• Часопісы
  • ДМБ-91 зычу вярнуцца дадому Сяргей Пляскач

    ДМБ-91

    зычу вярнуцца дадому
    Сяргей Пляскач

    18+
    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 312с.
    Мінск 2021
    78.59 МБ
    — He мора, вядома ж, але паплаваць хочацца, — задумліва прагаварыў Саня.
    — Прапаную застацца ўсім на ноч у сталоўцы, насмажыць мяса, гуркоў свежых адкласці!..
    — Я маласольныя люблю, — меланхалічна зазначыў Шпачок.
    — Ну дык насалі! Хто ж табе замінае?
    — У мяне ёсць кавалак салёнага сала, з часнаком нават, — па-ранейшаму запаволена працягнуў Вацік.
    — Ну, калі сала ёсць, тады прапаную ўзяць па пляшцы піва на брата і адну гарэлкі! — ажывіўся Паша.
    — I бульбы наварыць! — нечакана бадзёра дадаў Вацік.
    — А як жа ж без бульбы: такі натоўп бульбашоў, ды без бульбы! Без бульбы ў нашым выпадку ніяк немагчыма! — пакпіў адзіны з кампаніі не бульбаш...
    У адказ Радзевіч жартам папалохаў Герасімава, што насамрэч аднаму маскаліку з трыма бульбашамі небяспечна ісці купацца: можна нырнуць ды не вынырнуць.
    На наступны дзень усе нібы апрытомнелі: трэцяга ліпеня да загаду аб звальненні «асеннікаў» у запас застанецца роўна сто дзён! Такім чынам, хлопцы адзінагалосна згадзіліся, што пікнік цалкам лагічна прымеркаваць да гэтай падзеі.
    За сто дзён да загаду дэмбелі ў батальёне па традыцыі галілі пад нуль валасы на галаве! Аднак сёлета ў святле барацьбы з пазастатутнымі дачыненнямі нампаліт папярэдзіў, што ўсіх, хто паголіцца, немінуча чакаюць мінімум пяць содняў на гаўптвахце! Здавалася б: хто пацерпіць ад таго, што дэмбелі паголяцца? Такая сабе падмена сапраўднай барацьбы з дзедаўшчынай, яе імітацыя. Зрэшты, падобныя папярэджанні адбываліся кожны раз, але імі ўсё і абмяжоўвалася: усіх не пасадзіш!
    Але на гэты раз адразу некалькі дэмбеляў выказалі сумненні, што за сто дзён валасы ў іх паспеюць адрасці, а ехаць дадому лысаму нікому не хацелася. У выніку дамовіліся, нгго ўсе пастрыгуцца нагала. Сказана — зроблена!
    Трэцяга ліпеня Міхал, Паша і Вацік прыйшлі ў сталоўку пастрыжаныя, як навабранцы! Саня Купрыянец з’явіўся лысы, як Фантамас!
    — Добра, што мы не пагаліліся здуру! — адзначыў Вацік тое, пра што падумалі ўсе, калі ўбачылі Саню.
    Фельд’егеры ўсё ж падтрымалі традыцыю, і цяпер падчас абеду ў зале за адным сталом блішчэлі пяць голеных патыліц. Толькі лянівы не выказаўся на іхны конт:
    — О! Турысты з Хірасімы!
    — Чарнобыльцы!
    — He, я тое ж, што і яны, есці не буду!
    Увечары ўсе стрыжаныя і адзін голены кухары засталіся ў сталоўцы. Насмажылі самых сапраўдных адбіўных, наварылі бульбы і загарнулі яе ў коўдру, каб не астыла. Засоленыя Вацікам у абед па ўсіх правілах, з часначком і кропам, агуркі дайшлі да кандыцыі. Усе прысмакі склалі ў салдацкія рэчмяшкі, у тым ліку і запаветныя пляшкі, якія содні чакалі свайго часу ў патаемным месцы. Пра сала таксама не забыліся.
    Апоўначы ўрачыстая працэсія выйшла са сталоўкі праз бакавыя дзверы. Ледзь не адразу за імі пачыналася доўгая цёмная прысада, якая цягнулася ўздоўж пляца. Справа ад яе чарнеў аднапавярховы будынак, які некалі выкарыстоўваўся ў якасці склада, а цяпер зеўраў пустымі аконнымі і дзвярнымі праёмамі. Няспешна прайшлі па алейцы і хутка ўперліся ў мяжу гарадка — бетонную агароджу. На другім баку паміж агароджай і чыгуначным насыпам бегла сцежка, якая вяла да жытла афіцэраў і служачых: самы кароткі шлях дадому для начальства. Таму афіцэры і прапаршчыкі вярталіся з працы не праз КПП, каб не рабіць вялікае кола, не хадзіць лішняга і не марнаваць час, а якраз у гэтым месцы пералазілі праз плот. Адпаведна, над адным пралётам калючы дрот адсутнічаў, а на зямлі ляжаў цэлы стос цэглы. Ліхтары ўздоўж мяжы асвятлялі сцежку, затое верх насыпу патанаў у цемры.
    Хлопцы лёгка пераадолелі перашкоду, ускараскаліся на круты адхон і сталі абсалютна недасяжныя для чужых вачэй.
    3 высакаватага насыпу добра праглядаліся асветленыя кавалкі іх гарадка: пляц, дом культуры, сталоўка, шэраг казармаў. Злева, ледзь падсветленая, цягнулася нейкая прамысловая зона, а крыху наперадзе — савецкія панэльныя пяціпавярховікі, у некалькіх вокнах якіх
    яшчэ гарэла святло. Справа чорным правалам зеўрала стрэльбішча, за якім выдатна праглядаліся тэхнічныя боксы парку. Былі цудоўна бачныя і часавыя, якія няспешна соўгаліся туды-сюды ўздоўж гаражоў. Міхал адразу ж, калі разгледзеў парк, згадаў пра Андрэя Камышанава.
    Дзе ён цяпер? Што з ім? Ці вернецца калі-небудзь на радзіму?
    — Цяпер паскараемся! — скамандаваў Герасімаў.
    Пад эстакадай праходзіла самая сапраўдная шырокая гарадская вуліца з ліхтарамі ды ходнікамі, па якой, хоць было і пазнавата, рухаліся аўтамабілі і брылі пешаходы.
    Праз метраў сто пад хлопцамі апынуўся яшчэ адзін пераезд праз чыгунку, але гэты быў маленькі ды цёмны.
    Ужо прайшлі прыкметна болей, чым апісваў Паша: відаць, наўмысна зменшыў адлегласць, баяўся, што хлопцы не адважацца ісці так далёка.
    — Доўга яшчэ? — пацікавіўся ў масквіча Саня.
    — Амаль прыйшлі! He хвалюйся!
    Пераадолелі яшчэ прыкладна дзвесце метраў.
    — Асцярожна! — шэптам папярэдзіў сяброў Паша. Метраў трыццаць чыгунка быццам вісела ў паветры.
    Знізу патыхнула цёплай вільгаццю, а вочы, якія ўжо звыклі да цемры, добра адрознілі вузенькую бліскучую стужку, данёсся і сцішаны пошум плыні.
    — Гэты ручай назву мае! — каментаваў Герасімаў. — Чорная Вада, здаецца. Неяк так, толькі на польскі манер. Я і не згадаю, як гэта гучыць. Мне адзін мясцовы сказаў.
    — Чарна вода? — прагаварыў Радзевіч.
    — Падобна! А тая болыпая рэчка, да якой мы ідзем, называецца Качава. Што гэта за трасца, не ведаю.
    — Мабыць, «утнная» па-вашаму, — зноў удакладніў Міхал.
    — Сур’ёзна?! — здзівіўся Паша. — А што, цалкам прыдатная назва для рэчкі, не тое, што ў нас: Масква, Волга, Кама — што азначае, ніхто не ведае!
    — Гэта, відаць, таму, што не вы іх называлі! — не стрымаўся Радзевіч, каб не пакпіць са славутых імперскіх амбіцый. — Панахапалі чужога! — ледзь стрымліваўся, каб не зарагатаць, Міхал. Але прагучала ўсё адно смешна.
    Паша адчуў іронію ў словах сябра-беларуса і зусім не пакрыўдзіўся:
    — Я асабіста ні ў каго нічога не хапаў! Цяпер каб і хацеў вярнуць, дык няма ж каму!
    — Кемска воласць! Кемска воласць! У Шпака магнітафончык, у пасла медальёнчык! — працытаваў персанажаў любімай камедыі Саня Купрыянец. — Меня терзают смутные сомнення!
    — He было ў мяне ніколі ніякага магнітафончыка! — абсалютна сур’ёзна запярэчыў Вацік. — Якія могуць быць сумненні?!.
    I хоць свайго земляка Шпакам ці Шпачком называў адзін Міхал, і тое толькі час ад часу, Паша і Саня таксама цяпер нечакана адчулі сугучнасць прозвішчаў Ваціка і кіношнага персанажа.
    На пару імгненняў павісла паўза, а потым усе, акрамя Шпачка, дружна выбухнулі рогатам,
    — Што?! — шчыра не разумеў прычыну весялосці сяброў Вацік. —Чаго вы ржэце, як коні?!
    — Н вас вылечат! — працягнуў скрозь смех цытаванні Купрыянец.
    — Ды што такое?! Можаце нармальна сказаць?! — ужо пачынаў злавацца Шпачок.
    — Няўжо ты не глядзеў «Нван Васнльевнч меняет профессню»? — цяпер заінтрыгаванасць выявіў Паша.
    — Які Іван Васільевіч? He ведаю я ніякага Івана Васільевіча!
    Тройка аж заходзілася ад смеху! Яны нават забыліся пра небяспеку!
    — Халера! — спалохана азваўся Вацік. — Ну і ну! Глядзіце!
    Ён, мабыць, паказваў пальцам, але ў цемры не было бачна, усе нібыта адчулі і так, куды трэба глядзець: наперадзе грувасцілася велічная канструкцыя чыгуначнага моста.
    — Здаецца, прыйшлі! — паведаміў Герасімаў. — Глядзіце ўважліва, злева павінна быць сцежка ўніз.
    Сцежка сапраўды знайшлася. Калі спусціліся з адхону, трапілі на раўнюткую пляцоўку, на якой расла дробненькая траўка. Цень ад моста падаў якраз на гэты бераг, таму тут было значна цямней, чым навокал. Хацелі прайсці крыху далей, на святлейшае месца, але там рос высачэзны жорсткі быльнёг.
    — Халера! Нічога не бачна, хоць вока выкалі! — абураўся Паша.
    — Давайце вогнішча запалім, — прапанаваў Саня. — У мяне ёсць чым.
    — Ёсць запалкі?! — адразу павесялеў масквіч. — Як я сам не падумаў?! Светані сюды! Тут дзесьці месца спецыяльнае, камянямі абкладзенае.
    Месца для вогнішча знайшлі, і ўжо праз пяць хвілін на ім затанчыла полымя, якое вырвала бераг з абдымкаў цемры. Побач знайшлося сухое галлё і некалькі гнілых дошак, якія лёгка ламаліся: хоць на ўсю ноч хопіць, калі паліць ашчадна.
    Гэта быў сапраўдны маленькі пляжык: траўка дробненькая, бы падкошаная, і схіл да вады пакаты, не круты
    зусім, як ля возера. Рэчка калі і шырэйшая за дзесяць метраў, дык не нашмат. Супрацьлеглы бераг высокі і парослы хмызамі.
    Разаслалі на траву газеты і расклалі закуску.
    — Ну, што найперш: піва ці гарэлку будзем? — спытаў Паша.
    — Звычайна не трэба мяшаць, — выказаў тое, што неяк чуў ад старэйшых, Міхал.
    — Калі выпіць піва, а праз нейкі час гарэлку, яна практычна не падзейнічае, — аўтарытэтна заявіў Саня.—А калі спачатку моцны напой, а затым слабы — уставіць грунтоўна, толькі галава потым будзе балець!
    — Можна адразу перамяшаць, ёршык называецца, выключае імгненна! — зноў выявіў дасведчанасць масквіч.
    — Мы сюды прыйшлі па што? Піць ці купацца? Акрамя таго, вы памятаеце, калі апошні раз бралі ў рот спіртное? Я, напрыклад, пабойваюся нават толькі самае лепшае ў свеце піва паспытаць: хто ведае, як падзейнічае? Пра гарэлку і гаварыць няма чаго! — прызнаўся Міхал. — Таму давайце па нарастаючай: пап’ем піва, акунемся па разіку, а потым ужо, у залежнасці ад самаадчування, можна і гарэлку пакаштаваць.
    Усе згадзіліся з аргументамі Радзевіча. Паша спрытна адкаркаваў чэшскае піва і раздаў усім па пляшцы:
    — Ну, за сто дзён да загаду!
    Ці піва сапраўды было лепшым у свеце, ці змянілася Міхалава ўспрыманне, але халодны напой і насамрэч здаўся нейкім надзіва прыемным: гаркавасць у ім была, але зусім не тая, што ў «Жыгулёўскім», і адценне кіслага таксама прысутнічала, аднак толькі ледзь-ледзь, як лёгкая згадка. А пах! Які прыемны пах мела гэтая вадкасць: нібы ідзеш дома па знаёмай вуліцы паўз хлебазавод,
    а ветрык даносіць водар свежай выпечкі: тут табе і ваніль, і цукар, і падпаленая жытняя скарынка!
    Неўпрыкмет на душы зрабілася спакойна і ўтульна, як не было ўжо даўно. Міхал не мог растлумачыць, чаму так сталася: дзеянне гэта напою ці той атмасферы, што панавала навокал.
    Сябры таксама заўсміхаліся, загаварылі прыкметна гучней, пачалі жартаваць і дурэць, як дзеці. Радзевіч дапіў піва і некалькі разоў паспрабаваў стаць на галаву — нічога не атрымалася.