ДМБ-91
зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
Крыху меншага пляменніка Андрэя ў дзяцінстве найперш захаплялі бясконцыя аповеды Майкла пра пярэваратняў, ведзьмакоў ды ваўкалакаў. Тады яшчэ ніхто і чуць не чуў пра Яна Баршчэўскага, а перакладу «Шляхціца Завальні» не існавала. Майкл жа кожны вечар адгукаўся на просьбы малых новай гісторыяй пра самых выкшталцоных нячысцікаў. Прычым усе падзеі мелі выразную прычэпку да вядомых дзецям мясцін:
— Хутар Баравічына памятаеце? — пытаўся дзядзька.
— Той, што пасярод лесу? — удакладнялі дзеці.
— Так. Дык вось, жыў там некалі адзін гаспадар...
I пайшло-паехала: ваўкі, сабакі, жабы, вужы, белыя вароны, Плачкі, чэрці, зачараваныя скарбы ды прададзеныя д’яблу душы.
— Адкуль ты ўсё гэта ведаеш? — не вытрымлівалі, пыталіся дзеці.
— Бабуля распавядала.
— Баба Каця?! — не верылі дзеці.
— He, Ганна, мая бабуля, — смяяўся Майкл.
— Праўда?
— Праўда!
— А яна адкуль ведала?
— Ну, ёй, мабыць, яе бабуля расказвала.
— А як яе звалі?
— Karo?
— Ну, прабабуліну бабулю.
— Матруна Тарасаўна.
— Ого! Дык яе бацька быў, значыцца, Тарас.
— Відаць, што так.
— А кім ён быў? — цікаўнасць дзяцей толькі ўзрастала.
— Кавалём.
— Дык гэта ён рабіў зброю для рыцараў?
— Для рыцараў? Ён рабіў зброю для паўстанцаў... Зрэшты, іх таксама можна назваць рыцарамі: яны ж змагаліся за справядлівасць, баранілі слабейшых.
— Крута! — з боку дзяцей гэтае слова азначала найвышэйшае прызнанне і захапленне.
Тое дзіцячае захапленне дзядзькавымі гісторыямі нікуды не падзелася, нават калі хлопцы выраслі.
— Ты б запісваў, ці што? — раілі ўжо дарослыя хлопцы дзядзьку. — Забудзецца ж!
— He забудзецца! Дагэтуль жа не забыў! Калі баіцеся, дык самі і пішыце!
Кожны раз, седзячы за бяседным сталом, Алесь і Андрэй чакалі, што вось-вось Майкл што-небудзь выдасць са сваіх скарбаў жыцця. Свядома ці падсвядома заахвочвалі-прыспешвалі дзядзьку распачаць чарговую гісторыю. I сваяк ніколі не падводзіў удзячных слухачоў.
Даўным-даўно ўжо гэта былі зусім не фальклорныя здабыткі пра міфічныя падзеі. Дзядзька апавядаў пра здарэнні з жыцця самых звычайных людзей, многіх з якіх хлопцы ведалі. Часам Міхал выдаваў штосьці з уласнага жыцця, і хлопцам заставалася толькі дзівіцца, чаму ён не распавядаў пра тую ці іншую падзею раней.
— He было неяк нагоды, — проста тлумачыў дзядзька.
Нейкія гісторыі, пачутыя ад Майкла, нярэдка выклікалі сумненні ў праўдзівасці, але любое следства, якое ні ладзілі пляменнікі, заўсёды знаходзіла бясспрэчнае пацвярджэнне дзядзькавым словам.
— Вось так вось проста з лесу на самалёце ў сорак трэцім праз лінію фронту ў Маскву лятаў? I сам таварыш Сталін яму ў Крамлі ордэн чапляў?! — не вытрымаў Андрэй, каб даслухаць: занадта ўжо неверагоднымі паўставалі ваенныя прыгоды дзеда-партызана, які некалі жыў у суседняй хаце.
— He, ну чым ты слухаеш? Хто казаў пра Сталіна? Калінін яму ордэн уручаў!
— У Маскве?! — не здаваўся пляменнік.
— Вось жа недаверак! Я ж пра што і кажу: з дзеда таго абцугамі слова было не выцягнеш, асабліва пра вайну. 3 ягоным унукам мы ў дзяцінстве сябравалі. Час
ад часу, натхнёныя фільмам якім ваенным ці сустрэчай са штатным ветэранам, чапляліся да дзеда Міколы, каб таксама распавёў што-небудзь пра вайну. А дзед быў геройскі: увесь пінжак ва ўзнагародах. Толькі плячыма пацісне на нашыя роспыты: навошта дзецям пра такую брыду, як вайна, ведаць? Аднойчы прыйшоў да мяне Віцёк, Міколаў унук, і кажа: «Ну мой дзед сёння і выдаў! Сказаў, што ў вайну ў Маскву лятаў! Лётчык хрэнаў! Маўчаў, маўчаў, а тут раскрыў рот і адразу паляцеў! Ён жа ў лесе ўсю вайну праседзеў! Усе ж ведаюць! Лепей ужо маўчаў бы і далей!»
— А! Дык гэта з гэтай нагоды Віцёк спіўся! — зразумеў дзядзьку па-свойму Андрэй.
— He ведаю, як раней, а на гэтым тыдні ў яго цалкам здавальняльная прычына: дарма на дзеда крыўдзіўся, лятаў Мікола ў Маскву, нават некалькі разоў лятаў, не хлусіў.
— Падчас вайны?! — удакладніў-здзівіўся Андрэй.
— Толькі тады і пабываў у Маскве той. Пасля вайны нават у Мінск не выбраўся ні разу. Навошта?
Усе памаўчалі некалькі хвілін: маладзейшыя не зразумелі, да чаго Майкл распачаў гэтую гаворку, а сам апавядальнік нібы збіраўся з думкамі.
— Вось як бывае, — працягнуў пасля паўзы дзядзька. — He паверылі, пакпілі з дзеда, а ён праўду казаў. I вось жа як дзіўна ў жыцці часам атрымоўваецца: гэта ж гадоў трыццаць мінула з таго часу, гадоў дваццаць як няма таго дзеда Міколы, і раптам самым нечаканым чынам усё пацвердзілася. Фантастыка! Хто б мог падумаць! Ды ўсе даўно забыліся пра тыя дзедавы словы, а тут такі паварот. Відаць, нехта там, наверсе, любіць усё ж парадак, каб раней ці пазней усё займала належнае месца...
Пару тыдняў таму быў я ў раёне. Іду па вуліцы і бачу: ля цэнтральнай бібліятэкі прадаюць кнігі. Падышоў бліжэй. Аказваецца, гэта фонды, як мне сказалі, з закрытых сельскіх бібліятэк. Прадаюць за капейкі: усё ж выгадней, чым на макулатуру здаць. Там я такіх фаліянтаў панаадкопваў на радасцях, што ледзь дадому давалок. Увесь збор твораў Караткевіча, першыя выданні Быкава і нават прыжыццёвае выданне Коласа! Уяўляеце! I вось сярод гэтай раскошы трапілася мне на вочы зусім непрыкметная шэрая кніжка ў мяккай вокладцы: Владнмнр Нльнн, «Партазаны Бука». Я адразу сцяміў, што кніжка пра партызанку ў нашай мясцовасці. Гартануў, зірнуў анатацыю — так і ёсць, успаміны пра партызан брыгады Гудкова. Нам у дзяцінстве аж выць хацелася ад гэтага спалучэння — партызаны брыгады Гудкова: усе кішкі выелі гэтай гераічнай барацьбой савецкага народа! Як фашыстаў у вайну аж калаціла ад партызан з гэтай брыгады, так у паваенны час млосна ад іх рабілася піянерам...
А ў канцы кнігі нават некалькі фотаздымкаў надрукавана з пасляваенных святкаванняў юбілеяў вызвалення і перамогі ў райцэнтры. Угледзеўся — я ж практычна ўсіх людзей з тых фотакартак так ці інакш ведаў! Цяпер ніводнага з тых ветэранаў у жывых не засталося... Вядома ж, не купіць гэтую кніжку я не мог...
Узяўся чытаць — не мог адарвацца! Аказваецца, аўтар быў камісарам у адным атрадзе з брыгады Гудкова, якім камандаваў Мікалай Агапоненка. I ў кніжцы так падрабязна апісаная дзейнасць партызан, што большай дакладнасці і ўявіць немагчыма. Мала таго, што вытрымана храналогія падзеяў, дакладна апісваецца наша мясцовасць, суседнія раёны, дык самае каштоўнае — успаміны пра людзей, дзве трэці з якіх я памя-
таю, дзеці і ўнукі якіх жывуць у раёне і сёння. Зразумела — камісар ведаў шмат людзей... Ёсць там эпізод, у якім апісваецца, як аднойчы група падрыўнікоў, што вярталася з чыгункі, завітала ў Калюгі і пакінула параненага таварыша ў сям’і Радзевічаў! Так, у гэтым самым доме! А яшчэ там апісваецца, што на Лепельшчыне, каля Бягомля, была партызанская зона — вялізны абшар, які цалкам кантралявалі партызаны, там быў аэрадром, з якога мінімум тры разы малады партызан Мікола Ігнатовіч лятаў, як яны тады казалі, на вялікую зямлю, у Маскву! Хіба гэта не дзіўна?! Праз столькі гадоў знайшлося неабвержнае сведчанне, што дзед Мікола не тое што не хлусіў, а нават мінімум у тры разы зменшыў веліч падзеі...
У прадмове сказана, што кніжку тую доўга не хацелі друкаваць. I не дзіва: занадта, як для камісара, сумленнымі выявіліся ўспаміны Уладзіміра Ільіна: там і пра выпадкі марадзёрства партызан, і пра здраднікаў — колішніх партыйных кіраўнікоў, і пра сутычку з савецкімі НКВДэшнымі дыверсантамі, і пра тое, як не давяралі ў Маскве партызанам, не забяспечвалі на пачатку руху зброяй і боепрыпасамі, і пра апошнюю фашысцкую блакаду перад вызваленнем: нібы наўмысна прытрымалі наступленне Чырвонай арміі, каб акупанты зачысцілі тэрыторыю ад народных мсціўцаў!..
He кніжка — скарб, індульгенцыя ўсяму пакаленню: не былі яны такімі ўжо ідэалагічна апантанымі і зусім не за крывавага правадыра Сталіна змагаліся, а на самай справе за Радзіму! He было людзям куды падзецца! Кінулі іх пад акупантамі і абвесцілі ворагамі! Цэлымі сем’ямі сыходзілі ў партызаны, з малымі дзеткамі, каб выжыць! Нічога ў іх не было ва ўсім сусвеце, акрамя гэтага кавалка зямлі, за яго і трымаліся, як умелі...
Я з’ездзіў у горад, астатнія тры асобнікі купіў: няхай будзе. Адзін Віцьку даў. Можа, першую ў жыцці кніжку сусед да канца прачытаў...
— Думаеш, прачытаў? — засумняваўся Андрэй.
— Прачытаў прачытаў: гадоў пяць на могілках не быў а тут схапіў сякеру, граблі, прыбраў дзедаву магілу, нават агароджу пафарбаваў.
— Сапраўды, дзіўна: ваявалі-ваявалі з гэтымі немцамі, а цяпер усе імкнёмся да іх у Германію, — уключыў філосафа адмысловы камп’ютаршчык Андрэй.
— У сэнсе? — не зразумеў Майкл, што мае на ўвазе пляменнік.
— Багатыя яны, чэрці, перадавыя тэхналогіі ў іх і ўсё такое: найлепшыя ў свеце аўтамабілі і дарогі, электроніка, медыцына, цывілізацыя, адным словам. Вось таму і пнуцца нашыя туды: хто папрацаваць, хто на пастаяннае месца жыхарства, хто хоць у якасці турыста паглядзець на іхныя цуды і пазайздросціць.
— А ты ў якасці каго? — раптам звярнуўся да стрыечнага брата Алесь.
— Пакуль не ведаю, паглядзім, як атрымаецца, — адказаў Андрэй.
— Я нешта прапусціў? — пацікавіўся Майкл.
— Якраз сёння хацеў расказаць: мяне запрасілі на працу ў адну нямецкую кампанію.
— Самі немцы запрасілі?
— Ну, як самі — у іх выбар шырокі. Убачыў я іхную абвестку, даслаў сваё рэзюмэ. Яны мне — заданні. Выканаў. Нічога там звышнатуральнага не было. Цяпер вось падпісаў кантракг на год. Плацяць у два разы болей, чым у Мінску. Перспектывы росту і ўсё такое. Я мог бы і тут працаваць, на адлегласці, але чаму не скарыстацца магчымасцю, не пажыць годзік у Германіі?
— Усё вяртаецца на колы свае: прадзед пабыў некалі ў Германіі ў палоне, праўнук добраахвотна едзе здавацца, — кпіў Алесь. — Цікава, хто наступны?
— Я таксама быў у Германіі, — абсалютна спакойна зазначыў Майкл.
— Ты?! — у адзін голас выпалілі пляменнікі.
— Так.
— Калі ж гэта? — з прыкметным недаверам запытаўся Андрэй.
— Даўно. А калі больш дакладна — у ліпені тысяча дзевяцьсот дзевяноста першага года...
ПМіхал Радзевіч гісторыяй цікавіўся заўсёды і быў найлепшым яе знаўцам сярод аднакласнікаў. Калі ж да ўлады прыйшоў Гарбачоў і ў краіне распачалася перабудова, мінулае цалкам паглынула свядомасць падлетка: кожны дзень газеты друкавалі такія не вядомыя раней факты, ад якіх зрывала дах: рэпрэсіі, катаванні, мільёны забітых, вынішчэнне сялянства, інтэлігенцыі, татальная русіфікацыя і фальсіфікацыі фактаў на карысць адзіна правільнай ідэалогіі. Чорнае пераўтваралася ў белае, а чырвань дзяржаўнага сцяга нагадвала цяпер не пра кроў змагароў за савецкую ўладу, а пра іх ні ў чым не вінаватых ахвяр.