ДМБ-91 зычу вярнуцца дадому Сяргей Пляскач

ДМБ-91

зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
78.59 МБ
Ачмурэць! Відаць, сапраўды з камплектаваннем непераможнай быў поўны швах, раз заграбалі нават горкіх дзяцей! Натаўскія генералы палопаліся б ад смеху, калі б убачылі такую савецкую ваенную пагрозу! Войска нарэшце ператваралася, як некалі і дэкларавалі, у армію працоўных і сялян: можна не сумнявацца, што Вацік-Аліндарка ішоў служыць замест якога-небудзь добра ўкормленага сыночка спрытнага партнаменклатуршчыка.
У Ваціка большы давер выклікаў Ігар Яскевіч, ад якога ён не адставаў ні на крок пры любых перамяшчэннях, а калі ўзнікала пагроза адстаць ці згубіцца ў натоўпе, як маленькі, хапаў Ігара за рукаў.
Цяпер Ігар быў на шляху ў дзікую дывізію з перспектывай не вярнуцца жывым дадому, а перад Міхалам Радзевічам замаячыла незайздросная доля на два гады ператварыцца ў няньку для Вацлава Шпакоўскага...
Праз паўгадзіны асабістыя справы пяці беларусаў і тузіна рускіх і буратаў з Улан-Удэ трымаў у руках высокі паўнаваты капітан з чырвонымі пятліцамі і агульнавайсковымі эмблемамі.
— Віншую вас, таварышы салдаты! — урачыста выгукнуў адабранаму жывому тавару купец. — Вы накіроўваецеся ў школу ваенных повараў!
«Што?! Повараў! Як такое магчыма?! — абурыўся ў думках Радзевіч. — Я пайшоў у войска, каб стаць сапраўдным мужчынам: скакаць з самалёта з парашутам,
кіраваць танкам, вывучаць прыёмы рукапашнага бою, налева і направа шмаляць з калаша, бегаць марш-кідкі ў поўнай экіпіроўцы, а гэты тылавы пацук прапануе мне...»
Капітан нібы прачытаў Міхалавы думкі, тут жа спытаў:
— Хто не жадае быць поварам?
I загадаў услед:
— Выйсці са строю!
He вагаючыся выйшлі двое: Радзевіч і нейкі хлопец з Бураціі.
— Так, таварышы салдаты, — цяпер голас капітана гучаў з пагардаю, — вы ў войску! I тут нікога не цікавіць, чаго вы хочаце: сказалі поварамі — значыцца, будзеце поварамі! Стаць у строй!
Гэта была катастрофа!
Калі пайшлі грузіцца да машыны, Міхал выразна адчуў, як нешта павісла на рукаве шыняля. Шпачок! Гэтага яшчэ не хапала для поўнага шчасця!
Дарогаю хлопцы разглядалі незнаёмыя дзіўныя мясціны, Радзевіч пачаў уголас чытаць надпісы на прыдарожных знаках, чым выклікаў сапраўдны фурор сярод прадстаўнікоў Бураціі:
— Як?! Ты разумееш! Ты можаш чытаць па-іхнаму?! — выгукнуў самы няўрымслівы, як для беларусаў, дык з надта экзатычнай знешнасцю — шчылінкі на месцы вачэй — ды імем хлопец Мунько.
— Мы ўсе можам, мы ж суседзі, — адказаў за ўсіх беларусаў навабранец з Рэчыцы Алег Чарняк.
— Явар! — паведаміў пасажырам назву чарговага паселішча Радзевіч.
— Шэпчацца дзесьці з калінаю? — імгненна падхапіў-спытаў Чарняк у Міхала.
— У сумнай даліне над ярам... — адказаў, як на водгук да таямнічага пароля, Радзевіч.
Цяпер не толькі бураты, а і землякі паглядзелі на хлопцаў, як на іншапланецян.
Нядоўга праехаўшы па брукаваных вулках відавочна старога места, машына спынілася перад шэрымі варотамі з вялізнымі чырвонымі зоркамі.
Школа.
ШВаенны гарадок, у якім месціліся школа ваенных повараў (вучэбка), батальён будаўнікоў (па-руску скарочана «стройбат») і рота рамонтнікаў, як не без гонару паведамілі навабранцам, пабудавалі яшчэ немцы, калі гэтая тэрыторыя належала Германіі. Калі тое было дакладна, ніхто не ўдакладняў, Ну добра, немцамі дык немцамі: якая розніца?
Дні тры, пакуль адбывалася камплектаванне вучэбкі, служба насіла абсалютна невыразны характар: прыбіралі тэрыторыю, глядзелі ў ленінскім пакоі навіны, снедалі, абедалі ды вячэралі — санаторый санаторыем.
Усіх беларусаў і буратаў накіравалі ў адзін трэці ўзвод, дзе ўжо прапісаліся чалавек пяць землякоў генсека* са Стаўрапольшчыны. Некаторыя з іх сцвярджалі, што жывуць ледзь не ў суседнім ад радавога гнязда Гарбачовых доме, нібы тут гэты факт надаваў ім большай вагі і значнасці.
I вось надышоў той снежаньскі дзень, калі казарма напоўнілася прыцішаным гулам, які засведчыў прысутнасць у ёй вялікай колькасці людзей. Было абвешчана пастраенне. На маленькім пляцы для разводаў, пакуль
* Скарачэнне ад «генеральный секретарь». Генеральны сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Савецкага Саюза з’яўляўся і першай асобай краіны.
не надта зграбна, на чале з камандзірамі ды іх намеснікамі пастроіліся тры ўзводы чалавек па трыццаць. Поўны інтэрнацыянал: з дзясятак рускіх, пяць беларусаў, чамусьці толькі адзін украінец, бураты, грузіны, абхазы, азербайджанцы, армяне, чачэнцы, узбекі, таджыкі ды кіргізы.
Прадставілі камандзіраў і растлумачылі, што на працягу месяца да прыняцця прысягі навабранцы мусяць прайсці курс агульнавайсковай падрыхтоўкі, ці прасцей — курс маладога байца. Затым павінна пачацца засваенне вайсковай спецыяльнасці.
Увечары перад адбоем адбылася першая агульная пераклічка: у доўгім калідоры казармы, насупраць сваіх кубрыкаў, выстраіліся тры ўзводы, і намеснікі камандзіраў зачытвалі прозвішчы курсантаў. Пачуўшы сваё, радавы павінен быў, згодна са статутам, гучна і выразна сказаць: «Я!» Калі чарга дайшла да Шпакоўскага — Вацік у адно імгненне стаў знакамітасцю на ўсю вучэбку: ягонае «Я!» прагучала выразна і гучна, толькі так працягла і танютка, нібы яго праспявала пяцігадовая дзяўчынка! Уся сотня вайскоўцаў імгненна забылася на статуты і выбухнула такім шалёным рогатам, які ледзь атрымалася суняць камандзірам праз некалькі хвілін.
Зразумела, усе расцанілі Вацікаў піск як недапушчальны жарт, нахабнае свавольства. Тут жа да сяржанта падбег камандзір узвода, прапаршчык, выхапіў з яго рук спіс асабовага складу і растлумачыў усім, як павінен адказваць радавы, калі чуе сваё прозвішча. He падумаў таварыш прапаршчык, ой не падумаў, неабачліва зрабіў камандзір, калі зноў выгукнуў:
— Шпакоўскі!
Вацік ушчэнт збянтэжыўся ад такой пільнай, усеагульнай увагі да сябе, так расхваляваўся, мабілізуючы
рэшткі прытомнасці, што на гэты раз ягонае «Я!» прагучала ў сто разоў недарэчней і смяшней, чым упершыню: цяпер гэта быў пазнавальны ўсімі голас Пятачка з мультфільма пра Віні-Пуха.
Зноў грымнуў такі аглушальны рогат, якога, можна не сумнявацца, ніколі раней не чулі гэтыя сцены! Ды што там казарма — з іншых падраздзяленняў ваеннага гарадка на наступны дзень людзі распытвалі будучых кухараў, што там у іх адбывалася перад адбоем!
Служба ў вучэбцы праходзіла ў строгай адпаведнасці з патрабаваннямі статутаў. Казалі, што стараслужачыя з ліку пастаяннага складу паспрабавалі былі падпарадкаваць сабе папярэдні набор курсантаў, але ў іх нічога не атрымалася: дзядоў тых было не больш за дзесяць чалавек супраць сотні духаў. Адбылася нейкая жорсткая сутычка, у выніку якой камандзіры ад граху падалей развезлі тых няшчасных дэмбеляў даслужваць у іншыя часткі па ўсёй Паўночнай групе войскаў.
Да службы Радзевіч і ведаць не ведаў, што савецкія войскі, якія размяшчаюцца ў краінах так званай Варшаўскай дамовы, утвараюць нейкія там групы. Калі б яго раней спыталі, дзе месціцца Паўночная група войскаў, ён не задумваючыся адказаў бы, што дзесьці за палярным кругам. Як высветлілася, было ў Еўропе яшчэ тры групы войскаў: у Германскай дэмакратычнай рэспубліцы знаходзілася Заходняя, у Балгарыі, Румыніі ды Вугоршчыне — Паўднёвая, а зусім побач, у Чэхаславакіі — Цэнтральная.
Жорсткі парадак і дысцыпліна, якія імкнуліся падтрымліваць камандзіры, зусім не палохалі і не напружвалі памяркоўных беларусаў. Радзевіча крыху засмучала, што сяржанты, намеснікі камандзіраў узводаў, залішне дыстанцыяваліся ад толькі на перыяд малодшых падна-
чаленых, ад чаго здаваліся да смешнага фанабэрыстымі, але Міхал іх цалкам разумеў: хлопцы баяліся даць слабіну, падарваць свой аўтарытэт.
Намеснік камандзіра трэцяга ўзвода, масквіч, малодшы сяржант Аляксей Дзянісаў, выглядаў маладзейшым за ўсіх пастаяннікаў з салдацка-сяржанцкага складу. Рост меў крыху вышэй за сярэдні, светла-русыя кароткія валасы, жарсткаватыя шэрыя вочы, хударлявы, у заўсёды падкрэслена чыстым ды ідэальна адпрасаваным адзенні, з бездакорным рускім маўленнем, такі сабе стойкі алавяны салдацік, як у думках ахрысціў яго Міхал. Відаць, крыху пабойваўся сваіх падначаленых Дзянісаў, таму і імкнуўся, пры нагодзе і без, лішні раз нагадаць, хто тут галоўны. Але ад гэтых ягоных намаганняў выглядаць больш значным складалася ўражанне, што ў вучэбцы яго пакінулі зусім не за нейкія там асаблівыя лідарскія якасці, а проста пашкадавалі, што дзе-небудзь у дывізіі яго з’ядуць стараслужачыя.
Двух беларусаў, Алега Чарняка ды Міколу Сініцу, Дзянісаў прызначыў камандзірамі аддзяленняў. Міхал чамусьці пазайздросціў хлопцам, бо лічыў сябе таксама вартым гэтай пасады, якая не давала ніякіх прывілеяў, а наадварот, абцяжарвала дадатковымі абавязкамі. Несці адказнасць за трэцяе аддзяленне павінен быў стаўраполец Віктар Ламаносаў.
Пацягнуліся доўгія аднастайныя дні курса маладога байца: пад’ём, зарадка, прыбіранне кубрыка, мыццёгаленне, сняданак, страявая, потым фізічная падрыхтоўка, абед, палітінфармацыя, зноў фізічная і страявая падрыхтоўкі, вячэра, вольны час, калі ўсе павінны перашыць бялюткую падшыўку на каўняры кіцеля ды напісаць лісты дадому, потым абавязковы прагляд інфармацыйнай праграмы «Время».
А яшчэ кожны трэці дзень узвод заступаў у нарад: адно падраздзяленне дзяжурыла ў казарме, другое ў сталоўцы, трэцяе ў вучэбным корпусе. На шчасце, каравульную службу для курсантаў адмянілі.
Штаб вучэбкі знаходзіўся на другім паверсе казармы, таму дзяжурства ў «распалажэнні» было самым непрывабным: пастаянна даводзілася гарлаць «смірна» таму, хто стаяў на тумбачцы пад гадзіннікам ля ўвахода, бо туды-сюды бясконца соўгаліся начальнікі; і няспынна даводзілася мыць узлётку — даўжэзны калідор, які, безумоўна, наўмысна быў вымашчаны бялюткай рабрыстай пліткай, на якой кірзавыя салдацкія боты ці афіцэрскія чаравікі пакідалі такія тлустыя чорныя шнары, што без мыла і адмысловай шчоткі іх немагчыма было адцерці.
Пачалі наладжвацца чалавечыя сувязі. Найперш усе трымаліся сваіх землякоў, але, папахадзіўшы ў нарады з прадстаўнікамі розных рэгіёнаў, паступова пачалі кантактаваць з тымі, з кім знайшліся агульныя інтарэсы. Абсалютна непадобныя знешне — азіяты, каўказцы, славяне — усе яны былі прадуктамі адной сістэмы выхавання, адной ідэалогіі, прадстаўнікамі аднаго пакалення, таму не дзіва, што вельмі хутка першапачатковая напружанасць у стасунках паміж асноўнай масай курсантаў знікла. Хлопцы распытвалі адзін аднаго пра тыя мясціны, з якіх паходзілі, дзяліліся сваімі жыццёвымі гісторыямі.