ДМБ-91
зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
На цэнтральным, як тады казалі, тэлебачанні з’явіўся бескампрамісны і зусім не савецкі «Взгляд». Абсалютная фантастыка: людзі пачалі добраахвотна глядзець беларускае тэлебачанне! Тут уладарыў «Крок».
Радзевіч жа чакаў — не мог дачакацца аўторка, каб паглядзець чарговы выпуск «Ліры». Тут разважалі пра мінулае беларусаў знакамітыя літаратары і гісторыкі.
Як высвятлялася, жыццё на абшарах Беларусі існавала задоўга да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі. Больш за тое — было гэтае жыццё, насуперак афіцыйнай версіі, якую аўтарытэтна прышчэпліваў вучням школьны падручнік, зусім не прымітыўным і беспрасветным.
Нібы перад Калумбам бераг новага мацерыка, паўставала перад Міхалам Радзевічам зусім іншая, невядомая радзіма! За яе не было сорамна, ёй хацелася ганарыцца! Рагвалод, Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Ягайла, Вітаўт, Скарына... БНР, Пагоня, бела-чырвона-белы сцяг! Як можна было не захапіцца гэтым скарбам!..
I мова, на якой некалі гаварылі каралі і былі напісаныя самыя грунтоўныя зводы законаў — Статуты Вялікага Княства Літоўскага, — толькі абсалютным ёлупнем цяпер характарызавалася як калгасная і неразвітая.
Маладыя, як апантаныя, цэлымі днямі слухалі і перапісвалі з касеты на касету Віктара Цоя і «Кнно», Юрыя Шаўчука і «ДДТ», Барыса Грэбеншчыкова і «Акварнум»... Менш прасунутыя задавальняліся «Ласковым маем» ды «Мнражом»...
«Голас Амерыкі» і «Радыё Свабода» яшчэ глушылі, але Міхась Радзевіч здолеў запісаць некалькі песень «Мроі», якія немаведама як прабіліся скрозь краты адмысловых антэн, што мусілі стрымліваць небяспечныя павевы з вольнага свету. Мабыць, ад гэтага моманту ўсё стала на свае месцы: вецер перамен канчаткова развеяў ідэалагічны туман, што нахабна засціў вочы, і хлопец нарэшце выразна ўбачыў шлях, здольны вывесці беларусаў з крывавай багны імперыі зла.
У кастрычніку тысяча дзевяцьсот восемдзесят восьмага ў Мінску адбылося гістарычнае святкаванне Дзя-
доў, рэха якога разнеслася па ўсім свеце: людзей збівалі і труцілі «черёмушкой» толькі за тое, што яны хацелі ўшанаваць сваіх продкаў!
У сакавіку восемдзесят дзявятага нейкі студэнтмастак Алесь Пушкін нарэшце зрабіў тое, пра што даўно марылі свядомыя беларусы: перакрэсліў на плакаце каланіяльны бээсэсэраўскі сцяг і напісаў: «Досыць сацыялістычнай, адродзім народную Беларусь!».
Калі выпускныя экзамены за курс сярэдняй школы паспяхова былі здадзеныя, пытання, куды пайсці вучыцца далей, для Міхала Радзевіча не стаяла: толькі на гісторыка.
Экзамен па гісторыі ў Мінскім педагагічным інстытуце імя Максіма Горкага Радзевіч здаў на выдатна, а вось сачыненне з трэскам праваліў: нічога не паробіш, не натхнялі яго вобразы ні Макара Нагульнава, ні Сямёна Давыдава — герояў «Поднятой целнны» Міхаіла Шолахава. Тым больш не было ніякага жадання быць падобным да кагосьці з іх асобна ці да «всех овчарок сразу».
Выразнай адмецінай замаячыла на даляглядзе перспектыва выканання ганаровага абавязку кожнага савецкага чалавека: служба ў войску.
Служыць імперыі, пра пачварную сутнасць якой Міхась Радзевіч ведаў аж занадта шмат, не было ніякага жадання. Відавочна не хацелі ісці ў войска і іншыя хлопцы, асабліва з нацыянальных ускраін краіны-монстра: кожны дзень прэса паведамляла ледзь не пра зрыў мабілізацыйнай кампаніі. Акрамя таго, што многія рэспублікі ўжо не бачылі сябе ні ў якім выглядзе ў складзе СССР і задумваліся пра перспектывы стварэння нацыянальнага войска, асноўнай прычынаю негатыўнага стаўлення да савецкай арміі сгала выкрыццё распаўсюджанай у ёй ганебнай практыкі пазастатутных адносінаў ваенна-
служачых, якое атрымала назву «дзедаўшчына». Сотні савецкіх жаўнераў гінулі ў мірны час, пераўтвараліся ў маральных ды фізічных калек. Узнікла грамадская арганізацыя «Камітэт салдацкіх маці», якая распачала рашучую барацьбу з дзедаўшчынай. Афіцыйная ж улада пачала цкаваць жанчын за нібыта падрыў аўтарытэту самай непераможнай арміі ў свеце.
Касіць ад службы ў войску стала зусім не заганна, а тыя праўладныя крыкуны, што змагаліся з жанчынамі, якія толькі хацелі, каб іх дзеці вярнуліся з войска жывымі і здаровымі, былі сярод першых, хто даваў хабар ваенкомам і дактарам, каб пазбавіць сваіх сыноў ад выканання свяшчэннага абавязку.
Кожны дзень па тэлебачанні круцілі, як і ўсё савецкае, паказушныя рэпартажы пра ўзорны парадак і побыт вайскоўцаў: вось тут салдаты спяць, вось тут вучацца, гэта — прадмет асаблівага гонару — падсобная гаспадарка, дзе гадуюцца свінні, вырошчваюцца бульба і капуста, каб зрабіць рацыён больш разнастайным; вось так адбываюцца ў вольны час спартовыя святы, жаўнеры дэманструюць адмысловы спрыт і фізічную падрыхтоўку, тут дом культуры, дзе кожны можа рэалізаваць свой творчы патэнцыял. Як бачыце, месца дзедаўшчыне тут няма! Яе ўвогуле не існуе! Яна —плён нездаровай фантазіі істэрычных дамачак! Наслухаюцца маменькіх сынкоў усялякіх, якія не рыхтаваліся да войска, не могуць ні прабегчы, ні падцягнуцца — ведама, ім цяжэй, чым іншым, але ніхто іх тут не прыніжае, тут усе роўныя, усё ў строгай адпаведнасці з патрабаваннямі вайсковых статутаў! Мы ўсе савецкія людзі! Наша армія народная! Гэта ў іх там, на захадзе, сярод усялякіх наёмнікаў, дзе няма нашай перадавой маралі, магчымыя прыніжэнні, катаванні ды гвалт!
— Я прыйшоў у войска слабым і нямоглым, — на экране з’яўляўся чарговы выдатнік баявой і палітычнай падрыхтоўкі, — але клопат баявых таварышаў і камандзіраў зрабілі цуд! Цяпер я сапраўдны мужчына! Мама, ты можаш мной ганарыцца!..
Наіўны васямнаццацігадовы Міхал Радзевіч верыў у перамены да лепшага, але нават у думках не дапускаў, што імперыя рассыплецца так імкліва і хутка. Яму падалося, што прасцей адслужыць і займацца надалей рэалізацыяй сваіх планаў, чым марнаваць час у небяспечнай беганіне ад ваенкамата. Зманлівай падалася і перспектыва стаць сапраўдным мужчынам, моцным і дужым. А што да страху перад дзедаўшчынай — яго не было: служыў жа ў войску бацька, зусім нядаўна — старэйшыя браты, і ніколі ні пра што такое не згадвалі.
Пасля медкамісіі ў раёне Радзевіч трапіў у групу хлопцаў, якіх накіравалі на медагляд у абласны ваенкамат, што азначала, як казалі дасведчаныя людзі, службу дзесьці за мяжой.
— Буду акупантам! — не раз жартаваў Міхал, чакаючы апошнюю павестку.
На другі дзень пасля разбурэння Берлінскай сцяны* Радзевіч апынуўся ў Барысаве на рэспубліканскім прызыўным пункце: некалькі трохпавярховых ледзяных казармаў з драўлянай прыбіральняй на вуліцы і хранічна п’янымі салдатамі і афіцэрамі роты забеспячэння. Тут муры нікуды не падзеліся: увесь перыметр атачала цагляная двухметровая сцяна, пакрытая брудным шалупіннем ад жоўтай фарбы. За гэтай сцяной віравала жыццё, кожны дзень прыносіў перамены ды спадзяванні на леп-
* Берлінская сцяна была разбураная 9 лістапада 1989 года.
шае, а ўнутры перыметра панавала атмасфера занядбання і цвілі часоў застою. Як такое магчыма?
Калі пасля двух тыдняў каранціну навабранцаў самалётам з грамадзянскага аэрапорта «Мінск-2» пераправілі на паўднёвы захад Польшчы, Радзевіч хутка пераканаўся, што ў жыцці магчыма што заўгодна, і па большай частцы самае немагчымае.
Што ведаў ён тады, па сутнасці яшчэ савок саўком, пра Польшчу, акрамя таго, што «курнца — не птнца, Польша — не заграннца», традыцыйных анекдотаў пра рускага, немца і паляка, у якіх апошнія два заўсёды паўставалі ёлупнямі-недарэкамі; пра тое, што больш за чатырыста тысяч савецкіх воінаў загінулі, вызваляючы Польшчу ад фашыстаў, а няўдзячныя палякі нахабна імкнуцца збегчы з сацыялістычнага лагера?
На шчасце, тое-сёе ведаў! Найперш — ён ніяк не атаясамліваў сябе з рускімі. Па-другое — жаданне збегчы з любога лагера ніяк не можа лічыцца заганаю, хутчэй наадварот — недарэчным выглядае жаданне ў ім заставацца. Па-трэцяе — Міхась ведаў пра армію Андэрса і Варшаўскае паўстанне, пра супраціў фашыстам войска польскага, у якім служылі тысячы беларусаў, у трыццаць дзявятым, і пра Катынь таксама ведаў! Ведаў ён і пра сумесную дзяржаву беларусаў і заходніх суседзяў — Рэч Паспалітую. А яшчэ дзясяткі ягоных знаёмых лічылі сябе палякамі, бо іх бабулькі маліліся ў касцёле, а ў Польшчы жылі сваякі, якія ўсё часцей і часцей наведвалі родных. Да таго ж Чэслава Немэна ці Марылю Радовіч ніхто не адмяняў. Пра мужнасць змагароў з «Салідарнасці» і Леха Валенсу таксама чуў...
А яшчэ польская мова мае столькі агульнага з беларускай, што іх носьбітам практычна зусім не патрэбныя перакладчыкі, каб зразумець адно аднаго!..
На савецкім ваенным аэрадроме, які савецкія тубыльцы назвалі Кшыва, навабранцаў размясцілі ў надзіва цёплай казарме, з якой і пачалі забіраць па два-тры чалавекі ў розныя вайсковыя часткі. З’явіліся чарговыя купцы — так называлі афіцэраў, якія набіралі папаўненне ў свае фармаванні. Побач з Радзевічам апынуўся нейкі жаўнер з гэтак званых пастаяннікаў — тых, што служылі на перасыльным пункце.
— Цяпер маліцеся, духі, — пагрозліва прасіпеў той.
— Што? — не зразумеў Міхал.
— Гэта з дзікай дывізіі купцы, Борна-Сулінава. Пяхота. Амаль адны чуркі*. Калі не трапіш туды, можа і вернешся жывым дадому.
Радзевіч не трапіў. 3 мінскага рэйса акрамя Міхала ў казарме засталося яшчэ толькі чацвёра. Хлопцы адразу прыцішэлі і збіліся ў купку.
Знаёмым аказаўся толькі адзін зямляк: самы недарэчны і смешны ў кампаніі, Вацік Шпакоўскі.
Яшчэ дома, калі навабранцы са сваякамі на аўтастанцыі чакалі рэйсавы аўтобус, на якім павінны былі ў суправаджэнні прапаршчыка дабірацца да абласнога ваенкамата, да Радзевіча і ягонага аднакласніка Ігара Яскевіча, які таксама не здолеў пазбегнуць службы, нейкая мажная вясковая кабета падвяла дробненькага, худзенькага падлетка з доўгім носам, вялізнымі сінімі вачыма і маленькімі смешна адтапыранымі вушкамі — ні даць ні ўзяць пчолка Мая:
— Хлопцы, прыгледзьце, калі ласка, за ім. Ён у мяне такі нягеглы. Ведама, без бацькі гадаваўся, нідзе ніколі не быў. Вы ж землякі, трымайцеся разам.
* У савецкім войску так называлі выхадцаў з Каўказа і Азіі. Каўказцы і азіяты, у сваю чаргу, называлі «чуркамі» ўсіх «рускіх».
Міхал у першае імгненне падумаў, што жанчына просіць прыгледзець у дарозе за малалетнім сынам, якога ўпершыню аднаго выпраўляе ў вялікі горад, а там яго, вядома ж, сустрэнуць сваякі: перадаць, так бы мовіць, з рук у рукі просіць. Але далейшыя матчыны павучанні, слёзы ды галашэнні адназначна засведчылі: хлопчык такі ж, як і яны, прызыўнік!