ДМБ-91
зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
СЯРГЕЙ ПЛЯСКАЧ
ДМБ-91:
Сяргей Пляскач
ДМБ-91: зычу вярнуцца дадому
Раман
Мінск «Галіяфы» 2021
УДК 821.161.3-31
ББК 84(4Бен)-44
П37
П37 ДМБ-91: зычу вярнуцца дадому / Сяргей Пляскач. -
Мінск : Галіяфы, 2021. -312 с. ISBN 978-985-7209-77-4.
У рамане «ДМБ-91: зычу вярнуцца дадому» аўтар паказвае перыяд распаду савецкай імперыі. Галоўны герой Міхал Радзевіч трапляе ў войска, дзе сутыкаецца з поўным бяспраўе.м, дзедаўшчынай. крадзяжамі ды п’янствам. Неўзабаве яго асноўным клопатам становіцца праблема фізічнага выжывання.
УДК 821.161.3-31
ББК 84(4Бен)-44
ISBN 978-985-7209-77-4
© Пляскач С., 2021
© Афармленне. ПВУП 'Таліяфы”, 2021
Тыя хлопцы, якія звольніліся з савецкага войска восенню 1991 года, аказаліся апошнімі дэмбелямі Савецкага Саюза: у снежні вялізная краіна знікла з мапы планеты. Яны сталі самымі важнымі сведкамі заняпаду, поўнай маральнай дэградацыі і разлажэння галоўнага стаўпа імперыі зла — яе некалі жахлівай, вялізнай арміі. Гэта гісторыя пра людзей, якія на ўсё жыццё атрымалі прышчэпку ад рэваншыстаў усіх масцей, што сёння спрабуюць пераканаць моладзь у тым, якой казачнай, справядлівай і моцнай краінай быў Савецкі Саюз і як добра жылося за жалезнай заслонай...
Сяргей Пляскач
I Ва ўсёй некалі вялізнай вёсцы Калюгі жылымі засталіся толькі чатыры хаты. Ды і з гэтых чатырох адно сяліба Радзевічаў выглядае па-сапраўднаму абжытай: за высакаватым зялёным плотам з металапрофілю хаваецца вялікі падворак, падзелены на дзве часткі: гаспадарчую і чысіую. На гаспадарчай шчыльна туляцца адзін да аднаго разнастайныя хлеўчукі, навесы, дрывотні, невялічкімі чародкамі мітусяцца хатнія птушкі. Чыстую палову двара пакрывае дыван бездакорна падстрыжанага газона, у цэнтры якога стаіць вялікая альтанка, а побач з ёю месціцца галоўная прыкмета сучаснасці — мангал. Сцежкі ад брамкі да ганка і да альтанкі замошчаныя бетоннай пліткай у атачэнні бардзюраў.
Але безумоўна галоўным аб’ектам на сялібе з’яўляецца дом: ультрасучасны двухузроўневы катэдж з ламаным дахам, пакрытым сапраўднай чырвонай керамічнай чарапіцай. Ніхто і не здагадваецца, што бялюткія роўныя муры сучаснай вілы хаваюць за сабою драўляную сялянскую хату, збудаваную ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя Рыгорам Радзевічам, дзедам цяперашняга гаспадара сялібы Міхала. Калі перабудоўвалі дом, меркавалі старую хату проста разабраць, але трэба было недзе жыць. Таму вырашылі спачатку ўзвесці новыя сцены, зрабіць пару прыдатных для жытла пакояў, а ўжо потым разбіраць старую хату. За адно лета з пенаблокаў склалі новыя муры вакол дзедавай хаты, разабралі стары дах, але потым, пасля некалькіх сямейных нарадаў, вырашылі захаваць дзедаў зруб, проста ўпісаўшы яго ў сучасны інтэр’ер. I верх узяла зусім не сентыментальнасць, а цвярозы разлік: хата была складзеная з якаснага лесу (цяпер такі днём з агнём не знойдзеш), значыцца, цяпло будзе трымаць ідэальна.
Рыгор Радзевіч перасяліўся ў Калюгі бліжэй да райцэнтра з далёкай вёскі Лазы разам са сваёю вялікай сям’ёй — жонкай і пяццю дзеткамі. Было ў Рыгора тры сыны і дзве дачкі. Калі пачалася другая ў дваццатым стагоддзі вайна з немцамі, ужо немалады Рыгор пайшоў добраахвотнікам на фронт. Толькі і сказаў жонцы: «Другі раз я да іх у палон не хачу». Пайшоў і знік, прапаў без вестак. Давялося жонцы адной ставіць на ногі пяцёра дзяцей, без усялякай дапамогі з боку дзяржавы: муж жа без вестак прапаў, можа, перабег да фашыстаў. Гэта ж якую вычварэнскую логіку трэба было мець, каб хоць у думках дапусціць магчымасць таго, што чалавек, які два гады прабыў у нямецкім палоне падчас Першай сусветнай вайны, мае пяцёра дзяцей, без прымусу пайшоў на фронт, каб стаць здраднікам! Але, відаць, менавіта такая логіка і была ў пашане пры савецкай уладзе. Чаго толькі вартая адна заява правадыра: «У нас палонных няма, а ёсць здраднікі!»*
Дзеці выраслі і параз’ехаліся хто куды: адна дачка апынулася ў Гомелі, другая — у Мінску, старэйшы сын жыў у Маскве, сярэдні — у Віцебску. Толькі малодшы сын Рыгора і Ганны Пятрок жыў зусім побач у райцэнтры, бліжэй за ўсіх, працаваў кіроўцам на МТС — машынна-трактарнай станцыі, таму і наведваўся да маці пастаянна.
На святы ж у Калюгі імкнулася ўся вялізная радзіна Радзевічаў: дзеці, зяці, нявесткі, унукі. Як толькі месца хапала ў невялічкай Рыгоравай хатцы?
Улетку радавы маёнтак ператвараўся ў дзіцячы лагер працы і адпачынку: то маскоўскія, то гомельскія,
* «У нас палонных няма, а ёсць здраднікі!» — фраза Іосіфа Сталіна, якая прыраўняла ўсіх савецкіх палонных да здраднікаў.
то віцебскія, to мясцовыя, a to i ўсе разам унукі Ганны сушылі сена, палолі бульбу, пасвілі кароў хадзілі ў грыбы і ягады, лавілі рыбу і купаліся ў рэчцы.
Калі выраслі ўнукі, Ганна адышла ў іншы свет, а хата ператварылася ў лецішча. Усё радзей і радзей прыязджалі Радзевічы ў Калюгі. Неўзабаве адзін за адным памерлі і трое старэйшых дзяцей Ганны і Рыгора.
Пятрок як мог падтрымліваў парадак на сялібе. Калі выйшаў на пенсію, на ўсё лета, аж да халадоў, перабіраўся з жонкаю Аленай з кватэры ў райцэнтры ў родную вёску. Іхныя чацвёра дзяцей таксама жылі ў вялікіх гарадах. Цяпер Пятрок з жонкаю даглядалі тут улетку сваіх унукаў. Ужо трэцяе пакаленне Радзевічаў расло з трывалым пачуццём прыцягнення да сялібы ў Калюгах як да радавога гнязда.
Меншы сын Петрака Міхал толькі на якіх дзесяцьпятнаццаць гадоў старэйшы за сваіх пляменнікаў, таму для іх дзядзька заўсёды быў хутчэй старэйшым братам, а пляменнікі для яго — малодшымі.
Міхал Радзевіч скончыў сталічны ўніверсітэт культуры і вярнуўся ў родны раён, каб працаваць загадчыкам сельскага клуба ў вёсцы Селішчы, цэнтральнай сядзібе калгаса «Перамога». Пазагадваў гады тры, а потым калгас паспяхова знік. Людзі з вёскі пачалі раз’язджацца хто куды. Закрылі школу, дзіцячы садок, потым і клуб.
Вырашылі і Міхал з жонкаю, што трэба з’язджаць. Алена рабіла фельчарам на мясцовым ФАПе. Зачыняць яго — абое без працы застануцца. А куды падацца? Дом з сабою не перавязеш! I самае крыўднае — не прадасі нават: цэлая вёска дамоў з забітымі вокнамі стаіць!
Міхалавы бацькі прапанавалі перабірацца ў іхную кватэру, а самі гатовыя былі жыць у Калюгах. Паразва-
жалі і вырашылі зрабіць наадварот: старыя застануцца жыць у горадзе, а маладзейшыя будуць абсталёўвацца ў Калюгах. Калюгі — не Селішчы: да райцэнтра нейкіх пяць кіламетраў, калі што якое — можна і пешшу прабегчы, да таго ж яшчэ два разы на дзень ходзіць аўтобус.
3 таго часу і распачалося адраджэнне радавога гнязда Радзевічаў. Міхась болей не шукаў працу, стаў вольным гаспадаром: набыў пчол, купіў дзве каровы, развёў авечак. Наколькі, праўда, з такой гаспадаркай можна было заставацца вольным — загадка. Працаваў з цямна да цямна, але не без плёну.
Хутка купілі аўтамабіль. Алена цяпер не пільнавалася аўтобуса: раніцою адвозіла дзяцей у школу, а ўвечары на пару гадзін раней вярталася з працы.
Трохі назбіралі грошай, узялі крэдыт і ўсёй сваёю вялізнаю радзінай-талакою збудавалі новы дом.
Са стрыечных хтось наведваў Калюгі вельмі рэдка, а вось пляменнікі Міхала наязджалі ледзь не кожныя выходныя. Ім тут заўсёды былі радыя.
Часцей за іншых любілі бываць у дзядзькі карэнныя мінчукі Алесь і Андрэй. Трыццацігадовы Алесь Радзевіч, сын старэйшага Міхалава брата Паўла, чатыры гады таму ажаніўся, і ў іх з Верай было ўжо двое дзетак: дачка і сын. Кармілі Алесеву сям’ю два шапікі на рынку ў Ждановічах, а не ягоны ды жончын дыпломы гістфака і філфака БДУ.
Андрэй Юрэвіч—сын Міхалавай сястры—быў на два гады маладзейшы за Алеся і жаніцца пакуль не збіраўся: рабіў кар’еру ў слыннай на ўсю краіну ІТ-кампаніі.
Стрыечныя браты Алесь і Андрэй сябравалі з дзяцінства. Усе вакацыі бавілі разам час у Калюгах, а цяпер кожныя выходныя імкнуліся завітаць сюды. Калі з мін-
чукоў ехаў хто-небудзь яшчэ, дабіраліся на дзвюх машынах, калі не — на адной.
He толькі прышчэпленая бацькамі ў дзяцінстве любоў да прадзедавай хаты цягнула хлопцаў у Калюгі, а і шчырыя сяброўскія стасункі з не нашмат старэйшым саракадвухгадовым дзядзькам, якога яны яшчэ змалку звалі не інакш, як Майкл.
Калі хлопцы яшчэ вучыліся ў школе, студэнт Майкл быў для іх завадатарам бясконцых вандровак па ваколіцах, іх персанальным сталкерам, які пераўтвараў варожы для гараджан свет дзікай прыроды ў зразумелае і прыцягальнае асяроддзе. Як ніхто іншы, дзядзька ўмеў заінтрыгаваць літаральна парай фраз, абудзіць інтарэс, прымусіць разважаць у самых нечаканых кірунках, перабіраць горы кніг на бібліятэчных паліцах ці на гарышчы прадзедавай хаты.
Алесь і сёння выдатна памятае, скуль з’явілася ягоная апантанасць гісторыяй. Неяк Майкл прывалок з лесу вялізны кош грыбоў. Адны баравікі ды падасінавікі!
— Ух ты! I дзе ж гэта знайшоў столькі?! — шчыра здзівіўся сямікласнік Алесь.
— Кантрабанда! — адказаў нешта няўцямнае дзядзька.
— У сэнсе?
— А, — махнуў Майкл рукой, — так, разоў пяць дзяржаўную мяжу давялося пераходзіць туды-сюды!
— Жартуеш? Да найбліжэйшай мяжы кіламетраў дзвесце, мабыць.
— Ад сілы два.
— I гэта да якой такой мяжы?
— Да былой!
— Паміж Польшчай і СССР? — усё меней разумеў Майкла Алесь. — Яна ж адразу за Мінскам была, мне бацька паказваў.
— Можна падумаць, яна ў нас адна была! Бяры кош і пайшлі!
Праз паўгадзіны хлопцы стаялі на краі глыбокага рова, які цягнуўся праз увесь лес, на колькі можна было бачыць з поўначы на поўдзень.
— Вось — дзяржаўная мяжа паміж Расійскай імперыяй і Рэччу Паспалітай, якая пралягла тут пасля першага падзелу нашага гаспадарства ў 1772 годзе, — тлумачыў Міхал...
Адна справа — запіс у падручніку, і зусім іншае — гэты рубец, што падзяліў некалі па жывому краіну, людзей, сем’і, народ. Ён нікуды не знік і праз амаль дзвесце пяцьдзясят гадоў уражвае сваёю пачварнай грунтоўнасцю.
Алесь быў агаломшаны такім дзіўным і блізкім перапляценнем мінулага і сучаснасці, перачытаў па падказцы Міхала ўсё, што знайшоў, Уладзіміра Караткевіча, затым Кастуся Тарасава, а потым дайшла чарга і да Міколы Ермаловіча.
Хутка на ўроках гісторыі настаўніца гаварыла пераважна з Алесем Радзевічам: для ўсіх астатніх іхныя дыялогі былі абсалютна незразумелымі, нібы яны наўмысна пераходзілі на кітайскую, каб схаваць нейкую таямніцу.