• Часопісы
  • ДМБ-91 зычу вярнуцца дадому Сяргей Пляскач

    ДМБ-91

    зычу вярнуцца дадому
    Сяргей Пляскач

    18+
    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 312с.
    Мінск 2021
    78.59 МБ
    Кухары адчувалі, што іх па-сапраўднаму паважаюць і ставяцца, як да людзей важных. Асабліва гэта разумелі старэйшыя, якія і самі не паспелі заўважыць, як у канцы траўня, калі з’ехалі апошнія «вясеннікі», пераўтварыліся ў самых статусных жаўнераў у батальёне — дэмбеляў. He пазней, як у кастрычніку, Вярхоўны галоўнакамандуючы, прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў падпіша адпаведны загад, а яшчэ праз месяц яны ўжо будуць дома!
    Радзевіч адзначыў, што прапаршчыкі і ледзьве не ўсе афіцэры цяпер вітаюцца з ім за руку, нібы з роўным: як ні круці, а практычна большасць з іх ён ведае ўжо цэлы год.
    Галоўным жа прывілеем было тое, што абсалютна нікога з начальства не цікавіла, чым займаюцца старэйшыя кухары і дзе яны знаходзяцца: сталоўка працуе спраўна, значыцца, усё добра.
    Міхал мог тыднямі жыць у сталоўцы, мог у любы час прыйсці ў казарму, уключыць тэлевізар, і калі дзяжурны па частцы заспяваў яго пасярод ночы ў ленінскім пакоі за недапушчальным праглядам якога-небудзь галівудскага шэдэўра, то ці проста далучаўся, ці здароўкаўся і сыходзіў. Асабліва ж Радзевічу падабалася падарожнічаць па тэрыторыі ваеннага гарадка. I хоць ягоная плошча была зусім невялікая, усё ж адна зацішная мясцінка вабіла найбольш: стрэльбішча. Ім даўно не карысталіся, і цяпер тут буялі, як на сапраўдным лузе, разнастайныя краскі, гулі пчолы, па краі шумелі досыць вялікія бярозкі. Адразу за агароджаю пачынаўся прыгожы прыватны сад пана Юзіка, да якога жаўнеры валачылі ўсё, што можна было прадаць. Калі легчы ў траву галавою да пачварнага бетоннага плота-мяжы гарадка, каб ён не трапляў у поле зроку, узнікала поўная ілюзія, што ты дзесьці дома, прылёг адпачыць на ўскрайку дзедавай сялібы...
    Паколькі праект будынка сталоўкі быў тыпавы і звонку практычна поўнасцю супадаў з праектам той сталоўкі, у якой кухары пачыналі службу ў батальёне сувязі, адчуванне нейкай своеасаблівай разнастайнасці дэжавю не пакідала ўсіх, хто папрацаваў у першым гмаху. Кожны дзень нехта са смехам распавядаў астатнім, як сутыкнуўся са сцяною, якой раней там не было, пераб-
    лытаў дзверы ў доўгім падвальным калідоры і трапіў не туды, куды планаваў, як не мог уцяміць, чаму з акна замест казармы стаў бачны пляц.
    Калі Радзевіч упершыню апынуўся на супрацьлеглым баку пляца і ўбачыў сталоўку цалкам з пэўнай адлегласці, яму зрабілася зусім не да смеху: на самым цэнтры крутога даху будыніны ўзвышалася чатырохкутная вежа, з граняў якой пазіралі на ўсе чатыры бакі свету белыя кругі цыферблатаў з чорнымі лічбамі і стрэлкамі, а вянчаў яе флюгер — металічны сцяжок, які тырчаў на стрыжні над шпілістым чатырохсхільным дашкам.
    Міхал вярнуўся ў сталоўку, знайшоў ключ ад дзвярэй, якія вялі на гарышча, і адразу ж пайшоў даследаваць вежу з сярэдзіны. Гадзіннікавы механізм напалову адсутнічаў, затое высветлілася, што калі пакруціць адну вялікую шасцяронку, усе чатыры пары стрэлак тут жа пачнуць рухацца. Цікава, хто-небудзь знізу заўважыць, што гадзіннік «ажыў»?
    Калі Радзевіч агледзеў усе вокны на гарышчы — натуральна, іх было роўна чатырнаццаць, — высветлілася: адчыняецца толькі тое, што справа ад увахода і пад якім ляжаць тры скрыні, збітыя з грубых негабляваных дошак.
    Хлопец паставіў адна на адну тыя скрыні і ўскараскаўся на верхнюю, адчыніў акно, з якога добра праглядалася палова гарадка: пляц як на далоні, дом культуры, мяжа-агароджа, чыгуначны насып, а за ім крыху правей сцяна аднолькавых пяціпавярховікаў — дамы афіцэраў і служачых.
    У правым ніжнім куце рамы тырчыць напалову ўбіты і загнуты цвік, да яго прывязана белая капронавая нітка, якая цягнецца праз увесь схіл даху да нейкай металічнай сферы, што вісіць пад тым цыферблатам на вежы, які пазірае на пляц, акурат над цэнтральным уваходам
    у сталоўку. Міхал аднекуль ведае, што гэтая сфера — звон, хоць яна зусім не падобная да тых званоў, якія ён недзе бачыў... Цікава, дзе? Хіба што па тэлевізары...
    Радзевіч агледзеў наваколле: на пляцы ўжо выстраіўся ўвесь батальён. Развод. Начальнік штаба, як заўсёды, махае рукамі, надта эмацыйна, толькі кожнае дзясятае слова не мат, даводзіць да падначаленых, якія яны ўсе спрэс кантужаныя ідыёты і якія позы з «Камасутры» ён выкарыстае ў дачыненні да іх, калі яшчэ хаця б толькі раз, барані божа, нехта пасмее ці набярэцца нахабства, забудзе гэтае папярэджанне, наблізіцца, падыдзе, не схаваецца, збяжыць, трапіцца на вочы, не выканае распараджэнне або праявіць якую-небудзь ініцыятыву без узгаднення!.. Карацей, спрэс узаемавыключальныя патрабаванні! Падобна, маёру падабаецца пры нагодзе пагуляць у фюрэра: наўмысна ці не, але, калі толькі ў яго з’яўляецца магчымасць, калі адсутнічае камандзір і ён застаецца за галоўнага афіцэра ў батальёне, начальнік штаба, відавочна не без асалоды, паўстае на пляцы перад раўнюткімі шыхтамі асабовага складу і ўчыняе самую сапраўдную істэрыку, падобную да той, якую дэманстраваў зачараваным немцам крывавы правадыр трэцяга рэйху. Выкрыкванне ім мацюкоў грымаснічанне ды пырсканне слінаю звычайна цягнецца не меней за паўгадзіны! Паназіраеш за такім відовішчам, і нават калі не чытаў «Бхагават-гіту» ніколі раней, нічога не чуў пра рэінкарнацыю, непазбежна саматужна прыйдзеш да высновы пра магчымасць перасялення душаў. Можа, на самай справе менавіта гэтага начальнік штаба і дабіваўся ад падначаленых?..
    Міхал разумее, што яму дастаткова толькі крыху прысесці на скрыні, каб з пляца яго не заўважылі, і з асалодаю рэзка тузае за капронавую нітку — наваколле
    аблятае высокі, пранізлівы гук, які звонкім рэхам шматкроць адбіваецца ад найбліжэйшых будынкаў, а начальнік штаба абрываецца на паўслове і, як усе на пляцы, паварочвае галаву ў бок вежы з гадзіннікам. 3 паўхвіліны людзі ўнізе, нібы зачараваныя, глядзяць на раптоўна ўваскрэслы стары хранометр: натуральна, што танюткай капронавай ніткі яны не бачаць.
    Радзевіч сам сабе пасміхаецца ад такога ўдалага жарту: столькі людзей адначасова ён ніколі яшчэ не ўводзіў у ступар.
    Затым маёр павольна, нібы толькі прачнуўся, аглядае асабовы склад і падае каманду разысціся.
    Міхал тут жа прычыняе акно, разбурае штуршком нагі піраміду са скрыняў пад ім і збягае з гарышча: раптам начальства заявіцца паглядзець, што тут адбываецца з гадзіннікам.
    Ён абавязкова вернецца сюды апоўначы...
    Масквіч Паша Герасімаў таксама па-свойму выкарыстоўвае нечаканыя прывілеі дзедаўска-дэмбельскага становішча: не, ён не здзекуецца з няшчасных кабаноў, нікога не прымушае мыць свае нагавіцы, не прабівае нічые фанеры. Для падобных танных забаў у гаспадарчым узводзе ёсць жахлівы Лёха Камароў. Паша ж наўпрост пракгычна не бывае ў казарме, а займаецца самай сапраўднай даследчай дзейнасцю: падарожнічае па невядомай старажытнай Легніцы. Яшчэ ў Свідніцы сябры са спецкамендатуры здабылі яму на замову цывільную вопратку: красоўкі, джынсы, пару кашуль ды лёгкую спартовую куртку... Там схадзіць у самаволку Герасімаў не паспеў, а вось на новым месцы адрываецца напоўніцу! Калі для Радзевіча са Шпакоўскім заўсёды існуе пагроза трывогі і неабходнасці бегчы ў парк са сваімі ПУСамі, што і не дазваляе ім, акрамя адсутнасці цывіль-
    нага адзення, далучыцца да Пашавых шпацыраў, то Герасімаву нікуды бегчы не трэба: для прывілеяваных гаспадарнікаў трывогі не існуе.
    У цывільным адзенні Паша бадзяецца па горадзе не толькі па начах, але і ўдзень. Ноччу небяспеку ўяўляюць мясцовыя крымінальнікі ды іншыя напаўадэкватныя суб’екты, а ўдзень даводзіцца быць пільным, каб не сутыкнуцца з кім-небудзь са знаёмых афіцэраў, якія таксама найчасцей перамяшчаюцца па вулках горада не ў вайсковай форме.
    Пасля вяртання са сваіх рызыкоўных падарожжаў Паша гадзінамі з задавальненнем дзяліўся новымі адкрыццямі з сябрамі, падрабязна распавядаў пра тое, што бачыў. Масквіча ўражвала найперш старажытная архітэктура: велічныя храмы і вузкія брукаваныя вулкі места, надта крутыя чарапічныя дахі з высачэннымі трубамі-комінамі... Для савецкага чалавека гэтае места было амаль Парыжам. У адрозненне ад Міхала і Ваціка, якія бачылі горад толькі мелькам, падчас выездаў на вучэнні, Паша спакойна заходзіў у касцёлы і разглядаў старажытныя вітражы, слухаў арган і чытаў надпісы на шыльдах, якія шчыльна туліліся на сценах храмаў. Яшчэ Герасімаў адзначаў, што новыя магазіны з’яўляюцца ў гэтым горадзе, як грыбы пасля дажджу: кожную вандроўку ён знаходзіў на знаёмых вулках незнаёмыя большыя і зусім маленькія крамы.
    — Далібог, у Маскве ні на адной цэнтральнай вуліцы няма такой колькасці крамаў, цырульняў, касметычных салонаў, як тут на самай шараговай! — шчыра дзівіўся Паша. — Вось яны, жахі капіталізму! А ў нас, кажуць, магазіны ўсе спрэс пустыя стаяць, нічога няма!
    — I цэны, цэны сталі такія, што проста жах! — падключыўся Вацік. — Той рыжы прапаршчык, са спецы-
    ялістаў, ну з майго ПУСа каторы, што з адпачынку вярнуўся, казаў, што пачак цыгарэт цяпер у Саюзе каштуе цэлых сем рублёў! Уяўляеце, такія грошы за пачак цыгарэт!
    — Табе чаго турбавацца? Ты ж не курыш, — не стрымаўся, пакпіў са Шпачка Радзевіч.
    Вацік задумаўся на некалькі секунд, а потым выдаў:
    — Можа, каб танней каштавалі, дык і закурыў бы!
    Паша з Міхалам пераглянуліся і проста пакаціліся ад смеху!
    Лета распачалося надзіва цёплае ды лагоднае: ніякага параўнання з мінулым прахалодным і дажджлівым.
    Пры любой магчымасці ўсе імкнуліся выйсці на вуліцу, пазагараць на сонейку ці пасядзець у цяньку.
    Неяк па абедзе Міхал, Вацік ды Саня Купрыянец адпачывалі на ганку сталоўкі, дыхалі свежым паветрам, атрымлівалі асалоду ад прыгожага чэрвеньскага дня. Да іхнай кампаніі далучыўся старшы прапаршчык Меліхаў, які дзяжурыў па сталоўцы. Ён сеў побач з Радзевічам на гранітную прыступку, выцягнуў з кішэні насоўку і абцёр ёю шыю і мокры ад поту лоб.
    — Таварыш прапаршчык, — звярнуўся да свайго старшыны Міхал, — што там чуваць наконт вучэнняў? Будуць ці не ў бліжэйшы час?
    Радзевіч думаў што было б зусім не кепска апынуцца зараз дзе-небудзь за горадам, на рэчцы, ці ў лесе, дзе якраз паспелі суніцы.
    — Жартуеш?! Якія цяпер могуць быць вучэнні: амаль усе спецыялісты ў адпачынках! Дзяцей трэба каму ў летнікі, каму ў інстытуты ўладкоўваць!
    3-за рога сталоўкі з боку КПП выйшла высокая, вельмі сімпатычная дзяўчына гадоў сямнаццаці ў лёгенькай паркалёвай сукенцы і накіравалася ў бок кухараў.