Давыд-Гарадок. Час і людзі.
Міхаіл Шэлехаў
Выдавец: Брэсцкае ўпраўленне па друку
Памер: 304с.
Брэст 2000
А другі мастак, таксама тутэйшы ўраджэнец, Уладзімір Васільевіч Уродніч, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, у юбілейны дзень пакажа сваю новую карціну “Давыд і Усевалад высаджваюцца на бераг”: князі бацька і сын выбралі месца для новага горада.
3 плошчы князя Давыда я накіроўваюся на невялікую па даўжыні Замкавую вуліцу, якая вядзе да Замкавай гары. Земляны развал паказвае, што тут некалі быў уезд у Замак. Рава няма ён даўно засыпаны. Да свята тут будзе зроблена сімвалічная брама з вежай. Яны будуць не такія магутныя, як сапраўдныя, але кожны жыхар ці госць ДавыдГарадка зможа рэалыіа дакрануцца да гісторыі, жывой гісторыі Бацькаўшчыны.
А яшчэ на самой гары будзе пабудавана капліца, як памяць аб першых жыхарах Замкавай гары, аб першых гарадчуках, якія будаваліся і жылі тут нараджалі дзяцей, хрысціліся, працавалі, пакутавалі, малілі Бога і дзякавалі Яму, радаваліся жыццю і любілі Радзіму, сваю гару і Замак, сваю Гаронь і наваколле, і адыходзілі ў іншы свет на Замкавыя могілкі, ад якіх няма і следу.
Капліца будзе памяццю аб героях і ахвярах шматлікіх войнаў; аб удзельніках многіх слаўных бітваў, на якіх з мячамі і харугвамі з’яўляліся і арадзецкія віцязі; аб славутых князях, чые саркафагі хавае Замкавая гара, і простых воях; аб мучаніках, прыняўшых тут пакутніцкую смерць барацьбітах за веру айцоў і волю; аб тых, хто ратаваў край і народ у першую і другую сусветныя войны апошняга стагоддзя.
Узыходжу на край гары і паварочваю налева. Пад маімі нагамі абарончы вал Верхняга замка, які і зараз уздымаецца на працягу ўсёй ак-
ружнасці гары, хаця, вядома, не той вышыні, як гэта было ў даўніну, у час росквіту замкаў на Беларусі.
Справа стары квартал горада, які і зараз называюць Радзічамі, хаця даўно няма іут казакаў з іх радамі, грукатам чобатаў і стукам крывых шабляў.
Унізе вуліца, а некалі на яе месцы бурліла і раўла вясною вядомая нам Чартарыя.
А наперадзе віднеецца блакітная ад чыстага неба Гарынь. Зараз яна тут нешырокая, ды і ад гары адышла на добрую сотню метраў. А некалі хвалі гэтай імклівай паўнаводнай ракі плёскаліся аб высачэзны схіл гары.
А вось там справа, побач з гарою, спрадвеку знаходзілася прыстань, а пазней і суднаверф. Рака была важнейшай транспартнай магістраллю валынска-палескага рэгіёна. I днём, і ноччу пры запаленых смаляках, уніз і ўверх, на вёслах і пад ветразямі рухаліся купецкія лодкі рознага танажу. 3 Германіі і Польшчы, Масковіі і Балтыі. Якія толькі мовы не гучалі на гарадзецкай прыстані маскоўцы і малдаване, ляхі і германцы высаджваліся тут, раскідвалі свае тавары. Мытнікам на Каморы і іх памочнікам пушкарам работы хапала.
Аглядваю ўсю Замкавую гару з самага высокага яе месца. Агульная яе плошча ўражвае.
Зараз тут ціха. А некалі віравала жыццё: сноўдалі людзі воіны, рамеснікі, абслуга Замка. Лязгалі ланцугі пад’ёмнага маста, звінелі кавадлы ў кузнях, пераклікаліся кавалі і збройнікі, пыхкала рудня, бесперабойна шумела вада на запрудзе плаваючага млына.
Але нярэдка ў гэтае мірнае жыццё ўрываліся іншыя гукі стрэлы, грукат ядраў і звон халоднай зброі, раз’юшаныя крыкі схапіўшыхся гаспадароў і іх няпрошаных гасцей, якія штурмавалі Замак.
Многае і многіх бачыла гэта гара. Былі тут сутычкі міжусобныя і лілася братняя кроў, не раз Замак бараніўся ад татар і многа іх пахавала рака.
Быў Замак цэнтрам паўстаўшых палескіх казакаў, пра традыцыі якіх мы, на жаль, забыліся. А ў апошні раз яго штурмавалі войскі маскоўскіх стральцоў. Замак не раз гарэў, разбураўся, але паўставаў з попелу і аднаўляўся зноў.
Я стаю на самай вышыні. Пада мною цэнтр забытага княства, белая пляма гісторыі зараз зялёная ад невысокай травы, здзірванелы кавалак старажытнага жыцця.
Цяпер тут ціха. Нават шум недалёкага базару ля плошчы князя Давыда тут, на гары, становіцца нейкім мяккім, прыемна-інтымным. Ад гэтага трошкі сумна.
На Замкавай гары нікога няма. Адна рачная чайка жаліцца ўвышыні, ды крумкач ходзіць па схіле. I толькі побач са мною маўклівы гранітны камень сціпла напамінае, што “отсюда есть пошел городок Давыдов”.
Пайшоў з гары і стаў пад Замкавай гарою вялікім цікавым горадам. Аб ім і яго людзях мы зараз паспрабуем расказаць.
ГОРАД I ЛЮДЗІ
У старыну беларус,
не падданы, Гаспадарыў, быў сам
над сабою,
I далёкаў свеце
быў знаны
За літоўскай і ляшскай
зямлёю.
Алесь Гарун
На працягу першых пяці стагоддзяў горад называўся Гарадком. Пад такой назвай ён упершыню абазначаны на карце польскага картографа Анджэя Паграбкі, выдадзенай ў 1570 годзе ў Амстэрдаме галандскім вучоным Артэліем. 3 больш дакладнымі каардынатамі Гарадок змешчаны у 1595 годзе на карце буйнейшага картографа Герарда Меркатара. Імя Давыда спачатку не ўпаміналася.
На выдадзенай ў 1613 годзе карце Вялікага княства Літоўска-Рускага Хрыстафорам Радзівілам горад названы Гарадком Давыдавым, а пасля далучэння да Расіі з канца XVIII стагоддзя замацавалася афіцыйная назва Давыд-Гарадок.
У мове і афіцыйных дакументах усталявалася назва Гарадзецкі: Гарадзецкае княства, Гарадзецкія мяшчане, гарадзецкая школа. Такая назва захавалася да 1945 года. Самі мясцовыя жыхары з даўніх часоў называюць сябе гарадчукамі.
3 XII стагоддзя Гарадок быў цэнтрам удзельнага княства Гарадзецкага ў складзе Тураўскай зямлі, а з сярэдзіны XIV стагоддзя Вялікага княства Літоўска-Рускага.
Дынастыя князёў Гарадзецкіх закончыла сваё існаванне ў 1440 годзе. ГІасля Свідрыгайлы і яго жонкі ў 1490-1520 гадах княствам валодаюць князі Яраславічы, а ў 1521-1550 гадах каралева Бона.
У 1551 годзе пасля смерці сваёй любімай жонкі Барбары кароль Жыгімонт II перадаў у пажыццёвую ўласнасць яе брату князю Мікалаю Радзівілу Рудому Гарадок з валасцямі Замкавай, Палескай і Манькоўскай. 3 гэтага часу Гарадок стаў прыватнаўласніцкім горадам і быў такім да 1793 года.
Згодна з адміністрацыйным падзелам 1565 года, было створана Брэсцкае ваяводства ў складе двух паветаў Брэсцкага і Пінскага. У апошні ўвайшоў і Гарадок, як цэнтр Гарадзецкай (Замкавай) воласці.
Асноўнымі населенымі пунктамі ў Княстве былі гарады і мястэчкі.
Ва ўсіх існуючых дакументах XIV-XVIII стагоддзяў Гарадок Давыдаў называецца “местом” горадам.
У інвентарах 1670 і 1675 гадоў упамінаецца аб існаванні гарадскога ўстава “Устава месту Даввд-Городецкому”. Гэты дакумент быў падрыхтаваны княжацкай адміністрацыяй і змяшчаў рэгламентацыйныя ўмовы жыццядзейнасці горада. У ім адзначаліся абавязкі і правы гараджан, згодна з іх саслоўнай прыналежнасцю, вызначаліся формы княжацкага кіравання і мясцовага самакіравання праз выбарныя органы.
Зыходзячы з гэтага дакумента і наяўнасці ў Гарадку Давыдавым саслоўя мяшчан, іх фактычнага ўкладу жыцця і эканамічнай дзейнасці, можна сцвярджаць, што горад меў Магдэбургскае права.
Гэты юрыдычны тэрмін паходзіць з Германіі, дзе ўпершыню ў XIII стагоддзі гараджане Магдэбурга атрымалі ад свайго феадала грамату на права арганізаваць сваё самакіраванне. 3 Заходняй Еўропы гэта новая форма жыццядзейнасці горада прыйшла ў Польшчу і Рускую Літву.
Першымі гарадамі, атрымаўшымі Магдэбургскае права, былі Вільня, Брэст, Гродна, Слуцк, Полацк, Мінск і інш. Правам надзялення гарадоў гэтымі прывілеямі карысталіся каралі (вялікія князі на тэрыторыі Вялікага княства Літоўска-Рускага), а для прыватнаўласніцкіх гарадоў іх гаспадары-магнаты.
У выпадку антыдзяржаўнай дзейнасці віноўныя гарады пазбаўляліся сваіх прывілеяў.
Гарадок таксама меў Магдэбургскае права. Дакумент аб гэтым не знойдзены, магчыма, ён знаходзіцца ў адным з замежных архіваў, па якіх у апошніх войнах рассеяна мноства тутэйшых дакументаў.
Але доказы ёсць. Аб наяўнасці Магдэбургскага права сведчаць узаемаадносіны горада з магнатам, наяўнасць саслоўя мяшчан, выбарнасць кіраўнічых органаў, самастойнасць у эканамічным жыцці. Аб гэтым сведчаць гісторыкі 3. Ю. Капыскі, Г. В. Штыхаў, А. П. Грыцкевіч і інш.
Магдэбургскае права, хутчэй за ўсё, Гарадок атрымаў у канцы XVI стагоддзя ад ардынатара князя Альбрахта Радзівіла, калі некаторы час існавала Давыд-Гарадзецкая ардынацыя.
Гарадскую ўладу ўзначальваў выбарны магістрат, які складаўся з гарадской рады і лавы (суда). Колькасць членаў першай і другой установы залежала ад колькасці дзеючых гараджан, але іх колькасць не перавышала дзесяці. Кіраваў работай рады бурмістр, які адначасова быў і лаўнікам (членам суда).
Выканаўчую ўладу ажыццяўляў войт, які выбіраўся па прапанове магната. Даволі часта ў судзе ён выконваў абавязкі абвінаваўцы. У якасці прысяжнага засядацеля быў гараднічы, начальнік Замка, якога назначаў магнат.
Унутрыгарадское кіраўніцтва ажыццяўлялася на аснове агульнадзяржаўных законаў, асноўным з якіх быў Статут Літоўска-Рускага гаспадарства 1588 года.
Вядома, улічваючы аддаленасць ад сваіх асноўных уладанняў, нялёгкія прыродныя ўмовы, а разам з гэтым і марудную сувязь, на якую
ў адзін канец марнавалася шмат дзён, уладальнікі горада не давалі ў значнай ступені жыхарам Гарадка карыстацца ўсімі формамі самакіравання. Аднак і тое, чым карысталіся ў той час гараджане, мела выключна важнае значэнне для яго эканамічнага і культурнага развіцця.
Проста кажучы, горад з Магдэбургскім правам быў горадам вольным, вядома, адзін больш, другі менш. Такім чынам, і Гарадок Давыдаў быў вольным горадам. Гэта за стагоддзі яго жыцця адбілася на характары жыхароў, на яго традыцыях.
3 прыватнаўласніцкіх гарадоў найбольш значнымі лічыліся Слуцк, Нясвіж, Клецк, Стары Быхаў, Мір, Ружаны, Шклоў. Да іх можна аднесці і Давыд-Гарадок.
У канцы XVI стагоддзя яго насельніцтва складала не менш за дзве тысячы чалавек колькасць жыхароў сярэдняга горада таго часу.
Мы і пачнём з насельніцтва Гарадка і, перш за ўсё, з яго нацыянальнага складу.
Першымі жыхарамі горада былі дрыгавічы, якія разам з дружыннікамі князя Давыда сталі русамі і былі імі да ўваходу гэтых зямель у склад Літоўска-Рускай дзяржавы.
У 1274 годзе ў Іпацьеўскім летапісе ўпершыню Паўднёвая частка Беларусі названа Палессем. Гэтая назва замацавалася, з’явілася на картах, ад яе ўтварыліся многія геаграфічныя найменні.
3 XVI стагоддзя ў сувязі з пашырэннем каталіцызму праваслаўнае насельніцтва Княства афіцыйна сталі называць ліцвінамі рускай веры, альбо ліцвінамі-беларусцамі.