Псіхалогія
Дэвід Майерс
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 560с.
Мінск 1997
“Біялагічнае паходжанне чалавечых каштоўнасцей”, 1977
функцыямі абодвух паўшар’яў, і што дзеці нараджаюцца з адпаведна “настроеным” мозгам [Hahnn, 1987]. Гледзячы на мазгавыя паўшар’і, такія аднолькавыя на першы погляд, хто б мог падумаць, што іх уклад у агульную гармонію такі ўнікальны?
Шмат падзей адбылося ў прамежку паміж фрэналогіяй XIX ст. і сучаснай неўралогіяй. Але многае дасюль застаецца неспазнаным, што ў нейкай меры зніжае значнасць навуковых дасягненняў. Мы можам апісаць мозг. Мы можам даследаваць функцыі яго паўшар’яў. Мы можам вывучаць ўзаемадзеянне паўшар’яў. Але якім чынам электрахімічныя працэсы нараджаюць пачуццё задавальнення, творчую думку або ўспамін аб пірагу, спечаным бабуляй?
Нездарма вядучыя вучоныянейролагі выказваюцца адносна гэтага з пачуццём здзіўлення, а часам і не без містыкі. Вось што піша Кандас Перт: “Я бачу ў мозгу ўсю прыгажосць і гармонію сусвету, пераканаўчае сведчанне існавання госпада Bora” [Pert, 1986], Другія вучоныя разважаюць над філасофскімі праблемамі: як матэрыяльны мозг спараджае свядомасць? Да якой мяжы магчыма разуменне рэччу самой сябе? Імкненне розуму зразумець мозг — вось актуальнейшая з навуковых праблем.
Высновы
У якасці першага кроку да разумення нашых паводзінаў і разумовых працэсаў мы разгледзелі біялагічныя асновы нашых думак, пачуццяў, дзеянняў.
Нервовая сістэма
Нейроны і іх сігналы. Нервовая сістэма складаецца з мільярдаў асобных клетак, якія названы нейронамі. Звычайна нейроны атрымліваюць сігналы ад іншых нейронаў сваімі
разгалінаванымі дэндрытамі і клеткамі, потым аб’ядноўваюць гэтыя сігналы ў нервовай клетцы і перадаюць электрычныя імпульсы, або ўвесь свой патэнцыял дзеяння, аксонам. Калі гэтыя сігналы дасягаюць канцавых валокнаў аксонаў, яны стымулююць выдзяленне хімічных пасланцоў, названых нейратрансмітэрамі. Гэтыя малекулы перасякаюць маленькі сінаптычны прамежак паміж нейронамі і трапляюць на рэцэпторныя ўчасткі на суседніх нейронах, перадаючы, такім чынам, сігналы, што
60 Частка 1 Асновы псіхалогіі
альбо ўзбуджаюць, альбо стрымліваюць. У сучасны момант нейратрансмітэры вывучаюць з мэтай вызначэння іх ролі ў фарміраванні чалавечых думак і эмоцый.
Аддзелы нервовай сістэмы. Нейроны цэнтральнай нервовай сістэмы (ЦНС) галаўнога і спіннога мозга звязаны з сенсорнымі і маторнымі нейронамі перыферыйнай нервовай сістэмы (ПНС). Перыферыйная нервовая сістэма складаецца з саматычнай нервовай сістэмы, якая кіруе адвольнымі рухамі і рэфлексамі, і аўтаномнай нервовай сістэмы з яе сімпатычным і парасімпатычным аддзеламі, што кіруюць свядомымі рухамі мышцаў і залозамі.
Мозг
Шляхі адкрыццяў. Клінічныя назіранні даўно паказалі агульны ўплыў пашкоджанняў на розных участках мозга. Але больш дасканалыя новыя сучасныя тэхналогіі дазваляюць уявіць структуру мозга, а таксама працэсы, якія ў ім адбываюцца. Выдаляючы хірургічным шляхам розныя ўчасткі мозга або праводзячы іх электрастымуляцыю, рэгіструючы электрычную дзейнасць паверхні мозга, а таксама назіраючы нейронную дзейнасць пры дапамозе электронных сканераў, неўролагі даследуюць узаемасувязь паміж мозгам, розумам і паводзінамі.
Як мозг кіруе паводзінамі? Кожны з трох участкаў мозга — ствол, лімбічная сістэма і Kapa — уяўляюць адпаведную стадыю ў эвалюцыі мозга.
Ствол мозга пачынаецца там, дзе спінны мозг патаўшчаецца і ўтварае прадаўгаваты мозг, які кантралюе сэрцабіццё і дыханне. Мазжачок, які знаходзіцца на задняй частцы ствала, каардынуе рухі мышцаў. Сетчатае ўтварэнне, або рэтыкулярная фармацыя, кантралюе ўзбуджэнне і ўвагу. У верхняй частцы ствала знаходзіцца таламус — сенсорны пульт кіравання мозга.
Паміж ствалом і карой мозга знаходзіцца лімбічная сістэма, якая першапачаткова звязвалася з памяццю, эмоцыямі і ўзрушэннямі. Напрыклад, адзін з яе нейронных цэнтраў,
міндаліна, прымае ўдзел у рэакцыях агрэсіўнасці і страху.
Гіпаталамус у лімбічнай сістэме звязваецца з рознымі жыццёва неабходнымі функцыямі арганізма, са станоўчым падмацаваннем, a таксама з кантролем над эндакрыннай сістэмай. Эндакрынная сістэма выпрацоўвае гармоны, якія з крывяным токам трапляюць у патрэбныя органы або тканкі, дзе ўздзейнічаюць на эмацыянальны стан, рост, іншыя функцыі арганізма.
Кожнае паўшар’е галаўнога мозга мае 4 геаграфічныя ўчасткі: пярэднія, цемянныя, скроневыя і патылічныя долі. Маленькія, добра вызначаныя ўчасткі гэтых доляў кантралююць рухі мышцаў і атрымліваюць інфармацыю ад рэцэптараў. Аднак большая частка кары мозга — яе асацыятыўныя зоны — не звязана з гэтымі функцыямі і таму можа апрацоўваць іншую інфармацыю.
Асобныя аддзелы мозга, як вядома, выконваюць спецыфічныя функцыі. Увогуле ж чалавечыя пачуцці, думкі і паводзіны — гэта вынік складанага ўзаемадзеяння многіх участкаў мозга. Мова, напрыклад, залежыць ад цэлага ланцуга працэсаў у некалькіх яго зонах.
Рэарганізацыя мозга. Калі ў раннім узросце адно з паўшар’яў мозга атрымлівае траўму, то другое паўшар’е бярэ на сябе многія яго функцыі, дэманструючы тым самым пластычнасць мозга. У далейшым мозг страчвае сваю пластычнасць. Часта суседнія нейроны могуць часткова замяніць пашкоджаныя, калі чалавек папраўляецца пасля траўмы мозга.
Раздвоены мозг. Клінічныя назіранні даўно ўжо паказвалі, што левае паўшар’е галаўнога мозга мае вельмі вялікае значэнне для моўнага працэсу. Апошнія эксперыменты на пацыентах з расшчэпленым мозгам удакладнілі нашы веды аб спецыфічных функцыях кожнага паўшар’я. Праводзячы доследы з кожным паўшар’ем паасобку, вучоныя пераканаліся ў тым, што ў большасці людзей левае паўшар’е больш звязана з мовай, а правае — з візуальным успрыманнем і распазнаваннем эмоцый. Доследы на здаровых людзях пацвердзілі, што кожнае паўшар’е робіць свой адметны ўклад у функцыяніраванне мозга.
Тэрміны і паняцці для запамінання
Біяпсіхалогія. Галіна псіхалогіі, якая вывучае ўзаемасувязі паміж біялагічнымі асаблівасцямі і тыпамі паводзінаў.
Нервовая сістэма. Хуткасная электрахімічная камунікацыйная сістэма, якая складаецца з нервовых клетак перыферыйнай і цэнтральнай нервовых сістэм.
Сенсорныя нейроны. Нейроны, што нясуць уваходную інфармацыю ад сенсорных рэцэптараў да цэнтральнай нервовай сістэмы.
Інтэрнейроны. Нейроны цэнтральнай нервовай сістэмы, якія знаходзяцца непасрэдна паміж сенсорным уваходам і маторным выхадам.
Раздзел 2 Біялагічныя карані паводзінаў 61
Маторныя нейроны. Нейроны, што нясуць зыходную інфармацыю ад цэнтральнай нервовай сістэмы да мышцаў і залоз.
Рэфлекс. Простая аўтаматычная прыроджаная рэакцыя на сенсорны стымул (напрыклад, уздрыгванне калена).
Дэндрыт. Разгалінаваныя адросткі нейрона, якія атрымліваюць сігналы і перадаюць імпульсы клетцы.
Аксон. Падоўжаны адростак нейрона з разгалінаванымі канцавымі валокнамі, ад якіх сігналы дасылаюцца іншым нейронам або мышцам і залозам.
Міелінавая абалонка. Слой тлушчавых клетак, што сегментарна ахопліваюць валокны многіх нейронаў; дзякуючы ім хуткасць перадачы нейронных імпульсаў рэзка ўзрастае.
Парог. Узровень стымуляцыі, патрэбны для генерацыі нейроннага імпульсу.
Сінапс. Злучэнне паміж кончыкам аксона, які дасылае сігнал, і дэндрытам, які атрымлівае гэты сігнал. Маленькі прамежак паміж аксонам і ўспрымаючым нейронам называецца сінаптычным прамежкам, або шчылінай.
Нейратрансмітэры. Хімічныя пасланцы, што праходзяць праз сінаптычныя прамежкі паміж нейронамі. Ад нейрона, які яго выпрацоўвае, нейратрансмітэр праз сінаптычны прамежак трапляе на рэцэпторныя ўчасткі ўспрымаючага нейрона і стымулюе або затарможвае генерацыю нейроннага імпульсу.
Ацэцілхалін (Ach). Нейратрансмітэр, які выклікае скарачэнне мышцы.
Эндарфіны. “Марфін унутранага паходжання”, нейратрансмітэр з уласцівасцямі наркотыка, які зніжае боль і выклікае пачуццё задавальнення.
Цэнтральная нервовая сістэма (ЦНС). Галаўны мозг і спінны мозг.
Перыферыйная нервовая сістэма (ПНС). Нейроны, якія злучаюць ЦНС з астатнімі органамі цела. Яна складаецца з сенсорных нейронаў, якія нясуць інфармацыю цэнтральнай нервовай сістэме ад сенсорных рэцэптараў і маторных нейронаў, якія перадаюць сігналы ад цэнтральнай нервовай сістэмы да мышцаў і залоз.
Саматычная нервовая сістэма. Аддзел перыферыйнай нервовай сістэмы, які атрымлівае інфармацыю ад розных сенсорных рэцэптараў і кантралюе мышцы цела.
Аўтаномная нервовая сістэма. Частка перыферыйнай нервовай сістэмы, якая кантралюе залозы і мышцы ўнутраных органаў (напрыклад, сэрца). Яе сімпатычны аддзел адказны за ўзбуджэнне, а парасімпатычны — за супакаенне.
Сімпатычная нервовая сістэма. Аддзел аўтаномнай нервовай сістэмы, які ўзбуджае арганізм, мабілізуе яго энергію ў стрэсавых сітуацыях.
Парасімпатычная нервовая сістэма. Аддзел аўтаномнай нервовай сістэмы, які супакойвае арганізм, захоўваючы яго энергію.
Пашкоджанне. Разбурэнне тканкі. Пашкоджанне мозга ёсць натуральнае або штучнае разбурэнне тканкі мозга.
Электраэнцэфалаграма (ЭЭГ). Узмоцнены запіс хваляў электрычнай актыўнасці, якія праходзяць па паверхні мозга. Запіс адбываецца шляхам прымацавання электродаў да чэрапа.
КАТ (камп'ютэрызаваны аксіяльны тамограф). Серыя рэнтгенаўскіх здымкаў, зробленых пад рознымі вугламі і аб’яднаных камп’ютэрам у складаны трохмерны вобраз зрэзу таго або іншага органа цела.
ПЭТ (пазітронны эмісійны тамограф). Візуальны дысплей актыўнасці мозга падчас выканання ім той або іншай зададзенай функцыі, калі можна назіраць, на якім участку мозг спажывае радыеактыўную цукровую глюкозу.
МРА (Магнітнарэзананснае адлюстраванне). Тэхнічны прыём выкарыстання магнітных палёў і радыёхваляў для таго, каб пры дапамозе камп’ютэра ствараць адлюстраванні розных тыпаў мяккіх тканак. Дазваляе бачыць структуры ўнутры мозга.
Ствол галаўнога мозга. Цэнтральны стрыжань мозга, які пачынаецца там, дзе спінны мозг патаўшчаецца пры ўваходзе ў чэрап; гэта найстаражытнейшая частка мозга, адказная за аўтаматычныя функцыі першай жыццёвай неабходнасці.
Прадаўгаваты мозг. Аснова ствала мозга. Кантралюе сэрцабіццё і дыханне.
Мазжачок. “Маленькі мозг”, прымацаваны да задняй часткі ствала мозга; дапамагае каардынаваць адвольныя рухі і раўнавагу цела.
Таламус. Сенсорны пульт кіравання мозга, размешчаны на верхняй частцы ствала. Накіроўвае сігналы да сенсорных успрымаю