• Газеты, часопісы і г.д.
  • ДМБ-91 зычу вярнуцца дадому Сяргей Пляскач

    ДМБ-91

    зычу вярнуцца дадому
    Сяргей Пляскач

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 312с.
    Мінск 2021
    78.59 МБ
    Адна гэтая фраза выклікала эфект вядомай бомбы: у курылцы ўсе імгненна змоўклі і ўтаропіліся на Чарняка і Радзевіча.
    — Прапаную вашай мосці надалей таксама карыстацца роднай мовай у грамадскіх месцах! — працягнуў наўмысна пафасна Алег.
    — Нічога не маю супраць, васпане! — пастараўся вытрымаць зададзены тон збянтэжаны Радзевіч. — Мяркую, што вашая прапанова слушная ды цалкам дарэчная!
    У наступнае імгненне да хлопцаў падскочыў надзвычай рухавы маленькі таджык Хусан Рахімаў і, тыцкаючы пальцам то ў аднаго, то ў другога беларуса, узбуджана загаварыў:
    — Дык вы, дык вы, — ён не мог знайсці патрэбнае слова. — У вас ёсць свая мова?!
    — А ты думаў, толькі ў вас? — перадражніў няўрымслівага таджыка Алег.
    — Дык вы не рускія?!
    — А ты не ўзбек?! — у сваю чаргу не здаваўся Чарняк.
    — Клас! Ніколі не падумаў бы... А скажыце яшчэ штонебудзь па-свойму...
    Чарняк зірнуў на Радзевіча і спытаў:
    — Вось бачыш, якім прыцягненнем валодае наша мова?
    — Відавочна, нейкім надзвычайным!
    — Ах.. .ець! — максімальна эмацыйна, як толькі мог па-руску, выказаў Хусан сваё здзіўленне. — Нічогачкі не зразумела!
    — А то! Стаяць тут, балбочуць, усе такія важныя! Мы ад вас нічога не хаваем, хоць і маглі б. А вы нам косці мыеце ў нашай прысутнасці!
    — Ды нічога мы нікому не мыем! — абурыўся Рахімаў. — Вунь мой зямляк зусім рускую не ведае! Як мне з ім гаварыць?! Ды ну вас у лазню! — махнуў рукой і вярнуўся да сваіх.
    Беларусы пераглянуліся і па-змоўніцку ўсміхнуліся: ведай нашых!..
    Звычайна, як распавёў хтосьці з пастаяннікаў, у часткі забіраюць па два-тры повары. У вялікія падраздзяленні могуць і болей узяць, але гэта адзінкавыя выпадкі. Усе пачалі задумвацца, з кім разам хацелі б служыць пасля вучэбкі.
    Радзевіч разумеў, што ад аднаго кандыдата, Ваціка Шпакоўскага, яму нікуды не падзецца. Ды і шкада было небараку: які-ніякі зямляк. Але і цяжка было ўявіць, як можна ўвесь час быць з адным нягеглым Шпачком.
    Валодзя Іўчанка, як высветлілася, быў камандзіраваны ў школу ваенных повараў з нейкага батальёна разведкі адзін, туды мусіў і вярнуцца пасля вучобы. 3 ім бы было, відаць, цікава служыць: разумны, кемлівы, дасціпны кіянін, да таго ж вызначаўся прынцыповасцю ды спагадай да Шпачка. Ён некалькі разоў стрымліваў нават Радзевіча, калі той пачынаў занадта апантана выхоўваць недарэку Ваціка.
    — Ён жа твой зямляк! He самы ўдалы, але нічога не паробіш, які ёсць! У мяне ніякага няма! Яму ж ад цябе маралі выслухоўваць куды як больш балюча, чым ад іншых...
    Пасля такіх заўваг старонняга, па сутнасці, чалавека Радзевічу рабілася няёмка: ён і так гаротны, Шпачок той: то ўзводны чапляецца, то нампаліт спецыяльна, каб пасмяяцца, выклікае на палітзанятках:
    — Та-ак! Курсант Шпакоўскі!
    — Я!
    — Адкажыце, якое воінскае званне мае намеснік камандзіра нашай школы па палітычнай частцы? — пытаецца старшы лейтэнант пра сябе любімага.
    — Лейтэнант! — адказвае ледзь прытомны ад хвалявання Вацік.
    Аўдыторыя ў каторы раз выбухае смехам.
    — Адставіць! — супакойвае палітрук курсантаў. — Няправільна, — ледзь стрымліваючыся ад смеху, звяртаецца да Шпачка. — Другая спроба!
    Вацік калоціцца ад панічнага жаху, нібы за няправільны адказ яго расстраляюць тут жа, здаецца, на вачах мізарнее больш звычайнага, ператвараецца з піянера ў акцябронка і ад страху чуе толькі палову падказкі:
    — Старшы капітан! — вырываецца з яго няіснае воінскае званне з інтанацыяй беспадстаўнай надзеі.
    Цяпер нават шыбы ў вокнах пазвоньваюць ад зруйнавальнага рогату! Старшы лейтэнант нікога не супакойвае, рагоча разам з усімі і не можа спыніцца...
    Па чырвоных ад сораму, крыўды і знявагі Вацікавых шчоках цякуць пякучыя слёзы. Ён спрабуе, як прамакаткай, нібы непрыкметна прыбраць іх рукавом гімнасцёркі, але нічога добрага не атрымоўваецца: з носа таксама па-здрадніцку пачынае цячы...
    — Насоўка! — рыкае нампаліт.
    Вацік пачынае нязграбна абмацваць кішэні — насоўка, як наўмысна, не знаходзіцца.
    — Сядайце, таварыш курсант! — нарэшце падае каманду задаволены старлей.
    — Ёсць, — ледзь чутна адказвае Вацік і апускаецца на крэсла.
    Такая карціна паўтараецца на кожных занятках, калі выкладчык самай галоўнай дысцыпліны спрабуе высветліць у Ваціка Шпакоўскага званне кагосьці з непасрэдных ягоных начальнікаў.
    Зацятая тупасць Шпакоўскага выводзіць Міхала з сябе: ну як ён за два месяцы службы не запомніць воінскія званні! Што можа быць прасцей?! Ужо маляваў яму сто разоў на паперцы ўсе магчымыя пагоны і спалучэнні на іх зорачак ды палосачак — бессэнсоўна. To ў яго малодшы маёр, то капітан старэйшы, a то яфрэйтар раптам ператвараецца ў старшыну — што гарызантальныя палоскі, што вертыкальныя, малыя зоркі ці вялікія — без розніцы! Ганьба!
    Паабураецца, паабураецца Радзевіч ды змоўкне: якініякі, каб яму добра было, зямляк! Шкада дурня! Кінь такога аднаго — адразу зжаруць!
    Здараліся выпадкі, калі Іўчанка заступаўся за самага нягеглага з наяўных беларуса, калі Радзевіча не было побач. Таму натуральна, што Ваціку Валодзя падабаўся і ён таксама быў бы не супраць служыць і надалей разам з добрым украінцам.
    Ад усведамлення, што пасля вучобы ў школе з Валодзем дакладна не паедзе ніхго з новых сяброў было сумна. Пакуль жа хлопцы асабліва не думалі пра бліжэйшую будучыню, а дзяліліся адзін з адным успамінамі пра мінулае.
    Дзесьці пасля восьмага класа Радзевіч пабываў на экскурсіі ў Кіеве і цяпер ахвотна згадваў той непаўторны, шыкоўны тыдзень ва ўкраінскай сталіцы. Вельмі часта Іўчанку шчыра весялілі тыя ўспаміны беларуса, бо яны цалкам адпавядалі традыцыйным турыстычным маршрутам і вельмі аддалена нагадвалі кіяніну яго родны горад: як і паўсюль, прыезджыя бачаць толькі фасад.
    Неверагодна, але Валодзя выдатна ведаў, чыім сынам быў Яраслаў Мудры*, пра гісторыю нядоўгага княжання Усяслава Чарадзея ў Кіеве, пра тое, што Уладзімір Караткевіч пачаў пісаць, калі вучыўся ў іхным чырвоным універсітэце**. Іўчанка нават чытаў «Лісце каштанаў»***! He без гонару ўкраінец паведаміў, што ў Ялце пахаваны:
    — Ваш знакаміты паэт Максім Багдановіч. Я па літаратуры народаў СССР якраз пра яго сачыненне пісаў.
    Міхалу было няёмка перад Валодзем, бо ён, хоць і пабываў ва ўкраінскай сталіцы, з літаратараў ведаў імя толькі Тараса Шаўчэнкі, з навукоўцаў запомніў прозвішча Патон, і выключна як адмоўнага персанажа, які дастаў сваім «Барабанам» увесь Савецкі Саюз, згадваў спевака Мікалая Гнацюка. I гэта ўсё пра вялізную, найбліжэйшую суседку Беларусі!
    — Нічога, прыедзеш пасля войска ў госці да мяне — даведаешся болей! I Вацлава з сабою вазьмі, няхай паглядзіць на маю радзіму, — часта запрашаў да сябе Валодзя новых сяброў.
    * Сын хрысціцеля Русі князя Уладзіміра Святаславіча (з роду Рурыкавічаў) і полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны.
    ** Галоўны корпус Кіеўскага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі мае чырвоны колер.
    *** Аповесць Уладзіміра Караткевіча, падзеі ў якой адбываюцца ў пасляваенным Кіеве.
    — Штосьці мне падказвае, — кпіў з Ваціка Міхал, — што пасля войска пана Шпакоўскага і абцугамі ніхто з хаты нікуды болей не выцягне. Будзе ўсё астатняе жыццё на печы валяцца ды «Муркі-кароўкі» жаваць!
    — Усё астатняе не буду, а месяцы тры дакладна паваляюся! — абсалютна шчыра прызнаваўся Вацік. — Пасля войска можна ж тры месяцы нічога не рабіць? Праўда?
    — Можна падумаць, што ты нешта да войска рабіў! Таксама сядзеў на печцы ды «Муркі-кароўкі» свае смактаў! Ды не на печцы нават сядзеў, а на карку ў сваіх баб сядзеў! — пачынаў заводзіцца Радзевіч.
    — Ды супакойся ты, Міхал, сядзеў і сядзеў, — стрымліваў чарговую спрэчку землякоў-беларусаў украінец, — клопат вялікі. Ён пасля войска кааператыў свой, можа, арганізуе, грошай столькі заробіць, што ягоным жанчынам больш ніколі працаваць не давядзецца!..
    Пра сваю сям’ю Іўчанка новым сябрам нічога падрабязна не распавядаў: бацька — аўтаінструктар, маці ў мастацкім музеі працуе, ёсць малодшая сястра, якая яшчэ школьніца, — і ўсё. Самая звычайная сям’я, што тут яшчэ гаварыць?
    Масквіч Паша Герасімаў, які ўсё часцей і часцей бавіў вольны час з двума беларусамі і ўкраінцам, імкнуўся разам з імі трапіць у нарад, таксама нічога асаблівага пра сваё жыццё да войска не распавядаў: маці памерла, калі ён нарадзіўся, і хлопчыка гадаваў бацька разам са старэйшаю сястрой. Толькі адзін факт, які, відаць, для Пашы быў па-сапраўднаму значным, хлопец згадваў часта: яго бацька чалавек веруючы і з’яўляецца прыхаджанінам храма, у якім служыць нейкі надзвычай аўтарытэтны святар Аляксандр Мень.
    3 Міхалам і Валодзем Паша найперш гаварыў пра гісторыю, якую ведаў выдатна ў нейкім асаблівым, выразна
    антысавецкім кантэксце: калі ўкраінец і беларус яшчэ мелі нейкія ілюзіі наконт магчымасці савецкай улады, як тады модна было казаць, з чалавечым абліччам, меркавалі, што ўсё сапсаваў Сталін, а Ленін быў добрым дзядзькам, то масквіч бэсціў Ільіча на чым свет стаіць, лічыў яго галоўным мярзотнікам усіх часоў і народаў і прыводзіў цэлую процьму аргументаў і фактаў, у якія цяжка было паверыць, але і абвергнуць не выпадала...
    Мінаў сакавік, і ўсё часцей хлопцы дзяліліся сваімі думкамі наконт найбліжэйшай будучыні: напрыканцы красавіка і да сярэдзіны траўня яны ўжо будуць размеркаваныя па частках, а сказаць, што яны нечаму навучыліся па спецыяльнасці, немагчыма. Ды і як тут навучышся? Тая траціна часу, якая планавалася на вывучэнне спецыяльных прадметаў, замянялася працаю на гаспадарчым падворку, навядзеннем парадку на тэрыторыі, паркагаспадарчымі мерапрыемствамі ды бясконцымі спартовымі святамі. Нічога новага, акрамя таго, што ведалі да войска пра тэхналогію гатавання ежы, хлопцы не засвоілі. Было зразумела, што вучыцца гатаваць давядзецца ўжо непасрэдна на кухні салдацкай сталоўкі. Як у піянерскім летніку дзеці распавядаюць адно аднаму разнастайныя жахлівыя гісторыі, каб паказытаць нервы сябрам, і тым самым выдатна развіваюць творчую фантазію ды красамоўства, так і курсанты школы повараў ад нейкага часу распачалі дзяліцца сваімі больш чым цьмянымі ўяўленнямі пра тое, што і як трэба гатаваць, са сваімі калегамі па няшчасці. Але гэтае саматужнае навучанне мела большае дачыненне да дзіцячага фальклору, чым да нататак з кнігі «Пра смачную і здаровую ежу».