ДМБ-91
зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
Без усялякага плафона, зверху пакой асвятляла самая звычайная голая лямпачка напальвання. Маленькае бруднае акно нагадвала пра сябе зусім не тым абсалютна бессэнсоўным тут шэрым чатырохкутнікам, якім выглядала, а нішаю пад самай столлю, у якой размяшчалася, і падказвала тым самым, што пакой знаходзіцца ў падвале. Гукі з паверхні сюды практычна не даходзілі.
Пасля сыходу фельд’егерскага повара Сяргея ў пакоі запанавала цішыня: адчувалася, што Антонаў не ведае, што рабіць далей са сваімі новымі падначаленымі.
— Халера! Ходзяць тут розныя, з думак збіваюць! — буркнуў прапаршчык і зноў замаўчаў.
Ён пацягнуўся да стала, узяў нейкую паперчыну, пакруціў яе ў руках, зрабіў выгляд, што спрабуе прачытаць, зноў паклаў на месца.
3 калідора пачуўся гучны тупат салдацкіх ботаў. Начальнік сталоўкі ўтаропіўся ў дзверы. Праз імгненне ў пакой увайшоў нейкі старшы сяржант. Усю дарогу ён, відаць, бег і толькі перад дзвярыма ў кабінет начальніка сталоўкі спыніўся. Таму яму спатрэбілася некалькі секунд, каб суцішыць дыханне, перш чым нешта сказаць.
— Здражалатваршчпрапршчык, — нарэшце выбуркнуў нейкую няўцямную кашу сяржант.
— Здароў, Толік, — адгукнуўся Антонаў.
— Вось вы куды, значыцца, зашыліся! — звярнуўся сяржант да Пашы, Ваціка ды Міхала. — Думалі, не знайду!
— Э-э! Толік, прытармазі, іх сюды Пятроў прывёў знаёміцца! — азваўся начальнік сталоўкі.
— Пазнаёміліся і хопіць! Пятроў загадаў даставіць іх у казарму!
— А-а, зразумела. Ну тады бывайце, яшчэ ўбачымся.
— Направа! Крокам руш! — падаў каманду сяржант.
Хлопцы выйшлі ў доўгі цьмяны калідор і пабрылі да выхаду. Па тым, колькі разоў старшы сяржант блытаўся ў сутарэннях падвала, можна было зразумець, што ён тут бывае рэдка.
Калі нарэшце апынуліся на вуліцы, сяржант загадаў хлопцам стаць па росце ў шэраг:
— Направа! Крокам руш!
Сам пайшоў побач з міні-строем, бясконца прыгаворваючы:
— Левай! Левай! Раз-два!
Здавалася, што сяржант даўно нікім не камандаваў і гэты шпацыр прыносіў яму неверагодную асалоду. Яго чорныя вочы проста ззялі радасцю, а ўсё досыць сімпатычнае аблічча набыло той прыкметны выраз, які з’яўляецца ў драпежнікаў, калі здабыча праз імгненне непазбежна павінна трапіць у кіпцюры.
— Правае плячо наперад!
Павярнулі за рог казармы. Спінаю да сцяны, абапіраючыся ступнёю падагнутай левай нагі на мур, стаяў і курыў нейкі радавы: кручок і верхні гузік гімнасцёркі расшпіленыя, на незацягнутым рамяні вісіць ніжэй пояса нацёртая да нейкага ненатуральнага бляску спражка — відаць, што чалавек мае аж занадта вольнага часу.
— О! Кабаны! Гэта нашыя, Толік?
— Стой! Раз-два! — скамандаваў сяржант. — А то! Яны, родненькія! Дачакаліся нарэшце...
— Адкуль?! — спытаў радавы ў повараў.
— Я з Масквы, — першым адказаў Паша.
— Мы ўдвух з Беларусі, — адказаў за сябе і за Ваціка Радзевіч.
— Маскалік і два бульбашы... Цікавая кампанія. He землякі, значыцца... Слухай, Толік, а ў нас яшчэ бульбашы ёсць?
— Ва ўзводзе няма, а ў першым ПУСе, здаецца, Гурыновіч і Фішман з Бульбандыі.
— Ой, не магу! He гані, Толік: Фішман — бульбаш!
— Я сказаў, што ён адтуль, а пра тое, што бульбаш там ці не бульбаш, нічога не казаў! — з прыкметным абурэннем аспрэчыў сяржант.
— Ды ладна табе, Талян, гэта ж я так, не ўсур’ёз... А з Масквы маскалікі, здаецца, таксама ёсць?
— 3 другога ПУСа Трацьяк з Масквы дакладна. Гэта з нашага перыяду. А іншых я не ведаю. Ладна, потым пабазарым, баця чакае. Крокам руш!
На першым паверсе казармы размяшчалася гасцініца для камандзіровачных, на другім — першы ПУС, а на трэцім паверсе жыў, як неаднаразова давядзецца чуць у бліжэйшы час ад самых розных людзей новым поварам, самы прывілеяваны гаспадарчы ўзвод.
Хутка мяшкі з рэчамі, параднае адзенне і шынялі хлопцаў засталіся ў капцёрцы. Потым ім паказалі, дзе яны будуць спаць. Толік ні на крок не адыходзіў ад маладых кухараў і пастаянна прыспешваў, бы наперадзе хлопцаў чакала самая важная на сённяшні дзень справа. Калі заслалі ложкі, пайшлі ў пакой да камандзіра ўзвода.
Пятроў выдаў поварам эмблемы войскаў сувязі і чорныя пагоны з пятліцамі:
— Памяняйце зараз жа, a то вы са сваімі чырвонымі з космасу бачныя. Даю паўгадзіны. Потым вяртайцеся сюды.
Праз трыццаць хвілін хлопцы былі зноў у кабінеце камандзіра. Сяржант, падобна, увесь гэты час заставаўся тут.
— Значыцца так, таварышы салдаты, другі ПУС знаходзіцца на вучэннях, — пачаў з парога Пятроў. Тады, відаць, падумаў, што новенькія яшчэ не ведаюць, што такое ПУС, і працягнуў пасля невялічкай затрымкі: — Карацей, палова батальёна адсутнічае, таму наш узвод у поўным складзе знаходзіцца ў нарадзе. У звычайны час гаспадарчы і рамонтны ўзводы ад нарадаў вызваленыя. Ужо тыдзень хлопцы праз дзень сядзяць у нарадзе. А штодзённыя справы ніхто не адмяняў. Таму
сталоўка пакуль пачакае: калі ўсе збяруцца, тады будзеце па спецыяльнасці працаваць. Пакуль паходзіце ў нарады з астатнімі. Адзін на цэнтральны КПП, адзін на вароты ў парк і адзін у штаб. Зразумела?
— Так точна! — у разнабой адказалі хлопцы.
— Садоўнічы! — звярнуўся прапаршчык да сяржанта. — Развядзі! Па адным чалавеку адпаведна знімеш і накіруеш сюды. I глядзі там, каб маладых не чапалі мне! Усіх папярэдзь! A то ведаеш, што будзе?
— Ведаю, таварыш прапаршчык! — не хаваючы іранічнай ўсмешкі, адказаў Толік.
Праз пятнаццаць хвілін Міхал Радзевіч сядзеў у маленькім будыначку, дзе была кнопка, якая ўключала электрарухавік, што адчыняў і зачыняў вароты ў парк. Паркам называлася тэрыторыя, на якой размяшчаліся тэхнічныя майстэрні, заправачная станцыя і гаражы для тэхнікі — боксы. Прыстаўлены Міхал быў да хлопца, старэйшага за яго толькі на адзін перыяд.
— Навабранец — дух, пасля прысягі паўгода службы — і ты кабан. Калі прыйшоў новы прызыў, ты — чарпак. Праз год — дзядуля. А як адтарабаніш паўтара года — дэмбель! — імгненна збольшага растлумачыў Радзевічу няхітрую тутэйшую неафіцыйную іерархію Герман (так звалі Міхалавага паплечніка па нарадзе).
Пасля некалькіх рытуальных пытанняў, адкуль хто родам, новы знаёмы Міхала, які не без гонару паведаміў, што паходзіць з Арлоўшчыны, прыкметна страціў усялякую цікавасць да маладога кухара і толькі праз кожныя пяць хвілін выходзіў на вуліцу пакурыць.
Уся сутнасць нарада заключалася ў тым, каб, зірнуўшы ў пуцёўку, выпускаць з парка ці, наадварот, запускаць туды рэдкія аўтамабілі. Няцяжкі занятак: націснуць час ад часу на кнопку. Два чалавекі тут былі патрэбныя
толькі затым, каб не пакідаць вароты без нагляду: днявальныя па чарзе хадзілі ў сталоўку, як тут было прынята казаць, прымаць ежу і бегалі ў прыбіральню.
Міхал хваляваўся за сваіх хлопцаў: як там яны? Паша Герасімаў самы дужы з іхнае тройцы: на паўгалавы вышэйшы за Міхала, спартовага складу, як характарызуюць людзей падобнага выгляду, ды і сталічная загартоўка — не абы-што. За яго турбавацца не варта: ён здольны пастаяць за сябе, любому дасць адпор, нікому мала не падасца. А вось Шпачок — праблема. Побач з яго дзіцячай камплекцыяй любы, самы нягеглы стараслужачы адчуе сябе героем.
Цэлых двое содняў хлопцы не бачыліся нават здалёк. I калі іх усё ж знялі з нарада, пагаварыць карцела ўсім, толькі практычна не было ніякай магчымасці: заўсёды побач знаходзіўся нехта чужы.
— Я ў штабе дняваліў, — шаптаў Міхалу Вацік, калі яго не маглі чуць староннія, — з вунь тым хлопцам, — ківаў Шпачок у бок чарнявага невысокага жаўнера з круглым праставатым тварам, — яго Віталікам завуць. Ён добры. Вунь той другі — Ігар, — цяпер доўгі носік Шпачка быў накіраваны на хударлявага кірпатага з вогненна-рыжымі кароткімі валасамі малодшага сяржанта, — такі паскудны! Ён на мяне наехаў, загадваў мыць прыбіральню! А я сказаў: добра, толькі заўтра гэтымі ж рукамі буду снеданне гатаваць! Ён страшэнна раззлаваўся, але адчапіўся, прымусіў Віталіка і прыбіральню мыць, і ўзлётку. Я толькі на тумбачцы стаяў. Віталік яшчэ не расшпілены, — працягваў дзяліцца сваім досведам Вацік, — ён адзін з вясенняга прызыву яшчэ не расшпілены. Ну, гэта значыць, калі месяцаў восем праслужыш і будзеш выконваць усе патрабаванні дзядуляў, не будзеш стукаць, то цябе расшпіляць: можаш хадзіць
з расшпіленым верхнім кручком гімнасцёркі, і больш ніхто з іншых салдатаў, нават дзяды, не можа табе загадваць нешта рабіць. Расшпілены — значыцца вольны! Мне гэта Віталік расказаў. Яны з Ігарам аднаго перыяду, але Ігара даўно расшпілілі, а Віталіка не, таму ён яшчэ кабан і павінен выконваць усе загады дзядоў і нават чарпакоў. У Віталіка былі залёты: ён неяк яшчэ даўно не здолеў растлумачыць падчас праверкі, скуль у яго сінякі на целе. Ён нічога не сказаў, але дзядам тады ўсё адно моцна ўляцела! Акрамя таго, павінен жа нехта быў да прыезду новых кабаноў абслугоўваць дзядуляў. Цяпер ва ўзвод прыйшоў малады кіроўца Лёха Камароў і мы ўтрох, так што Віталіка не сёння-заўтра расшпіляць! Ён кажа: дзедаўшчына — гэта крута! Там, дзе дзедаўшчына, служыць лягчэй, чым там, дзе ўсё па статуце! Тут максімум год памучыўся — і вольны, а там усю службу, да самага дэмбеля мучайся! Віталік казаў, што калі будзеш добра шарыць, ну, гэта значыць кеміць, хутка арыентавацца ў сітуацыі, дагаджаць дзядулям як след, могуць і раней, чым праз год, расшпіліць. Вунь таго хлопца, — Вацік паказаў на хударлявага невысокага чалавечка з нейкім адмыслова незадаволеным, злосным выразам на твары, — расшпілілі праз месяц пасля каранціну, самым першым. Дзяды неяк напіліся моцна, пачалі маладым фанеру прабіваць, а ён паспрабаваў бараніцца.
— Што значыць — фанеру прабіваць? — перабіў Міхал захоплены шэпт Ваціка.
— Ну, гэта калі да цябе падыходзіць дзядуля і кажа: фанера! Ты павінен стаць па стойцы «смірна» і адказаць: «Фанера новая, стодзюймовая к бою гатовая!» Дык вось гэты хлопец, яго Толік Малы завуць, Малы — гэта мянушка...
— Пачакай. А што пасля таго, як скажаш, што фанера да бою гатовая, павінна адбыцца?
— А! Ну, тады дзядуля б’е цябе вось сюды, — сказаў Вацік з такой інтанацыяй, нібы замест «б’е» прагучала слова «цалуе», і тыцнуў сябе ў сонечнае спляценне, — а ты павінен застацца на нагах. Зразумела?
Пасля гэткага красамоўнага тлумачэння Міхал здолеў толькі няўцямна кіўнуць: па ўсім бачна, што Ваціка ніколі моцна не білі, бо, падобна, ён зусім не ўяўляе, пра што гаворыць.