ДМБ-91
зычу вярнуцца дадому
Сяргей Пляскач
18+
Выдавец: Галіяфы
Памер: 312с.
Мінск 2021
— Купацца! — гукнуў Саня.
Хлопцы імгненна, як па трывозе, распрануліся і скочылі ў цёплую, бы сырадой, ваду. Толькі Вацік увайшоў паціху, абачліва. На сярэдзіне рэчкі было па горла — не схлусіў Паша пра глыбіню. Дно цвёрдае: жвір уперамешку з камянямі, ногі намацвалі даволі вялікія пляскатыя камянюкі, якія былі быццам умураваныя ў дол.
Жаўнеры пляскаліся, пырскаліся, ныралі і плавалі то па даволі імклівай плыні, то супраць яе. Урэшце выкараскаліся на бераг і вырашылі пакаштаваць гарэлку. Здавалася, ад спажытага піва і знаку ўжо не засталося.
Натуральна, кілішкаў не было: замест іх узялі звычайныя жалезныя эмаліраваныя конаўкі. Паша адкаркаваў пляшку і разліў гарэлку так, каб можна было пракаўтнуць адным глытком.
— За хуткае вяртанне дадому! — прапанаваў масквіч.
Хлопцы чокнуліся. Паша рашуча задзёр галаву і ўліў у сябе пякучую вадкасць:
— А-а! Моцная, зараза!
Саня паўтарыў кожны рух Герасімава, толькі нічога не сказаў, а зрабіў выгляд, быццам «занюхвае» рукавом адзежыны: прыціснуў да носа голую правую руку і з шумам уцягнуў паветра.
Вацік усадзіў у конаўку свой доўгі нос, нюхаў і крывіўся: мяркуючы па ўсім, пах быў не такі прыемны, як у піва.
Міхал адвярнуўся, каб не бачыць Шпачковы страшныя грымасы — ён ведаў дакладна, што гарэлка не той напой, які нюхаюць, і рашуча праглынуў вадкасць з конаўкі: рот апаліла, а з вачэй самі пакаціліся слёзы:
— Халера!
Радзевіч прысеў і схапіў агурок Вацікавай вытворчасці, адкусіў кавалак — у роце адразу перастала пячы, а ў сярэдзіне пачала распаўсюджвацца лагодная цеплыня.
Яшчэ праз імгненне ўсе накінуліся на ежу. I скуль толькі апетыт браўся?!
— Чакайце-чакайце! — спыніў імпэт сяброў Паша. — Трэба адразу яшчэ па адной выпіць, а потым ужо грунтоўна паесці!
Выпілі яшчэ па глытку і зноў вярнуліся да ежы.
Міхал не адчуваў, што моцна захмялеў, — яму проста было добра і весела: здавалася, што ён усё жыццё ведае Пашу, Саню і Ваціка, што яны звязаныя не толькі сяброўскімі, але і самымі сапраўднымі братэрскімі повязямі. Ён шчыра дзівіўся з іхнай дасціпнасці, ад усяго сэрца шчыра рагатаў з мільён разоў чутых анекдотаў ды гісторый. Дэжавю: ізноў адчуванне, што яны сядзяць уначы ля вогнішча немаведама які ўжо раз... Міхал здагадваецца: проста недзе ў сусвеце заўсёды ёсць гэтае месца, у якім нічога не мяняецца, дзе вось, як цяпер, навісае ледзь не над галовамі пачварна-велічны гмах чыгуначнага моста, на якім танчаць адбіткі полымя, імклівая плынь нясе чорныя воды невядомай ракі, на беразе якой сядзяць чацвёра п’яных, шчаслівых дзевятнаццацігадовых, стрыжаных нагала юнакоў. У іх яшчэ ўсё наперадзе! Цэлае жыццё!
У нейкі момант усе, як па камандзе, паварочваюцца і ідуць да вады. Цяпер нават баязлівец Вацік даходзіць да сярэдзіны рэчкі.
П’яным купацца нельга! Гэта аксіёма! Толькі хто тут п’яны?! Што такое — адна пляшка на чацвярых? I калі такое было, каб нехта ў дзевятнаццаць прызнаўся самому сабе, што ён п’яны?
Міхал некалькі разоў нырае да супрацьлеглага берага і шчыра здзіўляецца, калі вынырвае, як прыкметна яго аднесла плынь. Насуперак ёй хлопец вяртаецца на ранейшае месца і заклікае сяброў:
— Глядзіце!
Плюхаецца ў ваду, у палёце ўдыхае поўныя грудзі паветра і зноў па дыяганалі дастаткова хутка прыбіваецца да супрацьлеглага берага.
Але, падобна, на яго ўжо ніхто не звяртае ўвагі, усе таксама захоплена плешчуцца ды ныраюць. Нават Вацік двума пальцамі заціскае свой доўгі нос і на некалькі імгненняў з галавою хаваецца пад ваду.
Паша вылазіць на бераг, разганяецца і, паслізнуўшыся, пляскаецца аб ваду ля самага берага — усе аж заходзяцца ад смеху.
Міхал прымае рашэнне нырнуць супраць плыні, а калі вынырвае, разумее, што стаіць практычна на тым самым месцы, быццам і не было гэтых паўхвілінных высілкаў пад вадою, — нецікава.
Тады ён паварочваецца спінаю да моста, набірае паветра і адштурхоўваецца ад дна. Глядзець бессэнсоўна: поўная цемень! Толькі ў вока можа пясок трапіць. Але Радзевіч і так прыходзіць у поўнае захапленне, бо адчувае, як неверагодна хутка імчыць пад вадою, нібы Іхтыяндр*! Калі ж ён вынырвае, яго здзіўляе, як шмат ён
* Герой фантастычнага рамана “Чалавек-амфібія” рускага савецкага пісьменніка Аляксандра Бяляева.
праплыў: не менш за дваццаць метраў! Міхал разумее, што назад прасцей вярнуцца па беразе, чым змагацца з імклівай плынню. Напачатку ісці па вялікай траве дужа непрыемна, але потым ён заўважае сцежку: зусім іншая справа!
Другі раз Радзевіч праплыў пад вадой не менш за трыццаць метраў, а калі вынырнуў, зразумеў, што мог бы праплысці і яшчэ больш.
— Можа, хопіць ужо? — пацікавіўся Паша, калі Міхал другі раз выйшаў з цемры на пляж, на якім ля вогнішча грэліся сябры.
— Яшчэ разок, і ўсё! Калі яшчэ давядзецца...
Міхал дайшоў да сярэдзіны рэчышча, намацаў нагамі большы камень, каб адштурхнуцца, набраў поўныя грудзі паветра і нырнуў. Хлопец імкліва ляцеў над камяністым дном рэчкі і вылічваў, колькі ўжо праплыў: дасюль быў першы раз, напэўна недзе тут вынырнуў у другі... Цяпер, калі выдыхаць з лёгкіх не ўсё адразу, можна праплысці яшчэ метраў дзесяць... Усё! Хопіць! Усплываю!.. У тое ж самае імгненне, калі жаўнер скіраваў уверх, штосьці незразумелае адбылося з плынню: яна спачатку нібы запаволілася, а потым неяк ад нізу рэзка штурханула яго некуды ўбок. Але галава была ўжо на паверхні і спалоханы Міхал ліхаманкава пачаў азірацца вакол: што адбылося? Ён паспрабаваў стаць, але не дастаў дна! Нічога сабе! Раптам хлопца неверагодна лёгка, як трэску, перакруціла некалькі разоў: вір! Але Міхал адчуў, што яго не цягне ўніз, а наадварот, нібыта выштурхоўвае з вады. Вакол было так цёмна, што ён не мог разгледзець берагі, каб хоць зарыентавацца, куды і як хутка яго нясе! I круціць жа, як у пральнай машыне! А што там далей?! Раптам вадаспад?! Неяк надта шумліва стала! Як толькі прыйшла думка пра вадаспад —
Міхала балюча стукнула аб нейкую сцяну правым бокам, а напаўсагнутыя ногі шарганулі па грудзе камянёў: бераг? Хлопец выпрастаў ногі: неглыбока, па пояс толькі, але плынь такая моцная, што зноў паваліла яго. Наперадзе сапраўды быў, як здалося, нейкі каменны мур. Радзевіч упёрся ў яго рукамі і зноў прыўстаў на ногі: так і ёсць — пасярод рэчкі каменная сцяна-водмель. Парог?! Нішто сабе! А калі б галавой камянюку злавіў ці ўпаў з гэтага, няхай сабе і невысокага, вадаспадзіка?!
Міхал крыху аддыхаўся і, перасоўваючы адначасова спачатку левую руку з левай нагою, а затым правыя руку і нагу, бокам пасунуўся да берага. Ён ледзь выкараскаўся з вады, бо тут не было нават за што ўхапіцца: усё спрэс засыпана камянямі.
Вогнішча не было бачна зусім: нічога сабе нырнуў! Ці, можа, хмызы захінаюць агляд? Халера! Як прабрацца да сваіх: тут жа і дзядоўнік, і крапіва, напэўна ж, буяе... Нішто сабе шпацыр у адных трусах можа атрымацца!
Але выбару не было. Міхал трошкі аддыхаўся, узняўся з груды камення і павольна абмацаў правай нагой, куды яе можна паставіць, зрабіў крок, потым яшчэ адзін, за ім наступны... Здаецца, усё нармальна, можна ісці. Хлопец крыху смялей памкнуўся наперад і раптам паслізнуўся: нязграбна заваліўся на бок і, хоць паспеў выставіць рукі, аднак у наступнае імгненне ўпаў на спіну і неспадзявана моцна выцяўся патыліцай аб вялізны валун: усё навокал адразу для яго знікла...
— Міхал! Хопіць ужо выдурняцца! Вылазь! Час ісці дамоў!
Паша ўжо апрануўся і стаяў на краі берага, ля таго месца, з якога яны заходзілі ў ваду. Ён быў перакананы, што Міхал вырашыў падражніцца: ці ў вадзе пад самым берагам хаваецца, ці вылез і адышоўся ў цемру.
— He смешна зусім! Вылазь давай! Я цябе бачу!
3 рэчмяшком на спіне да Пашы падышоў Вацік:
— Я таксама бачу! Пайшлі ўжо!
— Вогнішча тушыць будзем? — спытаў Саня, які толькі запіхаў у свой мех коўдру.
— Пачакай: Іхтыяндру трэба ж будзе крыху абсохнуць!
— Калі ён будзе абсыхаць?! Вунь на ўсходзе светла ўжо зусім, ісці трэба! Мокры няхай цяпер валачэцца.
Вакол сапраўды прыкметна пасвятлела. Над вадою пачала ўздымацца белая пара...
— Міхал!.. — неяк безнадзейна-трывожна раптам ускрыкнуў Вацік.
Ад гэтага ўскрыку і Пашу з Санем стала не па сабе.
Масквіч хуткім крокам пайшоў уздоўж берага.
— Халера! — вылаяўся Купрыянец і, як па трывозе, за некалькі секунд распрануўся нанова і пераплыў на другі бераг. Таксама рушыў уздоўж ракі.
He на жарт перапалоханы Шпачок здранцвеў на месцы.
Праз метраў сто Паша ўпёрся ў даволі вялікі масіў алешніку, павярнуў да вады. На супрацьлеглым беразе з’явіўся Саня.
— Ну, што? — спытаў «абхазец».
— Нічога! Можа, паныраць?
— Бессэнсоўна: калі ўтапіўся, плынню ўжо далёка аднесла, не знойдзем!
— I што рабіць?
— Нічога: калі жывы, праспіцца і вернецца... Вось жа сто дзён да загаду адзначылі! Ніколі не забуду!
— А калі не вернецца?..
— Пайшлі назад!
Калі хлопцы вярнуліся і Саня пераплыў на іхны бераг, было ўжо зусім светла, вогнішча ледзь-ледзь дымілася
і сушыцца не было калі. Ён нацягнуў на мокрае цела форму і павесіў на плячо рэчмяшок з коўдраю. Тады паглядзеў на Міхалава адзенне:
— Трэба забраць!
— А калі Міхал вернецца? — не згадзіўся Паша.
— Да гарадка і ў трусах дабяжыць, тут недалёка. Урэшце можа і дацямна пачакаць, нічога не здарыцца. А калі форму раней рыбакі якія знойдуць, што тады? Ці патруль? Яна ж падпісаная! Лепей нікому не ведаць, што мы тут былі!
Хлопцы распіхалі Міхалаву «афганку» па сваіх рэчмяшках.
— Пайшлі! — скамандаваў Саня.
— А Міхал?! — нарэшце апрытомнеў Шпакоўскі.
— Пайшлі! — цяпер на Ваціка буркнуў Паша. — Мы яму ўжо нічым не дапаможам!
Шпачок павалокся ўслед за масквічом і «абхазам», яго аж калаціла, і зусім не ад холаду.
— Хопіць табе ўжо! Супакойся! — азірнуўся на Ваціка Герасімаў. — Ты што, бачыў што ён утапіўся?! Можа, схаваўся дзе-небудзь за кустом і заснуў.
Паша шчыра сумняваўся, што можна голаму ды мокраму заснуць на калючай халоднай траве, але ўсё ж дадаў, каб падбадзёрыць Шпачка:
— Глядзі, каб ён яшчэ раней за нас дома не апынуўся!
Калі праходзілі паўз афіцэрскія пяціпавярховікі, як стрэл, у ранішняй цішы недзе ў шыбіне бразнула шкло, і на балкон на трэцім паверсе аднаго з дамоў выйшаў мужык у споднім, прыкурыў цыгарэту, і толькі тады, калі пстрыкнуў запалкаю ўніз, заўважыў трох жаўнераў на чыгуначным насыпе. Ён схапіўся аберуч за парэнчы і нахіліўся наперад. Было бачна, як у яго з рота выпала