Давыд-Гарадок. Час і людзі.  Міхаіл Шэлехаў

Давыд-Гарадок. Час і людзі.

Міхаіл Шэлехаў

Выдавец: Брэсцкае ўпраўленне па друку
Памер: 304с.
Брэст 2000
95.86 МБ
Гэта па сутнасці быў перапіс насельніцтва, яго маёмаснага стану з мэтай устанаўлення адміністрацыйнага і фінансавага кантролю ў грамадстве, а для гэтага вызначэння межаў падаткаў і магчымасцяў падаткаплацельшчыкаў.
Дбайны перапіс стану пабудоў, дарог, мастоў, грэбляў даваў магчымасць рупліва сачыць за гаспадаркай і своечасова вырашаць пытанні самага рознага парадку. Перыядычнасць састаўлення інвентароў вызначалася асабіста гаспадаром апісваемых аб’ектаў. А з прычыны таго, што час быў пастаянна нестабільным, і частыя войны з пажарамі, грабяжамі і разбурэннямі пастаянна мянялі карціну, то патрэба у новых інвентарах была вялікая.
Апалячванне ўсіх афіцыйных структур Княства закранула і інвентары, узор тутэйшага вынаходніцтва: інвентары ў XVI XVII стагоддзях пісаліся на старабеларускай мове, у XVIII стагоддзі на польскай.
У нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у Мінску захоўваюцца 15 інвентароў, у якіх даволі грунтоўна апісана становішча Гарадоцкага замка і Замкавай воласці, насельніцтва якой несла ў ім абавязковыя павіннасці па падтрыманню належнага стану Замка, для яго абарончых абавязкаў.
Самы старэйшы з інвентароў датуецца 23 мая 1605 года. Можна зразумець прычыны яго ўзнікнення.
За дзесяць гадоў да гэтага на Палессі і ў нашых мясцінах дзейнічала паўстанцкае казацкае войска Севярына Налівайкі. I пры рэйдзе на ўсход, а потым рухаючыся назад, ён не мінуў Гарадок. Як мы памятаем, Гарадзецкі Замак быў заняты казакамі. I без пашкоджанняў Замка, вядома, не абышлося.
Інвентар адлюстроўвае стан знешніх і ўнутраных абарончых збудаванняў другой паловы XVI стагоддзя. Некаторыя з іх знаходзіліся ў за-
ганным стане. Можна ўявіць, што мясцовая адміністрацыя спрабавала ўсё спісаць на дзеянні казакаў.
Але інвентар адзначае ў сувязі з гэтым другое: нядобрасумленыя адносіны шляхты-зямян, абавязаных сачыць за Замкам, якія несвоечасова выконвалі свае абавязкі. Прыгонныя сяляне Замкавай і Палескай валасцей абавязаны былі падвозіць для рамонту лес, даводзіць да патрэбнага стану земляныя насыпы, выконваць работу “что прнкажут с топором”, як піша інвентар.
Замак быў абнесены гарызантальным парканам, а ў некаторых месцах частаколам. У паркане былі гародні, пакрытыя драніцай, якая патрабавала замены. Былі ў паркане пяць “вежак” прыгодных, а таксама некалькі патрабуючых рамонту.
Ідучы з “двара” (горада) трэба было перайсці вялікі мост праз шырокі роў, потым прайсці па пад’ёмнаму масту на металічных ланцугах. Уездам у Замак была брама за варотамі. Рэвізоры, пісаўшыя інвентар, убачылі каля ўезду новую вежу, якая была яшчэ без даху.
У гэтым дакуменце мы ўпершыню сустракаемся з апісаннем агнястрэльнай замкавай зброі.
Пералічваюцца чатыры бронзавыя гарматы на колах, пяць жалезных гармат з клінавымі затворамі і дзве жалезныя марціркі, а да іх каля чатырох коп жалезных ядраў і восем з паловаю коп каменных. Было на час агляду 20 гакаўніц, сем рушніц, алавяныя кулі да іх. Замкавыя пушкары павінны былі змайстраваць восем рушніц. Яны тут жа выраблялі ў Дольным замку і неабходную колькасць пораху, які захоўваўся ў скураных вёдрах у парахавым склепе.
Наяўнасць гэтай зброі сведчыць аб магчымасці Замка трымаць абарону на ўзроўні ўзброенасці таго часу з улікам колькаснага складу гарнізона. А гарнізон, трэба думаць, станавіўся большым, калі ўлічыць колькасць новай зброі, якая кожны год узмацняла арсенал.
А цяпер спынімся на пытанні, якое даволі рэдка асвятляецца ў гістарычнай літаратуры. Гэта металургічная прамысловасць сярэдневечча. Выраб агнястрэльнай зброі на Беларусі пачаўся з канца XIV стагоддзя. Ён быў бы немагчымым без наяўнасці металургіі. А яна існавала яшчэ за 500 гадоў да нашай эры. Гэтаму садзейнічала наяўнасць балотных жалезных руд.
Палескія руды ўтварыліся ў далёкія часы міжладоўя, калі разам з патокамі вады перамяшчаліся і розныя пароды. Вада вымыла жалеза, прынесла яго на Палессе і асадзіла ў паніжаных мясцінах рэчак, ручаёў, дрыгвяністых лагчынах. Так атрымаліся руды цвёрдыя, якія залягаюць на глыбіні не больш двух метраў. Мяккія руды знаходзяцца ў паверхне-
вым слоі. Асабліва багата рудасховішчамі балотных жалезных руд Палессе іх зараз вядома каля трохсот.
Прыпамінаю, як некалі ў дзяцінстве, пасучы кароў на балоце, мы ўглядваліся ў масляністыя рудыя плямы, якія плавалі на паверхні чорнай вады тарфянікаў. Старыя дзяды казалі, што гэта плавае жалеза. Глядзелі мы на гэта, як на казку ці цуд. Зараз ужо нідзе не ўбачыш гэтага цікавага відовішча, як не ўбачыш і самога балота.
Зачаткі металургіі з’явіліся ў часы мілаградскай культуры, у перыяд Герадотава мора, у неўраў, за пяцьсот гадоў да нашай эры. Жалеза атрымлівалі з руды сырадутнай плаўкай у гліняных печах-домніцах да аднаго метра ў папярэчніку.
У домніцу засыпаўся пластамі драўляны самаробны вугаль і балотная руда. Падпалены вугаль праз соплы раздзімаўся, і тэмпература ў печы даводзілася да 1200 градусаў. Страціўшая кісларод руда ператваралася ў крыцу порыстую жалезную масу, якую ў горнах награвалі, пракоўвалі для выдалення шлаку і ператваралі ў жалезныя бабіцы (балванкі). 3 іх выраблялі асноўныя прылады працы, зброю, упрыгожванні.
У такім выглядзе металургія праіснавала звыш тысячы гадоў. I нібы тое балотнае жалеза, сам народ выплаўляўся, загартоўваўся ў полымі стагоддзяў. Лёс металургіі і зброі, якімі займаліся кавалі, адны з самых унікальных і таленавітых прадстаўнікоў народа, гэта лёс самой Беларусі.
3 развіццём рамесніцтва, пачынаючы з XII стагоддзя, палеская металургія робіць крок наперад. Былі ўдасканалены печы, пачаў выкарыстоўвацца вадзяны рухавік для падачы магутным кавальскім мяхам. У домніцах вугаль ужо згарае без рэшткаў, жалеза пачало плавіцца, а не спякацца, з’явіўся чыгун. Сырадутная печ на ўскраіне палескіх балот ператварылася ў домну, вытворчае прадпрыемства у рудню.
Доменны спосаб атрымання жалеза і чыгуну даў магчымасць не толькі каваць метал, але і разліваць яго ў формы, адліваць усялякія вырабы, у тым ліку і зброю, гарматы. Фігура каваля, паважаная і загадкавая, з развіццём грамадства і яго патрэбнасцяў яшчэ больш вырасла, аўтарытэт і складанасць кавальскай справы сталі выключнымі.
У пачатку XVI стагоддзя буйны ліцейны двор быў створаны ў Вільні, адкуль гарматы ў цэнтралізаваным парадку накіроўваліся ў парубежныя замкі: Полацк, Віцебск, Оршу, Магілёў, Гомель, Быхаў, Рэчыцу, Мазыр.
Але Вільня не магла забяспечыць патрэбы ўсёй дзяржавы, таму ствараюцца невялікія ліцейныя двары ў Гродне, Полацку, Віцебску, Магілёве, Слуцку, Нясвіжы, Быхаве і іншых гарадах, якія рабілі гарматы і другую зброю для сваіх гарнізонаў.
Ядры спачатку былі каменныя, потым бронзавыя і, нарэшце, жалезныя і чыгунныя. Порах вырабляў сабе кожны замак. Гарадзецкі замак гарматы атрымліваў ад свайго гаспадара князя Радзівіла, з яго княжацкай сталіцы Нясвіжа.
Як сведчыць вышэйназваны інвентар 1605 года, у Гарадку была свая рудня, якая забяспечвала некаторыя патрэбы Замка ўласным жалезам. Аб гэтым расказваецца на адной са старонак інвентара, дзе прыводзіцца заданне камандзіра гарнізона Замка майстрам Дольнага замка зрабіць восем рушніц.
Рудня знаходзілася ў Дольным замку. Археалагічных раскопак тут не праводзілася: для гэтага давялося б нарабіць добрых ямаў на сядзібах зараз тут Замкавая вуліца Давыд-Гарадка. Жыхары старэйшага пакалення з вуліцы расказвалі, што пры пабудове дамоў, у ямах для падмуркаў, сустракаліся рэшткі драўлянага самаробнага вугалю і шлаку. I калі б пакапацца, тут абавязкова знайшлося б сёе-тое з прыладаў працы і ўзораў творчасці замкавых кавалёў і колішніх гарадзецкіх збройнікаў.
Інвентар 1631 года шмат месца адводзіць пераліку абавязкаў мяшчан па ўдзелу ў падтрыманні належнага стану Замка. За імі быў замацаваны нагляд за мастамі, пры гэтым асаблівая ўвага звярталася на “велькнй мост”, які злучаў Дольны замак з горадам. Ім таксама было даручана рамантаваць 55 сажняў абарончага паркану і башты (вежы) на ім, a таксама ўмацаваць падэшву гары з боку горада.
Аб чым гэта сведчыць? Аб характары жыхароў Гарадка. Горад быў прыватнаўласніцкі, але гарадчукі мелі свой гонар і не вельмі спяшаліся даглядаць за Замкам, які быў, відаць, маёмасцю асабіста князёў Радзівілаў і іх адміністрацыі. Звязвацца з рамонтам Замка не хацелі па розных прычынах, і не толькі таму, што шкада было сіл і грошаў. Кемлівыя гараджане даўно заўважылі, што Замак не вельмі іх бароніць у ваенных сітуацыях. Замкавая гара была не дужа высокай, а Замак не такі ўжо і моцны.
Была і яшчэ адна прычына, можа, самая важная. Збройныя сутыкненні і канфлікты праходзілі так часта, а гарнізон у Замку і харугвы над назіральнай вежай і дахам адміністрацыі мяняліся так непрадказальна, што лепш было на карысць сабе трымацца падалей ад уладаў. Вось мяшчане і дыстанцыраваліся: па народнай мудрасці мая хата з краю. I да таго ў іх гэта нядрэнна атрымоўвалася, што даводзілася пры дапамозе інвентара сілком цягнуць іх на грамадскія работы.
Водная заслона была для Гарадзецкага замка адной з самых надзейных. 3 поўначы і часткова з усходу Горны замак абмывала рэчка Чартарыя, якая была даволі буйнага характару, падмываючы Замкавую гару. Яе назва, відаць, паходзіла ад яе нораву “рые, як чорт”.
Аднак разумныя і працавітыя гарадчукі ўтаймавалі нораў Чартарыі. На ўсходзе, на адлегласці каля 50 метраў ад Замка, была зроблена плаціна, якая падзяліла рэчку на два рукавы: стары з поўначы, а новы з поўдня абмывалі Горны замак і ўліваліся ў Гарынь. Сама плаціна-запру-
да стала мастом, які злучаў горад з яго паўночным новым кварталам Радзічамі, дзе ў перыяд Вызваленчай вайны збіраліся мясцовыя казакі на сваю раду. Там былі і Замкавыя могілкі з капліцай, дзе хавалі загінуўшых у час ваенных падзей.
Акрамя гэтага на перападзе вады праз запруду быў пабудаваны млын арыгінальнай канструкцыі. У дакуменце ён названы “Лодзяным”. Справа ў тым, што млын быў плаваючым. Яго будынак знаходзіўся на спецыяльных лодках, якія трымаліся ўстойліва на вадзе. Таму млыну не пагражалі капрызы воднай стыхіі.
Пры пад’ёме вады падымаўся і млын, пры яе спадзе ён апускаўся. Але працаваў заўсёды. Паслугамі млына карыстаўся не толькі горад, але і ўся Замкавая воласць. Заспакоеную рэчку з гэтага часу сталі называць Няволяй.