ДМБ-91
зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
Міхал Радзевіч падрабязна даведаўся і пра лёс самага нягеглага курсанта ў вучэбцы, які не ведаў, дзе права, дзе лева, ад чаго меў процьму праблем на страявой падрыхтоўцы; не ведаў геаграфіі: на палітзанятках замест СССР паказаў на мапе Кітай, не ведаў ён і табліцы множання, не мог ні разу падцягнуцца і без страты прытомнасці прабегчы болей за паўкіламетра. Калі раней
падобны недарэка найхутчэй проста здзівіў бы Міхала, то гэты яго шакаваў, бо быў найбліжэйшым земляком, які не адыходзіў ні на крок і нават не разумеў, што сваёю дрымучай неразвітасцю кідае цень на ўсіх беларусаў. Вельмі часта Радзевічу даводзілася чуць пытанні кшталту: «У вас там усе такія?», «I шмат у вас там такіх?», «Адкуль ты яго такога выпараў?». Але збегчы ад Шпачка не было куды, хоць і вельмі часта, нягледзячы на абяцанне ягонай маці трымацца разам, карцела...
У бацькі Вацлава Шпакоўскага нарадзілася тры дачкі, а яму, як гэта часта бывае, вельмі хацелася сына, спадкаемца роду. Безвыніковыя спробы абзавесціся яшчэ адным мужчынам у сям’і далі плён, калі малодшай дачцэ Шпакоўскіх пайшоў ужо дзясяты год. У дзвюх старэйшых ужо былі свае дзеці — таксама дзяўчаткі. Калі Ваціку споўнілася пяць годзікаў, бацька раптоўна памёр ад сардэчнага прыступу, Неўзабаве развялася з мужам Вацікава старэйшая сястра і з дзвюма дочкамі вярнулася ў бацькоўскі дом. Хата пераўтварылася ў жаночы пансіён з адпаведнымі атрыбутамі: хусткі, сукенкі, калготкі, станікі, карункавыя накідкі на падушкі, аздобленыя вышыванымі кветкамі, прасціны ды насоўкі... А яшчэ бясконцыя жаночыя гаворкі пра горкую долю, слёзы ды галашэнні пры нагодзе і без...
Кожны год на ўсё лета прыязджала ў вёску да маці і сярэдняя Вацікава сястра таксама з дачкой... Такім чынам складаўся поўны камплект, як у той показцы: восем дзевак — адзін я.
Hi пра якое там ужо мужчынскае асобнае выхаванне ў такіх умовах для адзінага хлопчыка ў сям’і і гаворкі не было. Як усе ў доме, Вацік добра ўмеў вязаць, вышываць, цыраваць адзенне, прышываць гузікі, учыняць цеста для піражкоў і кіпяціць бялізну, але што тычыцца
самых звычайных хлапечых заняткаў, такіх як гульня ў футбол ці хакей, элементарнае катанне на ровары, страляніна з рагаткі, выразанне лука і стрэлаў — дык яны яго не цікавілі абсалютна.
Гадоў да дванаццаці Вацлаў насіў калготкі, даношваў за старэйшымі кашулі ды нагавіцы і не задумваўся нават, з якога боку на іх гузікі ці шырынкі, пакуль у школе не пачалі дражніцца дзеці. Яшчэ ў пятым класе ў яго маўленні, калі ён гаварыў пра сябе, надзвычай часта дзеясловы прошлага часу набывалі форму жаночага роду: я схадзіла, чытала, малявала...
Але несумненна самай галоўнай хібай жаночага выхавання і асяродку, у якім гадаваўся Вацік, было тое, што хлопчык абсалютна не ўмеў пастаяць за сябе, даць здачы любому крыўдзіцелю.
He дзіва, што з вучобай не заладзілася ад самага пачатку: школьнікі кпілі з нязграбнага хлопчыка бязлітасна, жорстка і нястомна, як толькі і ўмеюць дзеці, ні на хвіліну не забываліся на недарэку, не даючы і секунды спакою, таму натуральна, што Вацік ненавідзеў школу і рабіў усё што мог, каб толькі лішні раз туды не трапляць: прыкідваўся хворым або браў кавалачак сала і скарынку хлеба ды хаваўся на час заняткаў у густым хмызняку, што рос якраз напаўдарозе паміж школай і хатай.
Калі нарэшце прамінулі бясконца доўгія восем школьных гадоў, настаўнікі з радасцю намалявалі ў пасведчанні Шпакоўскага аб базавай адукацыі мінімальныя станоўчыя на той час траякі, абы не вылоўліваць зацятага партызана ў тых абрыдлых хмызах яшчэ пару гадоў і з чыстым сумленнем выпусцілі на прасторы жыцця.
На наступныя два гады прасторы тыя абмежаваліся сценамі бацькоўскай хаты, тэлевізарам, гародамі ды хлявамі на падворку, з адзінкавымі выхадамі з маці на працу
ў калгас, дзеля таго толькі, каб любая дзяржава не абвінаваціла хлопчыка, крый божа, у дармаедстве.
Затым былі дзіўныя провады ў войска: з мужчын — толькі Вацік і муж сярэдняй сястры, які аж за галаву хапаўся ад відовішча: штук дваццаць баб на падпітку галасілі, як на хаўтурах!.. Старэйшы не вытрымаў: выжлукціў пляшку гарэлкі і адключыўся. Малодшаму давялося паўночы аднаму выслухваць карысныя парады вопытных жанчын: ні з кім не сварыся і не біся, не пі, апранайся заўсёды цёпла, калі нехта будзе крыўдзіць, не бойся, скардзіся камандзіру, а яшчэ мой муж-нябожчык расказваў, як у іх было...
Самым прыемным успамінам з мінулага, якім Вацік з радасцю цяпер дзяліўся з новымі знаёмымі, была згадка пра апошнія тыдні перад войскам:
— Сядзіш, бывала, увечары на цёплай печы, а тут маці прыходзіць з крамы і прыносіць мае любімыя цукеркі «Муркі-кароўкі», ведаеце? Малочныя, цягучыя такія... Смаката...
Слухачы аж заходзіліся ад смеху не толькі ад той апантана-прагнай інтанацыі, з якой гаварыў Шпачок, той непаўторнай мімікі, калі ягоны доўгі носік пачынаў варушыцца ўверх-уніз, як пыса мурашкаеда, але найперш ад той інтэрпрэтацыі назвы цукерак, якія ведалі ўсе савецкія дзеці: на жоўтай абгортцы малюнак кароўкі і надпіс «Му-му». Вось вам і «Муркі-кароўкі»...
Доўгі час ніхто не папраўляў Вацлава, а толькі перыядычна прасілі распавесці яго пра любімыя цукеркі, нібы гэта быў надзвычай дасціпны анекдот. Да таго ж гаварыў ён на такой сакавітай трасянцы, ад якой у людзей, для якіх руская мова была роднаю ці добра засвоенаю, вушы скручваліся ў трубачку і закіпалі мазгі. Азія-
ты і каўказцы, калі чулі Шпакоўскага, проста думалі, што гэта яны не вельмі добра ведаюць агульнадзяржаўную. Зрэшты, сярод іх сапраўды было некалькі хлопцаў, якія практычна зусім не гаварылі і не разумелі па-руску.
3 другога боку, беларускія словы аказаліся такімі «заразнымі», што праз пару тыдняў уся вучэбка ўжывала некаторыя перліны з лексікону Вацлава, нават намеснік камандзіра ўзвода, масквіч Дзянісаў, цяпер, калі выказваў згоду, гаварыў нашае «добра», толькі на рускі манер з мяккім «р» — гучала смешна: «добре». Будуць некалі ламаць галовы лінгвісты: скуль у каўказскіх ды азіяцкіх мовах яўныя беларусізмы.
Радзевіч таксама незласліва кпіў з земляка, бо наіўна спадзяваўся, што дапамагае тым самым развіць у ім элементарную абачлівасць, недавер да ўсіх і да кожнага, звычку хаця б збольшага задумвацца над тым, што гаворыш і што робіш. Як ні тлумачыў Міхал Вацлаву, што ён зрабіў не так, дзе памыляецца, але ўсё было бессэнсоўна: сваёй звышнатуральнай прымітыўнасці той ніяк не ўсведамляў і не імкнуўся мяняцца.
Дзякуй богу, хоць навучыўся выконваць элементарныя каманды: направа, налева, кругом ды хадзіць у страі з усімі ў нагу. Пасля доўгіх трэніровак на чале з усімі беларусамі вучэбкі недзе праз месяц службы дабіліся, што на вячэрняй паверцы ўсе курсанты перасталі заміраць перад прозвішчам Шпакоўскага ў чаканні мульцяшнага «Я!»: цяпер яно гучала цалкам стандартна.
Таксама намаганнямі ўсяе беларускай дыяспары школы ваенных повараў навучылі Шпакоўскага больш-менш прыдатна чытаць тэкст ваеннай прысягі, якую мусілі прыняць трыццаць першага снежня, якраз напярэдадні Новага года.
TT T He тое што сумаваць па доме, але і проста I \/ падумаць, паразважаць, памарыцьу вучэбцы ▼ не было калі: усё па распарадку, дакладна, хутка, інтэнсіўна. Нават так званы вольны час прызначаўся для канкрэтных мэтаў: адпраць, адпрасаваць і падшыць падкаўнерык.
Кожныя трэція содні — у нарад, а там у самым лепшым выпадку чатыры гадзіны сну, таму найперш усім хранічна хацелася спаць. У першыя тыдні службы здараліся выпадкі, калі хлопцы засыналі на нагах, проста ў страі.
Елі таксама дакладна па гадзінніку, і не сказаць, каб кармілі кепска, але рэакцыяй арганізма на такую пунктуальнасць было невыноснае пачуццё голаду, што з’яўлялася акурат за гадзіну да наведвання сталоўкі. Таму перажыць гэтую адну гадзінку было сапраўднай пакутай. А паколькі прымалі ежу тры разы на дзень, то адпаведна тры гадзіны на працягу содняў хлопцы не маглі думаць ні пра што на свеце, акрамя патрэбаў страўніка.
Да таго ж гтастаянныя спартовыя заняткі ды страявая падрыхтоўка забіралі шмат энергіі. Нават жаўнеры з рамонтнага ўзвода ды будаўнікі, гледзячы на штодзённасць курсантаў вучэбкі, кпілі, што на самай справе іх рыхтуюць да службы ў батальёне выведкі ці спецыяльнага прызначэння.
Але набліжэнне любімага свята адчувалася і тут. Ніякіх знешніх прыкметаў не было, нават снег так і не лёг: сыпануў неяк няўпэўнена некалькі разоў і следам растаў. Відаць, нешта святочнае лунала ў паветры, даносілася з-за агароджы. А ў ноч на дваццаць пятага снежня і зусім здарылася нешта няўцямнае: неба над горадам расквецілі феерверкі і нават у казарму пракраліся радасныя воклічы — каталіцкае Раство, патлумачылі камандзіры.
Такога свята нашыя людзі тады яшчэ не ведалі, нават Вацік, бабка якога час ад часу ездзіла памаліцца ў касцёл аж у Гародню.
Прысяга — лухта: якое гэта свята? Толькі адказнасці пасля яе паболее: усякія там нормы статутаў пра дэзерцірства і ўсё такое. Пастроілі, як на паверку, толькі на вуліцы і са зброяй, кожны выйшаў, як паклікалі, са строю, перад сваім узводам прачытаў тэкст з чырвонай тэчкі, потым прамаршыравалі перад кіраўніцтвам вучэбкі і ўсё. Хаця не, не ўсё — абед далі святочны: плоў і па два вараныя яйкі.
Цікава, што ж будзе ўвечары? Новы год жа! Першы Новы год у жыцці, калі Міхал Радзевіч не дома. Колькі ён сябе памятае, уся вялізная радня збіралася ў дзедаўскай хаце ў Калюгах. Раней бацька, а апошнія пару гадоў Міхал прыносіў з лесу ёлку. Дружным натоўпам дзеці ўпрыгожвалі яе бліскучымі цацкамі, некалькі штук з якіх мелі яшчэ даваеннае паходжанне — як толькі ацалелі? Жанчыны гатавалі цэлыя тазы разнастайных салатаў: гарошак, селядцы пад шубай. Наразаліся гарадскія прысмакі: доктарская каўбаса ды сервелат. Мужчыны пілі гарэлку, жанчыны віно, дзецям пад бой курантаў дазвалялі паспытаць па глытку «Савецкага шампанскага» — смаката нечуваная. На мінулы Новы год Радзевіч яшчэ піў свой запаветны дзіцячы глыток, але пра гэта ён тут нікому не скажа: многія хлопцы выхваляліся, што да арміі з рэстаранаў не вылазілі. Хлусілі, напэўна ж. Ды ён ім і не зайздросціў зусім: куды там нейкаму рэстарану да іх вясёлай бяседы ў дзедавай хаце. Нічога лепшага няма і не можа быць ва ўсім свеце! Цяпер, здавалася, ён разумеў гэта асабліва выразна...