ДМБ-91 зычу вярнуцца дадому Сяргей Пляскач

ДМБ-91

зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач

18+
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
78.59 МБ
— А далей?
— Далей заводжу аўтамабіль, выбіваю вароты і з максімальнай хуткасцю, каб не апамяталіся вартавыя, імчу да таго выезду з парку, які выходзіць прама на гарад-
скую вуліцу, выношу і тыя вароты, падбіраю ля іх Сяргея, і мы едзем згодна з указальнікамі з горада...
— Ты думаеш, так проста ў незнаёмым горадзе ноччу знайсці дарогу?
— Можна спытаць у каго-небудзь!
— Дзіцячы сад!.. I што пайшло не так?..
— У тым і справа, што спачатку ўсё ішло проста ідэальна, як па нотах! Я спыніўся насупраць першых варот бліжэйшага ад агароджы бокса, а Сяргей пайшоў далей, каб апынуцца на супрацьлеглым баку з тарца будынка. Адразу за агароджаю быў цень. Калі вартавы павярнуўся да мяне спінаю і пайшоў уздоўж варот, я лёгка пералез праз плот і сцішыўся ў зацені. Але гэты ёлупень Сівохін ледзь усё не сапсаваў адразу: ці тое ад хвалявання, ці проста не падумаў, што будзе крычэць, ён раптам ведаеш што гаркнуў?.. «Гітлер капут»! Я ледзь стрымаўся, каб не зарагатаць уголас. Тады давай крычэць: «Рукі прэч, рукі прэч»... А ад чаго ці каго прэч, не ўдакладняе! Вартавы, праўда, засяродзіўся, аўтамат на агароджу наставіў і крычыць у адказ: «Ідзі спаць, дурань п’яны!» Яно і праўда: хто ж цвярозы будзе такой фігнёй займацца?!.. Я агледзеўся, каб іншыя хлопцы з нарада не падцягнуліся і выпадкова з імі не сутыкнуцца, — нікога, і пабег да абраных варотаў. У бок аўтаматчыка я стараўся не глядзець: здавалася, калі зірну на яго, ён адразу адчуе мой пагляд і азірнецца. Пячатка, трос, усё за нейкія долі секунды выцягнуў, лёгка. Чую, Сярога выправіўся: «хай Гітлер» ужо гарлае!.. Тут жа заўважыў, што на правай палове вялізных дзвярэй маленькая брамка ёсць — цудоўна. Праслізнуў праз яе і прычыніў за сабою: цяпер вартавы, калі і азірнецца, нічога не заўважыць. Калі б створку варотаў адчыніў — адразу б у вочы кінулася... А ў сярэдзіне такая цемень — хоць
вока выкалі! Дабраўся я навобмацак да кабіны, нават не ведаю, якая машына, вялікая нейкая — ключы на месцы... Ну, усё, думаю, паехалі! 3 ручніка зняў, паторгаў рычаг каробкі — нейтралка, выціснуў счапленне, крутануў ключ — цішыня!.. Я нават не паверыў! Туды-назад! Нічогачкі!.. Што рабіць?! Сапсаваная машына? Палез у наступную — тое самае!.. Яшчэ адна таксама аказалася нежывою! Я ўжо хвалявацца стаў, аж калаціць пачало! Вырашыў, што, мабыць, клемы з акумулятараў паздымалі. Мой бацька так рабіў часам, калі машыну дзенебудзь на вуліцы пакідаў... Згадаў пра запалкі... Ледзь усе не спаліў, пакуль знайшоў, за што пацягнуць, каб капот адчыніўся!.. Зазірнуў пад яго на адной машыне — ЗІЛ аказваецца, на другой, трэцяй — няма акумулятараў!.. Нічога сабе баяздольнасць... Няўжо яны ўсе на падзарадку паставілі?.. Запалкі скончыліся, і на вуліцы зусім ціха стала: змоўк чамусьці Сярога... Ну, усё, думаю, пара выбірацца...
— Эх ты, вадзіцель з правамі! ЗІЛ — гэта не «Масквіч»! Па-першае, акумулятары ў іх не пад капотам стаяць, а з боку кіроўцы, ля прыступкі пад дзвярыма ёсць ніша спецыяльная. А па-другое, ва ўсіх грузавых машынах ёсць такі вялікі металічны тумблер, «маса» называецца, ён адключае акумулятар!.. Усё там было на месцы і ў поўным парадку!.. Ну і як ты вылез з тых боксаў?
— На жаль, не так лёгка, як трапіў у іх. Галоўная праблема ў тым, што адтуль ніяк немагчыма разгледзець, дзе вартавы: а што, калі адчыню брамку, а ён насупраць стаіць?! Зрэшты, выбару не было. Вырашыў: адзіны шанц выбавіцца — дзейнічаць па магчымасці нахабна і хутка! Штурхануў ад сябе дзверцы і паляцеў, як скажэнны, у бок агароджы! Чую зусім побач: «Стой, страляць буду!» Але стрэліў ён толькі тады і тое ў паветра, калі я ўжо
праз плот пералазіў: ведама, на маё шчасце, разгубіўся хлопец: яны ж небяспеку звонку прывыклі чакаць, а тут з сярэдзіны зачыненага бокса нехта вылецеў! Я б на ягоным месцы і з аўтаматам абасраўся б! Цікава, хто гэта быў: знаёмы ці не?.. Скочыў я на тратуар, аж тут зноў крычаць: «Стой!» Бачу, гэта патруль бяжыць, і якраз з таго боку, куды Сівохін пайшоў... Карацей, я на пяту — і ў гарадок. А ў сталоўку праз акно ўлез, тое, што ля хлебарэзкі, яно не зачыняецца, я ведаў... Далей, мяркую, расказваць не трэба?..
— Зразумела, гора-ўцякач!.. Цяпер жа збегчы будзе яшчэ складаней, калі не перадумаеш: увесь гарадок ды і ўсё места патрулююцца!
— Ужо не перадумаю! Ці пан, ці прапаў! Буду дзейнічаць зноў па магчымасці хутка ды нахабна! Авось і пранясе!
— Эх, ужо гэтае вашае авось! Калі зловяць, не кажы хоць, што ў сталоўцы хаваўся, ці хаця б, што я ведаў...
— He хвалюйся, не скажу!.. Колькі ўжо?
— Думаю, каля дзвюх...
— Самы час! Хадзем уніз.
Спусціліся ў варачны цэх: тут вокны добра адчыняліся і ад сцяны сталоўкі было метры тры да агароджы, за якой праходзіла звычайная вуліца Свідніцы. На супрацьлеглым яе баку месціўся вялікі прыватны ўчастак з трыма вялізнымі цяпліцамі, у дзвюх з якіх цвілі кветкі, а ў трэцяй, наколькі можна было бачыць праз шкло, вырошчвалі зеляніну ды гуркі з памідорамі. Аднак гэтая найбліжэйшая сяліба ўяўляла вялізную небяспеку: па начах па ёй гойсалі чатыры велічэзныя сабакі, якія адказвалі на любы рух па вуліцы страшэнным брэхам. Участак з цяпліцамі неабходна было абмінуць, а там ужо — як пашчасціць...
Хлопцы спачатку развіталіся:
— Дзякуй табе, Міхал, за ўсё!
— Бывай, мо калі яшчэ і ўбачымся, Андрэй! Удачы табе!
Затым адчынілі акно. На вуліцы чуліся галасы, быццам удзень; па агароджы слізгануў прамень ліхтара. Счакалі некалькі хвілін. Здаецца, далекавата. Пара! Андрэй пералез на бляшаны адліў і пакрысе павіс, трымаючыся рукамі за ніз аконнай каробкі. Міхал прытрымліваў ягоныя рукі. Да зямлі засталося каля метра.
— Адпускай!
Як толькі боты ўцекача грукнулі па глебе, аднекуль зусім побач крыкнулі:
— Стой!
Андрэй скочыў убок, а Радзевіч выразна пачуў гулкі тупат ботаў, які імкліва набліжаўся. Міхал паспешна зачыніў акно і ледзь паспеў схавацца, як з вуліцы данесліся галасы і скрозь шыбы па сценах варачнага цэха забегалі плямы жоўтага святла ад электрычных ліхтароў.
Што цяпер будзе?! Нічога ў яго не атрымаецца! Мабыць, ужо злавілі!..
Аднак раніца пачалася як звычайна: нічога новага ніхто не паведаміў. Калі б затрымалі Камышанава, дык толькі б пра гэта і было гаворкі!..
Прыйшлі з казармы Паша з Вацікам. Таксама нічога новага не сказалі.
Хлопцы ўтрох сядзелі пасля сняданку ў кухарскім пакоі, як раптам расчыніліся дзверы і ў памяшканне літаральна ўварвалася цэлая дэлегацыя: тыя два падпалкоўнікі, якіх Радзевіч бачыў на допыце ў кабінеце камандзіра, батальённы палітрук, начальнік сталоўкі Антонаў, Саня Дзейкін і Сяргей Сівохін.
— Ну, паказвайце! — звярнуўся палітрук да Сані і Сяргея.
Першым апрытомнеў Сяргей: ён падышоў да шафы і ўзяўся за яе ніз збоку.
«Халера! Там жа посуд застаўся!» — спалохана падумаў Міхал.
— Што стаў? Дапамагай! — звярнуўся Сяргей да Дзейкіна.
Той неяк надта паспешліва падбег да сябра, і разам яны лёгка адставілі шафу ад сцяны.
— Hi храна сабе! — здзівіўся ўголас Антонаў, калі ўбачыў на сцяне люк.
Адзін з падпалкоўнікаў імкліва падышоў да толькі што вызваленай сцяны і адчыніў лаз у падстрэшша:
— Камышанаў! Выходзьце! Мы ведаем, што вы там!
У пакоі запанавала мёртвая цішыня: усе, акрамя Радзевіча, чакалі адказу.
I скуль жа ён ведае?
Падпалкоўнік схапіў з тумбачкі настольную лямпу, пстрыкнуў выключальнікам і, бы Гервасій Выліваха* з кветкай шыпшыны ў апраметную, палез у падстрэшша праз невялічкую дзірку ў сцяне.
Праз імгненне з апраметнай вылецеў імбрык і бразнуўся аб падлогу: з яго носіка паліўся недапіты Андрэем кампот. Следам вылецелі брудныя алюмініевыя талеркі і глуха пляснуліся аб лінолеум...
Затым з праёма ў сцяне вытыркнулася галава падпалкоўніка ў фуражцы і, як ні дзіўна, з выразам нечуванай асалоды на абліччы. Афіцэр увесь праціснуўся ў пакой і выставіў наперад правую руку, у якой трымаў салдацкі бушлат:
* Галоўны герой аповесці Уладзіміра Караткевіча “Ладдзя роспачы”.
— Што гэта?! — акінуў пільным паглядам прысутных трыумфатар.
Яму ніхто не адказаў: усе маўчалі, як зачараваныя, быццам высокі начальнік трымаў у выпрастанай руцэ не бруднаватую салдацкую ватоўку, а галаву Медузы Гаргоны!
— Чый?!
Зноў ніхто не азваўся.
— Так, значыцца, добраахвотна ніхто не жадае...
Усе маўчалі...
— Што ж, зараз паглядзім...
Следчы дэманстратыўна павольна адхінуў крысо адзежыны і прачытаў выпалены хлоркай на ўнутранай кішэні надпіс:
— Аляксандр Македонскі!
На гэты раз пасміхнуліся ўсе, хто быў у пакоі, акрамя Ваціка, нават другі следчы не стрымаўся. Аднак першы падпалкоўнік абсалютна не адчуў гумару:
— Хто з вас Македонскі?! — начальнік утаропіўся ў адзінага, хто не рагатнуў.
— Я Шпакоўскі, — ледзь чутна прагаварыў спалоханы Вацік і, відаць, каб не было ніякіх сумненняў, паказаў пальцам на вешалку. — Мой бушлат вунь вісіць, — удакладніў.
Бушлатаў у кожнага жаўнера ў батальёне было па некалькі штук, бо тыя, хто звальняўся з войска, натуральна, не забіралі іх з сабою, а для тых, хто заставаўся служыць, гэтая цёплая вопратка была сапраўднаю знаходкай падчас працы ў парку ля машын ці на вучэннях.
Да следчага, відаць, нарэшце дайшло, што надпіс на ватоўцы — усяго толькі досціп нейкага даўно ўжо дэмабілізаванага жартаўніка, якога тут ніхто і ведаць не ведае. Ён кінуў салдацкую адзежыну на ложак і паказаў на талеркі ды імбрык:
— А гэта скуль там узялося?
Усе маўчалі.
— Таварыш падпалкоўнік, — нечакана азваўся Антонаў, — можа, гэта ад мотастралкоў яшчэ засталося?
— А-га! Як жа! Вунь падліва яшчэ свежанькая! — не прыняў версію начальніка сталоўкі следчы. — Хто з вас сёння начаваў у сталоўцы?
— Я, — узняўся Міхал і прадставіўся, — радавы Радзевіч.
— Вам жа загадалі быць у казарме! Чаму вы апынуліся тут?
— Гэта ж заўчора загадалі, каб мы начавалі ў падраздзяленні, а ўчора ніхто нічога не казаў. Да таго ж, калі гатуеш сняданак, начаваць тут нашмат зручней: можна крыху болей паспаць, ды і пераапранацца па сто разоў туды-сюды не трэба.
— Ну і дысцыплінка ў вас, таварыш маёр, — звярнуўся падпалкоўнік да батальённага палітрука. — Што хачу, тое і варачу! Уся група войскаў, значыцца, на By­max стаіць, а гэты спакойна застаецца ў сталоўцы і дапамагае дэзерціру Камышанаву пакінуць схованку! Так?! — следчы ўтаропіўся ў Міхала пранізлівым позіркам, быццам і на самай справе ўсё ведаў.