Давыд-Гарадок. Час і людзі.
Міхаіл Шэлехаў
Выдавец: Брэсцкае ўпраўленне па друку
Памер: 304с.
Брэст 2000
Гарадскія астравы былі злучаны мастамі: іх было ў горадзе звыш дзесяці. Паступова колькасць іх скарачаецца, інвентар 1724 года нагадвае толькі пяць. Галоўным з іх быў Гарынскі які злучаў правы бераг Гарыні з левым, гарадскі квартал на якім называўся Мельнікі.
Горад разрастаўся, а мастоў станавілася менш. У чым справа? У характары гарадчукоў, якім не вельмі хацелася, як жыхарам Амстэрдама
ці Санкт-Пецярбурга, жыць на астравах. Гарадчукі былі гаспадарамі і жадалі жыць на цвёрдай глебе. Таму водныя рукавы пераразаліся грэблямі і асушаліся.
Сёння Давыд-Гарадок перасякаюць Гарынь ды Сежка. А некалі паўГарадка жыло на вадзе і кожную вясну па вушы плавала ў вадзе. Вось чаму такія багатыя гарадоцкія агароды: яны знаходзяцца на глеі асушаных рачных рукавоў. Шмат стагоддзяў гараджане змагаліся з наступаючым Герадотавым морам і і ўрэшце адолелі яго.
Праз Давыд-Гарадок праходзіў галоўны палескі шлях Пінск-Тураў. Ён быў, як і ўсе дарогі таго часу, грунтовым, вясною і восенню цяжка праезджым. Прырода наогул давала многа работы жыхарам Давыд-Гарадка, якія павінны былі круглы год дбаць пра пад’езды і выезды, пра наваколле.
На палескіх дарогах было мноства грэбляў і безліч мастоў. Для іх рамонту і пастаяннага догляду існавала павіннасць і ў гарадах, і ў сельскай мясцовасці шарварак. Кожны двор павінен быў адпрацаваць з канём да 24 дзён у год.
Забудова горада ішла ўдоўж пінска-тураўскага шляху, які ў межах горада стаў вуліцай (зараз Савецкая). Бакавыя забудовы рабіліся бессістэмна; планавае будаўніцтва пачалося ў XVII стагоддзі.
Зямля належала магнату, аднак гараджане карысталіся ёю на пастаянных арэндных умовах, мелі свае сядзібы і займаліся сельскай гаспадаркай.
Сядзібы гараджан мала чым адрозніваліся ад сялянскіх. У звычайную сядзібу ўваходзіла хата, гаспадарчыя пабудовы і садова-агародны ўчастак.
Хаты ўсе будаваліся з драўляных брусаў хвоі, дуб выкарыстоўваўся ў якасці падмуркаў і шулаў. Дах быў у асноўным чаротавым, з XVI стагоддзя часта гонтавы.
Хата рамесніка адрознівалася ад сялянскай тым, што яна была шматпакаёвай: акрамя жылога пакоя тут была майстэрня, а ў некаторых невялічкая крама. Уваход у хату ішоў праз сенцы, дзе была камора сховішча харчовых запасаў. У большасці хат жылы пакой быў адзін, дзе значную плошчу займала цагляная руская печ. Падлога была драўляная, вокны невялікія, зашклёныя. Агульная плошча хаты звычайна складала 3060 м2.
3 мэблі былі адзіны стол, доўгія лавы ўздоўж двух сцен для сядзення, на ўзроўні печы палаткі для адпачынку. Усё драўлянае самаробнае.
Асвятляліся хаты лучынай смалістымі тонкімі трэскамі спецыяльнай апрацоўкі, месца для якіх знаходзілася на прыпечку, дзе была выцяжка дыму праз комін. Адным словам, звычайная хата, якая і сёння часта выглядае менавіта так.
Агонь здабывалі крэсівам. Гэтая жыццёваважная прылада складалася з крэменю, красала і губкі. Метапічным лязом красалам высяка-
лася з крэменю іскра, якая падпальвала губку нагадваючы вату, вывараны і высушаны дрэвавы грыб. Крэсіва трымалі ў скураным мяшочку і насілі ўсе дарослыя мужчыны на поясе з левага боку.
Гаспадарчымі пабудовамі былі хлеў, гумно, варыўня, склеп.
Адзенне і абутак былі выключна ўласнай вытворчасці. У кожнай сям’і абавязкова былі кросны ткацкі станок; усе жанчыны без выключэння валодалі гэтым рамяством, а, падчас, і некаторыя мужчыны. Хатнім ткацтвам займаліся зімою ў Піліпаўскі пост да Каляд.
Мужчыны-гарбары апрацоўвалі скуры хатніх і дзікіх жывёл. Яны сяліліся каля ракі, таму што, як і для бровара, у гарбарстве патрабавалася многа вады. Праца гарбара была цяжкая, але ганаровая і заможная.
Ніжняе адзенне ў гарадчукоў было палатняным, верхняе шарсцяным і скураным. Зімою ўсе без выключэння насілі кажухі, самым распаўсюджаным абуткам былі лапці: у горадзе з’яўляюцца мужчынскія боты і жаночыя шнуроўкі.
Новыя бытавыя змены адбываліся паступова і даволі працяглы час. Яны ішлі дзякуючы гандлёвым сувязям Давыд-Гарадка са сваімі суседзямі і аддаленымі мясцінамі сваёй і замежных краін.
Галоўны ўплыў на развіццё культуры, асветы, мастацтва ў сярэдневеччы аказвала рэлігія. Народы ўсходняй Еўропы, у тым ліку і будучыя беларусы, былі выключна праваслаўнымі. 3 утварэннем Літоўска-Рускай дзяржавы пасля Крэўскай уніі пачало распаўсюджвацца, а дакладней, насаджацца каталіцтва, а праз дзвесце гадоў, пасля ўніі Брэсцкай, тым жа шляхам пайшло ўніяцтва. 3 канца XIV стагоддзя з’яўляюцца вернікі мусульманскай і іўдзейскай рэлігій.
Адзначым адразу, што афіцыйныя адносіны на дзяржаўным узроўні да мусульман і іўдзеяў не мелі такога ўціску з боку пануючай каталіцкай дзяржаўнасці і ваяўнічай каталіцкай царквы, як да праваслаўных, хаця менавіта праваслаўная вера была тутэйшай.
Праваслаўны Давыд-Гарадок, як ужо гаварылася, меў чатыры царквы. Усе яны былі размешчаны ў такіх месцах, каб нават у перыяд паводкі, які звычайна прыпадаў на Вялікі пост, жыхарам асобных вуліц, пацярпеўшых ад вясенняга разводдзя, было лягчэй да іх дабірацца. На царкоўных службах было шматлюдна, хадзілі сем’ямі.
Нядзеля і сёння ў Давыд-Гарадку дзень асобы, святочны. На гандлёвай плошчы каля царквы збіраюцца прыгожа апранутыя людзі, каб пагаманіць, падзяліцца навінамі. Так было і шмат стагоддзяў назад. У самыя горкія часы праваслаўе, у якім ёсць асобы святочны настрой і даволі многа святаў, падтрымлівала ў людзях бадзёры дух, пачуццё сваёй высокай годнасці.
Свайго гонару і жыццёвага поспеху гарадчукі не страцілі за стагоддзі багатай і драматычнай гісторыі, дзе хапіла ўсяго дзякуючы менавіта сваёй царкве і сваёй веры.
Гарадчукі заўсёды, як і зараз, шанавалі святы, з павагай ставіліся да традыцыйнага рэлігійнага календара і дапаўнялі яго сваімі прафесійнымі і бытавымі звычаямі.
На цёплага Аляксея 30 сакавіка адзначалі свой дзень рыбаловы, на Юр’я 6 мая земляробы, на Міколу 22 мая пастухі, на Макавея 14 жніўня бортнікі-пчаляры, на Лаўрэна 23 жніўня млынары.
Рамеснікі выбралі сваімі заступнікамі Кузьму і Дзям’яна: 14 ліпеня гэты дзень адзначалі кавалі, a 14 лістапада шаўцы і краўцы.
Былі і жаночыя прафесійныя святы. На Аліну 9 чэрвеня адзначаўся ільняны дзень, на Ганну 7 жніўня дзень жней, а на Піліпа 27 лістапада дзень ткацтва. А яшчэ жанчыны ўшаноўвалі дзень Мацея 10 верасня, які дапамагаў ім змагацца з п’янствам некаторых мужыкоў.
А вось як адзначаліся 8 мая бабскія выбрыкі і 26 чэрвеня задзярыхвост, ведалі толькі бабулі нашых бабулек.
Вельмі папулярным святам было Купалле ў ноч на 7 ліпеня. Яно святкавалася на беразе Гарыні паміж Замкавай гарой і Галоўным мастом. Асноўным ўдзельнікам свята была моладзь. Запальваліся кастры, каля якіх адбываліся разнастайныя гульні.
На галовах дзяўчат былі сплеценыя з кветак вянкі. Самую прыгожую дзяўчыну выбіралі русалкай. Мноства лодак плавала па рацэ, дзяўчаты пускалі па вадзе сваі вянкі варажылі. А прыгажуню-русалку абавязкова “хрысцілі” акуналі ў ваду.
На гэтым свяце мясцовыя знахары збіралі ліпавыя травы, кветкі, карэнне, лісце, смалу. На некаторы час забытае Купалле ў апошнія гады адраджаецца як традыцыйнае маладзёжнае свята.
Адным з самых старажытных помнікаў драўлянага дойлідства на Беларусі з’яўляецца Юр’еўская (Георгіеўская) царква ў Давыд-Гарадку. Яна была пабудавана ў сярэдзіне XVII ст. на сродкі мяшчан пры падтрымцы ўладальніка горада Міхала Караля Радзівіла. Католікі Радзівілы ў асноўным вылучаліся сярод іншых магнатаў сваім патрыятызмам, называлі сябе ліцвінамі, адзначаліся верацярпімасцю і аказвалі падтрымку праваслаўнай царкве. У апошнім на іх род выключны ўплыў аказала славутая князёўна Соф’я Слуцкая.
Соф’я Юр’еўна Алелькаўна (1585-1612) апошняя прадстаўніца адзінага на той час праваслаўнага магнацкага роду. Выходзячы замуж за князя Януша Радзівіла, яна вянчалася з ім па праваслаўнаму абраду, ператварыла Слуцк у апору праваслаўя. Радзівіл выконваў дадзенае ім слова і не перашкаджаў дзейнасці жонкі. Рана памёршая княгіня Слуц-
кая ўваходзіць у Сабор беларускіх святых як Праведная. Яе святая мошчы знаходзяцца ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы.
Дзень яе памяці 1 красавіка.
Так што, бясспрэчна, жыхары Давыд-Гарадка павінны лічыць сваёй заступніцай святую Праведную Соф’ю Слуцкую, якая сваёй адданасцю веры сваіх продкаў Рурыкавічаў аказала станоўчы ўплыў на род Радзівілаў. А фундатар Юраўскай царквы Міхал Караль Радзівіл (1600-1666) быў пляменнікам Януша Радзівіла, а гэта значыць і Соф’і.
У часопісе “Беларуская мінуўшчына” (№ 1, 1994 г.) змешчаны здымак царквы з подпісам: “Юраўская царква. 1648 г. Давыд-Гарадок”. 3 гэтай датай можна пагадзіцца. Назва царквы сведчыць, што яна была асвячана на дзень святога Юр’я (Георгія) 6 мая.
А восенню гэтага ж, 1648 года, у Давыд-Гарадку пачалося паўстанне. А потым амаль дваццаць гадоў спусташальнай вайны, якая прывяла да страшэннага разбурэння краіны. Вядома, князь-фундатар у гэтыя гады не мог дапамагаць будаваць царкву паўстаўшым падданым. Царква ўжо была да паўстання, і гарадзецкія казакі палкоўніка Івана Багдашэвіча маліліся ў ёй Георгію Пераможцу аб дараванні ім поспехаў у барацьбе за веру і волю.
У 1724 годзе царква была перабудавана і ў такім выглядзе захавалася да нашага часу. Юр’еўская царква адносіцца да палеска-прыпяцкай школы дойлідства, якая пачала складвацца з канца XVI ст. Характэрнай асаблівасцю гэтага накірунку было будаўніцтва храмаў глыбінна-прасторавай і цэнтрычна-крыжовай кампазіцыі з яруснымі вярхамі. Павелічэнне заломаў і стварэнне васьмерыковых вярхоў сведчыць аб уплыве стылю барока.
Царква ўяўляе сабой храм з трох зрубаў глыбінна-восевай кампазіцыі. Кожны зруб завяршаецца высокімі шатровымі дахамі з купальнымі галоўкамі на барабанах. У кампазіцыю храма ўваходзяць прамавугольны бабінец (прытвар), асноўнае маленнае памяшканне і алтарная апсіда.
Да апошняй прыбудавана рызніца, да бабінца тамбур. Хоры размешчаны ў бабінцы над уваходам. Вокны — крыжападобныя. Сцены знадворку ашаляваны знізу вертыкальна, зверху гарызантальна. Традыцыйнай будаўнічай рысай было прымяненне старажытна-рускай прапарцыянальнай сістэмы вымярэння, калі вышыня да купала вызначаецца дыяганаллю цэнтральнага аб’ёму.
Выдатным творам царкоўнага мастацтва быў іканастас Юр’еўскай царквы, створаны мясцовымі майстрамі XVIII ст. У яго цэнтры знаходзіцца самая старажытная ікона “Тайная вечеря” (І-я палова XVII ст). У прабацькаўскім радзе выдзяляецца абраз “Саваоф у прарочым “Царь царей предста царнца” (абодва XVIII ст.).