Псіхалогія
Дэвід Майерс
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 560с.
Мінск 1997
Сапраўды, калі за людзьмі нехта назірае, яны праяўляюць нервознасць. А ў стане ўзбуджэння яны добра вядомыя заданні выконваюць хутчэй і дакладней, a невядомыя — марудней і горш. Джэймс Майкалс [Michaels, 1982] са сваімі калегамі высветліў, што прафесійныя ватэрпалісты, якія самнасам робяць 71% удалых кідкоў, рабілі 80%, калі за імі назіралі чатыры чалавекі. Аднак слабыя ігракі, якія ў адзіноце мелі выніковасць 36%, дасягалі толькі 25%, калі за імі нехта назіраў. Мараль: што ў вас добра атрымліваецца, тое на людзях вы зробіце яшчэ лепш, а што для вас звычайна бывае складаным, тое можа аказацца немагчымым, калі за вамі назіраюць людзі збоку.
Раздзел 18 Сацыяльная псіхалогія 493
Сацыяльная фасілітацыя дапамагае растлумачыць таксама дзіўны эфект натоўпу: камедыйныя эпізоды, якія мала кранаюць нешматлікіх гледачоў, падаюцца больш смешнымі, калі пакой перапоўнены людзьмі [Aiello & others, 1983; Freedman & Perlick, 1979]. Камедыянты i акторы ведаюць, што “добры тэатр” — гэта поўны тэатр. Узбуджэнне, выкліканае тлумам, узмацняе таксама і іншыя рэакцыі. Калі падыспытны ў цеснаце сядзіць побач з ветлівым чалавекам, той яму падабаецца ў большай ступені, калі ж яго сусед няветлівы — той яму зусім не падабаецца [Schiffenbauer & Schiavo, 1976; Storm & Thomas, 1977].
Сацыяльная лянота. Эксперыменты ў галіне сацыяльнай фасілітацыі правяраюць індывідуальныя магчымасці людзей пры выкананні разнастайных заданняў: ад змотвання спінінгу да кідкоў у водным пола. А што адбываецца ў сітуацыях, калі для дасягнення агульнай мэты патрабуюцца супольныя намаганні? Як вы думаеце, у сумесным перацягванні каната людзі будуць прыкладаць большую, меншую ці такую ж ступень высілкаў, як і пры перацягванні каната адзін на адзін?
Каб высветліць гэта, Алан Інхам разам з калегамідаследчыкамі папрасіў студэнтаў Масачусецкага ўніверсітэта з завязанымі вачыма “цягнуць за канат што ёсць сілы”. Калі Інхам падманваў студэнта, што ззаду за ім будуць цягнуць яшчэ тры чалавекі, ён прыкладваў толькі 82% намаганняў [Ingham, 1974],
Каб апісаць гэтую з’яву, Біб Латанэ разам са сваімі калегамі прыдумаў тэрмін сацыяльная лянота. У чатырох з лішнім дзесяткаў эксперыментаў, праведзеных у Злучаных Штатах, Індыі, Тайландзе, Японіі і Тайвані, пры выкананні разнастайных заданняў назіралася гэтая з’ява [Gabrenya & others, 1983]. Напрыклад, група людзей з завязанымі вачыма пляскала ў далоні і крычала як мага галасней, калі чула праз навушнікі гукі воплескаў і крыкі. Калі падыспытным гаварылі, што яны гэта робяць разам з іншымі, то яны пачыналі на адну трэць рабіць шуму меней чым раней — калі думалі, што іхнія індывідуальныя высілкі распазнавальныя.
Чаму? Папершае, людзі, якія дзейнічаюць у калектыве, адчуваюць меншую адказнасць і таму іх менш турбуе, што пра іх падумаюць астатнія. Падругое, яны могуць не надаваць значэння свайму ўкладу [Harkins & Szymanski, 1989; Kerr & Bruun, 1983], Кіраўнікі многіх устаноў ведаюць, што калі іх члены карыстаюцца аднолькавай доляй супольнага прыбытку, незалежна ад іх асабістага ўкладу, яны могуць зменшыць цягу і “выехаць” на плячах калег.
Абязлгчванне. Мы з вамі бачылі, што прысутнасць старонніх можа або натхніць чалавека (як у эксперыментах па сацыяльнай фасілітацыі), або знізіць пачуццё адказнасці (як у эксперыментах па сацыяльнай ляноце). Вынікі могуць быць непрыемныя: ад бойкі за ежу ў сталоўцы, сваркі з баскетбольным суддзёй да вандалізму ці бунту. Выхад за межы нормы пад уплывам групавой сілы носіць назву абязлічвання. Быць абязлічаным — значыць не ўсведамляць і не кантраляваць свае дзеянні ў групавой сітуацыі.
Абязлічванне часта адбываецца, калі супольная справа надае людзям прыўзнятасць і пачуццё аднадушнасці. У згаданым эксперыменце студэнткі НьюЁркскага ўніверсітэта, апранутыя ў безаблічныя куклукскланаўскія капюшоны, падключалі да ахвяраў удвая большы ток, чым студэнткі з адкрытымі тварамі [Zimbardo, 1970]. (Як і ва ўсіх падобных эксперыментах, на самай справе “ахвяры” не атрымлівалі электрашоку.) Падобным чынам воіны дзікіх плямёнаў, якія абязлічваюць сябе, наносячы фарбу на твар або надзяваючы маскі, у большай ступені схільныя забіваць, катаваць або нявечыць захопленых ворагаў [Watson, 1973]. У натоўпе, на рокканцэрце, на танцах або набажэнстве стаць абязлічаным — значыць стаць больш успрымальным да групавога ўплыву і, на карысць ці на шкоду, пазбавіцца самакантролю.
Эфект групавога ўзаемадзення. Мы разгледзелі з вамі сітуацыі, калі прысутнасць старонніх людзей можа спрыяць насіллю і выклікаць смех, рабіць лёгкія заданні лягчэйшымі, а складаныя — ця
494 Частка 7 Сацыяльныя паводзіны
жэйшымі, схіляць да скарыстання чужых высілкаў і падштурхоўваць да лепшых паказчыкаў. Даследчыкі дэманструюць таксама, што групавое ўзаемадзеянне можа мець як станоўчыя, так і адмоўныя вынікі.
Групавая палярызацыя. Даследчыкі ў галіне адукацыі заўважылі, што з цягам часу першапачатковыя адрозненні паміж групамі студэнтаў пачынаюць расці. Калі першакурснікі каледжа X з большым інтэлектуальным патэнцыялам, чым у каледжы Y, то гэта дазваляе дапусціць, што адрозненні паміж імі вырастуць, пакуль яны дойдуць да старэйшых курсаў. Падобным чынам, калі для студэнтаў, якія з’яўляюцца членамі розных таварыстваў і клубаў, уласціва большая ступень кансерватызму ў параўнанні з тымі, хто не ўдзельнічае ў падобных арганізацыях, то верагодна, што разрыў у палітычных поглядах паміж групамі будзе павялічвацца [Wilson & others, 1975].
Замацаванне асноўных групавых тэндэнцый — групавая палярызацыя — адбываецца, калі людзі ў межах адной групы пачынаюць абмяркоўваць пытанні, да якіх большасць ставіцца прыхільна або адмоўна. Напрыклад, Джордж Бішоп і я высветлілі, што калі прыхільнікі расавай чысціні абмяркоўвалі расавае пытанне, іх стаўленні рабіліся яшчэ больш прадузятымі. Калі тое ж пытанне абмяркоўвалі студэнты без расавых прымхаў, яны станавіліся талерантней.
Групавая палярызацыя можа быць на карысць, калі, напрыклад, замацоўвае еднасць людзей у групе самадапамогі. Але яна можа мець і нядобрыя вынікі. На падставе аналізу тэрарыстычных арганізацый па ўсім свеце псіхолагі сцвярджаюць, што схільнасць да тэрарызму не ўзнікае раптам [McCauley & Segal, 1987]. Часцей яна ўзрастае сярод людзей, якіх сабрала разам агульная бяда і якія ўпадаюць у крайнасць па меры групавога ўзаемадзеяння.
Групавая думка. Ці скажае палярызацыя (а яна ўзнікае і тады, калі свае праблемы абмяркоўваюць аднадумцы) важныя групавыя рашэнні? 3 такой думкай пагадзіўся сацыяльны псіхолаг Ірвін Яніс, калі
ўпершыню прачытаў у гісторыка Артура М. Шлезінгерамалодшага пра тое, як прэзідэнт Джон Ф. Кенэдзі і яго дарадцы дадумаліся да нерэальнага плана ўварвацца на Кубу з 1 400 абучанымі ў ЦРУ кубінцамі. Калі дэсант схапілі і абвінавацілі ва ўсім амерыканскі ўрад, Кенэдзі ўголас выказаў здзіўленне: “Як мы маглі быць настолькі неразумнымі?”
Працэс прыняцця рашэнняў, якія прыводзілі да фіяска, даследаваў Яніс [Janis, 1982]. Ён высветліў, што да гэтага плана штурхнула высокая актыўнасць нядаўна абранага прэзідэнта і яго каманды. Каб трымацца калектыўнай думкі, процілеглыя погляды падаўляліся або падлягалі самацэнзуры, асабліва пасля таго, як прэзідэнт выказаў свой энтузіязм адносна згаданага плана. Паколькі ніхто катэгарычна не выказаўся супраць, то кожны думаў, што існуе згода. Каб даць назву такому дружнаму, але адарванаму ад рэальнасці групавому мысленню, Яніс прыдумаў тэрмін: групавы ціск.
Потым Яніс і іншыя даследчыкі прааналізавалі яшчэ некалькі гістарычных фіяска — няздольнасці ўстрымацца ад нападу на ПэрлХарбар, эскалацыя в’етнамскай вайны, Уотэргейцкі працэс, катастрофа на Чарнобыльскай АЭС [Reason, 1987] і выбух касмічнага карабля шматразовага выкарыстання “Чэленджэр” [Esser & Lindoerfer, 1989], Яны высветлілі, што ў гэтых выпадках групавы ціск таксама абапіраўся на празмерную ўпэўненасць, канфармізм, самаапраўданне і групавую палярызацыю. Падбадзёранае серыяй паспяховых запускаў касмічнага карабля шматразовага выкарыстання, кіраўніцтва НАСА падышло ў 1985 годзе да запуску “Чэленджэра” да краёў перапоўненае пыхай, але збянтэжанае адтэрміноўкамі запуску. Калі спецыялісты па пытаннях паліва ракетыносьбіта выказаліся супраць запуску зза небяспекі, звязанай з тэмпературным рэжымам, групавая настроенасць на тое, каб рухацца наперад, перавысіла іх перасцярогу. Кіраўніцтва згадзілася б з яшчэ адной адтэрміноўкай толькі ў выпадку, калі б інжынеры змаглі даказаць, што ізаляцыйны слой ракеты не вытрымае. Акрамя таго, кіраўніцтва не давяло інфармацыі наконт перасцярогі
Раздзел 18 Сацыяльная псіхалогія 495
да галоўнай выканаўчай асобы, прадстаўніка НАСА, адказнага за прыняцце канчатковага рашэння адносна старту карабля. Гэты чалавек, у якога склалася памылковая думка аб аднадушнай згодзе, і запусціў “Чэленджэр” у апошні палёт насустрач гібелі.
3 улікам такіх памылак і трагедый Яніс зрабіў выснову, што пры пэўных акалічнасцях дзве галавы лепш, чым адна. Таму ён даследаваў і выпадкі, калі амерыканскія прэзідэнты і іх адміністрацыі калектыўна прымалі ўдалыя рашэнні. Прыкладам паслужылі прыняцце адміністрацыяй Трумэна плана Маршала па адбудове Еўропы пасля Другой сусветнай вайны і дзеянні адміністрацыі Кенэдзі, скіраваныя на тое, каб не дапусціць размяшчэння на Кубе савецкіх ракетных установак. У гэтых прыкладах — як і ў свеце бізнесу, на думку Яніса, — групавы ціск не дапускаецца лідэрам, які вітае шырокі спектр думак, запрашае экспертаў да ўсебаковага разгляду і крытыкі і нават прызначае спецыяльных людзей для выяўлення магчымых праблем. Як падаўленне нязгоды схіляе групу да прыняцця памылковых рашэнняў, так адкрытая дыскусія часта прыводзіць да поспеху.
Прызнаючы сілу сацыяльнага ўплыву, мы не павінны забывацца пра нашы асабістыя магчымасці. Як мы зазначылі ў раздзеле 14 “Асоба”, сацыяльны кантроль (сіла сітуацыі) і персанальны кантроль (сіла асобы) узаемазвязаны. У многіх выпадках мы самі ствараем сітуацыі, якія кіруюць намі. Калі мы думаем пра чалавека, што ён незгаворлівы і няветлівы, мы можам выклікаць адпаведныя паводзіны. Такім чынам, наша ўстаноўка можа спраўдзіцца.
У адным эксперыменце мужчыны размаўлялі па тэлефоне з жанчынамі больш прыязна, калі думалі, што яны прыгожыя. Адпаведна, жанчыны пачалі адказваць яшчэ ласкавей, пацвярджаючы думку суразмоўцаў пра тое, што з прыемнымі людзьмі прыемна мець справу. Акрамя таго, людзі не більярдныя шары. Калі мы адчуваем ціск, але не баімся, мы можам рабіць усё наадварот, адстойваючы пачуццё ўласнай годнасці [Brehm & Brehm, 1981].