• Часопісы
  • ДМБ-91 зычу вярнуцца дадому Сяргей Пляскач

    ДМБ-91

    зычу вярнуцца дадому
    Сяргей Пляскач

    18+
    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 312с.
    Мінск 2021
    78.59 МБ
    — 0-го! — не стрымаўся Саня. — Ніфіга сабе!
    Ва ўсіх астатніх проста сківіцы адвіслі ад здзіўлення.
    Цывільныя з ліку дзяцей ды жонак вайскоўцаў нярэдка заходзілі на тэрыторыю гарадка па розных справах. Найперш у кнігарню і прадуктовую краму, але месціліся тыя ўстановы зусім у іншым напрамку, таму шляхі наведвальнікаў ніколі не пралягалі паўз уваход у сталоўку.
    Прыгажуня набліжалася, як непазбежнасць! Міхал адчуў такое хваляванне, быццам першы з людзей убачыў прадстаўніка іншай цывілізацыі! Дзяўчына ж, як наўмысна, глядзела акурат толькі на яго!
    У чым справа?! Мы знаёмыя?! Яна мяне з некім пераблытала?!
    Дзяўчына спынілася за два крокі і радасна паздароўкалася:
    — Прывітанне!
    Агаломшаны Радзевіч нясмела адказаў:
    — Добры дзень...
    — Тата! — удакладніла прыгажуня.
    Як?! Гэта дачка Меліхава?!
    Ён жа быў перакананы, што дзіця старшыны мае не больш за якіх-небудзь пяць годзікаў: у такіх памяншальналаскальных інтанацыях прапаршчык заўсёды згадваў сваю малую.
    — Здароў мая донечка! — імгненна растаў суворы дзяжурны. — Што ты тут робіш?
    — Прыходзіла ў кнігарню і вырашыла цябе пабачыць, тата! Маці дазванілася да твайго стрыечнага брата, ён сказаў, што абавязкова нас сустрэне ў Маскве!
    — Вось і добра! Вось і цудоўненька! Будзеш, значыцца, у сталіцы вучыцца!
    Бацька з дачкой абмяняліся яшчэ некалькімі фразамі, і старшына пайшоў правесці яе да КПП.
    Саня выказаў тое, пра што найперш думалі ўсе хлопцы:
    — I хто б мог уявіць, што ў гэтага каня педальнага такая прыгожая дачка!
    Усе згодна заківалі галовамі.
    Калі неўзабаве Меліхаў вярнуўся, Купрыянец не вытрымаў і жартам пацікавіўся ў яго:
    — Таварыш прапаршчык, а вам зяць не трэба?
    — Што! Хто! — звыкла закрычаў старшына, бы абвараны. — Ты для яе пустое месца! Хто ты такі?! Ты і пазногця яе не варты! Яна з залатым медалём школу закончыла! У Маскве, ва ўніверсітэце будзе вучыцца!..
    — Ды супакойцеся вы, я ж яе болып ніколі ў жыцці не ўбачу, таварыш прапаршчык!
    Меліхаў зразумеў, што пераўзышоў усе неабходныя меры абароны, махнуў рукой і знік у сталоўцы.
    — 3 такім таткам застанецца паненка ў дзеўках! — пакпіў Саня. — Яму, відаць, зяця не ніжэй за генерала падавай! Вось звольнюся, наўмысна паеду ў Маскву, знайду яе і закахаю ў сябе!
    — Ага! Хутчэй іголку ў стозе сена знойдзеш, чым яе ў сталіцы, Казанова абхазскі! — пакпіў Радзевіч з наіўных Саневых пагроз.
    Са сталоўкі выйшаў Герасімаў, які гатаваў сняданак, а потым забурыўся спаць у кухарскім пакоі:
    — Што новага чуваць на белым свеце? — пацікавіўся ён у сяброў.
    — Самае цікавае ты ўсё адно ўжо прапусціў, — канстатаваў Саня.
    — Кажыце ўжо! Як-небудзь перажыву!
    — Купрыянец закахаўся! — паведаміў галоўную навіну Радзевіч.
    — Вось ты мне лепей скажы, Паша, — звярнуўся Саня да масквіча, перш чым той пачаў высвятляць, хто ж
    тая шчаслівіца, якая стала прадметам захаплення «абхазца», — ці можна ў Маскве знайсці дзяўчыну?
    — He зразумеў: увогуле ці нейкую канкрэтную?
    — Канкрэтную.
    — Вядома ж, можна. Што ты пра яе ведаеш?
    — Гадоў сямнаццаць, прозвішча Меліхава...
    — Што?! Дачка старшыны?! Ну вы, блін, даяце! Вам што, іншых дзяўчат мала?! Спадзяюся, яна хоць не ў тату пайшла?!
    — Разумею, паверыць практычна немагчыма, але яна— прыгажуня! — паказальна-роспачна ўздыхнуў Саня.
    — Што, праўда? — паглядзеў на Радзевіча масквіч.
    — Як гэта ні дзіўна, але факт! — пацвердзіў Міхал.
    — Тады ў мяне ўмова, — раптам ажывіўся Герасімаў, — пасля войска ты прыязджаеш да мяне ў Маскву, і я дапамагаю табе знайсці там, калі не перадумаеш, дачку старшыны, а наступным летам ты запрашаеш мяне да сябе ў Абхазію! Згода?!
    — Ды без праблем! Прыязджайце на лета ўсе, калі ласка! Утрох і прыязджайце! Там гэтых прыгажунь будзе, як сабак нярэзаных! 3 усяго Саюза з’едуцца! He хапала нам яшчэ па Маскве гойсаць: няхай Меліхаў сам галаву паломіць, за каго дачку аддаць! Такога зяця згубіў, ёлупень! Яшчэ ад роспачы валасы на сабе дзерці будзе, ці што ў яго там засталося: прыстойны, можна сказаць, чалавек прапаноўваў руку і сэрца, а ён: хто ты такі, хто ты такі! Пазногця яе, бачце не варты! — жартаўліва абураўся Саня. — У мяне свой дом на цёплым моры ёсць! А гэта як мінімум не горш за ўніверсітэцкі дыплом!..
    Усе хлопцы шчыра рагаталі не так са зместу Санінай тырады, як ад той інтанацыі, з якой ён прамаўляў: быццам перад імі нечакана матэрыялізавалася ўсім добра знаёмая Баба-Яга ў выкананні Георгія Міляра*...
    * Георгій Міляр (1903—1993) — савецкі акцёр тэатра і кіно.
    — Што ж, я, у сваю чаргу, — скрозь смех загаварыў Паша, — прапаную адзначыць такое казачнае запрашэнне!
    — Як адзначыць?! — выказаў здзіўленне ўсіх Міхал.
    — Тут недалёка ёсць крамка, у якой прадаецца самае сапраўднае, найлепшае ў свеце, як кажуць, чэшскае піва! Mary купіць!
    — О! Клас! Што можа быць лепей у такую гарачыню за куфаль халодненькага піва! — з неверагодным энтузіязмам адгукнуўся Саня.
    — Ты як? — Паша пацікавіўся ў Радзевіча.
    Міхал толькі некалькі разоў у жыцці каштаваў піва і зусім не быў ад яго ў захапленні, але цяпер не наважыўся выдаваць сваёй недасведчанасці:
    — Можна, — нерашуча адказаў ён.
    У Ваціка згоды ніхто не пытаўся: ён, як малое дзіця, заўсёды мусіў рабіць тое, што рабілі старэйшыя.
    Аднак хутка высветлілася, што ў бліжэйшы час наладзіць бяседу не атрымаецца: ні ў каго няма грошай. Вырашылі мерапрыемства адкласці на тыдзень: недзе там павінны былі выдаць грашовае ўтрыманне.
    Сем дзён праляцелі ў імгненне вока. Міхал апрануў сваю чысцюткую «афганку», як называлі жаўнеры новую форму, якую тут выдалі ўпершыню: нагавіцы мелі шмат кішэняў і прашытыя стрэлкі, таму на каленках вопратка не так расцягвалася і адвісала, як было ў ранейшых штанах; на гімнасцёрцы таксама была безліч накладных і ўнутраных кішэняў, адразу прышытыя пагоны і ніякіх пятліцаў: эмблемы роду войскаў мацаваліся проста ў куточках каўняра. Замест пілоткі ў новым строі была кепка з доўгім казырком, які ўдала захінаў вочы ад сонца. Калі Радзевіч прыйшоў у казарму, яму паведамілі, што выплату затрымліваюць: няма грошай. Наколькі Міхал памятаў, падобная затрымка была ўпершыню: відаць, у Саюзе справы зусім сумныя, калі адбываюцца
    такія рэчы. Самае непрыемнае, што ніхто не мог сказаць, калі грошы з’явяцца.
    Радзевіч прагна чытаў газеты, слухаў радыё, глядзеў тэлевізар: яму хацелася разабрацца ў тым, што ж адбываецца на радзіме. Падобна, рэформа фінансавай сістэмы, якую праводзіў першы прэм’ер-міністр СССР Валянцін Паўлаў, не давала ніякіх станоўчых вынікаў, а наадварот, прывяла да нечуванай раней нестабільнасці: тавары знікалі, цэны раслі, заробкі падалі. Прапаршчыкі, якія вярталіся з адпачынку, распавядалі пра такія дзіўныя рэчы, у якія немагчыма было паверыць: некалькі з іх сцвярджалі, што ў краіне адбываецца самы сапраўдны сабатаж — нейкія невядомыя сілы перашкаджаюць таму, каб жыццёва неабходныя прадукгы і тавары траплялі ў гандлёвую сетку, прычым іх не проста затрымліваюць на нейкіх складах, а нібыта часта вывозяць за гарады і паляць!
    Прэзідэнт Гарбачоў падобна было, не рашаецца заняць нейкую адну жорсткую пазіцыю, а спрабуе ўседзець адразу на двух крэслах: дэмакрата-рэфарматара і кансерватара, захавальніка славутых традыцый савецкага народа, а папросту — улагодзіць раз’юшаную партнаменклатуру.
    У выніку складвалася ўражанне, што Міхал Сяргеевіч стаў чужым сярод партапаратчыкаў і не стаў сваім сярод дэмакратаў.
    У РСФСР тым часам абралі першага прэзідэнта: Барыс Ельцын перамог адразу ж, другі іур не спатрэбіўся. Дзіўна было, што ў выбарах Вярхоўнага Савета БССР усе, хто служыў у Паўночнай групе савецкіх войскаў, удзельнічалі, а ў выбарах прэзідэнта самай вялікай саюзнай рэспублікі — не.
    Паша Герасімаў ледзь не маліўся на Ельцына, бо спадзяваўся, што толькі цяпер і пачнуцца сапраўдныя пераўтварэнні, а камуністычны маразм назаўсёды знікне.
    Барыс Мікалаевіч сапраўды займаў больш выразную пазіцыю ў параўнанні з Гарбачовым. Прынамсі, выглядала менавіта так.
    Радзевіч згаджаўся з Пашам у тым, што, калі станоўчыя змены распачнуцца ў Расіі, яны абавязкова распаўсюдзяцца на ўвесь Савецкі Саюз.
    Праўда, цяпер роля і самога непарушнага саюза, і ягонага прэзідэнта выглядала даволі цьмяна: усе рэспублікі абвясцілі аб суверэнітэце, маюць нейкае сваё кіраўніцтва. Да таго ж толькі дзевяць з пятнаццаці ўдзельнічаюць у перамовах аб далейшым сумесным пражыванні, астатнія недвухсэнсоўна заявілі, што больш не маюць патрэбы ні ў чыёй апецы.
    Вядома ж, Міхалу Радзевічу хацелася, каб Беларусь дзейнічала таксама рашуча ды асэнсавана, як балтыйскія рэспублікі, але тое, што ён выдатна ведаў як абіраўся Вярхоўны Савет БССР і што за людзі туды трапілі, практычна не пакідала месца для аптымізму. Як ні крыўдна было прызнаць, але Беларусь паўсгавала самым сапраўдным камуністычным запаведнікам. I калі, напрыклад, у Малдове камуністы былі малдаванскія, у Грузіі—грузінскія, у Літве — літоўскія, то ў Беларусі яны былі савецкія, інтэрнацыянальныя, якія люта ненавідзелі ўсё беларускае.
    У канцы чэрвеня жаўнерам нарэшце далі грошы: аж па чатырнаццаць тысяч злотых! Інфляцыя пераўтварыла палякаў, а заадно і іхных акупантаў, у сапраўдных мільянераў.
    Няўжо і ў нас некалі можа быць нешта падобнае?..
    — Проста насмактацца піва — неяк нецікава, — выказаўся Паша, калі хлопцы атрымалі грошы.
    — А як цікава? — удакладніў Саня Купрыянец.
    — Тут зусім побач ёсць мясцінка, дзе можна пакупацца!
    — Удзень?!
    — Навошта адразу ўдзень?! Ноччу вада яшчэ цяплейшая! I галоўнае — абсалютна бяспечна!
    — Што за мясцінка? — пацікавіўся Міхал.
    — Калі прайсці па чыгунцы ў бок жытла нашых афіцэраў, праз метраў трыста будзе эстакада. Гэта самае складанае месца на нашым шляху: пад ёю праходзіць падсвечаная ліхтарамі дарога і ездзяць машыны. Яшчэ праз столькі ж — рэчка. Але яна зусім маленечкая, практычна канаўка, у ёй не пакупаешся. Над ёю мост — адна назва: некалькі бетонных слупоў і перакладзіны, нібы ў паветры шпалы вісяць. Толькі і глядзі, каб паміж імі ўніз не шуснуць. Крыху далей, праз метраў сто пяцьдзясят—вялікі чыгуначны мост і цалкам сабе прыдатная рэчка: невялікая, але адразу ля моста мясцовыя купаюцца!
    — Я плаваць не ўмею, — сумна адзначыў Вацік.
    — Там плытка зусім! Максімум па грудзі! I шырыня метраў дзесяць-пятнаццаць, не больш!.. Ну, як ідэйка?!