Псіхалогія
Дэвід Майерс
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 560с.
Мінск 1997
Раздзел 16 Тэрапія 439
Padawer, 1982] і Ганс Струп [Strupp, 1986] вывучылі агульныя кампаненты разнастайных тэрапій і зрабілі заключэнне, што ўсе яны нясуць, прынамсі, тры станоўчыя моманты: надзею для знявераных людзей; новыя перспектывы; спагадлівае, добразычлівае і клапатлівае стаўленне. Гэтыя “неспецыфічныя” фактары — далёка не ўсё, што прапануе псіхатэрапія, [Barker & others, 1988; Jones & others, 1988], аднак яны істотныя. Гэтак жа дапамагаюць шматлікія групы ўзаемадапамогі і падтрымкі.
Надзея для знявераных людзей. Людзі, якія звяртаюцца ў медыцынскую ўстанову, як правіла, бываюць неспакойнымі, прыгнечанымі, ім не стае пачуцця самапавагі і веры ў тое, што нешта можна змяніць.
Найпершае, што прапануе любая тэрапія, — гэта спадзяванне, што пры адпаведных умовах і веры з боку пацыента справы абавязкова палепшацца. Безадносна да канкрэтнай тэрапеўтычнай методыкі, такая вера сама па сабе можа палепшыць самаадчуванне: узбадзёрыць, павысіць самаацэнку і зняць небяспечныя сімптомы [Prioleau & others, 1983]. Эфект, як дае вера чалавека ў лячэнне, называецца эфектам плацэба. Калі ў раздзеле 1 мы разглядалі гэтае паняцце, мы гаварылі, што плацэба ўяўляе сабой “падманнае” лячэнне, якое часта выкарыстоўваецца як кантрольнае пры вывучэнні эфектыўнасці лекаў. Плацэба нічога не дае, калі толькі сам чалавек не верыць у адваротнае.
У псіхатэрапіі эфект плацэба можа дасягацца пры праслухоўванні касет стымулюючага зместу, наведванні дыскусійных груп або прыняцці фальшывай пілюлі.
Ёсць звесткі аб тым, што лячэнне з дапамогай плацэба больш паспяховае, чым адсутнасць усялякіх лекаў, але саступае сапраўднаму псіхатэрапеўтычнаму лячэнню. Адзін з сакрэтаў усіх методык — іх здольнасць абнадзейваць хворых. Кожны від пасвойму стымулюе ўнутраныя сілы пацыента. Гэта, як сцвярджае псіхіятр Джэром Франк, дапамагае нам зразумець, чаму ўсе віды лячэння — у тым ліку і знахарства, якое трымаецца на веры
пацыента, — нярэдка давалі станоўчыя вынікі. У былыя часы большасць лякарстваў і лекараў, якія іх прыпісывалі, набывалі шырокую папулярнасць менавіта дзякуючы эфекту плацэба. (У наступным раздзеле мы разгледзім магчымасці і абмежаванасць гэтага фактару.)
Новыя перспектывы. Кожная тэрапія прапануе людзям праўдападобнае тлумачэнне іх сімптомаў або альтэрнатыўны погляд на сябе і на свет. Усе яны дапамагаюць людзям паіншаму зірнуць на сябе і на свае паводзіны, а значыць змяніць стаўленне да жыцця.
Спагадлівыя, добразычлівыя, клапатлівыя адносгны. Сказаць, што ўсе тэрапіі аднолькава эфектыўныя, не азначае сказаць, што ўсе дактары аднолькава добра лечаць. Безадносна да сваіх методык, добрыя дактары — гэта чулыя людзі, якія імкнуцца зразумець пачуцці чалавека, увайсці ў яго становішча, чыё ўменне ўважліва выслухаць, супакоіць і даць параду выклікае давер і пашану пацыентаў. Сапраўды, многія лічаць, што цеплыня і спагадлівасць — гэта знак якасці для якіх заўгодна лекараў — псіхіятраў, шаптуноў або шаманаў [Torrey, 1986].
Той факт, што ва ўсіх тэрапіях мае значэнне асоба доктара, пацвярджаецца метааналізам 39 даследаванняў. У кожным з іх параўноўваліся курсы лячэння прафесійных псіхатэрапеўтаў з лячэннем неспецыялістаў. Сярод апошніх былі дружалюбныя выкладчыкі, якія атрымалі ўсяго трохгадзінную падрыхтоўку ва ўменні спагадліва слухаць, і студэнты каледжа пад наглядам прафесійных медыкаў. I які вынік?
“Каляпрафесіяналы”, як мы называем людзей, што атрымалі павярхоўную падрыхтоўку, як правіла, удзейнічалі гэтак жа эфектыўна, як і прафесіяналы [Berman & Norton, 1985; Hattie & others, 1984], У большасці выпадкаў, праўда, яны сутыкаліся не з самымі сур'ёзнымі праблемамі. Аднак — дайце веры! — асобныя неспецыялісты мелі не меншы поспех, як і сапраўдныя прафесіяналы, нават тады, калі гаворка ішла пра такія цяжкія парушэнні, як, напрыклад, глыбокая дэпрэсія.
440 Частка 6 Асоба, псіхічныя расстройствы і здароўе
У заключэнне можна сказаць: людзі, якія шукаюць дапамогі, як правіла, вылечваюцца. Тое ж адбываецца і з тымі, хто не карыстаецца медыцынскай дапамогай; гэта следства нашых унутраных рэзерваў, нашай здольнасці клапаціцца адзін пра аднаго. Хаця, як аказалася, не мае вялікага значэння ні від тэрапіі, ні тэрмін лячэння, ні вопытнасць спецыяліста, усе, хто карыстаецца дапамогай псіхатэрапеўтаў, як правіла, хутчэй папраўляюцца, чым тыя, хто да іх не звяртаўся. Прычым сталыя, свядомыя людзі са спецыфічнымі эмацыянальнымі і паводзінавымі праблемамі звычайна папраўляюцца хутчэй за ўсіх.
Кожны від тэрапіі дае надзею, новы погляд на жыццё, чулыя і клапатлівыя адносіны. Гэтым тлумачыцца, чаму спагадлівасць і прыязнае стаўленне непрафесіяналаў часта бываюць настолькі ж дзейснымі, як і дапамога спецыялістаў. Гэтым таксама тлумачыцца тое, чаму людзі, атуленыя любоўю і клопатам, маюць меншую верагоднасць захварэць [Frank, 1982; O'Connor & Brown, 1984].
Біямедыцынскія тэрапіі
Псіхатэрапія — гэта толькі адзін з многіх спосабаў лячэння душэўных хвароб. Ёсць і яшчэ адзін шлях — змяненне электрахімічных сувязей мозга з дапамогай лякарстваў, электрашоку або хірургічнага раздзялення.
Хіміятэрапія
Адным з шырока распаўсюджаных біямедыцынскіх метадаў лячэння сёння з'яўляецца хіміятэрапія. З'явіўшыся ў 50х гадах, хіміятэрапія значна зменшыла неабходнасць у псіхахірургіі і шпіталізацыі. Адкрыцці ў галіне псіхафармакалогіі (вывучэнне ўздзеяння лекаў на мозг і паводзіны) аказаліся рашаючымі пры лячэнні сур'ёзных расстройстваў і пазбавілі сотні тысяч людзей ад паслуг псіхіятрычных клінік. Дзякуючы лякарствам, а таксама палітычным і прававым намаганням, скіраваным на звядзенне да мінімуму пры
мусовай шпіталізацыі і на вяртанне хворых у свой звыклы асяродак, колькасць пацыентаў дзяржаўных і прыватных псіхіятрычных клінік сёння ў Злучаных Штатах складае 20% ад таго, што мелася 30 гадоў назад [Torrey, 1988],
Для тых, хто не ў стане клапаціцца аб сабе, выхад з клінікі, аднак, азначае не волю, а бяздомнасць. Згодна з некаторымі звесткамі, трэць бяздомных людзей пакутуе ад сур’ёзных псіхічных адхіленняў [Levine & Rog, 1990; Rossi, 1990]. У адрозненне ад бяздомных з прытонаў буйных гарадоў, дзе ў нядаўнім мінулым жанчыны складалі толькі 3%, сёння сярод бяздомных жанчыны складаюць 25%.
Хіміятэрапія, як любое новае лячэнне, спачатку была сустрэта з энтузіязмам. Аднак энтузіязм пайшоў на спад пасля таго, як даследчыкі вызначылі (1) працэнт папраўкі сярод людзей, якія не праходзілі адпаведнага курсу лячэння, і (2) выздараўленне дзякуючы эфекту плацэба, які мае месца пры станоўчай устаноўцы пацыента.
Каб вызначыць эфектыўнасць любога новага медпрэпарата, даследчыкі выкарыстоўваюць так званы двайны сляпы метад. Палова пацыентаў атрымлівае новае лякарства, а другая палова — падобнае на яго плацэба. Hi медыцынскі персанал, ні пацыенты не ведаюць, хто што атрымлівае. Такія даследаванні даказалі карысць некаторых лекаў пры лячэнні псіхічных захворванняў.
Аншыпсіхатычныя лекг. Рэвалюцыя ў хіміятэрапіі адбылася тады, калі выпадкова высветлілася: асобныя лекі, што прымяняліся з рознымі мэтамі, супакойваюць псіхатычных пацыентаў. Такія антыпсіхатычныя лекі, як хлорпрамазін (прадаецца пад назваю таразін), асабліва дапамагаюць хворым з пазітыўнымі сімптомамі слыхавых галюцынацый і параноі шляхам зніжэння іх успрымальнасці [Lenzenweger & others, 1989]. Пацыенты, хворыя на шызафрэнію з негатыўнымі сімптомамі апатыі і замкнёнасці, часта не рэагуюць на антыпсіхатычныя лекі. Новае лякарства, клазапін (у продажы вядомае як клазарыл) дапамагае палепшыць стан гэтых людзей, і ім паспя
Раздзел 16 Тэрапія 441
хова карыстаюцца ў Еўропе. Але высокі кошт штотыднёвых аналізаў крыві, якія праводзяцца ў Злучаных Штатах для кантролю за дазіроўкай, з самага пачатку зрабіў яго недаступным для большасці пацыентаў.
Малекулы таразінападобных антыпсіхатычных лекаў нагадваюць малекулы нейратрансмітэра дапаміну, займаюць яго рэцэпторныя вобласці і блакіруюць актыўнасць [Pickar & others, 1984]. Гэтае адкрыццё — што большасць антыпсіхатычных лекаў блакіруе рэцэптары дапаміну — падмацоўвае думку псіхафармаколага Саламона Шнайдэра аб тым, што “дапамінныя сістэмы ў мозгу маюць непасрэднае дачыненне да таго, што робіць шызафрэнічны мозг ненармальным: ці лішак утрымання дапаміну, ці, магчыма, звышадчувальнасць рэцэптараў дапаміну” [Snyder, 1984].
Такія антыпсіхатычныя прэпараты, як таразін, вельмі моцныя, яны могуць прывесці да слабасці, дрыжыкаў, праблем, звязаных з мышачнай каардынацыяй, падобных на тыя, што ўзнікаюць пры хваробе Паркінсона [Kaplan & Saddock, 1989]. Доза, эфектыўная для адных, для другіх можа быць празмернай. Азіятам, напрыклад, патрабуюцца меншыя дозы, чым каўказцам [Holden, 1991],
У ходзе пільнага кантролю за дозай і яе ўздзеяннем урач і пацыент як бы праводзяць тонкую рысу паміж аслабленнем сімптомаў і ростам крайне непрыемных пабочных эфектаў. Такім шляхам сотні тысяч пацыентаў з сімптомамі шызафрэніі, якім пагражала пажыццёва застацца ў палатах псіхіятрычных клінік, змаглі вярнуцца да працы і большменш нармальнага жыцця.
Супакаяльныя лекі. Да лекаў, якія часцей за ўсё прапісваюцца і якімі больш за ўсё хворыя злоўжываюць, адносяцца такія супакаяльныя прэпараты, як валіум і лібрыум.
Падобна алкаголю, яны падаўляюць дзейнасць цэнтральнай нервовай сістэмы. Паколькі яны зніжаюць напружанасць і неспакой, не выклікаючы пры гэтым залішняй санлівасці, іх прыпісваюць нават у выпадках нязначных эмацыяналь
ных стрэсаў. У спалучэнні з іншымі відамі лячэння супакаяльныя лекі часам дапамагаюць чалавеку набыць навыкі паспяховага пераадолення небяспечных сітуацый. Супакоіўшыся пры дапамозе падобнага лякарства, чалавек можа навучыцца змагацца з раздражняльнікамі, якія выклікаюць страх.
Крытыка, якую можна пачуць у адрас паводзінавых тэрапій — што яны толькі аслабляюць сімптомы і не вырашаюць карэнных праблем, — не мінае і супакаяльныя лякарствы. У адрозненне ад паводзінавых тэрапій, яны могуць прымяняцца працяглы час. Калі чалавек будзе штодня пры першай прыкмеце напружання “глытаць валіум”, то гэта можа прывесці да псіхалагічнай залежнасці ад прэпарата. Калі хворыя перастаюць прымаць яго, то ў іх можа ўзнікнуць трывожнасць і бяссонніца, што вымушае іх зноў дзеля палёгкі вяртацца да гэтага лякарства.