• Газеты, часопісы і г.д.
  • ДМБ-91 зычу вярнуцца дадому Сяргей Пляскач

    ДМБ-91

    зычу вярнуцца дадому
    Сяргей Пляскач

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 312с.
    Мінск 2021
    78.59 МБ
    танні. — I калі ён зразумеў, ад чыйго імя я тэлефаную, то гатовы быў ехаць у Згожалец адразу ж! Нам пашчасціла, што сёння субота: у будзень ён быў бы яшчэ на працы. Вось, глядзіце сюды: гэта мапа польскай часткі Гёрліца. Вось у гэтым месцы вас будзе чакаць Пётр Смык, — доктар паказаў кропку на мапе шарыкавай ручкай, і Міхал зусім без здзіўлення прачытаў знаёмую назву вуліцы: Parkowa.
    Хто б сумняваўся?!
    — У яго чырвоны Фіят 126, — працягваў тлумачэнні доктар, — такі маленечкі аўтамабільчык, на іх уся Польшча ездзіць... Ён будзе стаяць недалёка ад чыгуначнага пераезда з уключанымі аварыйнымі ліхтарамі. Запомніце, як і што тут выглядае. Схему я вам дам з сабою, але раптам згубіце...
    Доктар паказаў на мапе месца, дзе Міхала высадзяць кантрабандысты. Да пераезда не больш за дзвесце метраў. Іх трэба будзе прабегчы па магчымасці хутка. Нават калі здарыцца пагоня, ён павінен імчаць што ёсць моцы на пераезд, каб заскочыць у аўтамабіль Пятра, — гэта адзіная магчымасць адарвацца...
    Бліжэй да вечара ў палату прыйшла медсястра з двума пакункамі: красоўкі сорак другога памеру і, натуральна, сіні спартовы касцюм. Усё новенькае. Міхалу было страшэнна няёмка за тыя турботы і выдаткі, якімі ён абцяжарвае абсалютна чужых людзей. А самае непрыемнае, што ў яго не было ніякай магчымасці ім аддзячыць. Найперш жанчына выцягнула з Радзевіча катэтары, хлопец проста жахнуўся: такія вялізныя і страшныя яны аказаліся. Калі медсястра заклеіла пластырам ранкі ад іголак, Міхал апрануў касцюм і пахадзіў туды-сюды па пакоі...
    Як толькі ўключылася вулічнае асвятленне, у палату прыйшоў доктар і вывеў Радзевіча ва ўнутраны двор
    бальніцы, дзе яго чакала машына хуткай дапамогі. Хлопец як мог шчыра падзякаваў свайму выратавальніку, і яны развіталіся.
    Кантрабандыстамі выявіліся два мужчыны ў спецадзенні супрацоўнікаў хуткай дапамогі, Ян і Алекс, якія гаварылі з Міхалам на нейкай, здавалася, неверагоднай і немагчымай сумесі нямецкіх, польскіх і рускіх слоў, аднак усё было цалкам зразумелым. Легенда іхнай спецаперацыі на выпадак, калі іх заўважаць, была простая, як усё геніяльнае: яны прыехалі ратаваць чалавека, які ўпаў у раку, а ў тым, што тапелец уцёк ад іх у Польшчу, яны не вінаватыя. Ніякай іншай кантрабанды, акрамя Міхала, у іх няма, таму, калі іх і затрымаюць, прад’явіць ім нейкую крамолу немагчыма. Галоўнае дзейнічаць максімальна хутка! Пераплыць раку — справа трох хвілін, не болей! Калі Радзевіч апынецца на польскім баку, яму трэба імчаць у вызначаным напрамку і ўсё! Нават калі яго заўважаць польскія памежнікі, яны не паспеюць за ім: не сядзяць жа яны, урэшце, пад кожным кустом.
    Міхал небеспадстаўна засумняваўся, што Ян і Алекс — сапраўдныя кантрабандысты, а не звычайныя кіроўца і фельчар хуткай дапамогі, якія, выключна з павагі да доктара Дучмана, згадзіліся дапамагчы савецкаму няўдачніку-дэзерціру.
    Як толькі аўтамабіль хуткай дапамогі спыніўся, Алекс скамандаваў:
    — Бістро!
    У наступнае імгненне праз заднія дзверы бусіка выцягнулі ўжо надзьмутую гумавую лодку і кінулі яе на ваду, да якой ад машыны было літаральна два крокі. Міхал скочыў у лодку. Ён не паспеў здзівіцца, навошта да яе прывязана доўгая вяроўка, як следам у чоўне апынуўся Ян і сеў на вёслы.
    Алекс моцна адштурхнуў лодку ад берага, а Ян пачаў імкліва грэбці. I хоць у гэтым месцы ля ракі было зусім цёмна, Радзевіч разгледзеў, што злева плынь раздзяляецца на два рукавы, якія агінаюць невялікую выспу. На фоне падсветленага гарадскога неба адразу за востравам грувасцілася велічная металічная канструкцыя чыгуначнага моста, пазначаная чырвонымі ліхтарыкамі. Дзіўным чынам памяць адразу нагадала хлопцу падобную карціну з аднаго ягонага сну-трызнення: рака, востраў, гутарка з дзіўным старым, якога ён палічыў богам... Толькі ў мроях усё адбывалася пад сінім небам, а тут пануе непраглядная цемра... Затое — вось яно, тлумачэнне польскаму ды нямецкаму арлам, як на далоні... I металічны пралёт чыгуначнага моста на фоне брудначырвонага неба вельмі падобны да абрысаў кроны вялізнага дуба...
    Здаецца, не прамінула і дзвюх хвілін, як лодка стукнулася аб супрацьлеглы бераг.
    — Бяжы! — шэптам гукнуў Ян.
    Радзевіч скочыў на польскі бераг і азірнуўся на лодку, каб хоць бы жэстам развітацца з памагатым, але маленькі гумавы караблік з хуткасцю ракеты ўжо мінаў сярэдзіну pa­id: дык вось навошта да яго была прывязаная тая вяроўка!
    Міхал толькі сарваўся з месца, прадзёрся праз густы хмызняк і ледзь не сутыкнуўся са слупом, ад якога ў абодва бакі знізу да самага верху разыходзіліся лініі калючага дроту. На слупе дрот трымаўся на белых керамічных ізалятарах, якія прыцягнулі ўвагу хлопца найперш і не дазволілі з разгону ўблытацца ў правады. Наяўнасць ізалятараў магла сведчыць і аб тым, што калючка пад моцнай электрычнай напругай, і аб тым, што яна частка сігналізацыйнай сістэмы, якая спрацуе, калі абарваць хоць адзін правадок...
    Вось табе і бяжы! Добра, калі гэта проста сігналка: абарваў і ляці што ёсць сілы! А калі моцная напруга?!
    Што ж рабіць?!
    Хлопец адчуў, што страшэнна расхваляваўся. Здавалася, што сэрца вось-вось выскачыць з грудзей ці выбухне!
    Ён некалькі разоў глыбока ўздыхнуў, каб хоць крыху супакоіцца.
    Ці сапраўды падзейнічала, ці толькі здалося, але Міхал пачаў разглядаць нечаканую перашкоду больш уважліва. I тут жа ўбачыў паратунак: справа дзве ніжнія лініі адсутнічалі!
    Міхал не стаў цырымоніцца: лёг на зямлю ўздоўж правадоў, перакруціўся два разы са спіны на жывот і апынуўся на другім баку агароджы. Хлопец адразу ўскочыў на ногі і паімчаў далей.
    А мо праважатыя — усё ж сапраўдныя кантрабандысты?
    Ужо праз дзесяць секунд Радзевіч узняўся на чыгуначны насып і пабег у супрацьлеглы бок ад моста...
    Вось і пераезд праз чыгунку, як на схеме, а крыху наводдаль і маленькі чырвоны фіяцік з уключанымі аварыйнымі ліхтарамі!
    Міхал пацягнуўся ўжо да ручкі аўтамабільных дзвярэй, калі раптам здрыганулася зямля і навакольную цішыню працяла страшэннае, як здалося ў першае імгненне, ваўчынае выццё. Хлопец міжволі спалохана азірнуўся назад: з цемры на яго глядзелі вялізныя чырвоныя вочы пачвары, таго самага ваўка-альбіноса з іншасвету!..
    Дзіўны гук паўтарыўся і стала зразумела, што гэта ўсяго толькі гудок цеплавоза, які рушыць з захаду праз мост, а страшныя чырвоныя вочы — не што іншае, як сігнальныя ліхтары на пераездзе!
    Радзевіч аж плюнуў ад прыкрасці за сваю палахлівасць: падобна, да яго сціплай асобы нікому не было аніякай справы. Пераход дзяржаўнай мяжы прайшоў удала! Ён няспешна, абсалютна будзённа, бы на паркоўцы ці прыпынку таксі, сеў у машыну і прывітаўся з Пятром Смыкам...
    Падарожжа да Легніцы, падчас якога Міхал падрабязна, не без гумару і кпінаў з сябе распавёў Пятру пра свае прыгоды апошніх дзён, доўжылася толькі паўтары гадзінкі: у кампаніі такога ўдзячнага слухача, як Смык, можна было б ехаць і значна даўжэй...
    — Мне надзвычай няёмка, што праз мяне ў вас такія турботы! — зазначыў на развітанне Радзевіч. — I проста сорамна, што я нічым не магу аддзячыць!..
    — Якія там гурботы! — пасміхнуўся Пётр. — Хто ж нам дапаможа, калі мы не будзем дапамагаць адно аднаму? А твая гісторыя — больш чым дастатковая падзяка!.. Такое ў кіно не ўбачыш!.. Спадзяюся, ты ніколі не пашкадуеш, што не застаўся ў Нямеччыне, і, — мужчына моцна паціснуў Міхалаву руку на развітанне, — зычу вярнуцца дадому!..
    Р. S.
    Ніякіх падсгаваў сумнявацца ў праўдзівасці чарговага Міхалавага аповеду, якім бы неверагодным ён ні здаваўся, як і раней, у пляменнікаў не было...
    Дзядзька, па завяршэнні сваёй гісторыі, быў гатовы адказаць на любыя пытанні, выслухаць хоць якія пярэчанні ды сумненні, але ніяк не чакаў таго, што адбылося!..
    — Э-х! Такую краіну прасралі! — абсалютна недарэчы, але з прыкметнай роспаччу ў інтанацыі буркнуў Андрэй.
    — Гэта ты пра што? -— напружыўся Міхал.
    — Пра СССР, пра што ж яшчэ? — у сваю чаргу здзівіўся праграміст.
    —Табе шкада Савецкага Саюза?! — жахнуўся дзядзька.
    — Вядома ж, шкада! А каму не?!
    — Мо і ты, — Міхал звярнуўся да Алеся, — шкадуеш, гісторык?
    I гісторык, які толькі нарадзіўся ў СССР, з дакладнымі лічбамі, спасылкамі ды фактамі прачытаў свайму дзядзьку, палова свядомага жыцця якога прайшла ў тым Саюзе, самую сапраўдную лекцыю пра тое, якой казачнай краінай-марай была першая ў свеце дзяржава працоўных ды сялян, якіх неверагодных поспехаў яна дасягнула ва ўсіх галінах, якія нечуваныя вышыні ёй скарыліся...
    — Перамаглі фашызм!.. Першымі паляцелі ў космас! — сыпаў адборнымі прапагандысцкімі штампамі Алесь пад ухвальныя позіркі Андрэя.
    Міхал паспрабаваў запярэчыць, нагадаўшы пра мільёны ні ў чым не вінаватых ахвяр, але гісторык парыраваў традыцыйным:
    — Так! Былі і недахопы, перагіны! Але, калі разглядаць аб’ектыўна...
    Жыцці мільёнаў людзей, іх досвед, мой уласны вопыт ды адчуванні, у рэшце рэшт, значыцца, не маюць ніякага значэння перад нейкай абстракгнай аб’ектыўнасцю!.. Ці тое ж самае, што цяпер, заспявалі б адэпты гэтай самай аб’ектыўнасці, калі б іхныя дзеці памерлі ад голаду, калі б яны самі пабывалі ў кіпцюрах ГПУ ці жыўцом назаўсёды апынуліся ў пекле ГУЛАГу?! Калі смерць — як збавенне!..
    А смярдзючая падвоеная мараль ды хлусня той сістэмы — гэта аб’ектыўнасць ці недарэчны недахоп? Ці да іх можна прыстасавацца: смярдзіць, смярдзіць, ды не забівае? Жыць можна!..
    Калі ўсе разбрыліся па пакоях і паклаліся спаць, Міхал доўга не мог заплюшчыць вачэй...
    Па сутнасці атрымоўвалася, што пляменнікі пачулі ад яго, хай сабе і неверагодную, прыгодніцкую гісторыю, як іхны дзядзька падчас службы ў савецкім войску ў Польшчы пазнаёміўся з тамтэйшым беларусам, які потым дапамог яму ад мяжы з Германіяй дабрацца да горада, у якім Міхал служыў. I на гэтым усё!..
    Такі сабе кіношны экшн, з якога на самай справе магло скласціся памылковае ўражанне пра тое, як надзвычай цікава было служыць у савецкім войску, у якія фантастычныя перыпетыі магчыма было патрапіць дзякуючы яму. Проста якіясь рэйнджараўскія прыгоды: тысячы кіламетраў ад дому, розныя краіны і народы... Цяперашняе войска такіх магчымасцяў не дае...
    Самае ж галоўнае, пра што неабходна было распавесці малодшым, засталося толькі недзе ў Міхалавай галаве: ні пра якую дзедаўшчыну і гвалт ён не згадаў, нібы пляменнікі ведалі пра гэты бок службы ў савецкім войску таксама, як і дзядзька...