікаў. He прымаючы бою, яны адступілі на ўсход, а разам з імі і паўстанцы.
Зараз цяжка зразумець усе рэаліі таго трагічнага моманту, але, трэба думаць, не эгаізм і абыякавасць перашкодзілі маскоўскаму войску даць бой пад Оршай. Можа, залішняя асцярожнасць у сітуацыі, калі вырашаўся лёс братняга народа. А можа, проста не хапала дастаткова войскаў. Але гэтая адкладзеная бітва пад Оршай не прывяла да дабра. Гісторыя зноў, і вельмі хутка, прывяла маскоўцаў пад Оршу, дзе ў 1514 годзе ў вядомай бітве яны пацярпелі паражэнне і вядома чаму: таму што на іх баку не было паўстанцаў, тутэйшага насельніцтва краю, якія б змагаліся за сваю волю.
Згодна з пагадненнем паміж Літвой і Масковіяй, кіраўнікі паўстання на чале з князем Міхаілам Глінскім атрымалі дазвол на выезд у Маскву, што яны і зрабілі. У Маскоўскай дзяржаве князі Глінскія займалі найвышэйшыя дзяржаўныя пасады, а Міхаіл Глінскі быў фактычным кіраўніком урада. Яго пляменніца Алена Васільеўна стала жонкай вялікага князя Маскоўскага Васіля III, а пасля яго смерці рэгентшай Маскоўскай дзяржавы (1533-1538) у гады маленства іх сына Івана IV, будучага сусветна вядомага цара Івана Грознага.
Праўленне караля і гаспадара Жыгімонта II Аўгуста (1548-1572) супала з эпохай Рэфармацыі, калі ідэі Адраджэння і гуманізму з Заходняй Еўропы трапілі ў Польшчу і Літву.
Невялікая частка феадальных вярхоў, сярод якіх самымі ўплывовымі былі Радзівілы, стала прыхільнікамі адной з галін пратэстантызму кальвінізму. Мікалай Радзівіл Чорны быў найбольш актыўным дзеячом у справе распаўсюджвання гэтага вывучэння. Аднак гэтае захапленне новымі рэлігійнымі ідэямі працягвалася нядоўга усяго адно пакаленне. Ужо Мікалай Крыштоф Сіротка, сын Мікалая Чорнага, вярнуўся ў каталіцызм.
У 1558 годзе Маскоўская руская дзяржава пачала вайну за авалоданне Прыбалтыкай, якая атрымала назву Інфлянцкай (Лівонскай). У 1561 годзе Лівонскі ордэн перайшоў пад пратэктарат Літоўска-Рускай дзяржавы, якая з гэтага часу станавілася супраціўнікам Масквы. Як мы бачым, зручны момант, калі Масква магла здабыць волю для Беларусі, у той час Рускага княства, з апорай на людзей тутэйшых, быў у свой час упушчаны.
Дзве краіны ўдарылі ў барабаны вайны і сталі ворагамі. I тыя бе-
ларускія праваслаўныя князі, якія жадалі змагацца пад чырвонымі харугвамі са Спасам-Хрыстом супраць польска-літоўскіх войскаў, павярнулі свае мячы супраць праваслаўных вояў-маскоўцаў. Коннік Пагоні з мячом і крыжом Еўфрасінні Полацкай рушыў не супраць Захаду, а супраць свайго ж праваслаўнага Усходу.
Вайна Масковіі з Літоўска-Рускім княствам была трагічнай вайною: маскоўскія войскі на гэты раз ламіліся ў дзверы, якія былі ў свой час для іх адчынены Свідрыгайлам, Міхаілам Глінскім і воляй беларускага народа.
У 1562 годзе рускія войскі пад кіраўніцтвам цара Івана Грознага ўступілі на тэрыторыю Беларусі і авалодалі значнай яе часткай. Шэсць наступных ваенных гадоў былі вельмі цяжкімі для Княства. Польшча не дапамагала, як быццам нечага чакаючы. Пад пагрозай апынулася само існаванне Літоўска-Рускай дзяржавы.
У наступным годзе сейм Княства прыняў пастанову аб неабходнасці перамоў з Польшчай аб заключэнні дзяржаўнай уніі. Гэту пазіцыю падтрымлівала большасць феадалаў Княства. Яны бачылі ў ёй магчымасць умацаваць сваё становішча ўнутры дзяржавы і атрымаць ваенную дапамогу ў вайне з Рускай дзяржавай. А менавіта такую дапамогу палякі абяцалі толькі пасля заключэння ўніі.
Такім чынам, канфесіянальныя спрэчкі і пагроза праваслаўю былі адсунуты ўбок перад пагрозай феадальным інтарэсам. I тут магнатам улада Польшчы была бліжэй, чым грозная ўлада маскоўскага цара. Гэта была трагічная памылка, якая пазней скасавала праваслаўе і самую беларускасць. Шкада, але факт, што паводзіны шляхты на Беларусі часта былі двудушнымі, і магнаты дзеля сваіх карыслівых інтарэсаў здраджвалі народу.
Пяць гадоў цягнулася падрыхтоўка ўніі, гэтага ганебнага ланцуга, да якога, безумоўна, прыклалі руку і езуіты. Каталіцкая царква вяла агітацыю сярод каталікоў Княства за ўключэнне яго без усякіх умоў. Ліцвіны цягнулі час, каб знайсці нейкае выйсце, каб зрабіць альянс, канчаткова не згубіўшы твар. А палякі чакалі зручнага моманту, каб заглынуць Княства.
У студзені 1569 года ў горадзе Любліне ў Польшчы адкрыўся супольны польска-літоўскі сейм, які цягнуўся паўгода.
Палякі ўнеслі прапанову аб поўнай ліквідацыі дзяржаўных структур Княства і зліцця яго з Польшчай. Ліцвіны прапанавалі свой праект, які прадугледжваў захаванне сваёй дзяржавы, заключэнне саюза на роўных умовах. Палякі не адступалі, і ліцвіны ў знак пратэсту пакінулі сейм, зняважаныя і абураныя...
Але дзе там! Яны трапілі ў пастку, якую рыхтавалі для іх лепшыя “лаўцы душ” з езуіцкіх школ. I вось цяпер, дачакаўшыся свайго, палякі нанеслі ім сапраўдны ўдар у спіну.
Кароль Жыгімонт II Аўгуст выдаў універсал аб адарванні ад Кня-
ства і далучэнні да Кароны зямель паўночнай Украіны Падляшскай, Падольскай, Валынскай і Кіеўскай, што павялічвала тэрыторыю Польшчы ў некалькі разоў: маленькая драпежная рыбка паглынала большую і спадзявалася не падавіцца. Тое, за што маскоўскія войскі змагаліся зброяй і кроўю, палякі падманам атрымалі адным росчыркам пяра. Езуіцкае майстэрства тут відавочна.
Можна ўявіць, што адчула беларуская шляхта, які гнеў і абурэнне ахапілі яе ад двудушнасці і прагнасці палякаў! I можа, не аднаму з іх прыйшла ў галаву старажытная байка, вядомая з часоў Эзопа, пра хворага чалавека, якому змяя на дарозе паабяцала вылячыць яго сваёй цудадзейнай атрутай. Чалавек даверліва паклаў яе за пазуху, але калі змяя ўкусіла яго, ён памёр. У жыцці ўсё выглядала не інакш: абяцанні Польшчы дапамагчы выглядалі смяротным укусам.
Нечаканая і падманная анэксія вызвала рэзкую рэакцыю з боку магнатаў-русінаў. Некаторыя з іх, у тым ліку праціўнікі ўніі князі Радзівілы, Рыгор Хадкевіч, Астафій Валовіч былі схільны да ваенных дзеянняў супраць Польшчы.