Псіхалогія
Дэвід Майерс
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 560с.
Мінск 1997
Калі прымерка пэўнай эмацыянальнай маскі выклікае адпаведнае пачуццё, тады імітаванне выразаў іншых людзей павінна дапамагчы нам адчуць тое, што адчуваюць яны. I тут дарэчы лабараторныя эксперыменты. Даследчыкі папрасілі некалькіх студэнтаў (але не ўсіх прысутных) крывіцца кожны раз, як падключаецца электрычны ток да чалавека, за каторым яны назіраюць [Vaughn & Lanzetta, 1981]. 3 кожным падключэннем току назіральнікі, якія імітавалі боль, а не проста глядзелі пакрываліся потам, іх сэрца білася хутчэй. Адзін са спосабаў стаць больш чулым — адчуваць тое, што адчуваюць іншыя, — даць магчымасць вашаму твару імітаваць чужыя выразы. Гэта дапаможа нам зразумець іх пачуцці.
Перажыванне эмоцый
Эмоцыі ўключаюць у сябе не толькі фізіялагічную ўзбуджанасць, экспрэсіўныя паводзіны, але і наша свядомае іх перажыванне. Яшчэ ў 1816 годзе было заўважана, што нашы пачуцці “невыразныя і блытаныя” [Benjamin Constant de Rebecque]. Каб дабіцца яснасці, псіхолагі папрасілі людзей розных нацыянальнасцей расказаць пра эмоцыі, якія яны перажываюць. Аказалася, што эстонцы, палякі, грэкі, кітайцы і канадцы — усе схільныя дзяліць эмоцыі на дзве катэгорыі: прыемныя — непрыемныя і моцныя — слабыя [Russell & others, 1989]. Па інтэнсіўнасці, скажам, спалоханасць гэта большая ступень страху ў параўнанні з простай бояззю, раз’юшанасць — большая ступень злосці, чым проста раззлаванасць, а захапленне — большая ступень шчасця, чым радасць. Да названых двух уласцівасцей можна дадаць яшчэ і трэцюю: працягласць. У амерыканцаў і японцаў, прынамсі, пачуцці радасці і смутку, як правіла, доўжацца больш, чым злосць
і віна, якія, у сваю чаргу, больш працяглыя, чым страх і агіда [Matsumoto & others, 1988].
Псіхолагі змаглі класіфікаваць эмоцыі. Кэрал Ізард сцвярджае, што існуе 10 асноўных відаў эмоцый (радасць, цікаўнасць, здзіўленне, смутак, злосць, агіда, пагарда, страх, сорам і віна), большасць з якіх назіраецца ў дзяцінстве (мал. 13.4). Усе астатнія эмоцыі, па яго словах, — гэта спалучэнне асноўных. Каханне, напрыклад, — гэта сплаў радасці, цікаўнасці і ўзбуджэння [Izard, 1977].
Давайце разгледзім тры асноўныя эмоцыі: страх, злосць і шчасце. Якія функцыі яны выконваюць? I што ўплывае на наша ўспрыманне іх?
Страх
Страх атручвае жыццё. Ад яго мы пакутуем, ён пазбаўляе нас сну і авалодвае ўсімі думкамі. Чалавек можа спалохацца літаральна да смерці. Страх таксама можа быць заразным. У 1903 годзе ў Чыкага ў іракезскім тэатры нехта, убачыўшы полымя, закрычаў: “Пажар!”. Эдзі Фой, камедыйны акцёр, які ў гэты час знаходзіўся на сцэне, спрабаваў супакоіць натоўп заклікамі “He хвалюйцеся. Небяспекі няма. Супакойцеся!”. На жаль, натоўп ахапіла паніка. За 10 хвілін, якія спатрэбіліся пажарнікам, каб затушыць полымя, загінула звыш 500 чалавек, большасць з іх была растаптана або задушана ў выніку панічнага бегства. Целы на прыступках грувасціліся гарою ў 7—8 футаў, на многіх тварах былі адбіткі абцасаў [Brown, 1965].
Часцей за ўсё страх узнікае ў якасці адаптацыйнай рэакцыі. Ён падрыхтоўвае нас да ўхілення ад небяспекі. Страх перад сапраўднымі або ўяўнымі ворагамі аб’ядноўвае людзей у адну сям’ю, племя або нацыю. Боязь болю ўтрымлівае нас ад учынення шкоды самім сабе. Страх перад пакараннем або адплатаю ўтрымлівае ад выпадкаў супраць іншых.
Людзі могуць баяцца чаго заўгодна: “Баяцца праўды, баяцца лёсу, баяцца смерці і баяцца адзін аднаго” [R. W. Emerson]. Чаму так шмат страхаў? Псіхолагі адзначаюць, што мы можам займець страх перад усім. Успомніце раздзел 8
348 Частка 5 Матывацыя і пачуццё
Мал. 13.4. Натуральныя дзіцячыя эмоцыі. Каб распазнаць эмоцыі, якія суправаджаюць нас ад нараджэння, Кэрал Ізард прааналізаваў выразы твараў немаўлятаў. Тут выяўлены а) радасць (вусны ўсміхаюцца, вочы свецяцца); б) гора (вочы прыплюшчаны, рот, як і пры злосці, у форме квадрата); в) цікавасць (бровы ўзняты або ссунуты, рот акруглены); г) агіда (нос зморшчаны, верхняя губа ўзнятая); д) здзіўленне (бровы ўзняты, вочы шырока раскрыты, рот акруглены); е) сум (унутраныя кончыкі броваў узняты, куточкі вуснаў апушчаны); ж) страх (бровы на адным узроўні, крыху зведзены і ўзняты, павекі ўзняты); з) злосць (бровы зведзены і апушчаны, пагляд нерухомы, рот прыадкрыты); .
“Навучанне”, — сабакі набываюць страх да нейтральных раздражняльнікаў, звязаных з шокам, дзеці пачынаюць баяцца футравых рэчаў, якія спалучаны з рэзкім гукам, а жанчын могуць пужаць выпадковыя рэчы, што нагадваюць пра насілле. У выніку кароткі спіс балючых і страшных жыццёвых з’яваў ператвараецца ў доўгі пералік чалавечых страхаў: боязь ездзіць на машыне або лятаць на самалёце, боязь мышэй або прусакоў, боязь замкнёнай або адкрытай прасторы, боязь няўдачы, боязь іншай расы або нацыі.
Жыццёвы вопыт і назіранні пашыраюць гэты спіс. Адну даследчыцу здзівіў той факт, што амаль усе дзікія малпы баяцца змеяў, а малпы, выгадаваныя ў лабараторных умовах, — не [Mineka, 1985]. У сапраўднасці для большасці малпаў укусы змеяў бясшкодныя. Мо яны набываюць страх шляхам назірання? Каб высветліць гэта, Сюзана Мінэка правяла эксперымент з шасцю дзікімі малпамі (якія вельмі баяліся змеяў) і іхнімі нашчадкамі, што выраслі ў лабараторных умовах (якія змеяў не баяліся). Пасля шматразовага назірання за сваімі бацькамі або аднагодкамі, якія адмаўляліся набліжацца да ежы ў прысутнасці змяі, у маладых малпаў узнік гэткі ж моцны страх перад імі. Праз
тры месяцы доследы паказалі, што набыты страх захаваўся. Гэта сведчыць пра тое, што наш страх адлюстроўвае не толькі мінулыя траўмы, але таксама і страхі нашага атачэння.
Мы, людзі, мы ад прыроды схільныя да набыцця спецыфічных страхаў. Лёгка набываем страх перад вужакамі, павукамі і вышынёй, — што, магчыма, дапамагала нашым продкам выжыць. Затое ў меншай ступені баімся машын, электрычнасці, бомбаў і парніковага эфекту, што ў сучасным грамадстве ўяўляе сабой куды большую небяспеку [Lumsden & Wilson, 1983; McNally, 1987]. Страхі каменнага веку не падрыхтавалі нас да небяспекі, звязанай з высокімі тэхналогіямі.
Некаторыя біялагічна абумоўленыя страхі фарміруюцца без усялякага навучання. Дональд Хэб быў узрушаны тым, што адбылося, калі ён паказаў гліняную мадэль галавы шымпанзэ дарослым малпам. Тых ахапіла паніка. “Некаторыя пачалі вішчаць, выдзяляць фекаліі, хавацца ва ўнутраныя пакойчыкі клеткі, дзе яны не маглі бачыць глінянай мадэлі; тыя, што засталіся ў полі зроку, згрудзіліся у дальнім куце клеткі, іхнія погляды былі цалкам засяроджаны на рэчы, якую я трымаў у руцэ” [Hebb, 1980]. Жах, што
Раздзел 13 Эмоцыі 349
ахапіў жывёл, быў падобны да жаху, які адчувае чалавек, упершыню пабачыўшы мёртвае ці пасечанае на часткі чалавечае цела.
Відавочна, што ў кожнага з нас пераважае страх перад чымсьці адным. Непераадольны страх перад спецыфічнымі рэчамі або сітуацыямі падрывае нашу здольнасць пераадольваць цяжкасці. Ёсць людзі, што панічна баяцца небяспечных або складаных сітуацый. Рэдка наведвае страх толькі адважных герояў і бязлітасных злачынцаў. Астранаўты і шукальнікі прыгод — людзі, моцныя духам, — не губляюцца і дзейнічаюць разважліва і паспяхова ў самых безнадзейных сітуацыях; здаецца, яны такімі і нарадзіліся. Гэта ж датычыцца шулераў і забойцаў, якія абходжваюць будучую ахвяру без цені нервознасці; пры лабараторных даследаваннях яны амаль не праяўляюць страху, калі чуюць спецыяльны сігнал, які прадвяшчае балючы электрашок. Баязлівасці або адсутнасці яе спрыяе і жыццёвы вопыт, і нашы гены. У блізнятаў, якія выраслі паасобку, узровень баязлівасці аднолькавы [Lykken, 1982].
Злосць
Як кажуць мудрацы, злосць — гэта “картоткачасовае вар’яцтва” (Гарацый), якое “адбірае розум” (Вергілій) і можа “нашкодзіць больш, чым яе прычына” (Fuller, 1654—1734). А яшчэ, калі верыць вялікім, высакародная злосць “робіць баязліўца смелым” (Като) і “вяртае яму сілы” (Шэкспір).
Што вымушае нас злавацца? Каб высветліць гэта, Джэймс Аверыл правёў шматлікія апытанні і папрасіў рэспандэнтаў весці падрабязныя дзённікі ўспрыманняў, звязаных са злосцю [Averill, 1983]. Большасць паведаміла, што злёгку гневаецца некалькі разоў на тыдзень; некаторыя злуюць некалькі разоў за дзень. Часта злосць з’яўляецца рэакцыяй на няправільныя, на нашу думку, паводзіны сяброў або блізкіх. Асабліва часта злосць узнікае, калі ўчынак пэўнай асобы выглядае наўмысным, несправядлівым і недарэчным. Але і іншыя акалічнасці, абразы — агідны пах, высокая тэмпература,
“ Злосць ніколі не знікне, пакуль у галаве выношваюцца помслівыя думкі”.
Будда, 500 гадоў да н. э.
болі — таксама маюць здольнасць выводзіць нас з сябе [Berkowitz, 1990].
Што людзі робяць са сваёй злосцю? Што павінны рабіць? Калі злосць прыводзіць да фізічнай або славеснай агрэсіі, пра што чалавек пазней шкадуе, то гэта сведчыць пра яго неадаптаванасць. Удзельнікі эксперыментаў Аверыла згадвалі, што калі яны злаваліся, то часта рэагавалі хутчэй напорыста, чым абразліва. Іхняя злосць часта прымушала іх уступаць у перамовы з крыўдзіцелем і такім чынам змяншаць напружанасць. Такія падкантрольныя выяўленні злосці больш адпавядаюць здольнасці адаптавацца ў адрозненне ад успышак варожасці або ўтойвання злых пачуццяў . Паэт Уільям Блэйк (1757—1827) так выказаў гэтую думку:
Мой вораг раззлаваў мяне, А я маўчу, мой гнеў расце, Мой сябра раззлаваў мяне, Я выллю гнеў — і гнеў міне.
Папулярныя кніжкі і артыкулы часам раяць, што лепш паддацца ўспышцы варожасці, чым таіць яе ў сабе. Калі Сенека, дзяржаўны дзеяч старажытнага Рыма, меў рацыю — “Затоены гнеў найбольш небяспечны” — то ў выпадку крыўды ці трэба нам лаяцца, выгаворваць чалавеку, помсціць яму? Ці верыць нам Эн Ландэрс, якая настойвала на тым, што “маладыя людзі павінны вучыцца знаходзіць выхад для сваёй злосці”? [Landers, 1969].
Такая парада тыповая для культур з росквітам індывідуалізму, і яе рэдка можна пачуць у культурах з перавагай калектывісцкага пачатку. Людзі, якія востра адчуваюць сваю ўзаемазалежнасць, разглядаюць злосць як пагрозу групавой гармоніі [Markus & Kitayama, 1991]. Жыхары Таіці, напрыклад, стараюцца быць тактоўнымі і мяккімі. У Японіі з дзіцячага ўзросту і ў наступныя гады жыцця выказванні злосці менш распаўсюджаныя, чым у Амерыцы.