Давыд-Гарадок. Час і людзі.
Міхаіл Шэлехаў
Выдавец: Брэсцкае ўпраўленне па друку
Памер: 304с.
Брэст 2000
Гэта навучальная ў&танова такога накірунку была першай на Беларусі. У год наведвання рэвізорам у школе было 163 вучні. Навучанне вялося на польскай мове. Мэтай навучаняя была падрыхтоўка кваліфі-
каваных работнікаў для буйных панскіх гаспадарак. У першай палове дня вучні працавалі на полі і ў майстэрнях, а потым навучаліся ў групах.
Акрамя элементарнай граматы тут вывучаліся асновы земляробства, садоўніцтва, цяслярскага рамяства. Настаўнікамі былі вопытныя аканомы (кіраўнікі панскіх гаспадарак), групамі вучняў з 10-15 чалавек кіравалі найбольш здольныя старэйшыя навучэнцы. Аднак школа праіснавала не больш за дзесяць гадоў, і новым уладальнікам была закрыта.
Пасля паўстання 1863 года навучанне на польскай мове на Беларусі (Паўночна-Заходнім краі) было забаронена і вялося выключна на рускай.
Ніжэйшай самадзейнай формай навучання былі школы граматы, якія стваралі самі сялянскія калектывы. Школьным памяшканнем была звычайна сялянская хата, якая наймалася, а настаўнікамі адстаўны малапісьменны салдат ды царкоўны служка, вучнямі не больш за дзесяць хлопчыкаў. Тэрмін навучання складаў у асноўным адзін год, рэдка два.
Такія школы граматы на Століншчыне дзейнічалі ў Гарадной і Лядцы з 1863 года, Плотніцы з 1878, Харомску і Рухчы з 1883, Рублі з 1886, Беражным і Дубаі 1888, Калодным з 1890 гадоў.
Пасля далучэння да Расіі праваслаўная царква на Беларусі атрымала моцную падтрымку ад Урада дзяржавы і Сінода, якія разумелі, што толькі ад самога народа залежыць паспяховасць барацьбы з наступствамі каталіцызму і ўніяцтва.
3 гэтай мэтай пры царкоўных прыходах адкрываліся царкоўна-прыходскія школы. Семінарысты, якія пасвячаліся ў сан свяшчэнніка, давалі пісьмовае абавязацельства адкрываць школы ў тых прыходах, у якія іх накіруюць.
На Століншчыне ў сярэдзіне XIX стагоддзя было каля дзесяці такіх школ. Значнай падзеяй было адкрыццё царкоўна-прыходскіх жаночых школ. Іх было дзве: у Давыд-Гарадку (56 вучаніц) і ў Століне (24 вучаніцы). Усе школы гэтага тыпу былі аднакласнымі з двухгадовым тэрмінам навучання.
Урад выдзяляў больш сродкаў на гэты тып школ, чым на іншыя. Усе навучэнцы забяспечваліся бясплатнымі падручнікамі і школьнымі дапаможнікамі, у многіх школах былі арганізаваны абеды. Аднак свае памяшканні мела трохі больш за палову школ.
Дэмакратычныя рэформы 60-70 гадоў далі магчымасць грамадскасці болып шырока разгарнуць рух за пашырэнне свецкага навучання. Міністэрства народнай адукацыі стала адкрываць народныя вучылішчы. Для Століншчыны паказальным быў 1863 год, калі было адкрыта пяць такіх устаноў: у Давыд-Гарадку, Століне, Радчыцку, Лядцы і Аздамічах.
Па даных інспектарскай праверкі, у 1888 годзе ў народных вучылішчах было вучняў: Давыд-Гарадоцкае 107; Столінскае 54; Радчыцкае 46; Плотніцкае 43; Лядзецкае 36; Аздаміцкае -31; Церабяжоўскае 30; Альшанскае 27.
Народныя вучылішчы былі аднакласнымі (два гады) і двухкласнымі (чатыры-пяць гадоў): тут вучыліся і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Праграма навучання ўключала агульнаадукацыйныя прадметы ў межах пачатковага навучання, было уведзена фізічнае выхаванне.
Навучальны год пачыналі 20 верасня 15 лістапада, заканчвалі яго навучэнцы 20 сакавіка 1 мая. Усё залежала ад умоў надвор’я ў вёсцы, ад выкарыстання бацькамі дзяцей на гаспадарчых работах.
Навучанне ў народных вучылішчах вялося на больш высокім узроўні, чым у папярэдне названых тыпах школ. Большасць настаўнікаў тут мелі прафесійную падрыхтоўку, любілі сваю справу. Толькі ў Давыд-Гарадку і Століне вучылішчы былі двухкласнымі. Аднак і тут памяшканні былі дрэнна абсталяванымі.
Ахоп пачатковым школьным навучаннем быў даволі нізкім. Усяго ў канцы XIX пачатку XX стагоддзяў у Мінскай губерні навучалася каля 30 працэнтаў хлопчыкаў і каля 20 працэнтаў дзяўчынак 8-15 гадоў.
У пачатку XX стагоддзя Давыд-Гарадок быў даволі буйным населеным пунктам. I колькасць яго жыхароў расла выключна хуткімі тэмпамі: 1890 год каля 5000 чалавек, 1897 7815, 1907 13217 жыхароў.
Тут былі царкоўна-прыходская школа і народнае вучылішча, яўрэйская школа, дзве праваслаўныя царквы Юр’еўская і Васкрасенская, касцёл, дзве сінагогі, бальніца, прыватная аптэка Юдовіча, аддзяленне Сялянскага банка, суднаверф, пажарная каманда, паліцэйскае аддзяленне.
У 1892-1898 гадах берлінскі купец Краўзе на аснове дагавораў з давыд-гарадоцкай лесанарыхтоўчай кампаніяй вывозіў з поспехам лесаматэрыялы ў Германію. I гэта толькі адзін прыклад.
Таму гаспадарчыя аб’екты займалі ў Давыд-Гарадку сваё паважанае месца: прыстань з гадавым абаротам звыш мільёна пудоў грузаў, лесапільні, сыраварня, бровар, пастаялыя двары, многа самых розных крамаў.
Ды і наогул большасць жылых будынкаў тут былі альбо месцам вытворчасці, альбо гандлю.
Усё ішло згодна з гербам, які Давыд-Гарадку зацвердзіла царыца Кацярына II: з яе лёгкай рукі Гарадок паступова пераўтвараўся у гандлёвую сталіцу Палескага краю гэткі палескі Марсель! Так бы і здарылася, каб не страшэнна-разбуральнае XX стагоддзе, якое фактычна спыніла развіццё Давыд-Гарадка як гандлёвага цэнтра і рачнога порта.
А пакуль усё ішло добра. I Давыд-Гарадок сапраўды нагадваў Палескую Венецыю.
Кожная сям’я мела не менш за дзве лодкі, а гэта значыць, што іх было каля пяці тысяч. У мястэчку было два вялікіх і каля дзесяці малых драўляных мастоў. Цэнтральныя вуліцы былі з напаўцвёрдым пакрыццём, усе вуліцы мелі тратуары.
3 1844 года ў Давыд-Гарадку было газавае (керасінавае) асвятленне вуліц.
Гледзячы на колькасць мастоў, суднаверф, прыстань з караблямі і пяць тысяч лодак, можна меркаваць, што вады ў Давыд-Гарадку хапала. I, як кажуць, засуха яму не пагражала. Можа, толькі крыху які нечаканы патоп з карпацкіх гор.
Але ж страшэнным бічом для насельніцтва былі частыя пажары. Толькі ў XIX стагоддзі Давыд-Гарадок выгараў поўнасцю тры разы! Як кажуць, не бойся злодзея хоць і ўкрадзе, дык усё роўна застанецца людзям, а бойся пажару. I сапраўды, пажар адбітак нябеснай кары. I тыя пажары сведчылі, што гандаль справа цяжкая, адказная і рызыкоўная. Але падпальшчыкаў паліцыя не знайшла ні разу.
Для барацьбы з агнём у Давыд-Гарадку была створана першая ў акрузе пажарная каманда для абслугоўвання сваёй воласці. У Мінску быў надрукаваны статут гэтага таварыства, зацверджаны 8 ліпеня 1895 года.
Жыхары Давыд-Гарадка хутка крочылі да цывілізацыі і ўсё рабілі станоўча і сур’ёзна. У Мазыры былі надрукаваны тры справаздачы Давыд-Гарадоцкага сельскагаспадарчага таварыства.
Грамадскае жыццё кіпела, патрабавала інфармацыйнай падтрымкі. У 1894 годзе мясцовы прадпрымальнік з Давыд-Гарадка атрымаў дазвол ад міністэрства ўнутраных спраў трымаць паліграфічны апарат. На працягу некалькіх гадоў ён друкаваў бланкі для купцоў, запрашальныя білеты, візіткі, афішы, аб’явы.
Гэта неяк замяняла, вядома часткова, адсутнасць сваёй мясцовай давыд-гарадоцкай газеты. Па традыцыях таго часу ўсюды звычайна выходзілі “Губернскне ведомостн”, што не адмяняла патрэбы ў мясцовым друку. Аб тым, ці была свая газета ў Давыд-Гарадку да рэвалюцыі, ніякіх сведчанняў няма.
Найбольш прадпрымальная частка насельніцтва імкнулася даць сваім дзецям болып глыбокія веды, даць ім магчымасць паступіць у гімназію, а потым у вышэйшую навучальную ўстанову.
Пасля доўгага хадайніцтва мяшчанскай управы ў 1908 годзе ў Давыд-Гарадку было адкрыта гарадское вучылішча. Было яно чатырохкласным з шасцігадовым тэрмінам навучання. Паступаючыя павінны былі трымаць экзамены, вучоба была платнай дзесяць рублёў у год.
У першы год уступны экзамен вытрымаў 51 хлопчык. Кіраўнік вучылішча называўся настаўнікам-інспектарам. Першым быў Іван Мікалаевіч Чувардзінскі.
Праз два гады тут працавалі сем настаўнікаў, урач, бібліятэкар і справавод. Бібліятэка вучылішча была буйнейшай у акрузе: у ёй налічвалася звыш двух тысяч кніг. Напярэдадні першай сусветнай вайны быў збудаваны аднапавярховы цагляны будынак вучылішча.
Вучылішча стала цэнтрам культурнага жыцця, па яго ініцыятыве праводзіўся шэраг цікавых мерапрыемстваў. Такім былі святкаванні 200-годдзя з дня нараджэння М. В. Ламаносава і 300-годдзя царскай дынастыі Раманавых, якія былі праведзены з густам і на высокім патрыятычным узроўні.
Мясцовая інтэлігенцыя была нешматлікай, правінцыйнай, жыла далёка ад цэнтра, але і ў яе жыцці бывалі святы і радасныя сустрэчы. Напрыклад, з вядомым рускім пісьменнікам A. I. Купрыным, імя якога ў Маскве і Пецярбурзе ставілася побач з Чэхавым, Леанідам Андрэевым, Буніным.
Купрын у канцы 90-х гадоў некаторы час пражываў ў аднаго са сваіх сяброў памешчыка вёскі Пераброды (25 кіламетраў ад Століна), якая ў той час уваходзіла ў Пінскі павет.
Пісьменнік быў заядлым паляўнічым, як рускія дваране, многа блукаў па лясах і балотах, заходзіў у вёскі, гутарыў з палешукамі, слухаў і запісваў старадаўнія легенды. Магчыма, ён бываў і на поўдні Століншчыны. Аб гэтым сведчыць тое, што ў творах, напісаных пад уплывам палескіх уражанняў, сустракаецца нямала трапных і характэрных выразаў мясцовай гаворкі.
Гэта так званы “Полесскнй цнкл” твораў пісьменніка, выдатнага і жывапіснага празаіка “Лесная глушь”, “Оборотень”, “На глухарей”, a таксама славутая аповесць “Олеся” (1898). Хто чытаў гэты твор, ніколі не забудзе прыгажосці палескай дзяўчыны, якая на старонках аповесці проста зачароўвае сваёй таямнічай сілай. “Олеся” гучыць, як гімн Палессю, блаславёнай і адвечнай чысціні жаночай душы. Многія літаратуразнаўцы лічаць, што так прыгожа і пранікнёна, з вялікім пачуццём і лірызмам мог апісаць гэтае каханне чалавек, які сам перажыў яго. Калі гэта так, то акрамя палявання і сустрэч з мясцовай інтэлігэнцыяй, Купрын перажыў у нашых мясцінах і зорны час свайго жыцця — палескае каханне.
Як сведчанне росту нацыянальнай самасвядомасці, у многіх гарадах і мястэчках з пачатку XX стагоддзя пачалі праводзіцца вечары беларускай культуры беларускія вечарынкі.
Іх арганізоўвалі прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі, якія захапляліся народнымі талентамі, а удзельнічалі аматары народнай творчасці з рамеснікаў, сялян.
Вечарынкі праводзіліся і ў Давыд-Гарадку. Цэнтрам было гарадское вучылішча. Быў створаны даволі вялікі калектыў, у які ўваходзіў драматычны гурток, аркестр, хор і ансамбль танцаў. Выступленні праводзіліся ў розных памяшканнях, але галоўнымі сцэнамі былі вучылішча і пажарная. 3 музыкальных інструментаў найболып папулярнай была скрыпка.