ДМБ-91
зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
18+
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
цыгарэта. Але ні хлопцы не маглі разгледзець з такой адлегласці твар мужчыны, ні ён іхныя абліччы. Напэўна, нехта з батальённых начальнікаў: уздымецца цяпер вэрхал.
Але, як ні дзіўна, у гэты дзень ніякай актыўнасці начальства не выявіла...
XVIII
Мінула не менш за дзесяць хвілін, перш чым Радзевіч дазволіў сабе прызнацца, што ўжо не спіць: ён ляжаў ва ўтульным ложку і, як гэта часта бывала, не расплюшчваў вачэй. Пры-
емна было адчуваць сябе адпачылым і бадзёрым. Вось-
вось прагучыць каманда «пад’ём!», і ад гэтай млявай
цішыні і знаку не застанецца.
Як заўсёды з калідора даносіліся прыцішаныя галасы: днявальныя. Можа, хто-небудзь з начальства пры-
валокся на пад’ём.
Міхал пачуў, як да яго ціхенька набліжаюцца нечыя крокі: відаць, замовіў, каб разбудзілі крыху раней.
Ён хуценька расплюшчыў вочы, каб папярэдзіць торганне за плячо ці тузаніну за спінку ложка з нязменным мармытаннем: «Кухар, уставай!» Ад яго заўсёды паўкубрыка прачыналася.
Але тое, што ён убачыў, не проста збянтэжыла, а прымусіла яго зноў з недаверам заплюшчыць вочы: мабыць, усё ж не прачнуўся!
Міхал зноў нясмела прыўзняў павекі: не падалося! Ён знаходзіўся ў нейкім зусім невялічкім пакойчыку, справа штосьці хаваюць сінія фіранкі ці шырма, злева акно і каля яго за маленькім столікам сядзіць маладая
жанчына ў нечым светла-зялёным: калі ён расплюшчыў вочы першы раз, яна якраз падыходзіла да стала.
Жанчына быццам адчула Міхалаў пагляд і азірнулася:
— Guten Tag! — з прыязнай усмешкай на сімпатычным абліччы прывіталася яна па-нямецку.
— Guten Tag, — аўтаматычна, як на ўроку нямецкай мовы, адказаў Радзевіч.
— О! Sprechen Sie Deutsch!
На гэтую фразу Міхал таксама выдаў некалі зазубраны адказ:
— Ja. Natiirlich*!
Жанчына неверагодна ўзрадавалася і абрынула на шакаванага Радзевіча доўгую-доўгую тыраду, з якой ён зразумеў толькі асобныя словы і таму быў вымушаны сціпла ўдакладніць:
— Wenig...
На абліччы жанчыны адбіліся неразуменне і разгубленасць. Яна ўдакладніла, што ён меў на ўвазе са сваім «крыху».
Радзевіч, насуперак усім граматычным нормам, як змог зляпіў вядомыя яму словы ў нейкае кульгавае падабенства сказа, з якога вынікала, што ён натуральна гаворыць па-нямецку, але крыху.
— Einen Moment!** — выгукнула медсястра і выйшла з пакоя.
Тое, што ён знаходзіцца ў нейкім шпіталі, было відавочна. Але што ніяк не ўкладалася ў Міхалавай галаве, дык гэта як ён сюды трапіў і, натуральна, нямецкая мова.
Толькі цяпер Радзевіч убачыў, што да ягонай правай рукі ад штатыва, на якім вісіць пакет з празрыстай вадкасцю, цягнецца трубачка, а ў вене тырчыць катэтар.
* Ja. Natiirlich (ням.) — Так. Натуральна.
** Einen Moment! (ням.)— Хвілінку! (даслоўна: Адзін момант!)
Што ж здарылася?! Аварыя?!
Але ж Меліхаў казаў, што ў найбліжэйшы час ніякіх вучэнняў не будзе.
Міхал паспрабаваў сесці і толькі тады заўважыў, што некуды ў грудзіну ўстаўлены яшчэ адзін катэтар, да якога цягнецца празрыстая трубка з нейкай вадкасцю чайнага колеру.
Халера! Што ж адбылося? 3 даху ўпаў?!
Радзевіч паварушыў нагамі, выцягнуў перад сабою рукі і некалькі разоў сціснуў далоні: здаецца, усё цэлае.
Тады Міхал абмацаў левай рукой твар — усё на месцы, няголены толькі. Потым правеў далонню па галаве: чаму валасы такія кароткія? Лысы практычна! Што за трасца?!
Толькі калі рука дацягнулася да патыліцы, здаецца, усё цела працяў пякучы боль, аж у вачах пацямнела.
Гэта яшчэ што?!
Радзевіч як мага ашчадна пачаў абмацваць балючае месца: досыць вялікая пухліна і зацягнутая скарынкай невялічкая рана ці шнар, мо нават некалькі драпін, засохлыя камячкі крыві на валасах.
Міхал раструшчыў адзін такі камячок двума пальцамі, сцягнуў з валасоў і паднёс да вачэй: так і ёсць, засохлая чорная кроў і пах ёду.
Хто ж мяне так? Немцы? Скуль яны ўзяліся? А можа, гэтая медсястра — палячка, але з нейкай прычыны падумала, што я немец і пачала гаварыць па-нямецку?
Хлопец ліхаманкава спрабаваў згадаць, што ж з ім адбылося, але адзінае, што памятаў найбольш выразна, дык гэта з’яўленне ля сталоўкі дачкі Меліхава і свой недарэчны адказ на яе прывітанне: і як яму ў галаву магло прыйсці, што такая прыгажуня можа вось так проста прывітацца з ім? Справядліва абураўся старшына,
што звычайныя жаўнеры і пазногця яе нявартыя. Крычаў ён тады толькі на Купрыянца, але, зразумела, тычылася ўсіх.
Міхал прыўзняўся і зірнуў у акно: толькі вершаліны дрэў і дзесьці наводдаль чарапічныя дахі. Такія могуць быць дзе заўгодна: і ў Легніцы, і ў Свідніцы, і ў Явары, ды і ў Берліне, мабыць, таксама. Ніякай падказкі...
Дзверы расчыніліся, і ў пакой увайшоў мужчына ў белым халаце. На галаве белая медычная шапачка, на шыі стэтаскоп вісіць, рост сярэдні, сівая казліная бародка і пранізлівыя цёмныя вочкі за круглымі шкельцамі акуляраў — ні даць ні ўзяць Доктар Айбаліт.
— Guten Tag! — прывітаўся па-нямецку, як і медсястра, доктар.
Міхал адказаў таксама, як на ўроку замежнай мовы.
Тады Айбаліт спытаў у крыху нязвыклай форме, як для старэйшага чалавека:
— Wie ist Ihr Name?*
Радзевіч зразумеў, але секунду павагаўся: ці можна казаць праўду?
— Міхал, — проста адказаў ён без прозвішча.
Але доктар папрасіў назваць і прозвішча.
— Радзевіч.
— Czy jestes Polakiem?!* — раптам запытаў немец па-польску.
Nie! **
— Kim jestes?*** — зноў па-польску ўдакладніў доктар.
Міхал вагаўся, што казаць, бо не мог зразумець, якімі могуць быць наступствы ягонага адказу.
* Czy jestes Polakiem?! (пол.)— Ты паляк?
** Nie! (пол.) — He!
*** Kim jestes? (пол.) — А хто?
— Sowjetunion*, — нарэшце прагаварыў ушчэнт разгублены хлопец.
— Усё зразумела! — раптам перайшоў на рускую Айбаліт. — Мяне завуць доктар Дучман! — не без гонару адрэкамендаваўся мужчына. — Як вы сябе адчуваеце?
— Добра. А дзе я?
— Хвалявацца не трэба: вы сярод сяброў і вам больш не пагражае ніякая небяспека!
— А хіба была нейкая небяспека?
Доктар падумаў некалькі секунд і працягнуў:
— Вы памятаеце, што з вамі здарылася?
— He памятаю, калі шчыра...
— Гэта не вельмі добра, але, мяркуючы па ўсім, — Дучман узяў руку Міхала, намацаў пульс і ўтаропіўся ў гадзіннік, — усё будзе добра...
Потым доктар уставіў у вушы трубачкі стэтаскопа і прыклаў слухаўку да сэрца Радзевіча.
— Дыхаем... He дыхаем...
Паўтарыў тое самае са спіны.
— Вы былі ў коме, малады чалавек. А гэта, я вам скажу, такая непрыемная штука, што ніхто не можа прадказаць, чым усё скончыцца. У вашым выпадку скончылася добра...
Ад слова «кома» ў Міхала ўсё абарвалася ў сярэдзіне: ён ведаў, што ў такім стане людзі могуць знаходзіцца нават гадамі.
— I як доўга я прабыў у... непрытомнасці?
— Дакладна не скажу, але ў нашай бальніцы крышку болей за содні.
— Ну а як я сюды трапіў?
Sowjetunion (ням.) — Савецкі Саюз.
— Вас знайшлі на беразе ракі без прыкметаў жыцця, у адных трусах. I вось па іх ды яшчэ па кароткай стрыжцы зразумелі, што вы савецкі салдат, якога моцна збілі. Польскія калегі з Легніцы вельмі непакоіліся за вас, бо, як яны тлумачылі, там такое часта здараецца. Яны казалі, што ў савецкім войску стараслужачыя нярэдка збіваюць навабранцаў. Гэта праўда?
— Я ўжо дэмбель, — замест адказу меланхалічна зазначыў Радзевіч, бо ўсе ягоныя думкі цяпер былі скіраваныя на той пікнік ля ракі, успамін пра які імгненна вярнулі словы пана Дучмана.
— Хто? — не зразумеў доктар.
— Стараслужачы.
— Дык хто вас пабіў?
— Ніхто. У тым уся справа, што ніхто...
— Яны ж казалі, што вас ні ў якім разе нельга перадаваць савецкім вайскоўцам. Яны ўжо даўно дапамагаюць такім, як вы, тым, хто пакінуў войска.
— Дэзерцірам?
— Так.
— Але я не збягаў з войска! У сэнсе, я планаваў вярнуцца! Так! Мне трэба тэрмінова вярнуцца! Якое сёння чысло?
— Шостага ліпеня...
— Калі маю адсутнасць заўважылі ў частцы, мне засталіся лічаныя гадзіны... А тады ўжо дэзерцірсгва з усімі наступствамі... Толькі б хлопцы прыкрылі, толькі б ніхто не звярнуў увагу, што мяне няма...
Міхал паказаў на катэтары:
— Вымайце гэта хутчэй, доктар! Калі ласка! I я пабягу да сваіх!
— Гэта немагчыма! Вам яшчэ мінімум тыдзень трэба знаходзіцца пад наглядам! Прайсці ўсебаковае абследаванне, бо кома — такая каварная штука...
— Я ўжо праз некалькі гадзін магу стаць злачынцам! Які тыдзень?! Мне засталося даслужыць чатыры месяцы, і я паеду дадому! Я хачу дадому!..
— Супакойцеся, калі ласка. Давайце паспрабуем паразважаць прагматычна, рацыянальна, без залішніх эмоцыяў, паглядзім на сітуацыю з іншага боку... Калі ўжо так склалася, што вы тут, дык чаму б не скарыстацца? Тысячы людзей хацелі б апынуцца на вашым месцы...
— Доктар, што вы кажаце?! Хто б гэта хацеў апынуцца ў шпіталі з разбітай галавой?! Ды яшчэ з перспектывай загрымець пад фанфары!
— Прабачце, куды загрымець?..
— У турму, куды ж яшчэ!
— Вось я і кажу: пакуль вы тут, у вольнай і дэмакратычнай вялікай Германіі, турма вам не пагражае! Наш урад...
— Дзе?! — істэрычна ўскрыкнуў Радзевіч і ўскочыў з ложка. — У Германіі?!
Ён адчуў, што зараз зноў страціць прытомнасць! Яго нават павяло ўбок! Абодва шланжыкі катэтараў напяліся, як струны, і Міхал роспачна пляснуўся назад на ложак.
— Так! Мы знаходзімся ў Гёрліцы, самым усходнім горадзе адзінай Германіі! Хіба я не сказаў? Сапраўды, трэба было, відаць, з гэтага пачынаць... Цяпер вы разумееце, што вяртанне немагчыма!..
Міхал не ведаў, што і думаць... Дакладней, ён быў не ў стане пра што-небудзь думаць: толькі адно слова неадчэпна, як авадзень, круцілася ў галаве: Германія, Германія, Германія...
— Але ж неяк я сюды трапіў...
— Вы нават не ўяўляеце, колькі самых розных людзей рызыкавалі сваім спакоем, каб вывезці вас сюды! Паверце, гэта было зусім не проста! Тым больш у вашым
стане! I калі б іх затрымалі на мяжы, ім таксама пагражала б турма! Я не ведаю ўсіх акалічнасцяў, але зусім не цяжка здагадацца, што нават пры цяперашняй блытаніне мяжа застаецца мяжою і так ці інакш ахоўваецца...
— А колькі адсюль да Легніцы?
— Думаю, не меней за сто кіламетраў... Але ж гэта глупства: мяжу не перайсці! Змірыцеся! Усё не так кепска: у Германіі дэмакратыя, у Польшчы таксама... Хто ведае, можа, хутка і Савецкі Саюз стане дэмакратычным і тады вы зможаце спакойна вярнуцца дадому... Калі не перадумаеце...