Псіхалогія
Дэвід Майерс
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 560с.
Мінск 1997
Многія вучоныяпсіхолагі застаюцца скептыкамі, бо ведаюць, як лёгка ўвесці людзей у зман, а таксама таму, што не маюць прыкладаў паўтарэння феноменаў ЭСУ. Яны агаломшаны шматлікімі дэманстрацыямі цудаў, кніжкамі і часопісамі па парапсіхалогіі. Ці павінны і мы падзяляць іх скептыцызм?
Пазіцыя аўтара. Мы таксама можам быць скептыкамі, але не павінны адга
рожвацца ад усяго, што яшчэ не даказана. Мы можам быць адкрытымі для новых ідэй, пазбягаючы залішняй даверлівасці і цынізму. Мы можам крытычна мысліць і ўсё ж ведаць пры гэтым, што наша разуменне прыроды няпоўнае, мы можам згадзіцца з Шэкспірам, які вуснамі Гамлета сказаў: “На зямлі і ў небе, брат Гарацый, ёсць шмат чаго, аб чым і не падазраюць нашы мудрацы”. Рэальнасць нечай любові да нас, існаванне або неіснаванне Бога, фізічная смерць чалавека, або працяг жыцця пасля яе — усе гэтыя ісціны непадуладныя навуцы. Вось чаму, адмовіўшыся ад чарговай таннай псеўдаісціны, мы павінны захаваць цікаўнасць да тых таямніц прыроды, якіх яшчэ не ўдалося разгадаць.
Чаму людзі схільныя верыць у існаванне ЭСУ? Часткова гэта можна растлумачыць няправільнай інтэрпрэтацыяй і недакладнасцю ўспрымання. Для многіх з нас характэрна непераадольная цяга да цудаў і да магіі. У Вялікабрытаніі і ЗША заснавальнікамі парапсіхалогіі былі пераважна асобы, якія, страціўшы веру ў Bora, шукалі навуковыя падставы для сваёй веры ў сэнс жыцця і магчымасць жыцця пасля смерці [Alcock, 1985; Beloff, 1985].
Але каб займець свяшчэнны жах і глыбокую пашану да жыцця, нам няма патрэбы выходзіць за межы нашай сістэмы ўспрымання і яе здольнасці ператвараць бязладныя нервовыя імпульсы ў маляўнічыя відовішчы, жывыя гукі і прыцягальныя пахі. У нашым звычайным вопыце ўспрымання ёсць шмат незвычайнага — бясспрэчна, больш, чым зафіксавала псіхалогія. Стагоддзе навуковай дзейнасці раскрыла шмат сакрэтаў адчування і ўспрымання, але і для будучых пакаленняў даследчыкаў застаецца шмат неразгаданых таямніц.
Дзве сілы проціборнічаюць у навуцы і ствараюцьяе ўнутраную напружанасць: адна — гэта ўспрымальнасць навукі да новых ідэй, якімі б дзіўнымі і нязвыклыміяны нг здаваліся,а другая —яе бязлітасны скептыцызм, які ставгць пад сумненне ўсялякую ідэю, старую або новую.
Карл Саган (1987)
Раздзел 6 Успрыманне 171
Такім чынам, мы разгледзелі першыя крокі на шляху апрацоўкі інфармацыі, пачынаючы ад таго моманту, калі мы ўпершыню адчуваем яе нашымі сенсорнымі органамі і да фарміравання цэласнага успрымання. А працэсар, змешчаны ў на
Haeam апалаге'т парапсіхалогіі Чарльз Тарт (1983) прызнаецца, што ~‘ЭСУ ва ўмовах лабараторыі звычайна праяўляецца непаслядоўна і слаба, таму яго прыроду вывучаць цяжка”.
шым чэрапе, выконвае куды больш значную работу: пад уплывам сну, гіпнозу, наркотыкаў ён стварае нерэальныя вобразы (раздзел 7 “Стан свядомасці”) Ён чэрпае інфармацыю з нашага вопыту, доўга яе захоўваючы (раздзел 8 “Вопыт”; 9 “Памяць”). Ён карыстаецца ўспрыманнямі ў мысленні і планаванні (раздзел 10 "Мысленне і мова”; 11 “Інтэлект”). Паміж сенсорнай інфармацыяй, якую мы атрымліваем, і разумнымі ўчынкамі, якія робім на яе падставе, знаходзіцца найскладанейшая інфармацыйная сістэма, якая зноў і зноў прыцягвае да сябе даследчыкаў.
Высновы
Ілюзіі ўспрымання
Візуальныя і слыхавыя ілюзіі цікавілі вучоных з часоў узнікнення псіхалогіі як навукі.
Арганізацыя ўспрымання
Успрыманне формы. Каб распазнаць той або іншы аб’ект, мы павінны спачатку ўспрыняць яго (выдзеліць як нейкую фігуру) сярод іншых фігур (на іх фоне).
Успрыманнс глыбіні. Доследы са шкляным уцёсам сведчаць пра тое, што многія біялагічныя віды ўспрымаюць свет у трох вымярэннях адразу або вельмі хутка пасля нараджэння. Мы ператвараем двухмерныя сетчатыя вобразы ў трохмерныя ўспрыманні з дапамогай бінакулярных падказак — такіх як сетчатая несуразмернасць вобразаў, а таксама монакулярных падказак — такіх як адносныя памеры аб’ектаў.
Пастаянства ўспрымання. Успрыняўшы аб'ект як выразную фігуру і вызначыўшы яго месца ў прасторы, як мы можам распазнаць яго, калі ён пакідае розныя адбіткі на сятчатцы вачэй? Захаваць свае асноўныя асаблівасці дапамагае пастаянства памеру, формы і яркасці аб’ектаў, нягледзячы на тое, што яны могуць знаходзіцца на рознай адлегласці, мець розныя контуры і рухацца. Гэтым пастаянствам можна растлумачыць некаторыя з вядомых візуальных ілюзій.
Інтэрпрэтацыя
Непасрэдная праверка праблемы ўзаёмасувязей генетычных і сацыяльных фактараў у эксперыментах, дзе даследуецца чалавечае ўспрыманне.
Сенсорныя абмежаванні і вернуты зрок. Для многіх біялагічных відаў ранняе маленства — гэта перыяд, калі жыццёвы вопыт павінен актывізаваць прыроджаныя візуальныя механізмы мозга. Хоць выдаленне катаракты ў сталых людзей, якія нарадзіліся сляпымі, узнаўляе зрок, ўсё ж яны не могуць успрымаць свет як звычайна. Яны могуць выдзяляць фігуру з фону і ўспрымаць колер, але няздольныя распазнаваць контуры і формы.
Адаптацыя ў працэсе ўспрымання. Чалавечы зрок на дзіва лёгка прыстасоўваецца да наваколля. Калі чалавеку надзець акуляры, якія ссоўваюць наваколле крыху ўлева або ўправа або нават пераварочваюць яго зверху ўніз, яму ўсё ж удаецца прыстасаваць свае рухі да новых умоў жыцця, а з часам нават рухацца свабодна.
Стэрэатыпы ўспрымання. Тое, што на наша ўспрыманне ўплывае наш вопыт, гэта значыць набытыя намі перакананні і веды, а таксама сенсорная інфармацыя, можна пацвердзіць на прыкладзе стэрэатыпаў фону (кантэксту). Схемы ўспрымання, якія мы сфарміравалі, дапамагаюць нам інтэрпрэтаваць шматзначныя сігналы, і гэтым фактам можна растлумачыць, чаму многія “бачаць” монстраў, пачвар і НЛА там, дзе іх не бачаць іншыя.
Ці існуе пазасенсорнае ўспрыманне?
Ёсць людзі, якія сцвярджаюць, што здольны да экстрасенсорных успрыманняў або вераць у іх. Парапсіхолагі паспрабавалі даць апісанне некалькіх формаў ЭСУ — тэлепатыі, яснабачання, прадказанняў. Але з пэўных прычын, асабліва зза таго, што эфекты ЭСУ нельга ўзнаўляць паўторна, большасць псіхолагаў ставіцца да іх скептычна.
172 Частка 3 Успрыманне навакольнага свету
Тэрміны і паняцці для запамінання
Візуальны палон. Дамінаванне візуальных адчуванняў над астатнімі сенсорнымі адчуваннямі.
Гештальт. Арганізаванае цэлае.
Фігура — фон. Выдзяленне ў візуальным полі аб’ектаў (фігур), якія выступаюць са свайго наваколля (фону).
Групоўка. Тэндэнцыя да аб’яднання раздражняльнікаў у цэласныя групы.
Блізкасць. Тэндэнцыя аб’ядноўваць візуальныя і слыхавыя з’явы, блізкія па часе.
Падабенства. Тэндэнцыя групаваць элементы, падобныя адзін да аднаго.
Працягласць. Тэндэнцыя ўспрымаць сігналы як працяглыя.
Цэласнасць. Тэндэнцыя запаўняць прагалы, у выніку чаго мы успрымаем раз’яднаныя часткі як адзінае цэлае.
Звязанасць. Тэндэнцыя ўспрымаць раздражняльнікі (напрыклад, кропкі) як цэласны аб’ект, калі яны аднолькавыя па форме і звязаныя паміж сабой.
Успрыманне глыбіні. Здольнасць бачыць аб’екты ў трох вымярэннях, хоць вобразы. якія адбіваюцца на сятчатках вачэй, двухмерныя; дае магчымасць успрымаць адлегласць.
Візуальны уцёс. Лабараторная канструкцыя для вывучэння ўспрымання глыбіні немаўлятамі і маладымі жывёламі.
Бінакулярныя падаказкі. Падказкі для вызначэння глыбіні, такія як несуразмернасць вобразаў аб’ектаў на сятчатцы вачэй і канвергенцыя; магчымыя тады, калі мы глядзім двума вачыма.
Монакулярныя падказкі. Падказкі для вызначэння адлегласці, такія як паветраная і лінейная перспектывы і напластаванне; магчымыя, калі мы глядзім толькі адным вокам.
Сетчатая несуразмернасць. Бінакулярная падказка для ўспрымання глыбіні; чым большая розніца паміж двума вобразамі аб’екта на сятчатках, тым бліжэй да нас знаходзіцца аб’ект.
Канвертацыя. Бінакулярная падказка для ўспрымання глыбіні; ступень, сыходжання вачэй, калі мы глядзім на аб’ект.
Адносны памер. Монакулярная падказка для вызначэння адлегласці. Калі мы лічым, што нейкія два аб’екты маюць аднолькавы памер, то аб’ект, які здаецца меншым, бывае размешчаным на большай адлегласці ад нас.
Напластаванне. Монакулярная падказка для вызначэння адлегласці; аб’екты, размешчаныя побач, часткова перакрываюць сабой наша бачанне больш аддаленых аб’ектаў.
Паветраная перспектыва. Монакулярная падказка для ўспрымання адлегласці; паступовая змена выразных формаў на невыразныя сведчыць аб павелічэнні адлегласці.
Адносная вышыня. Монакулярная падказка для вызначэння адлегласці: вышэйшыя аб’екты здаюцца нам размешчанымі на большай адлегласці.
Адносны рух. Монакулярная падказка для вызначэння адлегласці; калі мы рухаемся, то аб’екты, размешчаныя на рознай адлегласці, змяняюць свае адносныя пазіцыі ў нашым візуальным уяўленні; чым бліжэй аб’ект, тым хутчэй ён рухаецца.
Лінейная перспектыва. Монакулярная падказка для вызначэння адлегласці; мы ўспрымаем сыходжанне паралельных ліній як паказчык павелічэння адлегласці.
Адносная яркасць. Монакулярная падказка для ўспрымання адлегласці. Невыразныя аб’екты ўспрымаюцца намі як аддаленыя.
Пастаянства ўспрымання. Успрыманне аб’ектаў нязменнымі (з аднолькавай яркасцю, колерам, формай і памерам) нават тады, калі змяняецца іх асвятленне і адлюстраванне на сятчатцы вачэй.
Адаптацыя ў працэсе ўспрымання. Здольнасць прыстасоўвацца да штучна зрушанага і нават перавернутага знізу ўверх візуальнага поля.
Стэрэатып успрымання. Настроенасць, схільнасць успрымаць менавіта гэта, а не іншае.
Экстрасенсорнае ўспрыманне (ЭСУ). Супярэчлівае сцверджанне аб тым, што можна ўспрымаць навакольны свет паза сенсорнай інфармацыяй. Уключае ў сябе тэлепатыю, яснабачанне, прадказанне.
Парапсіхалогія. Вывучэнне паранармальных з’яў, у тым ліку ЭСУ і псіхакінезу.
Раздзел 7
Станы свядомасці
У кожнай навуцы ёсць фундаментальныя паняцці, якія няпроста ахарактарызаваць. Біёлагі аднадушна згаджаюцца з тым, што кожны арганізм жыве і развіваецца, але яны не могуць дакладна і вычарпальна вызначыць, што ж такое жыццё. У фізіцы не паддаюцца лёгкаму азначэнню паняцці рэчыва і энергіі. Для псіхолагаў адным з такіх важнейшых паняццяў з’яўляецца свядомасць. Разважаючы аб свядомасці, можна прыгадаць усім знаёмую фразу Луі Армстронга, якую ён выказаў, характарызуючы джаз: “Калі вы не ведаеце, што такое джаз, то не спадзявайцеся, што я змагу растлумачыць вам, што гэта такое”.